Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Багдановіч - Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык

Кнопка отправить на печать

Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
I «таўкачыкі» спяваюць і ў скокі тнуцца:
«Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы…»
A Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,
Камарок за камарочкам да яго шыбае,
I пясняр з усіх найлепшых ўжо звініць ля вуха,
Як камарыка няўмысне загубіла муха.
 

І

Захісталася сасонка баравая,
Затужыла дзяўчынанька маладая,
Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,
A па імені – мушка-зелянушка:
«Ой, чаму ж ды не судзілася мне долі,
Што мяне і не сваталі ніколі?
A пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю і да краю,
Шчэлка ў яблыні – пры ветры каб хавацца,
Лісць альховы – на ночку пакрывацца,
Ды да краю поўны мёдам кацялішча
3 жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.
Калі гэты мёд у місачку кладзецца,
Ажно сліна ў роце набярэцца».
Як пачуў тыя жаласці камарык –
Паскрабаў і насочак ён і тварык:
«А чаму бы мне ды з ёй не пажаніцца?
Пэўна, пойдзе, каб болей не журыцца.
Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,
Дык у скоках затое жа рухавы…»
I схапіўся камарочак прыбірацца,
Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.
 

ІІ

Прыляцела мушка дахаты, –
Аж у яе камарык насаты.
Сватоўя-хрушчы уссядаюць,
3 бацькам-маткай штось размаўляюць:
«Мы – стральцы, шукаем куніцу,
Не куніцу, але дзявіцу».
Гаманілі болей гадзіны
Ды гавораць так да дзяўчыны:
«Ці да смаку госць наш багаты?»
«Запытайце ў мамы і таты».
Тут гарэлкай усё змацавалі,
A пасля і заручын даждалі.
Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны
Дарагі ручнік з павучыны,
Што яна на траўцы сцяліла
I на ясным сонцы бяліла.
У нядзелю будзе вяселле.
Захадзіў камар, як з пахмелля, –
I пяе, і скача паціху,
Ды як сыпне ураз «шырсцяніху»:
«Шырсцяніха, шырсцяніха мая.
Пакахала камара-гультая.
A камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песні пяе».
 

ІІІ

Загудзела, расшумелася дубрава:
Аб вяселлі у дубраве стала слава.
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.
A калі бацькам журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна:
«Ускланяюся татачцы і матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.
І чаму ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?»
Ў каравайніцы вулітак запрасілі,
I яны дзяжу на продзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкай
Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылі – баяры, пчолачкі – баяркі -
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
A найстарэйшая баярачка-чмяліха
Так спявала, аж баяр пабрала ліха:

«Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць не шмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае – грыўняй ліча яе,
A хто грыўню паклаў – што рубля дараваў».
A як сыпнулі-урэзалі музыкі,
Дык узняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
A на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.
I знайшоўся мушанёнак нейкі малы,
Што званіў-такі не кепска у цымбалы.
Лоўка конікі у скоках выціналі,
У гару стрыбалі, звонка падпявалі:
«Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногі лоўгія -
Паламаюцца».
Гэтак скачуць – хто патроху, хто памногу.
Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.
Госці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць.
A музыкі граюць, дыхту заўдаваюць
Ўмела муха на вяселле запрашаці,
Ды над тое лепей ўмела частаваці,
Усяго стаяла досыць для гасціны:
Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны.
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.
Восы ў шатах чорных з жоўтымі стракамі
Проста елі мушку злоснымі вачамі.
A яна ля мужа скромненька сядзела
I зялёненькай спаднічкай зіхацела.
Мураўёўна нізка звесіла галоўку,
Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.
Ўсё сцямнела, кроплі шпарка застукалі,
У дупло, дзе мушка жыла, пападалі.
Пахаваліся ўсе госці у куточкі:
Так спынілася вяселле сярод ночкі.
A назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зрання,
Дык пайшлі да камара на баляванне.
I былі яшчэ нарэшце перазовы,
Каб не стала аб радзіне кепскай мовы.
 

IV

Абляцелі кветачкі
Не ў пару.
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
3 мушкай жыць
Давялося беднаму
Патужыць.
Не умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
«Як я з гэтай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацікі,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?»
Паляцеў ён плакацца
У лясок,
Сеў на дуб зялёненькі
Пад лісток.
Пахіліў галовачку,
Уздыхнуў,
Песню сумна, жудасна
Зацягнуў:

«Выйду ў поле ды разважу тое гора,
Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я смерць сваю спаткаю:
Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабіты
I да краю буйным дожджыкам наліты?»
 

V

«Што за шум у бары учыніўся?»
«А камарык там з дуба зваліўся.»
Грымнуў ён на зямлю з высакосці
I пабіў-паламаў сабе косці.
Цеслі дошкі з дубоў пілавалі,
Габлявалі, труну змайстравалі,
Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,
Йстужкай чорнай з краёў адтачылі.
Гэй, кладуць камара ў дамавіну,
Сазываюць сяброў і радзіну.
Камары над труной затрубілі
Светлячкі лепей зорак свяцілі.
«Вы паціху, музыкі, зайграйце,
Маё сэрца украй не ўражайце!»
Горка мушка-ўдава галасіла,
Скорай смерці у бога прасіла:
«Мой мужочак, а мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, ніхто над табой не заплача,
Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,
Толькі мушачка горкімі слязамі».
Палажылі дамоўку на мары,
Паняслі праз лугі ды папары.
Ля дарогі магілу капалі
I ў ёй камара пахавалі,
У сырую зямельку зарылі,
Зверху насып вялікі зрабілі.
Людзі добрыя шляхам мінаюць,
Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:
«Не іначай вяльможны вандроўнік, –
Генерал, ці маёр, ці палкоўнік?»
«Не, ляжыць тут камар-камарочак,
У каторага з локаць насочак».

1915

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!