Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Творчасць Леаніда Галубовіча

Кнопка отправить на печать

   Леанід Галубовіч нарадзіўся 12 жніўня 1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Доўгі час ён працаваў электрыкам, трапіў у вір будзённасці і прыземленай прозы жыцця. Актыўна пачаў выступаць у друку з вершамі на пачатку 80-х гг. Яго ўваходзіны ў паэзію вітала літаратурная крытыка і чытачы. Закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1989), працаваў рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, у рэдакцыі часопіса "Крыніца", у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва". Галоўнае — Леанід Галубовіч стаў паэтам і асобай.
   Ён сцвердзіў сябе ў сучаснай беларускай паэзіі проста імгненна, упэўнена і ярка. Падалося нават, што ў гэтага паэта не было перыяду вучнёўства, бо многія яго вершы сведчылі пра сталасць і непаўторнасць таленту. У першым зборніку Леаніда Галубовіча "Таемнасць агню" (1984) многіх чытачоў прывабіў творчы маніфест аўтара:

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае адвечныя законы
Не для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.
("Паэзія")


   Напачатку Леанід Галубовіч выявіў сябе як традыцыйны аўтар: у паэтызацыі вёскі, роднай прыроды, у звароце да вобразаў старых людзей... Трэба зазначыць, што ў рэчышчы традыцыйнай тэматыкі ён раскрыўся як сапраўдны мастак слова, здольны выказвацца вобразна і афарыстычна, з эмацыянальнай скандэнсаванасцю пачуцця: "...І боль за пабітае жыта // Падкажа, што ты — чалавек" ("Навальніца"); "Хлеб трэба сеяць, мужыкі, // Без хлеба — дрэнь палітыка" ("Палітыка") і інш. Усё гэта і дало падставу вядомаму пісьменніку Рыгору Барадуліну залічыць Леаніда Галубовіча да "тых паэтаў, якія здолелі наліць у старыя мяхі маладое віно".
   Наступная вершаваная кніга "Споведзь бяссоннай душы" (1989) мае падзагаловак "Лірычны дзённік". Паэт запрашае "на — душы з душою — спатканне", шырока разгортвае перад чытачом летапіс свайго ўнутранага жыцця. Кніга багатая на моцныя эмацыянальныя ўражанні, удумлівыя назіранні, паглыбленыя медытатыўныя развагі. Пафас лірыкі Леаніда Галубовіча спавядальны, даверлівы, змяшчае ў сабе адметную энергетыку аўтарскага лірызму. У "Споведзі бяссоннай душы" пашырыліся жанрава-стылёвыя і рытміка-інтанацыйныя абсягі паэтычнага выяўлення. Прачулая настраёвасць, філасафізм, музычны стыль пісьма прывабліваюць у "Дарожнай элегіі":

 

Дзве зоркі за прагалам вершаліны,
Як начнікі з далёкага акна,
Душу мне супакояць на хвіліну,
Ды шляху не асветліць ні адна.

Кладзецца ён пад ногі асцярожна,
Нібы жыцця заблытаная ніць.
І ціхі сум элегіі дарожнай
Звініць і плача.
Плача і звініць...


   Зборнік "Заложнік цемры" (1994) засведчыў пра змену настраёвай дамінанты ў светаўспрыманні паэта. Яго думкі і пачуцці прыкметна ўскладніліся, набылі драматычнае і элегічнае гучанне. Характар большасці твораў вызначае лірыка-філасофская заглыбленасць думкі-пачуцця, напружаная роздумнасць слова. Змест вершаванай творчасці Леанід Галубовіча шмат дзе сакралізаваўся, займеў, інакш кажучы, рэлігійна-медытатыунае пераламленне думкі, а гэта сведчыць, што паэт імкнецца да духоўна-маральнага самааналізу і спасціжэння сапраўднага, вышэйшага сэнсу быцця. У адным з вершаў ён прызнаецца:

 

...Находзіць ноч,

і ўсё жыве ў сабе...

Тлумачу я нутро сваё сам-насам
І ў нетры апускаюся глыбей
Прыроды чалавечай

з вечным часам.

. . . . . . . . . . . . . . .
...Там — зло і тло,

там — соль ад слёз Шэкспіра...

Там воч не ўзняць

з-пад горычных павек,

Там — новых: слоў

пакутна прагне Ліра,

Каб ноч сышла...

("...Находзіць ноч, і ўсё жыве ў сабе...")


   У 2000 г. пабачыў свет зборнік паэта "Апошнія вершы Леаніда Галубовіча" (выйшаў у Полацку). Тут сабраны вершы разнастайнай тэматыкі і рытміка-інтанацыйных формаў, ёсць адмыслова графічна аформленыя творы "Даведка пра Купалу’, "Зімовым днём...", "...ложак рассцелены — белым белы..." і інш.). Думка паэта мае лірыка-філасофскую скіраванасць:

 

Як сонца ўзыдзе, то будзе відаць —
Каму каласіцца, каму паміраць...
Хоць, кажучы шчыра, яно ўсё адно,
Бо толькі да вечара й будзе відно...
("Я сонца баюся...")


   У літаратурным асяродку Леанід Галубовіч неяк прызнаўся, што больш вершаў пісаць не будзе. Адсюль, мусіць, і назва зборніка — "Апошнія вершы...". На шчасце, вершы пішуцца — і паэт зноў выносіць іх на суд сваіх чытачоў. Зрэшты, слова "апошнія" ўспрымаецца і інакш: апошнія — значыць новыя, апошнія па часе. Кніга паэта напісана жывымі фарбамі душы, у ёй рытмы і настроі прадыктаваны перажытым болем, сумнымі згадкамі, складаным роздумам пра штодзённае і вечнае. Лірычны маналог аўтара характарызуе самарэфлексія ці паглыблены псіхааналіз, пазначаны ўнутраным драматызмам светаадчування. З шчырасцю і даверлівасцю да чытача напісаны інтымныя вершы "Самота ў гасцях", "Цнота", "Сон" і інш.).

   Леанід Галубовіч у сваёй паэтычнай творчасці досыць аўтабіяграфічны. У той жа час наша ўяўленне пра яго як паэта і чалавека асабліва значна ўзбагачае кніга "Зацемкі зь левай кішэні" (1998). Зацемкі — гэта мініяцюры, у якіх Леанід Галубовіч спавядаецца і разважае, асэнсоўвае сябе ўчарашняга і сённяшняга, рэагуе на сучасную рэчаіснасць і паўсядзённае жыццё. Асабліва шматлікія ў кнізе старонкі, прысвечаныя развагам пра паэзію і літаратуру. Многія з зацемак раскрываюць творчую лабараторыю паэта, выяўляюць яго светапогляд, эстэтычны густ, прыхільнасці. Ён адкрывае нам тое, што зрабілася яго глыбокім перакананнем або, наадварот, выклікае сумнеў, расчараванне. Нават лаканічнай фразай-штрышком пісьменнік здольны выклікаць уяўленне ці роздум пра стан усёй сучаснай паэзіі: "Колькі вершаў! А паэзія — сірата...". Галоўнае, што прываблівае ў большасці запісаў пра паэзію і літаратуру, дык гэта глыбокая ўсвядомленасць выказанага, ёмістасць і афарыстычнасць мыслення: "Паэзія — гэта калі забываешся... Проза — калі ўспамінаешся..."; "Літаратура — гэта тлумачальны слоўнік жыцьця бяспамятнага чалавецтва. Галубовічавы "Зацемкі..." у пераважнай большасці лірыка-рэфлексійныя, інтэлектуальныя і сюжэтныя мініяцюры. І нам вельмі важны і каштоўны гэты суб’ектыўны аўтарскі погляд на свет, яго шчыры жыццяпіс душы, уласны асэнсавальны досвед.
   Леанід Галубовіч прыкметна выявіў сябе і як літаратурны крытык, звярнуўшыся да разгляду творчасці многіх аўтараў: Рыгора Барадуліна, Міхася Стральцова, Вячаслава Адамчыка, Міколы Купрэева, Вінцэся Мудрова, Віктара Шніпа, Анатоля Шушко, Юры Гуменюка і інш. Ён добра ведае цану сапраўднай мастацкасці, самабытнаму і наватарскаму слову. Леанід Галубовіч выказвае ўласныя, часам палемічныя, погляды і меркаванні, якія тычацца літаратурнага працэсу і творчасці асобных пісьменнікаў.
   "Творчасць — гэта жыццё..." — зазначае Леанід Галубовіч у адной сваёй зацемцы. "Споведзь бяссоннай душы" пісьменніка працягваецца. Жыццё ў слове і літаратуры — гэта яго лёс.

 

 

Крыніца: Бельскі А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: Дапам. для настаўнікаў. – Мн., 2005.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!