Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by



Ларыса Геніюш - На чужыне

Кнопка отправить на печать

Як бы добра ні жылося
недзе на чужыне –
будзе ўсё ж шумець калоссем
ў сэрцы Край наш сіні.
 
Будзе сніцца раннім сонцам,
што ўстае з пасцелі,
і на рэчках па старонцы
туманы кудзеліць.
 
Будзе пахнуць, як пакосы,
скошаныя ўчора,
што блішчаць у ранніх росах
вытканым узорам.
 
Рэчак стужкай мігатлівай,
родным пабярэжжам,
васількамі нашых ніваў,
чабаром на межах.
 
Будзе клікаць, зваць начамі
песняў адгалосам,
што гуляюць ды з вятрамі
па даўгіх палосках.

Што сумуюць ды за тымі,
хто ўдалі ад Краю
успамінам аб Радзіме
сэрца пацяшае.
 
Будзе клікаць лес шумлівы,
стройныя паляны,
ды затужыць сіратліва
вецер на кургане.
 
Сэрцам матчыным Краіна,
серабраным жытам,
будзе зваць начамі сына
чарай недапітай...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!