Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Кузьма Чорны - Насцечка

Кнопка отправить на печать

Кузьма Чорны - Насцечка - Чытаць поўны варыянт

  

Урыўкі з аповесці

 

   ... Насця, ці як пасля ўсе ў школе яе пачалі зваць, Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней,— пачала адзяваць на кофтачку чорнае ватовае паліто з простым бобрыкавым каўнярком і вузенькім суконным паяском.
   Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды,— ці то ў карыдоры, ці то на дварэ. Яна мела прывычку часта гаварыць: «ой, дзевачкі!» Часамі, бегучы, спатыкнецца і ўпадзе, і тады закрычыць:
   — Ой, дзевачкі, я так далася каленам.
   Вучылася яна вельмі добра. Яна старалася вучыцца...

 

    ... Маці глядзела Сержа, старалася не патураць усім яго капрызам, але бывала так, што бацька адным якім-небудзь учынкам у адзін момант разбураў усё тое, чаго дамагалася маці. Сержу часамі ўздумаецца тыя дзвесце крокаў, якія аддзялялі яго кватэру ад школы, не прайсці пяшком так, як усе дзеці, а праехаць у бацькавай машыне. Маці скажа, што гэтага не трэба, што ніхто з дзяцей у школу не едзе ў машыне. А Серж пачынае плакаць і крычаць. Тады бацька, каб адчапіцца, скажа шафёру завезці яго. I Серж тады гаворыць, што бацька лепшы за маці, што бацька добры, а маці злая, і з выглядам гордага начальніка над усімі людзьмі вылазіць з машыны каля школы, тады, калі ўсе дзеці стаяць навакол і глядзяць на яго. I Серж думае, што ён лепшы за ўсіх, за ўсіх разумнейшы і мае права мець ва ўсім над усімі перавагу. I пакрысе ў ім укаранілася ўпэўненасць, што ён нейкая выдатная асоба, а ўсе перад ім нічога не варты. I калі часамі ў яго была якая-небудзь няўдача, ён злаваў і стараўся спагнаць злосць на кім-небудзь, замест таго, каб самому, сваімі сіламі, паправіць справу.
   Ён хацеў, каб кожнае яго слова было законам для ўсіх, а калі хто пярэчыў яму, ён аж кіпеў ад злосці і пагражаў, што паскардзіцца свайму бацьку. А бацька яго, як ён думаў, мае права і павінен зрабіць усё, што яму, Сержу, заманецца...