Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Кузьма Чорны - Вераснёвыя ночы

Кнопка отправить на печать

   1. Кузьма Чорны – майстра псіхалагічнага аналізу. Пры апісанні вобраза Агаты ён актыўна карыстаецца сродкамі моўнай выразнасці: эпітэтамі, параўнаннямі, метафарамі, памяншальна-ласкальнымі словамі. Унутраны стан гераіні пісьменнік перадае праз яе паводзіны (сцэна каля дома, заняткі гаспадаркай і думкі пра іншае, больш вольнае жыццё, пяшчотныя адносіны да пляменніка Стасюка і інш.); унутраныя маналогі (думкі пра адносіны з Чухрэвічам і Асташонкам). Раскрыць трывожны стан жанчыны, якая чакае асабістага шчасця, дапамагаюць апісанні прыроды. Важнае значэнне пры перадачы вобраза галоўнай гераіні надаецца мастацкай дэталі.
   2. Пісьменнік з замілаваннем падае нам вобраз Агаты – прыгожай маладой жанчыны: «Рукі ў яе былі прыгожыя і прывабныя, голыя да плеч, белыя і гладкія... Сама яна – высокая і мажная, белабрысыя бровы і шэрыя вочы, зацягненыя сытаю каламутнасцю. Як ішла яна ў сені, стан яе цяжка гойдаўся і вочы прасілі сну». З апісання Агата паўстае перад намі нібы Мадонна – маці чалавечая (столькі любові аддае Агата сіраціне Стасюку).
   3. Агата марыць пра сям'ю, добрага мужа, дзіця. («I яна будзе мець дзіцё, і яе будзе кахаць і шкадаваць...») Яна ўсім сэрцам кахае Асташонка, хаця і стараецца не прызнавацца сабе ў гэтым.
   «А тут Асташонак, малады і вясёлы, трохі жулікаваты, заўсёды стараўся злавіць яе і на вуліцы і на полі. I поўніў яе агнямі суму здаровай перарослай дзяўчыны».
   4. Бытавыя і пейзажныя сцэны ў апавяданні «Вераснёвыя ночы» дапамагаюць зразумець пачуцці і перажыванні галоўнай гераіні, адчуць змены яе настрою.
   «На момант нешта кальнула сэрца. Пасля ўспомніла, як вельмі шмат сваталіся да яе, вельмі шмат уздыхалі па ёй, але ніхто не падабаўся, а без кахання замуж ісці не хацела. Так і прайшла першая дзявочая маладосць. I другая на сконе... цяпер жа яна ўсім падабаецца, але ўсе нашмат маладзейшыя за яе хлопцы; старэйшыя ж усе пажаніліся».
   Агата ўвесь час думае пра сваю будучую сям'ю, нараджэнне дзіцяці. Яна стараецца зрабіць правільны выбар мужа – Зыгмуся Чухрэвіча, які мог бы быць добрым сем'янінам, але яна яго не кахае, або маладога хлопца Асташонка, ад якога так ные сэрца, яе каханага. Каханне перамагае ўсё – Агата выбірае шчырыя пачуцці. Унутраныя маналогі гераіні сведчаць пра гэта:
   «Цяпер яна глянула на Зыгмуся, азірнулася толькі, выходзячы за перагародку ў кухню. «Ісці за яго? I каб дзіцё маё было ад яго? Родненькія ж мае... А божачка!»
   5. Дакладнасць бытавых малюнкаў, працы, пейзажных замалёвак спалучаецца з агульным настроем усяго апавядання, узнёсла-лірычным тонам аўтарскіх апісанняў, што разам складае непаўторны сюжэт і кампазіцыю твора. Адметнасць сюжэта можна бачыць у павольным, няспешным развіцці дзеяння і раскрыцці характару персанажаў. Тэма твора – выбар дзяўчынай свайго каханага, спадарожніка па жыцці. Канфлікт у творы мае маральна-этычную аснову. Агата выбірае паміж матэрыяльным дастаткам і каханнем. Своеасаблівасць сюжэта выражаецца выбранымі аўтарам апісаннямі вясковага побыту, будзённай працы, малюнкамі прыроды. Гэты твор падзелены аўтарам на сем частак, кожная з іх мае сваю завершанасць. Першая частка апавядання прысвечана апісанню будзённых вясковых клопатаў; другая – гаворцы Агаты з Зыгмусем Чухрэвічам, яго заляцанням да дзяўчыны; трэцяя – роздуму Агаты наконт маладосці, аб паводзінах Асташонка; чацвёртая – параўнанням Асташонка і Зыгмуся Чухрэвіча, разважанням пра жыццёвую мудрасць брата; пятая – будучаму замужжу Фэлькі і Алімпы, марам пра сваё ўласнае дзіця; шостая – апісвае заручыны брата з яго каханай, раптоўнае прасвятленне Агаты; сёмая – каханню Агаты, іх сустрэчы з Асташонкам.
   6. Самыя лірычныя сцэны ў апавяданні перадаюць накал пачуццяў галоўнай гераіні:
   «Аднак вострым сумам на момант сціснула сэрца. I зноў ціхі прастор палявой восені агарнуў спакоем душу. Плыў водар павольнага канання травы і кветак. Верасень чула драмаў на ржышчы, уздыхаў радасным шэптам кустоў».
   «Гарэла святло ў хатах. Ішла ноч. Маўчала восень у садах і агародах, мёдам пахла павольнае кананне кляновага лісця. Якую ж ноч прынёс верасень!»
   «I так кружылася ў галаве, а гэта моцна стукнула ў мазгах. Усё заварушылася перад вачыма. Яблынавыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Закалацілася сэрца, і заныла душа выбухамі вострага суму».
   7. Фэлька і Чухрэвіч з маленства сябравалі, нават закахаліся ў адну і тую ж дзяўчыну. Жаніцьба Фэлькі не развяла іх сяброўства канчаткова.
   «Раней, як Фэлька быў яшчэ хлопцам, яны дружылі вельмі, з самых малых год сваіх. Пасля бурна разышліся з-за дзяўчыны, якой абодва дамагаліся і якая, урэшце, пайшла замуж за Фэльку. А Фэльку не давялося з ёю доўга пажыць – нарадзіўшы Стасюка, яна неўзабаве памерла. Тады ўсё забылася. Зноў у іх пачалося нешта падобнае да дружбы».
   На першы погляд яны вельмі падобныя – абодва яны працавітыя, добрыя гаспадары, але па паводзінах, шырыні духоўных памкненняў гэтыя героі зусім розныя. Фэлька моцна кахае Алімпу, стараецца заўсёды быць побач з ёю, з моладдзю. Зыгмусь нейкі абыякавы. Ён нібы таксама кахае Агату, «паўтара гады ўжо дамагаецца, каб узяць яе замуж...», але і каханне яго нейкае нерухомае, вялае, што сведчыць пра беднасць пачуццяў, нячуйнасць душы.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!