Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - У жыццёвым змаганні

   Дробненькая мурашка ўзваліла на свае плечы ветачку, у дваццаць разоў большую за сябе. Гэту ветку ёй трэба было з ямінкі занесці ў мурашнік.
   Каб чалавек ступіў нагой, дык закрыў бы гэту ямінку з мурашнікам разам. Але мурашцы яна здавалася вялікай процьмай, ад якой галава кружылася і вочы мутнелі. Яна карбкалася патроху ўверх.
   Гэта было ўсё роўна, як бы чалавеку трэба было цягаць на высокую гару цэлую сасну.
   Не дай Бог зляцець уніз з гэткай махінай — можна сабе і карак зламаць, і душою згінуць.
   Мурашка трымалася цвёрда, але не вытрывала — здарылася няшчасце, і яна разам з махінай пакацілася ўніз. Яна моцна пабілася, паранілася, наглыталася пылу і, як нежывая, ляжала ў глыбіні яміны, прыціснутая веткай. Здаецца, апошнія мінуты яе насталі…
   Але праца не цярпела адкладу, пяшчоты і гультайства. Мурашка выбралася як-кольвечы з-пад галінкі, расплюснула вочы, атрэслася і, урэпіўшыся зубамі ў махіну, зноў лезла на гару.
   Разоў дваццаць здарылася з ёю тое самае няшчасце. Некалькі яшчэ крокаў, і яна была б на месцы, але дзьмухне ветрык, і яна зноў ляціць, як пылінка, у процьму.
   Пот пакрыў яе. Цела было ў крывавых ранах. Яна цяжка дыхала. Але ў вачох гарэў агонь вялікай цярплівасці і ўпартасці. Дух вялікага асілка жыў у яе грудзях.
   І вось у дваццаць першы раз пусцілася яна наверх памаленьку, асцярожна, абмінаючы апасныя месцы і няроўнасці на цяжкім шляху. Вочы яе ўпіліся са смагай у даль. Лапкі яе працавалі і працавалі. Бокам скокам, і яна з трыумфам дабралася да мурашніка з патрэбнай галінай.
   Яна выпаўніла страшэнна цяжкую працу на агульную карысць свайго племені без ніякага шуму, без ніякіх пахвал, як свой натуральны жыццёвы абавязак.

1920

Похожие статьи:

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Жывеш не вечна, чалавек...

Леанід ГалубовічЛеанід Галубовіч - Дзяцінства пачынаецца з пытання...

Алесь ГарунАлесь Гарун - Жыцце

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Бяссмерце

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Казкі жыцця