Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змітрок Бядуля - Музыка

Увага!!! Поўны змест

   Пастушок Васілька з самых малых дзён любіў іграць на жалейцы. Іграючы, яму ніколі не было нудна са статкам сваім у самым дзікім гушчары, на самых глухіх палянах сярод балота.
   Ён іграў і іграў. Так шчыра іграў ад усёй душы, ажно сам цешыўся, і ўсё вакол яго цешылася, Васілька любіў усім сэрцам сваю жалейку. Моцна любіў. Ён мог забывацца палуднаваць, але іграць ён ніколі не забываўся. I таму ён навучыўся іграць вельмі прыгожа. Гэта ўцяміла ўся ваколіца. Гэта ведаў яго ста-так. У гэтым пераканаліся лес, поле, рэчка, рыбкі, птушкі, звяры, казюлькі і ўсе самыя драбнюткія стварэнні на паляне.
   Бывала, як зайграе Васілька вясёлую песеньку, дык неба весялілася, сонца смяялася, дрэўцы ківаліся ў такт. Зляталіся розныя птушкі, збягаліся розныя звяры, спаўзаліся розныя гадзіны слухаць ігру пастушка. Рэхі каціліся ад дрэва да дрэва, ад горкі да горкі, ад лугу да лугу і склікалі ўсіх. Усім істотам было весела і добра ад яго песняў.
   А калі пастушок іграў жаласлівую песню, дык сумна рабілася на полі. Краскі слязьмі расістымі пакрываліся. Дрэўцы і кусты нямелі, а высока над полем хмаркі затулялі яснае неба. Усе жывыя істоты апускалі галовы і глыбока задумваліся. Але і смутак-жаль ад трэляў жалейкі быў усім прыемны, як свежы ранішні туман, і салодкі, як ліпавы мёд. Усім нечага надзвычайнага жадалася пры яго ігры. Усіх Васілька зачароўваў. Над усім ён панаваў з сваёй жалейкай, якая мела ў сабе вялікую сілу. Прыходзілі на адукацыю да настаўніка ўсе, хто толькі меў сэрца жывое. Ён іх вучыў старанна, бо чым болей музыкаў было вакол, тым болей ён радаваўся. А вучыў ён не проста, але па нотах. Нотамі ў яго былі не такія нямыя і мёртвыя значкі і круцёлачкі на паперы, а ўся жывая зямелька з сваімі рознакаляровымі краскамі, траўкамі, дрэвамі і серабрыстымі крынічкамі. Блакітнае неба з сваімі свечкамі-зоркамі, размаітымі хмаркамі, пераліўнымі зарніцамі і фарбамі. Гэта ўсё было нотамі для пастушка, гутарлівымі, спяваючымі і рухлівымі. На іх вельмі лёгка было вучыцца.
   Першага навучыў пастушок сваёй музыцы салоўку. Салоўка быў яго найлепшым вучнем. Калі адукаваны салоўка спяваў апоўначы ў бярэзніку, дык не то што блізкія істоты, але і далёкія зоркі ў небе слухалі з прыемнасцю і пераміргваліся ад дзіва паміж сабой, кажучы: «Глядзіце, сястрычкі, такі малы шэры жэўжык, а якія слаўныя трэлі выводзіць».
   Пасля салоўкі вучыўся ў пастушка жаваранак. Гэта была не такая здольная птушачка, як салоўка, але з грахом папалам і жаваранак патрапіў бы іграць вяселле лёгкім хмаркам пад вясновым небам над свежым, пуховым чарназёмам.
   Пасля салоўкі і жаваранка вучыліся і іншыя птушкі. «Усе пяюць, усе іграюць,– падумаў хлопчык.– Увесь свет пад сонейкам мае сваю музыку». Вялікая пашана з'явілася ў хлопчыка да ўсяго свету.
   «Давай,– падумаў хлопчык,– зайграю для сонейка, якое пануе над усім светам!»
   I вось у адну пекную раніцу хлопчык яшчэ цямнютка выгнаў статак у поле. На прасторы ён зайграў на сваёй жалейцы. Зайграў прыгажэй, чым заўсёды. Уся пекната летняй зямлі адбілася ў яго песні. Гэткай прыгожай музыкі яшчэ ніхто на свеце не чуў. Гэта была песня без слоў, бо хлопчык іграў для сонейка, а сонейка без слоў добра разумела. Дзівіўся статак. Дзівіліся дрэвы, птушкі, рэчка, неба.
   Дзіву далася ўся зямля.
   – Калі для сонейка, дык і мы да кампаніі! – сказалі ўсе істоты ў полі і ў лесе.
   I вось на ўсходзе сонейка на лузе пачалася вялікая музыка: усе стварэнні на зямлі і сама зямля ігралі і спявалі, кожны на свой лад, на тысячы-тысячы галасоў.
   Увесь свет выглядаў велізарнай скрыпкай з незлічона многімі струнамі. Гэта было так хораша, так цудоўна прыгожа, ажно само сонейка вельмі ўзрадавалася. Спусцілася сонейка з неба на сваіх лёгкіх прамяністых скрыдлах і пацалавала маленькага хлопчыка ў самыя вусны. Пацалунак быў такі лёгкі, што пастушку здалося, нібы кволы ветрык толькі крануўся яго твару. Пацалунак быў такі шчыры, што хлопчык да самай магілы аб ім не забудзе.
   А сонейка было такое радае і добрае, што задумала апрануць зямлю ў багатыя вопраткі, у шаўковыя і залатыя колеры. I ззяць, ззяць і радаваць усіх.
   З-пад аксамітнай і пурпуровай хмаркі ўзышло яно, гарачае і бліскучае. Узышло ды ўсміхнулася. Усміхнулася ды яшчэ вышэй паднялося і абсыпала сваімі праменнямі зялёны ўзгорак, дзе стаяў пастушок. Пастушок выглядаў не то сярэбраным, не то залатым. Праменні красавалі, як агнёвыя васількі, на яго галаве. Праменні пырскалі яму ў твар дыяментавымі снапамі. Праменні сыпаліся бліскучымі іскрамі, каляровым макам з яго вачэй. Здавалася, што ў пастушковых вачах драбнюткія хохлікі крэсяць агонь бесперастанку. Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што яму захацелася глянуць на сябе. Ён падышоў да рэчкі, каб зірнуць у яе, як у люстэрка.
   – Глядзі, глядзі ў мяне, – казала рэчка, – бо твая душа чыстая і празрыстая, як мая вада!
   Зірнуў хлопчык у ваду і сам сябе не пазнаў. Такі ён стаў прыгожы! Гэты цуд утварылі над ім летняе сонейка і надзвычайнае шчасце, якое азарала яго ўсяго...

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыЗрабі гучней!

Пераказы, дыктантыМузыка

Пераказы, дыктантыМузыка

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»

Пераказы, дыктанты«Апасіяната»