Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Змітрок Бядуля - Кволыя кветкі

Кнопка отправить на печать

   Кволыя кветкі вясны маёй завялі без пары, і душу маю атуліў халодны туман тугі. Пажарышча майго сэрца знікла, як вядзьмарскі балотны агонь. Белым лебедзем унясліся мае мары, і я перстаў верыць у лепшае жыццё.
   Хтосьці пяяў пад маім акном сумную песню глыбокай мінуўшчыны. Нібы птушка за птушкай, нібы зорка за зоркай, лунала мелодыя, і я не мог заснуць. Зажадаў я, каб песня сціхла, каб яна не будзіла мае сэрца, каб яна не гаварыла аб нечым лепшым і святлейшым, каб не выклікала ўспамінаў.
   Перарвалася песня. Зыкі яе шчэзлі, нібы човен рыбака ў далечы рэчкі. Рабіна шаптала за вакном, галінамі сваімі ў шыбіны б'ючы. Потым ветрык сціх, і настала цішыня. І я ўсё роўна не мог заснуць. Зажадаў я зноў песню паслухаць, зажадаў я зноў лунаць душой над яе мядовымі хвалямі ў поўначы, але яна не паўтаралася. Песня змоўкла. І толькі тады, як яна змоўкла, я зразумеў яе сілу…

1920