Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Дануты Бічэль-Загнетавай

   Нарадзілася Данута Бічэль-Загнетава ў 1938 г. у вёсцы Біскупцы Лідскага раёна Гродзенскай вобласці, у 1962 г. скончыла Гродзенскі педагагічны інстытут і пачала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў школе для маладых рабочых, а потым узначаліла Дом-музей Максіма Багдановіча ў Гродне. Першы свой верш Данута Бічэль-Загнетава надрукавала ў дваццаць год і досыць хутка праявіла сябе як тонкая паэтка, што была добра знаёмая з традыцыямі беларускага фальклору і высокай паэзіі, а таксама і іншымі сферамі гісторыі і культуры. Найбольш актуальныя для творчасці паэткі тэмы – апяванне прыгажосці беларускай вёскі, кахання, сяброўства і пачуцця спрычыненасці да родных мясцін, мовы і мінулага сваёй радзімы. У свае творы Бічэль-Загнетава часта ўключае гродзенскую дыялектную лексіку, якая разам з вельмі арыгінальнымі вобразамі і добрымі далікатнымі думкамі стварае вельмі моцнае ўражанне і надае яе працы своеасаблівы каларыт.
   Сама назва першага паэтычнага зборніка – «Дзявочае сэрца» (1961) – падкрэслівае тыя моманты, што дазволілі крытыкам казаць пра відавочную фемінісцкую накіраванасць яе творчасці. Нязменнай рысай твораў Бічэль-Загнетавай з’яўляецца цесная повязь уласнага пачуцця любові з глыбокімі адносінамі да Беларусі і яе культуры. Добрым прыкладам таму можа служыць пяшчотны і праніклівы верш пра каханне «Зрабі мне маленькую ласку...» (1969), які выражае далёка не простыя ўласныя пачуцці аўтаркі. У сваім больш раннім вершы «Роднае слова» (1961) Д. Бічэль-Загнетава перадае свае адносіны да Беларусі і асабліва да прынёманскіх мясцін праз вельмі рамантычнае тлумачэнне слова «любоў».
   Другі паэтычны зборнік паэткі, «Нёман ідзе» (1964), прысвечаны Нёманскаму краю, які фактычна знаходзіцца ў самым цэнтры ўсёй яе больш позняй творчасці. Наступныя зборнікі Бічэль-Загнетавай – «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976) і «Браткі» (1979). Пачынаючы з канца 60-х і ў наступныя дзесяцігоддзі яна таксама паспяхова і плённа піша для дзяцей. Вершы Дануты Бічэль-Загнетавай перакладаліся на іншыя мовы: у 1969 г. з’явіўся зборнік яе вершаў «Белая Русь» на рускай мове, а ў 1981 г. была апублікавана польская версія зборніка «Ты – гэта ты».
   Сярод найбольш прывабных рысаў творчасці Д. Бічэль-Загнетавай – увага да дэталяў і зварот да родных мясцін, да Нёманскага краю і вёскі Біскупцы і нават часам да той часткі вёскі пад назвай Загасцінец, дзе яна расла. Гэтаму і прысвечаны цыкл вершаў 1965 г. «Загасцінскія матывы». Інтарэс аўтаркі да гісторыі культуры і глыбокі патрыятызм, уласцівы яе творчасці, цесна звязаны паміж сабой. Апошнія два радкі верша «Благаславенне» (1966) выразна акрэсліваюць яе асноўную мэту: «Гадаваць сваю долю, дзе канчаецца продкаў мяжа». Аднак, як гэта часта здараецца, нягледзячы на вялікі поспех у чытача 60-х гг., паэтка стварыла шэраг найлепшых сваіх лірычных вершаў менавіта ў 80-я. За гэты перыяд яе патрыятызм не зменшыўся, але, здавалася, набыў адценне трывожнага прадчування. Цудоўны верш «Ведаю ўсё і як быццам нічога...», напісаны ў 1983 г., выражае гэтыя пачуцці праз цэлую серыю парадоксаў, як, напрыклад, у першым і апошнім радках твора: «Ведаю ўсё і як быццам нічога [...] Маем свой край і нічога не маем». Трэба дадаць яшчэ, што гэты верш быў натхнёны фрэскай з выявай святой Ефрасінні Полацкай, падобным чынам як руіны гродзенскай царквы XII ст. абуджаюць гістарычны патрыятызм паэткі і спрыяюць нараджэнню верша «Каложа». У творы «Крычаў» беларускі нацыянальны дух сцвярджаецца праз успаміны нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць татара-мангольскіх захопнікаў, чыё імкненне асіміляваць Беларусь выклікае супраціў з боку паэткі, якая «не зроблена з воску». Моцнае жаданне татараў непазбежна нагадвае імкненне Польшчы і Расіі, гістарычных беларускіх гаспадароў, асіміляваць і, у рэшце рэшт, знішчыць Беларусь. Гэтаму ў канцы XIX ст. актыўна процідзейнічаў «бацька беларускай літаратуры» Францішак Багушэвіч, праслаўлены ў вершы, названым паводле аднаго з ягоных псеўданімаў – «Мацей Бурачок» (1983). Багушэвіч змагаўся за правы беларусаў, за прызнанне статуса іх роднай мовы (апошнюю ідэю падхапілі некаторыя беларускія паэты 60-70-х г. XX ст.). Заключныя радкі верша, у якіх робіцца відавочная спасылка на нацыянальны беларускі сімвал Пагоню, даюць яснае ўяўленне пра тое, якое вялікае значэнне маюць для паэткі яе папярэднікі.
   Арыгінальная вобразная сістэма, ужо спамянутая вышэй як спецыфічная рыса Бічэль-Загнетавай, уласцівая ўсёй творчасці паэткі, пачынаючы ад 60-х і да 90-х гг. У вершы 1982 г. «Да цябе, як голлечка да сонца...» песні алегарычна называюцца «дзецьмі нашай любві», якія будуць жыць на шырокіх прасторах; песні-дзеці, словы-унукі. Верш «Кросны» (1972) дае нам шмат такіх прыкладаў.
   Бічэль-Загнетава ў сваіх творах перадае моцныя пачуцці і стварае надзвычай адметныя слоўныя вобразы. Сваю асноўную мэту паэтка выказала ў апошняй страфе верша «Краю мой Нёман» (1985) наступным чынам:

 

Хмельным ад гулу паводкаў,
Ты не змялееш ніколі,
Шлях маіх продкаў,
Шлях маёй споўненай долі.

 


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля