Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Данута Бічэль-Загнетава - Ведаю ўсё і як быццам нічога...

Кнопка отправить на печать

Ведаю ўсё і як быццам нічога.
Болем істоту запоўніла ўчора.
Шкода чужой мімалётнай навукі:
моцна трымацца, узяць сябе ў рукі.

Як утрымаць збунтаванае мора
слабым рукам?
Але не пратэстую.
Свет цэлы быць вінаватым не можа,
то вінавачу дачушку, матулю.

Ноччу бяссоннай буру ўтаймую...
Зойдуць сябры – мала іх засталося
у пасівелым гаёчку валосся.
Навідавоку сяброў не сумую...

Ды зацяжною гульнёй у маўчанне
звязаны, слова баімся пустога...
Шмат што сказалі б, не скажам нічога.
Болем ачышчаны, лепшымі станем...

Рупнасць у нас неспадзеўкі разбудзіць,
часта пастукаўшы ў бубен палёгкі
шротам дажджынак, дождж касавокі...
Дожджык сляпы.
Дзеці мы – людзі.

Птахі мы – людзі.
Да голлечка промняў
цягнемся слабым даверлівым крыллем.
Хмараў галінкі сонца адкрылі –
болем знявечаны, болю не помнім.

Людзі – аблокі.
Над выраем-краем
нас да магіл узвышае штосілы
з фрэскі азораны твар Еўфрасінні.
Маем свой край і нічога не маем.



Крыніца: Бічэль-Загнетава Д. Даўняе сонца: Лірыка. – Мн: Маст.    літ., 1987. – 398 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!