Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Генадзь Бураўкін - Зай і Пеця

Кнопка отправить на печать

Непрыкметна пад вятрамі
Дрэвы скінулі убор.
З неба зноў зляцелі самі
Мухі белыя на бор.

Пакружылі ціхім роем
I паселі на галлі,
За гарою, пад гарою
Гурбы снегу намялі.

У зацішку верасовым,
Дзе сям’я старых бяроз,
Зай сабе прыгледзеў сховы,
Каб адлежвацца ў мароз.

Моўчкі слухаў,

як над вухам

Ціша інеем трасе,
Як яліны-векавухі
Уздыхаюць пакрысе.

Не здзівіўся, як аднойчы
Расхадзіліся вятры,
I кракталі сосны ўночы,
I зваліўся дуб стары...

Паміж хвой стагнала глуха
У вяршалінах гула,
Лютавала завіруха
Аж да самага святла.

Гэта снежная навала
Зноў прынесла халады,
Норы ўсе замуравала,
Пазакрыла ўсе хады.

Прахапіўся Зай уранні –
I ў яго засыпан ход.
Лапамі пабарабаніў,
Ды не зрушыўся сумёт.

Свіснуў Зай ніякавата:
– Вось свавольніца-зіма.
Рыхтаваў сабе я хату,
Атрымалася – турма.

Мне такі спакой нямілы.
Так і з голаду памру...
I, напружваючы сілы,
Зай пачаў кападь нару.

Пот з яго каціўся градам,
Лапы млелі,

      а праз снег

Так спагадна і прынадна
Заінелы дзень яснеў.

Як лісой загнаны, дыхаў
Ды,
   забыўшы на спачын,
Прадзіраўся Зай паціху,
Гурбу снежную тачыў...

I нарэшце ўцёк з палону,
Выпаўз Зай на белы свет,
З вусаў пот злізаў салёны
I аддыхаўся як след.

Паглядзеў,

як бела-бела

Леглі гурбы з краю ў край,
I зажмурыўся самлела
I прылёг стамлёны Зай.

Ці то праўда,

   ці то сніцца –

Цішыні не чуў такой...
Ды спалохана сініцы
Праляцелі талакой.

Зазвінелі таямніча:
– Цінь-цінь-цінь...
– Дзінь-дзінь-дзінь...
– Ходзіць лесам паляўнічы.
Сцеражыся, Зай,

глядзі...


I сарока – вось праныра! –
Затрашчала на ўвесь лес.
Заяц вушы натапырыў,
Напружыніўся увесь.

I здалёк пачуў прывычна
Брэх, і смех, і грук, і звон.
Значыць,

ходзіць паляўнічы,

Не міне паляны ён.

Трэба зноў у сховы лезці
I да вечара чакаць,
Бо бяжыць бяда па лесе
З мокрай пысай ганчака.

Зай схаваўся неахвотна,
Ход сабраўся зачыняць
I пабачыў ля сумёта
Трох маленькіх зайчанят.

– Ой, у нас замёрзлі лапкі! –
Ціха плакалі яны. –
Даганяюць нас сабакі,
Засталіся мы адны...

Зай да іх падскочыў хутка:
– Марш за мною, гавару!
Калі ўседзіце ціхутка,
Дык пушчу ў сваю нару.

Зайчанят загнаў у сховы,
Рассадзіў –

   і зразумеў,

Што шукаць прытулак новы
Трэба недзе каля дрэў.

Хоць малыя зайчаняты,
А паселі –

   і нара

Аказалася занятай
Без яе гаспадара...

Заяц ход прысыпаў снегам
I барзджэй убок пабег.
А за ім імчаўся следам
I званчэў сабачы брэх.

I здавалася – аглухне
Ад яго зімовы лес.
Дзе ні скочыш –

снегам пульхным

Ён ляціць наперарэз.

Вось сабакам

крокаў дзвесце

Засталося акурат...
Зай стараўся, каб адвесці
Іх далей ад зайчанят.

Ён заманьваў іх памалу
Ад старых бяроз убок,
Да выжарын і завалаў
Бег, каціўся, як клубок.

Прадзіраўся да імшарын,
Прыгінаўся каля дрэў.
А сабакі ўслед імчалі,
Ажно снежны пыл курэў.

Дзе ты іх цяпер абдурыш –
Занялі з усіх бакоў.
Зай ужо на ўласнай шкуры
Чуў дыханне ганчакоў.

Ратаваць ніхто не стане –
Ці ты плач,

   ці ты крычы...

I апошнім намаганнем
Зай зашыўся пад карчы.

Да спіны прыціснуў вушы,
Да зямлі нібы прырос.
Хай бы іней зацярушыў,
Хай бы ўсё скаваў мароз!..

А сабакі зноў скавычуць,
Вужам лезуць пад карчы.
I спяшае паляўнічы –
Пад нагой галлё трашчыць.

Ён высочвае па следзе
Заяў шлях ад хмызнякоў.
Вось ужо ён побач недзе
Адганяе ганчакоў.

Праз карчы прабрацца хоча,
Цягне прагную руку...
Зай расплюшчыў вочы –

хлопчык

У вясковым кажушку.

Нахіліўся над карчамі –
Грознай стрэльбы не відаць, –
Стаў блакітнымі вачамі
Моўчкі Зая разглядаць.

I было ў яго паглядзе
Столькі светлай дабрыні,
Што даў Зай сябе пагладзіць,
Не пярэчачы ані.

Толькі сэрца стала грукаць
То часцей, а то радзей,
Як ён браў яго на рукі
I прытульваў да грудзей.

Зай заціх і

   не прыкмеціў,

Як прывык да цёплых рук.
– Гэта ж я,

твой сябра Пеця,

Гаварыў яму хлапчук.

Мы табе і морквы многа
I капусты прынясём...
I ад холаду ляснога
Захінуў яго крысом.

Зай залез ажно пад паху
I здзівіўся,

   што кажух

Быў не порахам прапахлы,
А травой,

як летні луг.


Ён зусім і не заўважыў,
Як наўпрост праз нейкі час
З палахліваю паклажай
Петрусёк дамоў прымчаў.

Скочыў Зай на ложак мяккі,
Глянуў скоса на акно.
Аніводнага сабакі
Не відно і не чутно.

За вугламі ходзіць вецер,
Тут жа –

цёпла, як наўздзіў.

Зай у кут залез,

што Пеця

Для яго адгарадзіў.

Азіраецца з апаскай,
Натапырыў вушы ён.
А быць можа, гэта – казка?
Можа, гэта – дзіўны сон?

Ды нясе Пятрусь на сподку
Моркву параную ў кут.
Слінкі ў Зая так салодка,
Так нястрымана цякуць...

Надакучыў голад горкі.
I, забыўшыся пра жах,
Зай накінуўся на моркву,
Аж пішчэла у вушах.

Ну а Пеця без упынку
Падкладаў яму, што мог, –
То капусту,

   то скарынку,

То з брусніцамі пірог.

Час ішоў.
Стаў Зай вясёлы,
Памажнеў і падабрэў,
Петруся чакаў са школы,
Да змяркання з ім дурэў.

Быў шчаслівы...
Толькі сніцца
Неадступна пачалі
I вавёрка, і сініцы,
I высокіх хвой камлі.

Ледзьве Зай заплюшчыць вочы,
Як здаецца –

ля акна

То сарока засакоча,
То загрукае жаўна.

I не мелі ўжо значэння
Ні капуста,

   ні тварог,

Ні салодкае пячэнне,
Ні з брусніцамі пірог.

Памяняў Зай інтарэсы,
Стаў прасіцца ў Петруся:
– Не магу пражыць без лесу,
Там мая сямейка ўся.

Хоць там ходзіць воўк пракляты,
Хоць там колецца зіма,
Толькі лепей роднай хаты
Анідзе, відаць, няма...

Перастаў Зай піць і есці,
Занудзіўся аж да слёз...
I нарэшце здаўся Пеця,
Зая ў зімні лес аднёс.

Зай саскочыў на паляну:
– Дзякуй, дзякуй, Петрусёк.
У цябе пажыў я слаўна,
Ды ўсё роўна ў лес бы ўцёк.

Тут жа ўсё мае дарэшты –
I ажыннік, і карчы,
I асіннік, і арэшнік,
I мяцеліца ўначы.

Хоць і ходзіць воўк пракляты,
Хоць і колецца зіма,
Толькі лепей роднай хаты
Анідзе, браток, няма...

Петрусёк пагладзіў Зая:
– Будзе цяжка, прыбягай.
Сцежку знаеш?

– Добра знаю.

– Ну, бывай здаровы, Зай...

I дамоў пакрочыў Пеця.
А на ўзмежку Зай лавіў
Чуйным нюхам золкі вецер,
Родны вецер баравы.

Слухаў звычна, як трывожна
Елка стройная рыпіць,
Як варочаецца вожык
I стары мядзведзь не спіць.

I ў душы цяплела шчасце,
I прыйшоў канец нудзе...
Добра жыць у роднай хаце.
Лепш не можа быць нідзе...



Крыніца: Бураўкін Г. Выбраныя творы: У 2 т. Т. 2. Паэма, вершы, казкі, песні, пераклады. – Мн.: Маст, літ., 1986. – 287 с.