Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Шчароўскія дажынкі

Кнопка отправить на печать

Аповесць у 2-х абразках


Пралог


Пан і войт Навум.
 

Навум

Hex бэндзе Езус Хрыстус пахвалёны!
 

Пан

На векі векаў! – Здарова, Навуме!
А што мне скажаш? – Чы ўжо ад Алёны
Адстала трасца? – як там маёй куме?


Навум

Да хваліць Богу, дарагі паночак!
Здарова, маўляў баравы рыжочак;
Вось дзякуй пану, што бабе прыслаў
Святой нядзелькай варанае зелле;
Выпіла нанач – і недуг устаў,
Вылізалася – зноў языком меле.
Як кот, жывушча; тут стогне, тут крэкча,
Няхай жа бабе стане крыху легча,
Палядзь! – вось яна з кута ў кут лятае,
Сама рабошча – дзетак прыганяе,
Бачыш, сягоння ледзь баба устала,
Зараз да пана з гасцінцам пагнала:
«Вазьмі, Навумка, дзесятак яечак,
Два кураняткі дый мёду гаршчэчак;
Ідзі да пана, падзякуй за зелле,
Скажы, што бабе хоць бы да вяселля!
Пагана цётка трасці перастала»1.


Пан

Ну! – дзякуй Богу, што ужо ачуняла2.
Што ж чутно болі?
 

Навум

Нечага казаць.

Ад ліха ціха – дабра не чуваць.
Коман назаўтра загадаў дажынкі3;
Вось усе дзеўкі да старай Грыпінкі
Сабіраюцца, штоб выбраць дзявіцу
Прыгожу, чэсну – дажынак царыцу,
Катора б табе, дарагі паночак,
Дый каласісты паднясла вяночак.

Такія пану войт суліў расказы,
Пасля гасцінец на стол палажыў
Да пакланіўся нізенька тры разы;
Пан да Навума гарэлкі прапіў.

 

Абразок 1


Варажба


Вось за Барысавам, да на Русі Белай,
У сяле Шчароўскам, заўтра, баш, дажынкі;
Разгулялісь дзеўкі – грамадою цэлай
З песенькай вясёлай бягуць да Грыпінкі.
А соненька за бор галоўку хавае,
А месячка з-за туч лоб свой выхіляе.

Удава Грыпіна стара, што крый Божа!
Падпёршыся кіем, ледзь ступіці можа
Па сваёй святліцы – сотню лет дабіла,
З унукаў прыгожых радасці дажыла.


Нечага, браткі, казаць!
Розум яе – то дзівота!
Варажыць, зло адмаўляць –
То Грыпініна работа.

Бывала, хто заняможа
Аль хто урачэ скацінку,
Яна ўсякаму паможа:
Чы пашэпча, чы крышынку
Якогась зелля падсуне,
Палядзь! – чалавек ачуне;
I скацінку угамоніць,
Злыя урокі адгоніць.


У Грыпінінай святліцы
Сабралася грамада:
Тут дзяўчаты, маладзіцы,
А там хлапцоў чарада.
На куце сама Грыпіна,
Пры ёй справа Акуліна,
Злева – Домна і Харціння,
Тут жа Ёўга і Усціння;
Усе хоць стары, нядужы,
Да на розум, баш, дасужы.


Грыпіна рукой махнула,
Трэйчы ўголас кашлянула,
I цікавы беларусы
Замоўклі, вось, маўляў, трусы;
Чакаюць, што стара скажа,
Як ім загадку развяжа
I якія падасць рады,
Каторай з дзяўчат грамады
Вянком прыбраці галоўку?
Трэба ж прыгожу дый лоўку;
Штобы сорам знала Божы,
Чэсць хавала у старожы,
Галасочак звонкі мела,
Штоб песенькі громка пела,
Сялу штоб не было стыдна.
Дзяўчаты глядзяць завідна,
Чакаюць на старых волю,
Каторай Бог пашле долю?


«Слухайце, дзеткі! – так кажа Грыпіна. –
Сягоння у нас адвечны абрад,
Катора вянок панясе дзяўчына?
Трэба ж сумленна выбраць, не наўгад!
Вось, міленькія, памолімся Богу,
Ён нам не мыльну укажа дарогу».


Старэнькі бабы із лаўкі прыўсталі,
Тварыць малітву святую началі,
I – «Ах, мой Божа, верую Табе,
Ўсю надзею маю у Табе».
Цэла грамада голасам запела;
Шчыра малітва да неба ўзляцела.

Як святу песню да канца прапелі,
Бабы на места зноў сваё заселі;
I кума Домна стала так казаць:
«У нашым сяле малада Агатка
Хоць куды дзеўка! – разумна і гладка;
Вось мая рада: ёй вянок аддаць!»


«Не, мая кумка! – другім крыўдна будзе,
Нямаш тут праўды у гэтакім судзе, –
Так стара Ёўга Домне пераб’е. –
Чы ж што Агатка сваяшна табе,
То ўжо вянок ёй маем прысудзіць? –
Не, досыць, кумка, прыгожаю быць,
Прыгожых, бачыш, у сяле ёсць многа,
Трэба, штоб дзеўка знала боязнь Бога,
Штоб знала сорам, у чэснасці жыла,
Сваім падругам крыўды не чыніла.
А твая, кумка, малада Агатка
Хоць разгаворна, хоць лічыкам гладка,
Да яе розум не па веку будзе,
Не адно кепства аб ёй чулі людзі:
Наліха жадна з хлопцамі гуляць4,
Равейніц сваіх любіць абмаўляць5,
Не адну крыўдну разнясла гаворку
На другіх дзевак, – вось і на Тадорку
Пакасны сплетні ў завісці налгала;
Беднай сіротцы славу адабрала.
Тадорка ж чэсна – прысягнуць гатова,
Будзь я так шчасна! – будзь я так здарова!
Тадорцы вянком павінна грамада
Прыбраць галоўку – така мая рада!»

«Брэшаш няпраўдай!» – Домна пераб’е,
А злосна наліха! – галавой трасе,
Рукі сашчаміла у два кулакі
Да аб дзеўцы рэчы завяла такі:

«Агатчынай чэсці не смей абсуждаць!
Ну, праўда, дзеткі, – нечага казаць,
Хлопцы за дзеўкай лётаюць, баш мухі, –
Да віна ж яе, што красней дзявухі
У цэлым сяле пашукай з лучынай?
З адною толькі не смела б дзяўчынай,
З адной Тадоркай красою раўняцца,
Да хто ж ёй вінен? – не трэба ж займацца
У дварэ з падвальным, – аднаго кахаці6;
Быў жаніх Домка, – нашто ж ёй гуляці
З другімі? – Да, баш, той панскай манеры,
А Домка мужык, хоць чэсны і шчэры;
Думала абодвух затуманіць лоўка7,
Маўляў, ад прыбылі не баліць галоўка.
Шляхціц не возьмець, – на Домку наляжа, –
Да ён жа бачыў! – няхай сам раскажа».

Як, баш, злосна Домна кончыла гаворку,
Так зараз на Домку выпучыла вочы8;
Зіркнуў на Агатку хлапец, на Тадорку9
Дый так спалохаўся, што не стала мочы10
Славечка сказаці, хоць Домна міргала11,
Хоць збоку Агатка пальцам знак давала.

А ў беднай сіроткі, прыгожай Тадоркі,
Із сіненькіх вочак лілісь слёзкі горкі;
Яна, баш, на долю злу не наракала,
Вось толькі малітву ціхонька шаптала,
Штоб яе нявіннасць Бог выказаў ясна,
Штоб Домка спазнаўся, што малва няшчасна,
Каторая сэрцам яго адчурыла12
Ад вернай дзяўчыны, плёткамі зажыла.

Тут стара Грыпіна рукою махнула,
Ўсе кругом замоўклі, – сваяк ёй Акула
Падышоў да бабы, – та дзеду на вуха
Крыху пашаптала дый – хітра старуха! –
Паднялась із лаўкі, ўкруг вокам пагнала
I такія рэчы ёмка казаць стала13:

«Паслухайце, дзеткі, старэнькай Грыпіны.
Ведама ж, што ўсякі сакрэтны навіны
Бабе не дзівота, – вось паваражу,
Хто з дзяўчат віновен, праўду вам скажу.
Пастаў тут, Аўдотка, рэшата навенька,
Падай мне, Акула, пеўня маладзенька,
Затушыце агонь, штобы цёмна стала»14.
Вось так і зрабілі, як баба сказала.

Цёмна у святліцы – выкаль, маўляў, вока,
Дзіва, да і годзе! – ціхасць там глыбока;
Усе із грамады у кучку сабралісь,
Аж валасы дыбам са страху паднялісь;
Ой!., трасуцца хлопцы, трасуцца і дзеўкі!
А баба страшэнны заводзіць прыпеўкі
Дый рэшатам пеўня зверху прыкрывае,
Агатку, Тадорку к сабе прызывае.
«Глядзіце, дзяўчаты! – штобы мысль бязбожна15
Ад вас адступіла, – хлусіць тут не можна16,
Тутацька не жарты – варажба страшэнна! –
Катора з вас будзе пачціва, сумленна,
Няхай смела рукі пад рэшата садзіць,
Няхай пеўня зверху тры разы пагладзіць,
Пявун сядзець будзе спакойна і ціха;
Катора ж нячэсна – той, дзетачкі, ліха!
Бо як пявунчыка пагладзіць рукамі,
Крыкне «кукарэку!» – пачуеце самі,
Запяе, дый годзе! – верце, мае дзеткі!
Варажбой такою я рэчы не гэткі
Выказала свету. – Ну ж, дзеўкі, да дзела!
Начынай, Агатка! – перахрысцісь... смела!»

Агатцы са страху молатам забілась
Нячыстае сэрца; дзеўцы і не снілась,
Штобы злыя матні, так пранырна, ціха17,
Застаўлены беднай Тадорцы наліха,
Выйшлі страшнай гадкай людзям на паказ18;
Думае: «Пастойце! – абману я вас!»
I мезіным пальцам вось не зачапіла
Рэшата, ні пеўня, – набок адскачыла
Дый сказала бабе: «Ужо, мая зорка!» –
«Добра! – стой пакойна. Ну, цяпер Тадорка!
Уздыхні да Бога, – прыступай да дзела!» –
Так кажа Грыпіна, – і Тадорка смела
Белыя ручонкі пад рэшата садзіць,
Пявунчыка трэйчы па крыллях пагладзіць.


Аж воласы дыбам сталі чалавеку,
Дзіва!.. певень крыкнуў громка «кукарэку»
I затрапятаўся – а-ва!.. вось навіна!
Усе закрычалі: «Віноўна дзяўчына!»
Бедная ж сіротка – няшчасна Тадорка –
На сваю злу долю заплакала горка,
А Агатка губу кулаком заткала,
Спадцішка хахоча: бабу ашукала!


«Ціха!..» – Агрыпінін голас адазваўся,
I замоўклі разам – усяк іспугаўся.
«Што закрычаў певень – невяліка дзіва;
Вось зараз пакажа варажба шчасліва
Тую, што у чэсці, праўдаю жыве.
Падступіце бліжай, дзяўчаты, ка мне!
Каторай з вас рукі памараны ў сажу,
Та пачціва дзеўка – так гаданне кажа.
Скарэй штоб лучынай хату асвяцілі!»
Як баба сказала, так яны зрабілі.


Далоні Агаткі, як малако, белы,
А, як смоль, Тадоркі – сажаю блішчаць.
Тут стара Грыпіна, злосна, ўголас цэлы,
На хітру дзяўчыну узяла крычаць:


«Га, шатаньска племя! язык твой змяінай
Досыць здзекаваўся вось над сірацінай19,
Брахаць яму годзе! – Бог цябе накажа, –
Прызнайся тут зараз – ты, нячыста ўража!»


Агатка аж млее з вялікай трывогі,
А пасля Грыпіне кінулася ў ногі
Дый загаласіла: «Мае вы міленькі!20
Даруйце ж няшчаснай, мае селязенькі!21
Скажу усю праўду – хлусіць вам не буду,
Толькі ж не завіце нябеснага суду
На бедну галоўку: страшан мне суд Божы!
Вось як было, браткі! – ўгледзя, што прыгожы
Домка на ігрышчах з Тадоркай танцуе,
Кулаком, гарэлкай кожан раз частуе
Да з ёй жа зручыўся, – завідна мне стала,
А Домку я сэрцам, ах, вельмі кахала!
Думаю у злосці, як бы тут зрабіць,
Штобы ад Тадоркі дзецюка адбіць?
А чорт мне з падвальным, як тут, навязаўся,
Падвальны ж Тадорцы не раз напрыкраўся.
Ну ж бегці у бровар, – ну ж яму хлусіці!
Што Тадорцы нельга без яго і жыці,
Што быццам маркотна, – павідацца б рада,
Вечарком чакаці будзе возля сада.
Хлапец ад радасці красен, як жар, стаў,
Кілішкам гарэлкі мяне частаваў.
Там сваё зрабіўшы, пайшла да Тадоркі
I ёй нахлусіла, што возля аборкі,
Тут жа каля саду, вячэрняй парою
Домка чакаць мае з пільнаю малвою.
А Домцы налгала: дзеўка цябе зводзіць,
З падвальным відацца сумеркам падходзіць.

Прыбегла Тадорка – сюды-туды гляне,
Аж тут да дзяўчыны падвальны прыстане;
А хоць, баш, за жарты з ног яго зваліла,
Кулаком із носа ліху кроў пусціла,
Да Домка паверыў: я радасць пачула,
Што прыгожа хлопца к сабе прыхінула.
Паганага ж піва я ім наварыла,
Нявінную дзеўку на чэсці згубіла!»


Скончыла Агатка, – дзівіцца грамада,
Грыпіна смяецца: із варажбы рада,
А Домка нясмела к Тадорцы падходзіць,
Рукі ёй цалуе, воч з яе не зводзіць.
Так чэсць сваю вінна Тадорка Грыпіне,
Усе прысудзілі вяночак дзяўчыне!!!



Абразок 2


Дажынкі


Да у Шчарах, пры дарожцы,
Проста супраціў двара,
Маўляў на курынай ножцы,
Стаіць хацінка мала;
Удава там пражывае,
Красачка там расцвітае.


Акулініна то хата!
Была калісьці багата,
Як жыў мужык ёй Хвядор.
Вось насталі злыя годы,
Мор, голад, усякі прыгоды,
I гаспадар ёй памёр.


I адна ўдава зажыла,
Гаравала дый тужыла,
Хоць дарагі мела клад:22
Бог даў ёй дочку Тадорку,
Вясёленьку, маўляў зорку,
Проста матчын ненагляд!


Кроў з малаком яе шчочкі,
Моланняю блішчаць вочкі,
Спадцішка, баш, як зіркне –
Сэрца молатам заб’ецца,
Грудзь полымем абальецца,
Не спазнаеш сам сябе!


Яна ж чэсна, працавіта!
Бывала, скочыць да світа,
У руч’і памые твар,
Памоліцца шчыра Богу,
Штобы маці даў спамогу,
Бяжыць дагледзець тавар.


Да хоць долю цяжку, горку
Мела, любілі Тадорку –
Хлопцы да дзеўкі смалой!
Чы у дварэ, пры рабоце,
Чы у карчме, пры ахвоце,
Кожан ляцеў к ней стралой!


У дварэ быў хлапец ладны,
Кухар панскі, – відны, складны!
Домкаю звалі яго.
Ён к сіротцы прывязаўся,
Душою, сэрцам аддаўся
Дый не пажалеў таго!


Бо і Тадорка красненька
Дзецюку была радзенька:
Хваціў за сэрца хлапец!
Душой яго спадабала,
Вось і ручнікоў наткала23,
Гатовілась пад вянец.


Трэба ж, у злую гадзіну
Нашу бедную дзяўчыну
Вось падвальны спадабаў;
А к Домцы, як кажуць гадкі24,
Сэрца злоснае Агаткі
Чорт вяроўкай навязаў


Яны ліха наварылі,
Домку з мілай разлучылі:
Агаткі гаворка зла
Хлопца ад дзеўкі адбіла;
Тадорка слязьмі зажыла,
На язык людзям пайшла.


Бог пажалеў сіраціны,
Ён варажбою Грыпіны
Злыя брэхні укараў.
Вось, маўляў, такі суд Боскі
Сірацінцы уняў слёзкі,
Дзецюка зноў к ёй прыгнаў
 

* * *

У дварэ Шчароўскім, сэрцам залаценькі,
Стаіць на ганачку паніч маладзенькі;
На ім світка чорна, шапачка рагата;
Рада гасцям яго прыгожанька хата;

Дый гасцей нямала – па дварэ гуляюць,
З панам весяленькім жнеек спатыкаюць.
А ў полі грамадка голасам заводзіць,
К панкам вось якая песенька даходзіць:


«У нас сягодня вайна была,
Усё поле зваявалі,
У копачкі паскладалі;
Гдзе горачка,
Там копачка,
Гдзе лужочак,
Там стажочак».


Якое ж там войска, маўляў туча чорна,
З сяла проста суне ў двор шырокім шлякам?
Рассыпалась па ўсёй дарозе прасторна,
Наперадзе старты, дый з блісцяшчым знакам.
Не войска то, дзеткі, не туча нябесна, –
Паніч сяло цэла спрасіў на дажынкі,
То ж свая сямейка, – то ж грамадка чэсна!
Стары гаспадары, стары гаспадынькі.
А з поля даходзіць якісь голас дзіўны,
Штораз бліжай... бліжай... томны, прыуныўны:


«Канец ніўцы, канец!
Упляцём пану вянец;
Да ўжо жніва у канца,
Нуце ж, дзеўкі, да вянца!
Нуце, да вянца!»


Да што ж там такое на дварэ мігаець?
Чы снег прыкрыў краскі, аль мак расцвітаець?
Не снег то, не мак то, мае вы міленькі!
Гэта ідуць з нівы жнейкі маладзенькі;
Ўперадзе грамады Тадорачка красна,
З вянком залаценькім, як зорачка ясна!
Звонкім галасочкам, маўляў салавейка,
Звініць, вось аж люба! з ёю кожна жнейка.
Дзеўку памагальны пад ручкі вядуць25,
А пачынальнічкі, крый Бог, як гудуць!


«Змялі поле мяцёлкамі,
Ідзём у двор вясёлкамі;
Выйдзі, добры наш паночак,
Да сустрэч сваіх жняёчак!
Вытачы нам бочку мёду,
Збан, другі гарэлкі,
Мы ж жнейкі, не жаўнеркі;
Гарэлкаю пакрапімся,
Мядком прахаладзімся.
Табе дабро спажываці,
Нам весялёнька гуляці!»26


Тут міргнуў пан шчодры дворнай маладзіцы,
Аж лякай Мікіта вынес із святліцы27,
Да на сярэбранай тацы, са тры сыры,
Хлеб, соль, рублявікоў беленькіх чатыры;
Другі служка панскі, што Цяглікам зваўся,
Пад цяжкім гарэлкі вядром нагінаўся.
Дзеўка ж штораз бліжай да пана падходзіць,
Тонкім галасочкам вось гэтак заводзіць:


«Наш пан маладзенькі,
Кудры яго залаценькі,
Па ганачку ходзіць,
Хустачкай матае,
Сваіх жнеек вітае;
А жнейкі маладыя,
У іх сярпы залатыя,
К месячку жалі,
Сярпы зазублялі»28.


Вось ужо пад ганкам – схіліла галоўку
I гэтаку пану сказала прымоўку:

«Добры вечар, паночак!
Знімі з галоўкі вяночак,
З зялёнага поля,
З ядранага аўса.
Даў Бог пажаці,
Судзі, Божа, спажыці
У карысці, у радасці,
У добрым здароўі.
Судзі, Божа, нашаму пану
Жонку харошую,
Свайму дому гаспадыню,
Нам добрую паню.

Наш пан малады, конь яго вараны,
Сядло золатам вышыта, брылянтамі выбіта.
Наш пан на кані войска куець,
Сваяго рыцарства даказуець,
Гавара да служкі:
«Улажыў бы я сабалі, не йдзе лукаве!

Мне сабалей бракуе».
Пан сваяго рыцарства не страціць,
Нам за вянок заплаціць,
Хоць чырвоны злоты,
Для нашай ахвоты,
Жыту на ўраджай,
А пану на доўгі век.
Пану вянок,
А нам гарэлкі збанок!»


Расплакаўся пан добры – рад, баш, прыгаворцы,
Зняў з галоўкі вяночак, а краснай Тадорцы
Сунуў у белу ручку аж два карбаванцы;
Рэшта для памагальніц. – Цэлую чарэду,
Штоб крыху пакрапілась, запрасіў к абеду,
А на пасля Астапу казаў іграць танцы.


Маладзенькія ж начынальніцы,
Прыгожанькія памагальніцы,
Як гарэлкі напіліся,
Так за песню узяліся:

«Высок явар, высок,
Над усімі яварамі!
А багат наш пан, багат,
Над усімі панамі!
У полі капамі,
А ў гумне стагамі;
Ані ўвайці, ані ўехаць,
Ні сакалу уляцець,
Толькі пану паглядзець».


Аж вось паявіўся на шырокі стол
Цаліком пячоны прабальшэнны вол;
Да бакі ж яго тлустасцю абліты,
Да рогі ж яго золатам абвіты!
К няму назнасілі барабаноў дзесятак;
Хлеба ж, сыроў, блінцоў, тучных парасятак,
Міленькі! без ліку, – еш дый апражыся!
Здоваль было ўсяго – хоць расперажыся!29
А Цяглік з Мікітай пры бочках стаялі,
Півам да гарэлкай людзей частавалі:
Бо ў добрага пана вялікі дастаткі,
Не жалее дабра для сваёй грамадкі!
Як малады жнейкі жывот пакрапілі,
Такой свайму пану песняй зазванілі:

«Да зялён бор, зялён
Над усімі барамі!
Да славён наш пан, славён
Над усімі панамі!
У нашага пана
Куна па дварэ іграе,
Сабаля вызывае:
«Сабалю, сабалю, пагуляем з табою,
Развесялім свайго пана:
Штоб Бог яму даў паню маладую
І чалядку весялую!»

Кончыўся полудзень – дай Бог на ўвесь век!
Еў, піў, пакуль змога, кожан чалавек;
Пасля ад грамады войт к пану явіўся,
Нізенька у ногі трэйчы пакланіўся,
Махнуў сюды-туды шапкай, штоб маўчалі,
Дый пусціў свой голас, гдзе панкі стаялі:

«Няхай бэндзе пахвалёны
Езус Хрыстус, нарадзоны
З Дзявіцы Марыі,
Прачыстай ліліі!

Добры Бог дазволіў нам дабро пажаці,
Добры пан дажынкі загадаў спраўляці,
Не жалее хлеба, гарэлкі, ні солі,
Піцення, ядзення, прынукі здаволі;
Сэрцам нас частуе – чым хата багата!
Зато ж яму вянок падняслі дзяўчата,
Вянок каласісты дый з Божага дару.
Падзякуйма ж пярвей нябесну мацару,
А пасля і пану за яго гашчэнне:
Штоб Бог яму ссудзіў багатае менне,
Жонку, як малінку! – прыгожу, вясёлу;
Штоб звяршыў год годам поўную стадолу,
Так поўну, штоб нельга варот зачыніці,
Штоб за гадкоў дзесяць дабра не спажыці.
Нуце ж, гаспадары! – ў чаркі налівайце.
Здаровейка пана душкам прапівайце;
Вы, хлапцы, дзяўчаты, карагод вядзіце,
Пакуль, маўляў, змога, ахвотна скачыце!»

Тут Астап музыка уцяў, баш, з-за вуха,
Пайшла ладам, дзеткі, вясёла крутуха30:
Карагодам правіць з панічом Тадорка,
Пасля гульнуў з ёю Навум Прыгаворка,
Панок весяленькі, разумны, крый Божа!
Яго у розуме і пісар не зможа,
A пісар наш, браткі, – нечага казаць!
У Халопенічах вучыўся чытаць!
Вяліка галоўка! маўляў сена стог,
Да пан загнаў яго у казіны рог.
Ён і кніжкі піша, песенькі спявае,
Так вумны, што ўсякі мужык панімае.

Кожан пан з дзяўчынай ахвотна нясецца,
Крутня, да і годзя! пот ракою льецца.
Дасугам Тадорцы Домка кулак суліць,
Абняў тонкі станік, да сэрца прытуліць,
I пайшлі вярцецца! ног, маўляў, не чуюць;
А Цяглік з Мікітай ўсцяж водкай частуюць.

Да самага свету шчыра там гулялі,
Пілі, песні пелі, на убой плясалі!
I я, мае дзеткі, на дажынках быў,
Піва дый гарэлкі досыта папіў,

I па барадзе цякло,
Да і у роце было,

Бо гэта, браткі, праўда, а не казка.
Такая ж была дажынкам развязка,
Што чэсна Тадорка ўжо гора не знала,
З Домкай абвянчалась – гаспадыняй стала;
Яны з панскай ласкі вяселле сыгралі,
I маладым дзеўкі гэтак заспявалі:

«Ай, борам, борам, баравіною,
А хто там едзе вечарыною?
Ох, едзе, едзе Домачка п’яны:
«Ой, адчыні ж мне, Тадорка-пані!» –
«А я не пані, я паненачка,
Я ў сваім доме гаспадынечка;
Мая хацінка дахам пакрыта,
Мая спаднічка золатам шыта».
На дварэ дожджык, а ў сенях слізка,
Кланяўся Домка Тадорцы нізка,
А яна ж яго пажалавала,
Ўзяўшы за ручку, пацалавала.
«Ой, люблю, люблю мёд саладзенькі,
Люблю я Домку – ён маладзенькі!»
 



Тлумачэнні да аповесці «Дажынкі»
   1. Трасца – ліхаманка; ліхаманку таксама называюць «паганая цётка».
   2. Ачуняла – паправілася.
   3.  Коман – аканом.
   4. Жадна – ахвочая, ліпкая да хлопцаў.
   5. Равейніц, равесніц – амаль аднолькавых па ўзросце таварышак, сябровак.
   6. У дварэ з падвальным – пасля ўвядзення акцызы адкупшчыкі пакідаюць на броварах сваіх вартаўнікоў, каб вялі рахунак вёдраў выгнанай гарэлкі; такога вартаўніка называюць падвальным.
   7. 3атуманіць – ачмурыць, ашукаць.
   8. Выпучыла вочы – вытрашчыла вочы.
   9. Зіркнуў – кінуў погляд, паглядзеў.
   10. Спалохаўся – спужаўся, збянтэжыўся.
   11. Міргала – падміргвала.
   12. Адчурыла – адпіхнула, адагнала.
   13. Ёмка – дакладна, выразна.
   14. Затушыце – загасіце.
   15. Такая варажба часта сустракаецца ў вёсках. Крылы пеўня пасыпаюць сажай і запіхваюць яго пад рэшата. Потым запэўніваюць недасведчаных, што калі яго там пагладзіць, а быў вінаваты, то певень сапраўды запяе. У такім выпадку сапраўдны віноўнік палохаецца прадказанай будучыні і не толькі не адважыцца пагладзіць гэты небяспечны прадмет варажбы, але нават не дакранецца да яго; іншыя ж, не адчуваючы сябе вінаватымі, смела робяць гэта, у выніку чаго забруджваюць сажай рукі, у той час як віноўнік, наадварот, вымае іх чыстымі. Звычайна варажба адбываецца ў цемры, каб вінаваты мог лягчэй ашукаць прысутных, запэўніваючы, што гладзіў пеўня, сам нават не дакрануўшыся да яго.
   16. Хлусіць – ілгаць.
   17. Так пранырна – так хітра.
   18. Страшнай гадкай – страшнай варажбой.
   19. Досыць здзекавацца – досыць глуміцца.
   20. Дый загаласіла – пачала выкрыкваць, лямантаваць.
   21. Селезень – так называюць качара, звычайна дзікага, а паколькі ён мае рознакаляровыя пёркі, таму народ, дагаджаючы некаму, гэты выраз ужывае.
   22. Клад – скарб.
   23. Дзеўка, якая выходзіць замуж, павінна звычайна наткаць шмат ручнікоў і паясоў на падарункі для дружбы і сватоў.
   24. Як кажуць гадкі – як ходзяць чуткі.
   25. Памагальніцы і пачынальніцы звычайна ідуць паабапал дзяўчыны, якая нясе вянок, праводзячы яе пад рукі да пана. Пачынальніцы і памагальніцы павінны мець прывабны і чысты голас, ведаць шмат дажынкавых песень. Ад іх таксама пан павінен адкупіцца гасцінцам, але меншым.
   26. Гэтую песню, дакладна перакладзеную на польскую мову, тут змяшчаем.

Zmietliśmy łan mioteleczką,
Idziem do pana z piosneczką,
Wyjdź dobry, łaskawy panie,
Na twoich żniejek spotkanie.
A na dwór ten, dla ochłody,
Wytocz z boczek słodkie miody,
I gęsior wódki nie mały,
By się żniejki pokrzepiały.
Tobie plon z naszych dożynek,
Nam wesoły odpoczynek!

   27. Мікіта і Цяглік – асобы не выдуманыя, яны і сёння жывуць на Шчароўскім двары.
   28. Сярпы зазублялі – сярпы вышчарбілі, вытупілі.
   29. Хоць расперажыся – звычайнае прыслоўе селяніна, калі хоча даць зразумець, што на частаванні ўсяго было здаволі.
   30. Крутуха – беларускі танец, як у нас «Мяцеліца».


Крыніца: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершаваныя аповесці і апавяданні, вершы, публіцыстыка, лісты і пасланні, пераклады, Dubia / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад, з тэкст. падрыхт., пер. Я. Янушкевіча. – Мінск: Маст. літ., 2008. – 598 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!