Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Віктар Карамазаў - Маладзічок дэмакратыі

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Поўнач была па-зімоваму снежная, сіне-белая і па-вясноваму звонкая, са шкляным лядком пад нагамі. Лейцы календара толькі-толькі перахапіў сакавік, і ўжо іначай, як дагэтуль, па-маладому насцярожана шумеў бор. У зацішку хваёва-яддоўцавага падлеску, спіною прываліўшыся да тоўстага дрэва, стаяў Іван Данілавіч – высокі, круглатвары, з прыгожай, коратка пастрыжанай, абсыпанай срэбрам шасцідзесяцігадовага веку барадою і такімі самымі срабрыстымі вусамі. Трапяткая чуйнасць ночы адпавядала настрою душы, і ў гэтай прыемнай згодзе са светам ён трымаў над галавою, бялейшай за бараду і вусы, пыжыкавую шапку, не зводзячы вачэй з чорнай аўтамашыны пад урадавым нумарам, якая стаяла за першым ад дарогі шэрагам хвой і ў якую толькі што села яна. Яе ён ужо не бачыў, а шапку над галавою трымаў, каб бачыла яна, як ён з ёю развітваецца. Хацелася правесці слаўнага чалавечка да самай машыны, падкрэслена-ветліва, як умеў, пасадзіць, самому зачыніць дзверцы, сказаць «да сустрэчы». Але пэўныя абставіны зрабіць гэта не дазвалялі. Яна была ягонаю сакратаркаю, а ён быў народным дэпутатам парламента, і яе начны прыезд да яго павінен быў выглядаць вялікай службовай неабходнасцю, асабліва ў вачах шафёра ўрадавага гаража. Ён толькі падвёў яе да першых ад дарогі хвой і ў ахове ядлоўцу пад хвоямі яны развіталіся. I ўжо да машыны яна выбегла з-за дрэваў адна з чырвонай службовай папкаю ў руцэ. Машына адразу ўключыла агні, злосна грызянула шыпамі колаў лёд і панеслася ў невідаль ночы.
   Іван Данілавіч выйшаў з лесу на раскоўзаны пляц за брамаю, дзе стаяла машына. Высока над дарогаю ззяў вузенькі вастрарогі месячык, а за ім, працягам ягонага паўкруга, можна было разгледзець увесь бляклы круг, адно краёчкам якога і быў яркі месячык. Там, у крузе, угадвалася выява воя на кані, быццам круг быў срэбраным літам Вялікага княства Літоўскага. Святло ад яго лілося на зямлю, на лес, снег і лёд, лёд блішчэў, снег іскрыўся і блішчэлі празрыста-белыя друзкалкі здзёртага шыпамі лёду. У салодкай задуменнасці Іван Данілавіч згроб тыя друзкалкі сукаватым лясным кіем, з якім кожны дзень гуляў па лесе, палюбаваўся імі, раскідаў і зноў згроб у купінку. I гэтая драбяза дала сэрцу свой цёплы праменьчык. Усміхнуўся і задумаўся: вось як неспадзявана мяняецца ўсё у жыцці. Яшчэ ці даўно зласліва глядзеў на чорныя ўрадавыя машыны, у якіх лёталі абраннікі шчаслівага лёсу? Знакаміты вучоны, богам блаславёны талент, ён заўсёды імкнуўся ў круг вялікіх мира сего, бо толькі паміж вялікіх пачуваўся на сваім месцы, але вялікія былі несусветныя эгаісты, пускаць у свой круг не спяшаліся, прапіскі на сваёй тэрыторыі не давалі. Усё гэта магло зацяць сэрца? Яшчэ як! Таму і глядзеў са злосцю на іх чорныя лайбы. А цяпер? Гэтак ужо не глядзіць? Прарваў нарэшце запаветнае кола? I як нечакана! Не навукай, дык палітыкай. Прыйшоў ягоны час – на хвалі перабудовы і маладой дэмакратыі.
   Іван Данілавіч нетаропка абышоў тое месца, дзе стаяла машына, кіем па лёдзе і снезе акрэсліў вакол яго круг, стаў у цэнтры круга, задаволена агледзеўся, кінуў светлы позірк у невідаль, куды бегла асфальтоўка, і ўявіў, як у гэтую самую хвіліну ў Мінск імчыць яго машына з працягнутай да ўсяго свету антэнаю і музыкаю японскае магнітолы, з ласкавым чалавечкам на ўтульным заднім, за спіной у шафёра, сядзенні, з чырвонай парламенцкай папкаю на маладых круглых каленках. У годным настроі выйшаў з круга і, высока ўскідваючы перад сабою сукаваты кій, падаўся да адчыненай яму насустрач брамы.
   То ішоў, то спыняўся, слухаў зацішак ночы, зноў ішоў. Выйшаў да ляснога дачнага дамочка з ганкам пад вастрапікай стрэшкаю, на ганку выцер аб дыванок ногі, пераступіў парог і калідорчыкам прайшоў да свайго двухпакаёвага люкса. Кій паставіў у кут ля дзвярэй, распрануўся, павесіў паліто ў шафу, зняў шапку і чаравікі, прайшоў у гасцявы пакой і, не ўключаючы святло, апусціўся ў шырокае мяккае крэсла. Побач стаялі канапа і нізкі квадратны столік, на століку – бутэлька з-пад шампанскага з фальгою на шыйцы, пустая, і бутэлька недапітага малдаўскага каньяку. Наліў у чарачку, адпіў глыток. Трымаючы чарачку ў руцэ, задумліва глядзеў у акно. Сам сабе ўсміхаючыся, ціхенька заспяваў сваю любімую:

Сівы конь бяжыць,
На ім бела грыва,
Ой, спанаравілась...


   Кульнуў з чарачкі ў рот астатняе, узяў са стала цукерку, адкусіў, і з той самай лёгкай усмешкаю, якая ўжо не сыходзіла з твару, задумаўся. Думаў пра яе. Зноў бачыў яе. Чуў і адчуваў.
   Яны ўжо каля месяца працавалі разам. Як толькі апошняя сесія Вярхоўнага Савета прыняла пастанову аб правах дэпутатаў, Івану Данілавічу шмат хто рэкамендаваў у сакратаркі сваіх знаёмых, дачок, жонак, але ён, чалавек у жыцці вопытны, ведаў, чым можа закончыцца яго паспешлівы выбар, і адказваў, што сакратарка яму яшчэ не патрэбна. А неяк аднойчы згадаў народнае свята за Мінскам на беразе возера і цудоўную дзяўчыну, з якою там пазнаёміўся. Яна выступала з хорам, спявала, і выглядала вельмі прывабна ў народных строях, высоканькая і зграбненькая, з вяночкам жоўценькіх дзьмухаўцоў на русай галоўцы. Успомніў яе выразныя сінія вочы, цёплую ўсмешку, свой далікатны дотык да яе станіка. I адрасок аказаўся ў блакноціку. Яна рабіла ў раённай бібліятэцы, і ён нават не стаў званіць, паехаў і знайшоў тую бібліятэку. I яна якраз была на рабоце. Не ў тых, вядома, святочных строях, але, як тады, вельмі мілая. Пагаварыўшы з ёю, дазнаўся, што яна скончыла педагагічны інстытут, работу па спецыяльнасці, выкладчыцай мовы і літаратуры, у Мінску не знайшла, а сама была карэнная мінчанка і жыла з мамаю. Убачыў, што чалавек перад ім і сур’ёзны, і разумны, і выхаваны – запрасіў да сябе на службу, на заробак у тры разы большы. Была разгубілася: няўжо ў Вярхоўны Савет? А назаўтра пазваніла, што згодная. I ён не памыліўся. Яна аказалася якраз тым чалавекам, каторага яму не хапала. Усё, што трэба, рабіла старанна, хуценька, ды і не была яшчэ абцяжараная ні сям’ёй, ні бядой. I разумела яго ва ўсім. Калі ён ад’язджаў у гэты лес, каб тут знайсці зацішак і для працы, і для адпачынку, яна, быццам між іншым, прадбачліва сказала, што як толькі яму зробіцца сумна аднаму ў лесе, хай ёй пазвоніць. Пасмяялася з яго верагоднага ляснога здзічэння, але яе прапанову ён запомніў і пазваніў. Яна адразу прыехала аўтобусам, і яны паўдня гулялі па лесе. Дзень выдаўся сонечны, цёплы, з лёгкім марозцам. За рэчкаю яна хацела ўзабрацца на высокі бераг, пакаўзнулася, і ён яе падхапіў, стоячы пад берагам. Яе твар быў такі блізкі да яго твару, такі вясёлы і румяны, мілы, што ён не ўтрымаўся і пацалаваў. Гэта ёй, адчуў, спадабалася, і ён яе цалаваў яшчэ і яшчэ, а пасля, калі вярнуліся ў свае пакоі, ужо трэба было збірацца на апошні рэйсавы аўтобус. Тыя пацалункі грэлі яго усю ноч. I яшчэ два дні пра адну яе думаў. Не мог ні спаць, ні працаваць. А сёння не вытрымаў, пазваніў зноў і сказаў, што ў лесе яму вельмі сумна. Яна ўсё роўна як чакала яго званка: абрадавалася ягонаму суму і заўважыла, што аўтобус ідзе надта марудна і доўга. Дала зразумець, каб быў смялейшы і памятаў пра свае дэпутацкія правы. Ён пазваніў у гараж, каб па яе выслалі машыну, і праз гадзіну яна была ў лесе.
   На гэты раз Іван Данілавіч не паўтарыў памылкі, якую зрабіў тады, павёўшы яе ў зімовы, хоць і на пачатку вясны, лес. Цяпер ён адразу выставіў на стол каньяк, парэзаў лімончык і каўбаску, раскрыў вялікую каробку з шакаладнымі цукеркамі, наліў крыштальныя чарачкі, што стаялі ў буфеце люкса, і сказаў тост. За лес, які іх прытуліў, за поспехі ў рабоце, якая іх звяла.
   А другі тост сказала яна. За яго. Што ён яе аднойчы заўважыў і не забыў. I што ён яе зразумеў.
   Іван Данілавіч задумаўся: што б гэта значыла – зразумеў? Ёй падабаўся начны вясновы лес? I дамок у лесе? Зразумеў, што ўсяго гэтага ёй хочацца не менш, як яму? А ці зразумела яна яго? Яму яе зразумець, вядома, лягчэй, як ёй яго. Ёй усяго дваццаць тры, і ён, шасцідзесяцігадовы мужчына, аналітык і псіхолаг хоць бы ад сваіх прафесійных талентаў, проста не мог не ведаць яе думкі і пачуцці. А яна? Ці магла яна ведаць яго, можна сказаць, старэчае сэрца? Так-так, старэчае – куды дзенешся, галубок? Ён нечакана спалохаўся сваіх пытанняў і, нібы за паратунак, зноў схапіўся за бутэльку. Яна накрыла сваю чарачку далонню і сказала, што ад каньяку ў яе кружыцца галава. I тады ён прынёс бутэльку шампанскага. Яна ўсклікнула хутчэй ад страху, як ад радасці, але калі наліваў у крыштальныя, з тонкім звонам, фужэры, не пярэчыла. I свой фужэр падняла ў самым лепшым настроі.
   Адпілі па глыточку. Яна прыхінула галоўку да яго пляча і прашаптала, што ёй добра. Гледзячы адно аднаму ў вочы, адпілі яшчэ па глыточку, і ён, абняўшы яе, дадаў, што ім можа быць яшчэ лепш. На яго таемную ўсмешку яна адказала такой самай усмешкаю, паднесла свой фужэр да ягонага, і яны нетаропка пілі прыемнае салодкае шампанскае. Як толькі яна паставіла фужэр на стол, ён зноў прыгарнуў яе да сябе і цалаваў, зноў шэпчучы, што ім можа быць і яшчэ лепей. Смеючыся, яна адкінулася на канапу, прылегла. Ён дацягнуўся да выключальніка, пагасіў святло і лёг да яе, абдымаючы.
   – А табе са мною добра? – спытала яна.
   – Я даўно чакаў цябе, – адказаў ён.
   – Няўжо даўно? Але ж не так даўно ты мяне першы раз убачыў?
   – Я чакаў цябе яшчэ тады, як не ведаў цябе.
   – Марыў пра гэтакую жанчыну, як я?
   – Пра цябе.
   – Чаму ж ты мяне дагэтуль не знайшоў?
   – Я раней быў іншы. Шмат чаго баяўся, ад усіх хаваўся. Я хацеў шмат чаго дамагчыся па службе і ў навуцы. А для гэтага трэба было шмат у чым сабе адмаўляць. I ў жанчынах.
   – Здраджваў свайму сэрцу?
   – Ты маладая і не ведаеш, як яшчэ ўчора жылі людзі. Нават калі іх і не садзілі за калючы дрот, не высылалі на Салаўкі ці Калыму, яны ўсё роўна не маглі жыць, каб не сачыць адзін за адным, не даносіць, не прадаваць адзін аднаго і не пакутаваць ад даносаў і здрады. Яшчэ і цяпер...
   – Цяпер дэмакратыя?
   – Але людзі тыя самыя. Яны ўжо не будуць іншыя. Іншымі будуць іх дзеці, унукі. Але не яны. I, можа, не мы. Нам, каб нечага дамагчыся, патрэбны быў не толькі розум і талент, але яшчэ і страх, і асцярожнасць, і хітрасць, і хлусня, і крывадушнасць.
   – I дзеля гэтага ты адмаўляў сабе ў каханні?
   – Чаму ж? У мяне былі жанчыны. I ёсць жонка, дзеці. Але... як тут табе сказаць? Ці была свабода кахання? I ці можна кахаць, калі не свабодны? Калі на кожным кроку вымушаны хавацца, ілгаць, маўчаць?
   – А мы з табою не хаваемся? Ты сказаў, што нас звяла дэмакратыя, што калі б не дэмакратыя, то ты не быў бы народным дэпутатам, а значыць, мы не былі б тут, у гэтым лесе і доме. Дык што ўсё гэта? Свабода ці яшчэ не свабода? I ці сапраўды ўжо дэмакратыя?
   Ён ляжаў, трымаў яе ў руках і адчуваў, як халаднеюць рукі, як яна выплывае ў яго з рук. У дыялогах, спрэчках, пошуках інтэлектуальнай ісціны ён не быў безгалосы, нямко, а цяпер замоўк, не ведаючы, што адказаць на яе пытанні. Штосьці, вядома, мог адказаць і цяпер, але на мове высокага парламенцкага стылю гэта быў бы далёка не канструктыўны і не адназначны адказ дэмагога, па-простаму – брахуна, якога сцерпіць парламент, прэзідэнт, але не прыгожая жанчына. Зноў палітыка? Ужо тут – што ёй рабіць? Навошта ўся гэтая размова пра свабоду і несвабоду, пра дэмакратыю, калі ў руках цудоўная маладая жанчына?
   Ён адкінуўся ад яе на спіну, расплюшчыў вочы і ўбачыў у пакоі нешта дзіўнае. Па сценах, столі, акне шугала чырвань, гуляў незразумелы чырвоны вецер. Штосьці адбывалася за акном? Ускочыў з канапы. Усхапілася і яна.
   – Што гэта? – спытала разгублена.
   – Не бойся. Добрыя людзі, лясныя рамантыкі, паляць вогнішча.
   Цяпер і яна заўважыла, як за дрэвамі высока ў неба шугала полымя і ад яго ружавелі ствалы хвой.
   – Вунь і наш месячык. Зачырванеў ад полымя?
   Яна прытулілася да яго, і яны абое глядзелі на сапраўды заружавелы, нібы ад вогнішча, танклявы і вастрарогі маладзічок, за якім можна было заўважыць ягоны працяг, поўню з выяваю воя на ружовым кані. Ці, можа, той лік і літ бачыў ён адзін, ведаючы пра яго існаванне, угадваючы, бо круг быў злёгку, ледзь-ледзь, абазначаны, а маладзічок, нібы профіль срэбранага ліка і літа, аж ззяў.
   – Гэта маладзічок нашай з табою свабоды, – задумаўшыся, сказала яна.– Я баюся, каб твае добрыя людзі яго не спалілі.
   Ён прынёс са століка шампанскае, паставіў на шырокі падаконнік, наліў у фужэры.
   – А ты большы палітык, чым я думаў, – адказаў ён.– Я хачу выпіць за гэтую ноч. За лясное вогнішча. За месячык над нашым з табою вогнішчам. За тваё здагадлівае жаночае сэрца.
   Яна стаяла насупраць акна тварам да акна, і пералівістае святло ад вогнішча весела гуляла па ўсёй яе постаці, ажыўляючы чырванню сцяга, узнятага супраць ветру.
   – Я ніколі не была палітыкам. Я ненавідзела гэты бруд. Нават газет не чытала. Але цяпер, з табою побач, я не супраць палітыкі.
   – Якой?
   – А любой. Той, якая за нас.
   Яе адказ быў такі непасрэдны ў сваёй наіўнасці, што ён, не ўтрымаўшыся, засмяяўся. Узяў яе за плечы, цёплыя праз сукенку, і зноў цалаваў з як быццам даўно забытаю асалодаю. Рукі слізганулі па сукенцы ўніз, пальцы зачапіліся за вузенькі паясочак, прабеглі па ім з двух бакоў наперад, да пупка, натрапілі, быццам выпадкова, на гузічак. I паясочак зваліўся на падлогу, пад ногі. Яго рукі замерлі на тым месцы, дзе быў гузічак, усё роўна як ад раптоўнай збянтэжанасці, але яна на гэта ніяк не адрэагавала, і яны зноў пасмялелі – паплылі па ёй угару, між малых купінак грудзей да шыі. Доўгія пальцы нібы самі па сабе, без усялякай каманды, пачалі вылускваць гузічкі з пяцелек. I ніжэй, і ніжэй. Гузічкі ручаёчкам збягалі ўніз, ручаёчак цёк доўгі, да самага нізу сукенкі, і пальцы з дзіўным спрытам перабіралі іх, кожненькі, вызваляючы з пяцелек. Адным непрыкметным рухам яна вызваліла белыя плечыкі з-пад чорнай сукенкі, і сукенка звалілася, як той паясочак, на падлогу. Ён разгубіўся. Яна стаяла перад ім у шаўковай камбінашцы, ружова-пералівістай у гульні бліскавіц, рухомай, нібы на ветры, і плечы яе ў ягоных руках былі сапраўды гарачыя. «Вось яно, – падумаў, – самае жаданае і самае бязлітаснае пытанне. Як адказаць на яго – самае-самае, вечнае? Каб яна засталася задаволеная адказам?»
   Нечакана, зусім недарэчы, успомніў, што на пачатку лета яму грукне цэлых шэсць дзесяткаў. Ад гэтай раптоўнай думкі яшчэ мацней разгубіўся, але з грунтоўным вопытам тых самых шасцідзесяці адагнаў ад сябе небяспечную думку, знізу падхапіў на рукі яе плыўкі шоўк, ускінуў вышэй галавы, і яна ўжо стаяла перад ім ва ўсёй сваёй непасрэднасці і чысціні. Яе, ласкава-пакорную, ён прыгарнуў да сябе і яна прашаптала:
   – Я тут замерзну.
   Ён узяў яе на рукі і асцярожна, каб не зачапіццца за што-небудзь у цемені, панёс, такую лёгкую і цёплую, у другі пакой, дзе стаялі два ссунутыя адзін да аднаго ложкі, якія раніцай, устаўшы, ён не паспеў заслаць.
   Па спальні гулялі тыя самыя ружовыя бліскавіцы. У святле ад вогнішча, снегу, месячыка было і цёпла, і таямніча, нібы ў дзіўнай казцы. У прачыненую фортку з лесу чуўся трывожны крык незнаёмай птушкі. Ён паклаў яе ў чыстую пасцель, адышоў, зачыніў фортку. Птушка заціхла. Пінжак зваліўся з плеч.
   Два жаночыя чаравічкі, адзін за адным, зваліліся на падлогу...
   Калі Іван Данілавіч, правёўшы яе ў Мінск, вярнуўся ў свае пакоі, вогнішча ў лесе яшчэ гарэла і высока над ім ззяў той самы маладзічок. Кожную ноч вогнішча палілі суседзі, за што ён называў іх вогненнымі маньякамі, але сёння тыя самыя маньякі ўпрыгожылі яго сустрэчу з ёю, і ён ім быў удзячны. Дапіўшы каньячок, ён у салодкай стоме сядзеў у мяккім крэсле насупраць акна і некалькі разоў ціхенька пачынаў любімую песню: «Сівы конь бяжыць, на ім бела грыва...» Хацелася спяваць і не мог выцягнуць больш за два радкі, бо і маўчаць хацелася, каб найпаўней адчуваць яе такою, якой яна была з ім у ложку. Хацелася гнаць ад сябе ўсё, што магло прыглушыць у сэрцы гэтае хмельнае, як даўно адшумелая маладосць, але разам з тым такое нечакана жывое, цёплае адчуванне. I нават песню.
   У нейкую хвіліну Іван Данілавіч пачуў сваю радасць асабліва востра, усімі клетачкамі, нервачкамі. Пацягнуўся ў крэсле, заклаў рукі за галаву, увесь ажно скалануўся, і нават улада ночы, яе таямнічае цішыні не стрымала – зарагатаў на ўсю моц трэнірованага ў парламенцкіх баталіях голасу:
   – Ха-ха-ха-ха!..
   I гэта быў голас нашай маладой дэмакратыі.