Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Віктар Карамазаў - Галапагосы

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Нудна шваргоча фарсунка, выплёўваючы салярку ў чырвонае пекла паравога катла. Віхуры агню ў ім то скачуць драпежнымі ліскамі, пасуцца каля фарсункі, гаручае крынічкі, то, падсілкаваўшыся, раскатваюцца па чыгунным чэраве, знікаюць у збялелым кіпені.
   Стогне помпа, гонячы па трубах нагрэтую ваду да людзей, іх рук ды ног, каб не памерзлі.
   Цірлікае, нібы птушачка, рэле на сцяне.
   За брудна-шэрай шыбаю на заінелым электрычным провадзе пакалыхваюцца ён і яна – індустрыяльна-самотная вераб’іная пара. Шчабечуць? З кацельнай не чуваць шчабятання за шыбаю, бо тут заўсёды грымотна. Але Мечык чуе птушак нават праз спевы фарсункі, помпы і рэле. Ён іх, жывыя душы, заўсёды чуе.
   Цяпер Мечык спіць. Усю ноч дзяжурыў каля катла, і раніцай яго павінен змяніць Ёсіп, але Ёсіпа няма і няма, і ўжо, відаць, не будзе, бо ўчора выдалася палучка і стары, пэўна, запаўнач спамінаў Просю-нябогу. Ці гэта першы раз? У Ёсіпа другая жонка, за яго не маладзейшая, але здаровая, на руку цяжкая, калі прыкладзецца да сухога Ёсіпавага карка, дык яму, бедалагу, нічога не застаецца, як спамінаць сваю першую ластаўку Просю ды шкадаваць, што не ўбярог.
   Каля катла не замерзнеш. За цаглянай сцяною ёсць катух, дзе не так горача і цішэй, стаіць тапчанок, але той катух разам з тапчанком служыць аднаму Ёсіпу. Мечык, па добрай ахвоце, заўсёды ля агню. Тут стол, лаўка, на якой параскіданыя старыя ватнікі. Усю ноч ён то драмаў, звесіўшы над сталом галаву, то чытаў кніжку. Цікавая трапіла ў рукі кніжка: «Зачараваныя астравы Галапагосы» – нейкага немца Эйбль-Эйбесфельда. Язык зломіш, пакуль вымавіш.
   На лаўцы пад ватнікамі, у самым кутку, куды Мечык кладзецца галавою, як сон зваліць, стос кніг. Пра блакітнага кіта, індыйскіх сланоў, апошніх кракадзілаў у Амазонцы, сухумскіх малпаў, аўстралійскіх канарэек і папугаяў.
   Мечык любіць кніжкі, любіць звяроў і птушак. Але наймацней ён любіць цяплынь – таму і кніжкі чытае пра Афрыку, Аўстралію, Паўднёвую Амерыку, Індыю, пра звяроў ды птушак, якія жывуць у цёплых краінах, бліжэй да сонца. Таму лаўка і стаіць ля катла, што ад яго нясе гарачынёю поўдня. А што грыміць, дык гэта Мечыка не хвалюе. Калі грыміць – спяваюць фарсунка, помпа і рэле, – тады ён спіць моцна, бачыць у сне таямніча-непраходныя джунглі, разам з малпамі караскаецца па высозных, нібы карабельныя сосны, пальмах, збівае какосавыя арэхі, на вярблюдзе перасякае Сахару, пялешчацца ў Амазонцы разам з кракадзіламі, на тлустай спіне сіняга кіта імчыць праз цёплае Карыбскае мора на Кубу, на спатканне з гарачай мулаткаю. Гэтыя каляровыя сны Мечык любіць. А калі ў кацельні раптам, захліпнуўшыся, замоўкне фарсунка, надарвецца ганяць ваду помпа – тады, ад гэтай нечаканай цішыні, Мечык прачынаецца ў момант. Як сёння ўначы.
   Звечара разбалеліся ногі, і ён не мог заснуць, доўга сядзеў на лаўцы, чытаў пра Галапагосы, але ноч сваё ўзяла, выбіла з рук кніжку, заглушыла боль у нагах, зваліла на лаўку, на ватнікі, і сасніў Мечык дзіўнае, незвычайнае: на дне даўно нежывога вулкана, у саванне, хаваў ад смерці малых рыжых ільвянят. Дзе пад той час валацужнічалі старыя львы? Не ведаў, не бачыў Але малых было шмат. Браў адразу па два, падпашкі, і насіў у пячору. А нейкіх двух не данёс: усхапіўся – помпа маўчыць.
   Глянуў на стрэлку манометра, а яна ўжо калоціцца за чырвоным беражком, нібы ў ліхаманцы. Схапіўся за рубільнік – фарсунка хліпнула і замоўкла. Што з помпаю? Ціск у катле аварыйны, а трубы халодныя, цяпло па іх не бяжыць ні ў дзіцячы садок, ні ў бальнічныя карпусы. За садок не хваляваўся, там сярод ночы няма нікога, акрамя вартаўніка, а ў бальніцы ніводны ложак не гуляе, людзі ляжаць адзін пры адным, усе хворыя, слабыя, адлучаныя ад роднай хаткі, печкі, ад таты, мамы – ім, гэтакім, цяпло дай ды дай. Ускінуў кажух на плечы, шапку на галаву ды за дзверы, праз снег-мароз у бальніцу бегма. А на паўдарозе спыніўся: куды бяжыць, навошта? Калі там людзі мерзнуць, дык ці ён іх усіх сваім кажухом нагрэе? Трэба помпу пусціць, каб зноў пагнала цяпло. I габег назад.
   Мечык не механік, як і Ёсіп. Але дзе сярод ночы знойдзеш механіка? Узяўся сам раскурочваць помпу. I добра, што не раскурочыў, спахапіўся: рэле ж не цірлікае? Ён да рэле, а там і ўся хітрасць: правады замкнула. Пакорпаўся – рэле зацірлікала і помпа ваду пагнала па трубах.
   Супакоіўшыся, зноў зваліўся на лаўку, і тут адчыняюцца дзверы – вялізнае, на ўсю, ад луткі да луткі, дзвярную праёміну, воблака белай з марозу пары ўкатваецца ў кацельню, сцелецца па бетоне падлогі і растае.
   – Мечык!..
   Той ляжыць на лаўцы, храпе на ўсе застаўкі, заглушаючы і помпу, і фарсунку, і песню рэле. Ёсіп падыходзіць да стала, дастае з кішэні пляшку з танным чырвоным віном, ставіць на стол побач з кнігаю, якую, перад тым, як заснуць, чытаў Мечык. З другой кішэні дастае пакуначак: хлеб, сала, галоўку часнаку.
   – Уставай, будзем снедаць, – павышае голас Ёсіп.
   Але Мечык храпе залівіста, аж спявае.
   Ёсіп цягнецца рукою да шчытка на сцяне і выключае рубільнік. Замаўкаюць помпа, фарсунка, рэле – Мечык усхопліваецца з ватнікаў, спалохана-пакруглелымі вачыма глядзіць на кацёл. Ёсіпа, які сядзіць перад ім, спачатку не заўважае, бачыць адно кацёл, а калі раптам заўважае Ёсіпа, то здагадваецца пра яго жарт.
   – Уключай, дзед, не дурэй.
   Тручы кулакамі вочы, сапучы, нібы ў сне, Мечык не глядзіць на Ёсіпа, а Ёсіп, быццам не чуючы Мечыка, трымае ў руках кніжку са страшыдламі, марскімі ігуанамі, на каляровай, блакітнае з ружовым, вокладцы, і чытае па складах, усё роўна як першакласнік:
   – Га-ла-па-го-сы!
   Чытае гэтак не таму, што лепш не можа, проста яму прыемна вымаўляць незнаёмае, дзіўнае слоўка.
   – А пра што кніга, Мечык? I што гэта тут за стварэнні? Во, брыдота!
   Мечык пачынае злаваць:
   – Ты, Ёсіп, зноў спазніўся? Мне за твае прагулы не плацяць. Можа, зноў скажаш, што цябе Прося не адпускала?
   Адчуваючы сваю віну перад сябрам, Ёсіп працягвае руку да рубільніка, уключае, як загадаў Мечык, рухавік, і калі з фарсункі ў кацёл малымі струменьчыкамі пачынае пырскаць салярка, ловячы на сябе камячкі агню, ён падсоўвае Мечыку мутную гранёную шклянку, булькае ў яе чырвоным віном, налівае, не шкадуючы, з верхам.
   – Ужо можна снедаць.
   Падумаўшы, Мечык выпівае і, не закусваючы, кажа да Ёсіпа ўжо іначай, па-сяброўску лагодна:
   – Я думаў, што ты сёння зусім не прыйдзеш, будзеш увесь дзень гавець з Просяю.
   – Ты добра думаў, – задаволена адказвае Ёсіп. – Мы з ёю як сыдземся, дык і дзень гавеем, і два гавеем, а нам усё мала. Прося ў мяне, сам ведаеш, для душы, з ёю тады пагаворыш, калі ніякі лапаць не смярдзіць побач. Але сёння мая кракадзіла забаставала, з печы не спаўзае.
   Ёсіп плюе пад ногі і пачынае ўмінаць сала з хлебам.
   – Што ж ты сам не п’еш? – пытаецца Мечык.
   – А мне ля катла закон не дазваляе. Я табе прынёс.
   – Адкупнога?
   – Не. Я пра гэта не думаў.
   Ёсіп і Мечык адзін на аднаго не падобныя, анічым. Ёсіп хітрэйшы, а Мечык дабрэйшы; Ёсіп бывае сварлівы, псіхаваты, а Мечык заўжды ціхі, мірны; Ёсіп гадоў на дзесяць старэйшы, ды Мечык мудрэйшы; Ёсіпу – абы дзень пражыць, думка ягоная не ляціць далёка, не шукае нічога, а Мечыку блізкага мала, яго душа і думка вечна шукаюць штосьці далёкае і высокае, загадкавае. Вялікае дружбы ў іх, здаецца, быць не можа, а яны жывуць душа ў душу, нават калі адзін аднаму кажуць прыкрасці.
   – Што з табою сёння? – дзівіцца Мечык, – Адкуль у цябе ахвота страціць на мяне цэлага рубля? Гэта ж вермут? Дык нават рубель дваццаць.
   Ёсіп праз сілу, не зжаваўшы, глытае сала і пытаецца:
   – Скажы мне, што такое Га-ла-па-го-сы?..
   Мечык ці не першы раз бачыць Ёсіпа цікаўным да чагосьці далёкага, гэта яго здзіўляе і радуе, і таму адчувае ахвоту ўсё, што ведае, расказаць Ёсіпу:
   – Гэта астравы. Яны аж на другім зямным паўшарыку, каля Амерыкі. Там вечнае лета, сонца, цяплынь.
   – I дзе ты бярэш гэтакія цёплыя кніжкі? – пытаецца Ёсіп.
   – А то ты не ведаеш? Нашы крамы не побач? Твая – з гарэлкаю, віном, півам, а мая – з кніжкамі. Ты рубель нясеш у сваю краму, а я ў сваю.
   – Я б туды хацеў з’ездзіць, на Га-ла-па-го-сы. Калі б мяне пусцілі, паехаў бы, не збіраючыся.
   Гэтае Ёсіпава жаданне зусім нечаканае Мечыку, і ён доўга глядзіць на яго, быццам не пазнаючы. Але перад ім усё ж Ёсіп, не такі, як звычайна, але ён, і Мечык пачынае разважаць – сумна, нібы шкадуючы чалавека:
   – Хоць і пусцяць, дык на нашы грошы туды яшчэ, можа, даедзеш, а ўжо адтуль не вернешся. Апошнія споднікі прадасі, а не вернешся. Ды і каму там патрэбныя твае споднікі?
   Ёсіп згодна ківае галавою і супакойвае не то сябе, не то сябра:
   – Але нам з табою і тут цёпла. Дзе доўгі рубель, там кожны дзень калаціся, каб той рубель хто спрытнейшы з рук не вырваў, а з нашага качагарскага месца ніхто не сапхне – яно нікому не патрэбнае. Калі не я, не ты, дык хто яшчэ тут захоча ўкалываць? Няма дурняў, акрамя нас з табою. Можа, ты іначай шурупіш?
   Мечык пра ўсё гэта думае так, як Ёсіп, але разважаць пра работу ды грошы яму няма ахвоты. Ён пагаджаецца з Ёсіпам, што было б здорава, каб з’ездзіць на далёкія цёплыя астравы, паглядзець на тое жыццё, пад тым сонцам пагрэць свае слабыя косці. I, не адказаўшы Ёсіпу, шэпча, быццам у сне:
   – Галапагосы-ы!..
   Ёсіп усё роўна як не чуе, бо размову раптам заводзіць зусім пра іншае:
   – А ты ведаеш, навошта мяне сёння выклікаў да сябе ў кабінет начальнік па кадрах? Прося Просяю, і гэта праўда, гаварылі мы з ёю, як вось з табою, але я таму спазніўся, што сядзеў у кадрах. Чаму я там быў – ці ведаеш?
   – За гарэлку? Глядзі, дап’ешся.
   – Вось і не ўгадаў. Я, праўда, п’ю, але каго будуць звальняць, дык гэта яшчэ невядома. Мяне альбо цябе?
   Мечык маўчыць, чакае ад Ёсіпа нечага яснейшага, але маўчыць і той, быццам усё, што меўся сказаць, сказаў, быццам яму спадабалася, што Мечык з усяго ім сказанага зразумеў мала, а думаў ды перажываў шмат. Але Мечык пачынае дапытвацца:
   – Ну што ты вярзеш? Якое звальненне? Сам кажаш: калі не ты, не я, дык хто тут будзе рабіць? Няма іншых дурняў
   – Дурні заўсёды знойдуцца. Ці я не зразумеў?
   – А што ты зразумеў?
   – А тое, што твая справа ў чырвонай папцы ляжыць на стале ў начальніка. Пыл з яе стрэслі, разгарнулі і вывучаюць. Шукаюць, за якую рабрыну цябе лаўчэй ухапіць.
   – Гэта ты, Ёсіп, з перапою.
   Стары крыўдуе:
   – Ёлуп ты. Хоць і вучоны, кніжнік. Навошта яны ў мяне пра цябе распытвалі? Скажыце, а ці можаце вы давяраць Мечыславу Ягоравічу? Ужо дваццаць гадоў, кажу, давяраем адзін аднаму, ладзім каля агню, ніводнага разу не апякліся і пажару не нарабілі. Ці што-небудзь не так робім? Дык кажыце. Ды так, кажуць, усё так як трэба робіце, але... Што – ..але?.. Чаму Мечыслаў Ягоравіч усё жыццё працуе ў кацельні? Ён жа чалавек разумны, адукаваны, быў афіцэрам, узнагароды за вайну мае. Ці ён не мог знайсці лепшую работу? Тут і ночы не спіш, і малыя грошы.
   – А ты яму, кадрачу, што адказаў?
   – А я кажу: дайце большыя грошы яму і мне, мы не адмовімся.
   – А ён што, кадрач?
   – У мяне, кажа, у самога аклад малы. Тут не мая, кажа, уласць. – Згарнуў тваю біяграфію і паклаў сабе ў стол. А я шапку на галаву – і за дзверы.
   Вось дык загадка! Ёсць над чым задумацца, галаву паламаць. Але думаць Мечык любіць адзін. З Ёсіпам добра тачыць лясы, а думаць лепш аднаму, калі нікога няма побач. I ён устае з лаўкі, засоўвае пад пінжак, пад папружку, кнігу, шапку – на галаву, кажух – на плечы.
   – Паедзеш дадому? – пытаецца Ёсіп.
   – А куды яшчэ? У нас саляркі засталося на адну змену, ад сілы на дзве. Скажы, каб завезлі.
   Мечык падыходзіць да веласіпеда, які заўсёды чакае яго каля дзвярэй, хавае вушы пад шапку, рукі ў рукавіцы, якія ўсю ноч праляжалі на рулі, цяжка ўздыхае, усёй скураю пачынаючы адчуваць жорсткі ранішні холад за дзвярыма, і, набраўшыся рашучасці, пхае нагою ў дзверы – разам з веласіпедам выкатваецца ў стрэчнае белае воблака.
   Апрануты Мечык цёпла: кажух, валёнкі, хоць паношаныя, але мякенькія, катаначкі, тоўстыя шарсцяныя шкарпэткі, штаны ватовыя. Але, апынуўшыся на марозе, ён спрытна ўскоквае на веласіпед і штосілы скрыгоча педалямі, абганяючы і мароз, і вецер. Гумовыя колы суха рыпяць на снежнай зімовай дарозе, разгоніста імчаць да хаты, якая стаіць у равочку, на самым дне, белым бярэзнікам атуленая ад сцюдзёных вятроў. Едучы, Мечык зноў пачынае думаць пра салярку, Ёсіпаву размову з кадрачом, і тады колы пад ім тармозяць, быццам прымярзаюць да дарогі, паварочваюць пад ганак бальніцы.
   Ідучы белым, як сама зіма, калідорам, Мечык мацае пад кожным акном батарэю, выцягвае шыю і хукае ў паветра, прыглядаецца, ці відаць хоць адно белае воблачка. Не, не відаць. I батарэі цёплыя. Ды ці надоўга цяпло, калі саляркі засталося на адну-дзве змены? I ён рашуча ўлятае ў прыёмны пакойчык загадчыка гаспадаркі.
   – Саляркі няма!..
   У пакойчыку адна машыністка. Яна апускае танклявыя пальчыкі на беражок пішучай машынкі, абыякава аглядае Мечыка.
   – Ну і што? Пацерпіць салярка. – Яе вочкі цяплеюць, усміхаюцца, але Мечыка не грэюць. – Там, – яна ківае на дзверы, абабітыя чорным дэрмацінам, – нарада. Загадана не пускаць нікога.
   I тут дзверы, як пачуўшы Мечыка, адчыняюцца, з кабінета выходзіць начальнік па кадрах, той самы, што сёння раніцай дапытваў Ёсіпа. Ён не то здзіўляецца, не то радуецца:
   – Папянок? А вы мне якраз патрэбныя. Не спяшаецеся?..
   Праз якую хвіліну Мечык ужо сядзіць на крэсле ў аддзеле кадраў, сціпла звёўшы калені, нахлабучыўшы на іх шапку, на шапку паклаўшы рукавіцы, а зверху – чырвоныя рукі. Яны ў яго заўсёды чырвоныя – ад холаду, цяпла, саляркі і алергіі.
   – Дык вось. Вы даўно ў нас працуеце?
   – Дваццаты сезон. Як кацельню пабудавалі. А што?
   – Ды нічога, нічога. А раней?
   – Быў качагарам.
   – Гм-м!..
   Начальнік падсоўвае сабе пад нос чырвоную папку, і Мечык здагадваецца, што гэтая папка з яго справаю, з усёй яго біяграфіяй, якую сюды, у папку, і ён сам пісаў, і за яго пісалі.
   – Скажу вам шчыра, як ветэрану вайны, – марудна і ўедна, лезучы ў душу, прамаўляе кадрач, – мяне здзіўляе... Што?.. Ваша работа.
   Хітрым позіркам ён цэліць у самыя вочы Мечыка.
   – Я, можа, кепска працую?
   – Ды не, якраз наадварот. Каб гэтак усе працавалі. Але, у вас цяжкая работа. Брудная, гарачая, грымотная, начная. А заробак малы. Ды я не пра-а. Я пра-а.
   Начальнік хоча сказаць штосьці яшчэ, але нейкае наравістае слоўка, тое, каторае яму вельмі патрэбнае, свавольна пырхае ў яго ў галаве, не даецца, не ловіцца сілом памяці. Ён пакутліва замаўкае, напружана думае, цяжка ўздыхае, і Мечык, шчыра яго шкадуючы, спяшае на дапамогу:
   – Не пра мяне? Дык, можа, пра Ёсіпа?..
   – Пра вас, Мечыслаў Ягоравіч. Вось гартаю вашу справу. Вы-ы... перад вайною скончылі дзесяць класаў?
   – У сорак першым.
   – I танкавае вучылішча?
   – I танкавае.
   – I камандавалі ўзводам? Ордэны, медалі баявыя. Цяжкое раненне, шпіталі. Добра вучыліся, добра ваявалі. А пасля? Не гультай, не п’яніца, адукаваны, начытаны чалавек. I раптам – качагарка, кацельня? Тут штосьці не вяжацца. Рыба шукае, дзе глыбей, чалавек – дзе лепей, а вы?.. Я вас не разумею.
   Мечык пра ўсё гэта ніколі не думаў і цяпер маўчыць, не ведаючы, што адказаць. Ён азіраецца, быццам шукае, за што б зачапіцца думкаю, словам, і раптам да галавы зноў прыходзіць салярка, да душы – неспакой: ці не правароніў ён, тут заседзеўшыся, загадчыка гаспадаркаю? Заныла сэрца – зноў ногі ў лытках занылі. Мечык зграбае з каленяў рукавіцы, шапку і ўстае з крэсла, думаючы пра салярку. Выдыхаючы:
   – Галапагосы-ы!..
   – Што вы сказалі? – начальнік прыўзняўся над сталом, быццам Мечык падчапіў яго, нібы рыбак тую рыбіну, на кручок.
   Але на гэтакую рыбіну Мечык не рыбак. Ён рашуча паварочваецца да дзвярэй і выходзіць з кабінета, не заўважаючы, як разгублена глядзіць яму ўслед начальнік па кадрах, нячутна мылячы на вуснах аднаму яму вядомае слоўка. Мірнае ці пагрозлівае? Аб гэтым ведае адзін ён, кадрач.
   У равочак да свае хаткі Мечык скатваецца на тым самым заядлым рыпенні намёрзлых шын, з тым скрыгатаннем педаляў і болем у нагах, якія ўсю дарогу неслі яго ад бальніцы. Веласіпед ён кідае на снег-лёд каля ганка, на замеценыя за дзень і ноч чыгуны і вёдры, а сам спяшаецца ў хату. Яшчэ не пераступіўшы парог, ён ужо думае аб тым, ці ёсць у хаце сухія дровы, ці не астыла чарэнь, ці гарачая ў печы капуста, якую ставіў учора ўранні, што цяпер, дзень і ноч не пабыўшы дома, трэба адразу брацца не за печ – калі яна нагрэецца? – а за жалезную грубачку-буржуйку, якая зіму і лета стаіць пасярод хаты, доўгай, праз усю хату, трубою злучаная з пячным комінам.
   Пад ногі з-пад лаўкі выкатваецца Пушок. Ён з пароды балонак і, як амаль усе балонкі, свае блакітныя вочкі хавае за белай кудзеляю. Па вачах, нават схаваных у павучках кудзелі, Мечык заўважае, што Пушок галодны. Не распранаючыся, кінуўшы рукавіцы і шапку на лаўку, адстаўляе ад пячнога зяўла засланку і віламі шоргае па няроўным, ямкамі павыбіваным пячным подзе, шукаючы, дзе там, у цемені, схаваўся чыгунок з капустаю.
   Капуста гарачая і не скісла, есці можна. Мечык налівае Пушку, бярэ лыжку і астатняе, стоячы ля загнеткі, лупіць з чыгунка сам. Не галодны, ён есць без хлеба, абы сагрэцца.
   Паеўшы раней за Пушка, Мечык скідае кажух і, размораны гарачай капустаю, стаіць пасярод хаты перад вялізнай, як стол, на чатырох нагах драўлянай клеткаю. Клетка заселена-перанаселена папугайчыкамі, якія, пачуўшы гаспадара, разлёталіся, трашчаць на ўсе галасы. I як ты ад іх адвернешся? Стой ды глядзі, слухай, грэйся душою ў цеплыні іх паўднёва-сонечнага шчабятання. I Мечык стаіць, слухае, грэецца.
   А потым нясе з-за печы бярэмца сухіх бярозавых дроў, распальвае буржуйку, каля агню сядае на табурэцік і выцягвае з-пад папружкі кнігу.
   – Галапагосы-ы!..
   Музыка дзіўнага слова ўсё роўна як дапамагае Мечыку адчуць, што папугаі сёння незвычайна сумятлівыя, усхваляваныя. Можа, даўно падзяўблі проса, якое ён ім сыпаў учора, чакаюць, згаладаўшы, яшчэ? Ці ў іх няма чаго піць? Ён падыходзіць да клеткі: о, божа, які прыбытак! У ніцяным гняздзечку, дзе яшчэ ўчора ўранні, калі ехаў на работу, на яечках сядзела зялёная, з барвянцам на хвасце і крылах самачка, цяпер з боку на бок куляюцца, хочуць устаць на ножкі і ніяк, нямоглыя, не устаюць тры жывыя камячкі: шэрыя, мокрыя, калмаценькія, з жоўтымі дзюбкамі і жоўтымі лапкамі. Над гняздом – яна і ён, мама і тата, пагойдваюцца на галінцы, супакоеныя, як пасля шчырай працы, шчаслівыя. Яна чысціцца дзюбкаю, аж пушынкі ляцяць у гняздзечка, а ён самавіта пазірае ўніз на малых, як на сваю ўзнагароду. Кожная жывая істота наталяецца воляю: яна – адседзеўшы на яйках, ён – стаміўшыся насіць у гняздо ежу, жаўтадзюбікі – вызваліўшыся нарэшце з палону яечнае шкарлупіны. У іх, стомлена-шчаслівых, радасць ціхая, а навокал – апантаная: трыццаць тры папугаі, якія, акрамя гэтых двух і трох, жывуць у клетцы, спяваюць, лётаюць, падвясельваюць адно аднаго, ці не спраўляюць радзіны?
   Мечык налівае ў паілку вады, падкідае ў буржуйку дровы і лезе на печ. Чарэнь не адстыла, цёплая, пад старымі ватнікамі гарачая, і ён, падаслаўшы ватнік пад грудзі, выпроствае ногі на чарэні, дзе яна гарачэйшая, падпірае галаву рукамі, кладзе перад сабою кніжку і лежма чытае далей:
   – Галапагоскі альбатрос далятае да берагоў Чылі і Перу, але гнёзды будуе толькі на Галапагоскіх астравах.
   Адвёўшы вочы ад кнігі, Мечык глядзіць з печы на сваіх папугаяў, слухае іх неўтаймоўныя перамовы, а боль у нагах мацнее, не дае ні спакойна слухаць, ні думаць, ні ціха ляжаць. Ён то варочаецца з боку на бок, то кладзецца на спіну, то садзіцца і зноў кладзецца, курчыцца, нібы ўюн, ціха, сашчапіўшы вусны, стогне. Раней, калі абвастраўся застарэлы тромбафлебіт, ён клаўся ў бальніцу, там яго калолі, уколы заглушалі боль на нейкі час, але карысці давалі мала, і гэтай зімою ўжо не звяртаўся да дактароў. На печы дзень-два пакачаецца, адагрэецца – зноў на нагах. Каб хвароба была ў навіну, дык, можа б, і цацкаўся з ёю, а то ж яна ад сорак трэцяга, ад той жорсткай ваеннай зімы, – даўно пара з ёю змірыцца, не думаць пра яе. I ён намагаецца чуць адно птушак, пра іх адных думаць: яшчэ ці не таму трашчаць, што дзень за акном узяўся сонечны, бялюткі, чысты? Тыя дні шалела замятуха, крактаў мароз, а сёння ціхата, мароз падабрэў, неба ачысцілася, сонейка з кожнай шыбкай цалуецца.
   Але ці доўга будзеш думаць пра птушак, снег, сонца? Мечык зноў чапляецца за салярку: прывязуць ці не прывязуць? Ды прывязуць, нікуды не дзенуцца. Вось і ўсё думанне пра салярку.
   А пра што яшчэ? Пра Ёсіпа. Пра сённяшнюю размову з начальствам. Ламі галаву – не дадумаешся: навошта кадрач завёў у кабінет, пачаў тую размову? Стараўся гаварыць мірна, лагодна, а ў вачах – хітрасць, падазронасць.
   Стогнучы, Мечык прыўзнімаецца, сцягвае з сябе цёплыя штаны і пачынае аглядаць ногі. Яны павысыхалі, нібы трэскі. Твар поўны, без патрэбы, а ногі танклявыя. Сінія вены ўспухлі, пакруціліся, на вузлах, бугрыста ныюць пад скураю, лыткі чырвоныя, з сінізною, шчыкалаткі ды калені зноў як пампушкі, мяккія. Мечык абмацвае балючыя пухліны, боязна, як не свае, гладзіць ногі шурпатымі далонямі, потым апранае штаны і спаўзае з печы. Ён падкідае ў грубачку дроў, шчыльна зачыняе дзверцы, каб ніводны вугельчык не выскачыў на падлогу, і зноў вяртаецца на печ. Выцягвае з-за коміна мех з зёлкамі, якія кожны год збірае па лясах ды лугах, ад маці навучаны, кладзецца бокам на чарэнь, а галаву – на мех, носам уткнуўшыся ў густы духмяны водар. Галава тлуміцца, вочы мутнеюць, пачынае хіліць на сон. Ён спіць заўсёды, прыехаўшы з кацельні, бо якое там, у кацельні, спаннё?
   А пакуль сон не змарыў зусім, Мечык, згарнуўшыся на баку, як малое дзіця, глядзіць з печы на хату, аглядае яе ўважліва, быццам даўно тут не быў, і думае: гэта ж раней, гадоў колькі назад, прывязаліся – чаму не жэнішся? Чаму ды чаму, няўжо бабылём звякуеш? Гразёю, маўляў, зарасцеш, без жаночага прыгляду сап’ешся, пад чужым плотам, як сабака, падохнеш. А як яму было жаніцца? Сорак трэці і сорак чацвёрты, усю зіму, а за зімою – вясну і лета, адлежаў па шпіталях. Да самага пахвіння меліся адхапіць ногі, абедзве, туды ж і рукі, адны цурбалкі пакідалі. Сустрэўся, на яго шчасце, доктар, хірург, залатая душа, сказаў: «Якое жыццё без ног, без рук? Пішы паперу, што ў выніку чаго, ну, сам разумееш – рызыка, віну ты з мяне здымаеш. Гэтакі твой лёс – калі хочаш паваяваць за ногі, за рукі, дык пішы». I напісаў. Адваяваў і ногі, і рукі – не адрэзаў іх доктар. Але колькі гадоў пры тых руках і нагах ні хадзіць, ні рабіць не мог, усё тая сякера над ім вісела: адрэжуць ці не адрэжуць? Вось і ажаніся. Можа б, якую бабу і знайшоў, мужыкоў бабам не хапала, але шкада яе, тую, невядомую, якая б звязалася з ім, круглым калекам. Хопіць таго, што маці, на яго гледзячы, у магілу сышла заўчасна. А яны, людзі, менцяць. Што яны пра яго боль ведаюць? Хай бабыль. Хопіць таго, што жывы. Іншым і гэта не выпала.
   Мечык глядзіць з печы на хату, разглядае, як першы раз, жалезную грубку з доўгай, па кавалках сабранай, трубою, чорнай ад дыму, глінай на швах аблёпанай, глядзіць на сцены, абклееныя каляровымі малюнкамі з часопісаў, на старую канапу, заваленую газетамі ды кніжкамі, на кветкі на вокнах, адны мушкаты, якія круглы год крывавяць чырванню – святыя для Мечыка кветкі, на клетку з папугаямі, песням якіх няма канца-краю. Ну і што, калі бабыль? Затое ціха, вольна жыць. Ніхто нічым не папракне. Вісяць пасярод хаты споднікі – хай вісяць, гаспадараць у хаце папугаі – хай гаспадараць. I не здох ён пад плотам, ляжыць на сваёй печы, у цяпле, з кніжкаю пра сонечныя Галапагосы.
   На сцяне каля парога вісіць пасуднік, а ў ім поўны боекамплект: баханка чорнага хлеба, брус сала, слоік з гуркамі, слоік з кіслай капустаю, шынка, яшчэ леташняя, і непачатая пляшка вермуту, такая самая, як Ёсіп прыносіў. Згадаўшы яе, Мечык пасміхаецца з дактароў: «Вам, Мечыслаў Ягоравіч, нават адна кропля забараняецца, тромбафлебіт не даруе!» Можа, яны казалі пра нейкую іншую кроплю, а тую, якую часам бярэ ён, тромбафлебіт не заўважае.
   Есці Мечыку ахвоты няма, а выпіць можна. Але ён яшчэ не ведае, што ў ім пераборае, якая сіла: ахвота выпіць шклянку вермуту ці ахвота ляжаць, не ўстаючы, радуючыся птушкам, у іх спевах бачыць далёкія цёплыя астравы. Ён і п’е не так, як Ёсіп. Ёсіпу абьі галаву зачмурыць, а яму, Мечыку, люба-дорага нутро сагрэць. Ёсіпаву прагнасць Мечык не разумее, як Ёсіп не разумее ягоную радасць.
   Пакуль што пераборваюць птушкі і астравы. Можа, што цёпла без віна? Ён пераводзіць пагляд на вокны, адно, пасля другое, і яны, белыя, заснежаныя знадворку, не на хвіліну і не на дзве, на даўжэйшы час прыкоўваюць яго пагляд. Асобныя шыбкі бачацца спачатку, а пасля зліваюцца ў адну суцэльную, на ўсю сцяну, ды і тая, адна, мяняецца: то была роўная, блізкая, а то адсоўваецца ўдалячынь, пасярэдзіне пераламваецца, і на далёкім белым зломе, быццам на гарызонце, паміж дзвюма столкамі, як паміж аднолькава белымі ўзімку зямлёю і небам, з’яўляюцца рухомыя істоты. Яны шэрыя, і таму іх добра відаць на белым, відаць, як яны, з’явіўшыся на лініі гарызонту, рухаюцца бліжэй і бліжэй, паўзуць адна за адной, усе – з хобатамі, доўгімі і цяжкімі. Хобаты, усе да аднаго, цэляць у Мечыка, і ён плазам туліцца да гарачай чарэні, прыўзнімае адно твар, вузенька жмурыць вочы, углядаючыся ў белую, з гарбатымі істотамі, далячынь, быццам праз шчыліну ў танку глядзіць на сваю гарбатую смерць.
   Боль у нагах глухі, закамянела-далёкі, не цяперашні. Гэты боль знаходзіць Мечыка на печы не ўпершыню, а з ім разам, таксама не ўпершыню, яго знаходзяць два галасы – адзін хрыпаты, ледзяны, другі шапатліва-вусцішны, маладзенькі.
   Першы:
   «Ну, што стаіш? Бачыш, прымёрз чалавек. Адсякай яго ад зямлі. Ды смялей, не бойся. Зачэпіш – не пачуе».
   Заступ звонка ляскае каля галавы аб мёрзлы дол.
   «Не там ты дзяўбеш. Пад ногі сячы. Праз ногі, бачыш, сцякаў крывёю. Асколкі парвалі».
   Другі – малады:
   «Па асколках ён бы дапоўз да вёскі. Калі ў ногі».
   Першы:
   «Каб жа адны асколкі. А то як махнытка чорны, гарэў у танку. Мароз-кіпун гэтакіх не выпускае. Але... Не сячы!.. Жывы, здаецца... Сястра-а!..»
   Вёска Ягадка – пяць хатак. Ажно дзіўна, чаму за яе, гэтакую маленькую, дзень і ноч ішлі жорсткія танкавыя баі? Мечык разумее, што біліся не за адну Ягадку, біліся за вышыню, за агнявы рубеж, за плацдарм. Але здавалася, нібы за яе адну, пяціхатку. Дзе цяпер тая Ягадка? Ці жывая? Тады, у сорак трэцім, яна стаяла запарушаная снегам, скаваная маразамі, пасярод Беларусі, на беразе Проні. Апошняя вёсачка на яго танкавых дарогах. Не засталося ў памяці ні яе твару, ні яе вопраткі – адна назва. Калі немцаў адкінулі, пагналі на захад, там размяшчаўся палявы шпіталь, і ў ім Мечык ляжаў у бінтах. Адтуль, з шпіталя, яшчэ і цяпер чуў:
   «Ну, лейтэнант, калі выжывеш, на сваіх нагах застанешся, то з зімамі, з маразамі будзе ў цябе ўсё жыццё або вялікая дружба, баяцца іх не будзеш, або доўгая-доўгая вайна».
   Дружбы не атрымалася, а вайна сапраўды доўгая і ўжо, відаць, да апошняга дня, да апошняга снарада.
   Не, гэта яшчэ не сон.
   Заснуў Мечык пазней і бачыў у сне дзіва дзіўнае. Быццам па-над белымі воблакамі ён ляціць на тыя астравы. Не на самалёце, як лётаюць людзі, а на сваёй печы, і не адзін, а з Ёсіпам. Ёсіпа, праўда, побач не відаць, ён качагарыць, падкідае ў печ дровы, каб не астывала чарэнь. Бо астравы астравамі, няхай сабе і цёплыя, а Мечык і Ёсіп мужыкі бітыя, ведаюць, што сваё цяпло не зашкодзіць нават на Галапагосах.


1982


Выбраныя творы / Віктар Карамазаў; прадм. А. Бараноўскага. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 576 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!