Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вячаслаў Адамчык - Два злоты

Увага!!! Поўны змест

   У гэтую весну каля нечае хаты, што стаяла пры самай вуліцы, высунуўшыся адным вуглом на тратуар, я ўбачыў бярозавы пень – высокі, роўны з плотам – у чорнай струпаватай кары. Гэтыя струпы здаліся мне падобныя да шышак, што растуць у каня на пярэдніх нагах.
   Пень быў свежы і ўвесь абліўся сокам.
   Кожны раз, едучы ці варочаючыся з работы, я наравіў стаць, а то і сесці, калі выпадала слабоднае месца, каля акна ў тралейбусе, каб убачыць гэтую нізкую хату з закурэлаю ватаю ў падвойных вокнах, гэты абліты сокам бярозавы пень каля мокрага спаднізу плота. На надворку стаяла лужына, і нехта паклаў ад тратуара да парога на чырвоныя цагліны дзве вузкія дошкі.
   Далей за хатаю пачыналася пустое дворышча з старымі, мусіць здзічалымі, яблынямі – іхнія голыя абветраныя лапы блішчалі шараю сухою карою.
   Недалёка ад яблынь стаяла помпа: павесіўшы на загнуты кончык трубы вядро, маладзіцы з голымі рукамі, у лёгкіх сукенках, у гумовых ботах, што не сыходзіліся на поўных лытках, бралі ваду, азіраючыся на тралейбус.
   Канчаўся марац. Каля плота раставаў сцукраваны і чорны, як абсыпаны сажаю, снег.
   Вясна была зімная. Нанач браўся мароз: пад крохкім лёдам высыхалі плыткія лужыны; раніцаю дзеці білі нагамі белы сухі лёд, ён трашчаў і лускаў, як лускае і трашчыць шыба, і аж калола ў сэрца: звон шкла – звон бяды.
   Сярод дня пачыналі крычаць разамрэлыя гракі, пацелі сцежкі, гразь на іх рабілася слізкая, і на бярозавым пні раставала і адлушчвалася ледзяная кара, што намярзала за ноч.
   I кожны раз, калі я глядзеў на гэты бярозавы пень з абмерзлым сокам, мне ўспаміналася даўнейшая вясна, свая вёска яшчэ перад вайною, як у нас кажуць, за польскім часам, пусты надворак у перапрэлай і счарнелай за зіму траве, пад якою там-сям была знаць дробная, з трыма лісткамі, як раса ў завоіне, зелянюткая дзяцеліна, прысадзісты куст голага бэзу і сцежка з сіваю плесняю, рыхтык на гурочным расоле, што асталася ад снегу – яго сагнала скрозь; сцукравеўшы, ён ляжаў толькі ў старых увернутых картапляных ямах і на тым месцы, дзе ўвосень дзед мой, перабіраючыся на хутар, павыкопваў маладыя яблыні.
   Спамінаюцца мне і два бярозавыя пні, аблітыя маладым сокам. Дзедаў пляц адышоў суседзям, і дзед ссек зімою на дровы дзве старыя бярэзіны. Бралася цяпло – сок на пнях ружавеў і броснеў. У засыпаных картапляных ямах раставаў паточаны сонцам, з вострымі сухарыкамі лёду, снег. Гэтыя сухарыкі абвальваліся, і чуваць было, як шахкалі. Снег шыпеў, усё роўна што яго тачылі чэрві. Паказваліся белаватыя, нібы лысыя, камяні, чорнае шкло ад разбітых бутэлек – нехта прыносіў гэтыя асколкі ў фартуху, у прыполе сюды ў ямы, далей ад свае хаты. Потым ужо прабівалася маладая крапіва і дрыжала, як кісель, на пустым ветры, што свішча голаю вясною ў цёмныя вокны і сушыць у кутку каля шкла зялёную плесню.
   На дзедавым пляцы збіраліся ставіць новую хату – на друках ляжала абагнанае ў тартаку дзерава і на чатырох камянях быў зачаты першы вянок; сохлі і скручваліся ў трубкі дробныя трэскі – большыя гаспадыня збірала ў прыпол, каб падкладваць пад трыножкі, калі трэба было частаваць цесляў.
   Пляц быў абгароджаны калючым дротам у адну столку, але новы гаспадар яшчэ не звыкся, што тут яго, і людзі, нагінаючы і пераступаючы дрот, хадзілі цераз гэты пляц. А мой дзед жыў на хутары, перавёзшы і перасыпаўшы старую хату, жыў у Азярышчы – так называлася балота, што было за трудом за вярсту ад нашае вёскі. На сярэдзіне яго, за грэбляю, як казалі – на лавах, цвіла слепата, і балота было жоўтае; бліжай сюды, да поля, дзе стаяла дзедава хата, дзе рос ялавец, яно было белаватае, як выпаласканае дажджамі, іржышча, ад сухога леташняга сушніку. Сушнік дзеці выпальвалі, і сярод ялаўцу аставаліся чорныя лапікі – дождж змываў попел, і лапікі рабіліся чорна-жаўтаватыя, як абскрэбеная спіна на асмаленым япруку.
   Дзедава хата стаяла на сухім грудку, пры дарозе, што ішла між полем і балотам і называлася граніцаю. Далей, за балотам, пачыналася ратамская зямля. Самое Ратамшчыны не было відаць, яна схавалася за грудамі, на якіх сядзеў жаўтлявы, выцвілы за зіму хвойнік; сярод яго стракацелі выспы белаватага пяску. Я ведаў, што на гэтым мяккім, як вальцаваным, пяску валяюцца вялікія, ад конскіх нот, косці, шэрыя зверху і нейкія зеленаватыя, цёмныя спаднізу, доўгія пашчэнкі з двума пярэднімі зубамі. Там былі конскія могілкі, там можна было надысці на воўчы след велічынёю з добры мужчынскі кулак. Рабілася сцішна, браў страх, выдавала, што недзе ззаду крадзецца воўк, паўзе, як да авечкі. Яны і прыходзілі адтуль, з пяскоў, ужо ўвосень, як выганялі на ўмерзлую рунь авечкі, красці маладых ягнят, што, збіўшыся ў гурт, скакалі каля каменя. Там, у хвойніку, на жоўтых пясках круціў віхор, заўсёды на адным месцы, паднімаючы слупом пыл. Там было нейкае нехрышчонае месца, вялася нячыстая сіла. Адтуль, з-за ратамскага лесу, з Пяскоў, як называлі яго, заўсёды ішла бура, уставала цёмная хмара, вецер дзёр і гнаў, паднімаючы да неба, пясок. Свет рабіўся жоўты. Перакочваліся сівыя нізкія хмары, яны ішлі проці ветру. Раптам сярод дня пачынала цямнець, рабілася страшна...
   Я заўсёды баяўся цёмных хмар, што сунуліся адтуль, з Ратамшчыны: яны засланялі сонца, а калі яго няма – чалавек заўсёды чуе адзіноту, яму ўсё нечага недалягае.
   Сонца хадзіла з другога боку грудоў, за Азярышчам, дзе была відаць хата з атынкованым белым шчытом і дзве высокія тычкі: там, у хаце, было радыё са слухаўкамі, пэўна, гэтакае самае, як у майго дзядзькі, і калі я, бывала, у нядзелю прыходзіў да яго, дзядзіна надзявала мне на голаў і вушы блішчастую дужку з чорнымі круглымі баначкамі: у слухаўках нешта трашчала, шкраблося, як хрушч у пустой каробцы ад запалак, а потым чуваць было – спявалі; цётка казала, што гэта перадаюць «імшу з Кракова».
   Хата з белым атынкаваным шчытом, у якім блішчала, нібы зашклёнае слюдою, акенца, была асаднікава: туды цераз Азярышча каля гразкіх лаваў, дзе некалі, казалі, тапіліся каровы, ішла грэбля, па ёй на шасцерыку ездзіў пан – там быў калісьці фальварак з броварам, з сажалкамі, з паперняю недзе каля рэчачкі. Цяпер грэблю размыла, фальварак перайшоў да асаднікаў: за хатаю з белым шчытом былі відаць яшчэ будынкі, расло высокае разложыстае дрэва.
   На гэты бок Азярышча стаяла толькі адна дзедава хата.
   Перабіраючыся на хутар, дзед яе перасыпаў: паклаў новыя падваліны і ўставіў па мацнейшай дзеравіне пад вокны, астатняе дзерава было старое, сточанае шашалем, у чорных глыбокіх, здавалася – аж навылёт, дзірачках з жоўтаю парахнёю. Яна сыпалася з гэтых дзірачак, чапляючыся за павучыну. Адтуль вылазілі дробныя жоўценькія і перашчыкнутыя ў поясе восы.
   Перад вялікаднем дзед бяліў хату: у старым дзіравым, заточаным лапікам, вядры разводзіў мел, рабіў з саломы пэндзаль і дзеля блізіру пэцкаў знадворку сцены. Быў такі загад з гміны: бяліць платы, хаты і каміны.
   Плота, балазе, у дзеда не было – ад дарогі, дзе сядзелі, выпусціўшы дробнае лісце, і ніяк не маглі акрыяць перакопаныя з вёскі яблыні, дзед нацягнуў між калкоў у дзве столкі калючы дрот. За яго, ідучы блізенька і махаючы хвастом, чаплялася карова і вырывала з хваста пучок доўгае валасні.
   З плотам у дзеда клопату не было. Але каб «паляк» не аштрафаваў, дзед мусіў бяліць комін. Паставіўшы на падворку вядро, мачаў у разведзены мел анучу і, прыжмурыўшы адно вока, цаляў ёю ў комін. Ануча ляцела на той бок хаты.
   – Ух, паляк, каб табе вочы засляпіла! – плягаў дзед і выпраўляў мяне шукаць анучу.
   «Паляка» дзед не любіў. Прайшла камасацыя: скасаваўшы шнуры, каморнік падзяліў поле на дзялкі. Людзі з вёскі перабіраліся на хутары. Грошай дзед не меў, каб прыплаціць за лепшы надзел, і яму прыйшлося тры гектары нішчымнага пяску: зямля на гэты бок Азярышча ялавела і не ўраблялася гадамі, на ёй нават не хацеў расці ялавец – у канцы дзедавага поля сядзела тры прысадзістыя кусты. У маладое лета на жаўтлявых, загнутых, што ягнячы хвосцік, вяршках гайдалася і ціўкала шэрая пташка – янчык: у густым кусце было звітае з пырніку і выкладзенае конскаю валаснёю яе гняздо, у ім ляжала сем нябеснага колеру яечак.
   Каля ялаўцовых кустоў рос шэра-зеленаваты мох – сухі і калючы, як жарства, у гарачыню, сыры і мяккі, хоць да раны прыкладай, у дажджлівы дзень.
   Увесну на ялавіне купінкамі зелянеў малады сушнік – шорсткі і пруткі, як пэндзаль. Карова, чмыхаючы ноздрамі, зжынала яго зеленаватым ад травы языком, як сярпом. Тут, на дзедавай ялавіне, я пасвіў сваю Чарнавуху; вушы ў яе папраўдзе былі чорныя, і дзве чорныя плямы, велічынёю з авечыя аўчыны, былі на скабах. Пастухі казалі на яе – бык: Чарнавуха, калі я гнаў яе на пашу ў Азярышча, пускаючы сліну, ляцела за чужымі каровамі і чаплялася на каторую – яна бегалася за весну ўжо трэці раз.
   У дзеда каровы не было, толькі руды і сыты, аж паліскалася на ім поўсць, кот Мар’ян. Ён хадзіў па полі, палюючы на мышэй, і падкрадваўся да пташак – поўз разораю, выгнуўшы спіну і варушачы хвастом. Перад ім, наставіўшы чубок і цвіркаючы, бег, адводзіў ад свайго гнязда, жаваранак. Мар’ян, выцягнуўшы ўперад дзве лапы, скакаў на яго – жаваранак, жаласна цвіркнуўшы, пырхаў убок і нізка і далёка ляцеў над полем, падаючы ў маладое, што не выпусціла яшчэ коласа, жыта. Кот, аблізваючыся і атрасаючы лапы, нібы ступаў у ваду, ішоў роснаю разораю далей: жывот у яго быў мокры, поўсць зліплася, нібы аблезла.
   Аднаго разу ён валок зайца, трымаючы яго зубамі за голаў. Я прыпусціўся за Мар’янам, але ён не ўцякаў – кінуўшы зайца, сеў і замяўкаў. Заяц быў яшчэ цёплы, пад адкрытымі, але нежывымі вачыма з дзвюх дзірачак, што кот працяў зубамі, сачылася кроў.
   Я паклікаў ката, але ён не ішоў – яму, мусіць, абрыдла цягаць гэтага зайца, што ён задушыў недзе каля мяжы, калі той спаў, усё гэтак пазіраючы сваімі невідушчымі вачыма.
   Каля гэтых ялаўцовых кустоў, дзе на нішчымным сушніку я пасвіў карову, ішла і дзялілася, як ніткі ў нічальніцах, мінаючы лысы, гладкі камень, што сядзеў напалавіну ў зямлі, цвёрдая, выплесканая босымі нагамі сцежка: ратамцы, каб не рабіць круг дарогаю, хадзілі наўскасяк цераз дзедава поле.
   Я любіў гэты грудок: з яго былі відаць далёкі лес, сіні, як у дыме ад тытуню, Папушчына, куды з нашае вёскі ездзілі па белы мох, калі трэба было мшыць хаты, было відаць мястэчка – чырвоны касцёл з дзвюма вежамі.
   Мяне як магнэзам цягнула глядзець туды, дзе было мястэчка, – там быў кірмаш, адтуль дзед прыносіў мне маскаля – салодкі падмалёваны пернік; туды, у мястэчка, нарваўшы кошык салаты і нашчыпаўшы маладога пер’я цыбулі, хадзіла мая маці; туды ішлі і ратамскія бабы – гаварылі на ўсё поле. Яшчэ іх не відаць за жытам, а я ўжо чую іхні гоман, маладжавы смех, а потым ужо бачу іхнія хусткі, што пакажуцца над сівавата-зялёным жытам. Бабы ідуць, прыбраўшыся ў чорныя даўгаватыя і вузкія ў таліі сачыкі, у доўгія гранатовыя, зялёныя, бурачковыя суконныя спадніцы з чорнымі шлякамі, у белыя фартухі з карункамі; ідуць босыя, несучы ў руках туфлі, чаравікі з доўгімі халяўкамі, каб перад самым мястэчкам, сеўшы дзе-небудзь у цяньку, пераабуцца. Нясуць зеленаватыя, з сырое лазы, кошыкі, карзіны, плеценыя з шырокіх лучын з ружовым паскам, завязаныя старымі вылінялымі хусткамі, – нясуць, мусіць, у тых кошыках курэй, яйкі ў мякіне, кружок масла, укручаны ў карабаты ліст ад хрэну. I, мусіць, як мая маці, варочаюцца дадому ўжо з торбачкаю солі, з запалкамі, з кавалкамі корту ці паркалю. Кошыкі і карзіны сталі ўжо лягчэйшыя, і яны нясуць іх на сагнутай у локці руцэ. Ідуць па адной, па дзве і ціхія – не кожнай, пэўна, удаўся торг.
   Іншы раз сюды, на грудок, да мяне прыходзіў дзед, каб пераняць і вярнуць са сцежкі на дарогу ратамскіх баб. Вялікі, гарбаты ў плячах, ён, заступіўшы ім дарогу і не паднімаючы галавы, пытаўся:
   – I кудэю ж вы йдзяце? Ці вам дарогі німашука? – голас у дзеда быў глухаваты і тоўсты.
   – Няўжо ж, дзядзька, і біціся будзяце? – гаварыла каторая з іх, старэйшая, і абыходзіла дзеда. – Вот, бачымо, сцежка – і йдзямо. Ці ж мы нарочно?
   Ратамцы гаварылі на «о»: мамо, тато, і імёны ў іх былі на «о» – Ганно, Міхалко. Мне было смешна, што яны гэтак гавораць, нібы не ўмеюць добра гаварыць. I мянушка на іх была смешная – махоркі. I людзі там меншыя, як у нас. Я ўспамінаю тое, што казала маці: «Якія там мужчыны, пад гаршком малацілі б», – і гляджу на ратамскіх баб і дзіву даюся, што яны гэтакія самыя, як і ў нашай вёсцы, а адна з іх, дзяўчо, з карычняватай бародавачкай на верхняй губе – харошая, бялявая з твару і з роўненькім носам – у паркалёвай сукенцы з кароценькімі рукавамі, у запыленых туфлях, трымае на голай руцэ сачык шэраю блішчастаю падкладкаю ўверх.
   – Так пусцеце, дзядзько, дальбуг, боляй не пойдзям сюдэю. Ці ж ужо варочацца блізкі свет? – азіраецца тая самая, старэйшая: колькі ж трэба ісці, каб мінуць дзедаву дзялку.
   – Каб першы і астатні раз, – кажа дзед і ўжо бубніць сам сабе, але ўсё роўна, каб чулі ратамскія бабы: – Нарабілі тут дарог – не ўгарэш.
   Але тыя ці чуюць? Адышоўшыся, зноў моцна гавораць і молада смяюцца.
   А тым часам за жытам ляскаюць, недзе трапіўшы на камень, калёсы; відаць спярша чырвоную дугу, потым чорную канёву галаву з доўгаю, нястрыжанаю, як у жарабца, грываю, што сыплецца каню на вочы, хамут з чорным скураным кутасікам, а потым ужо гладкую канёву спіну з кульбачкаю, з набэдрыкамі – едзе фурманка. Стаўшы каленкамі на мяшок, на возе сядзіць мужчына з чорнаю, даўно не голенаю барадою, у кепцы з пераломаным і скрыўленым брылём.
   Фурманка кіруе сюды, на сцежку, на дзедава поле.
   Дзед бярэ ў мяне з рук пугу, пераварочвае таўсцейшым канцом пужальна і ідзе настрэчу фурманцы.
   – Кудэю ж цябе ліха гоніць? Ці дарогі не бачыш? – крычыць дзед, трасучы пужальнам. – Заварочвай назад!
   Але фурман, падняўшы недзе з воза, з-пад сваіх ног, доўгую стусіну з чырвоным кутасом, шлёгкае каню па гладкім крыжы, цмокае языком і, ухапіўшыся адною рукою за драбінкі, другою тузае лейцы.
   Конь, фыркнуўшы, задзірае галаву, стрыжэ вушамі і, абарочваючы назад галаву, каб вачэй не засланяла грыва, ляціць з усіх чатырох ног – ляскацяць, трасуцца калёсы.
   Дзед адступаецца з дарогі і круціцца, азіраючыся кругом сябе, каб знайсці які камень, але не знаходзіць і, хапіўшы жменю пяску, сыпле на фурманку, як сыплюць пясок, каб асадзіць пчаліны рой.
   Мужчына з пераломаным брылём азіраецца і выскаляе чорныя дуплявыя зубы.
   Спалохаўшыся гэтага ляскату, гухкае і адскокваецца ўбок карова І, не паднімаючы галавы, касавурыцца на фурманку адным вокам – з краю яго відаць бялок.
   – Ну, махорка! – дзед трасе кулаком. – Ты ў мяне папомніш!
   Потым абарочваецца і глядзіць зверху на мяне:
   – Схадзі, Чэзік, прынясі лапату. Трэба перакапаць дарогу. Лапата недзе ў сенях, адчыніш дзверы і ўбачыш з прыходу ў кутку. Скокні, карову я папільную.
   – Сёння ж нядзеля, ці можна капаць? – кажу я, рады, што падлавіў дзеда.
   – Ніц! Бог жа бачыць, што яны маю зямню топчуць. Чаго ж я так сабе капоў бы...
   Я прыношу лапату. Дзед адводзіць ёю ўпоперак дарогі шнурок, потым другі, рысуе спярша даўгаватую з чатырма куткамі яму, ставіць лапату, націскае босаю нагою на загнутае крыло, каб глыбей увайшла лапата, і пачынае капаць. Потым ужо, выкапаўшы упоперак сцежкі неглыбокі, усяго па. калена, равок, убівае ў зямлю лапату і, не выходзячы з яго, садзіцца на бераг, засыпаны вільготным жоўтым пяском, з якога добра лепяцца галкі, і дастае свой капшук, крэсіва – кавалак ужо збітага аб крэмень блішчастага з аднаго боку напільніка і баначку ад ваксы, дзе ён хавае трут – падпалены на лаве і прытушаны халодным жалязкам, каб не сатлеў саўсім, паркалёвы лапік.
   Дзед выбірае з капшука ў тоненькую паперку, на якой добра граць на расчосцы, большыя калівы тытуню, круціць жоўтымі ад курыва пальцамі папяросу, а пацяруху і пыл выварочвае з капшука сабе на далонь.
   – Ну, а цяпер чхнём, каб здаровыя былі, – кажа ён і падносіць гэты тытунёвы пыл да носа. Доўга нюхае, задраўшы голаў і заплюшчыўшы вочы. Адкапыльвае чырвоную ніжнюю губу, моршчыць нос, чакае, покуль, мусіць, там добра не засвярбіць. А потым чхае, махнуўшы галавою, – моцна, аж з нейкім крыкам:
   – Ап-ч-ху-у-у!
   На вочы яму набягаюць слёзы, а твар робіцца чырвоны ад натугі. Ён выцірае цэлаю жменяю рот, потым трэ кулаком мокрыя вочы і пачынае закурваць: бярэ з баначкі шчопці труту, кладзе на крэмень і б’е крэсівам – скачуць пякучыя і вострыя, як дзюбок у іголкі, іскры, чорны трут пачынае гарэць – на чорным лапічку большае, шырэе белая плямка. Дзед тыцкае туды папяросу і пачынае яе смактаць – на абедзвюх шчоках у яго ўпадаюць ямы.
   Прыкурыўшы, ён кладзе ў кішэнь баначку з трутам, крэсіва, крэмень і зморшчаны мяккі скураны капшучок, які ён вырабіў сам, калі рэзаў у некага барана.
   Пакладаць бараноў, каб не збегаліся за авечкамі і былі сытыя на зарэз увосень, дзеда клічуць усе ў вёсцы. Іншы раз ён нясе ўсё гэта дадому і, убачыўшы дзяцей, пастрашыць – падніме руку і патрасе ўгары:
   – Дзе ж гэта мая расчоска? Можа і вам каму выразаць?
   Дзеці спярша ціхенька адступаліся, а потым што было моцы ляцелі хто куды, толькі шасталі доўгія порткі і мільгалі жаўтаватыя ад травы босыя ногі.
   – Не бойцеся, ён смяецца! – крычаў я, але гэты крык ужо не памагаў...
   – Ну, табе, мусіць, дадому пара гнаць. Глянь, які ўжо кароткі цень, – кажа дзед, устаючы і выходзячы з ямкі.
   Я кладу шапку на гладкай выбітай сцежцы, адыходжуся, каб макаўка галавы якраз даставала да шапкі, і роўненька, як па вузкай кладцы, ступаю, ставячы другую нагу перад вялікім пальцам, – мераю, колькі ступаў будзе цень.
   – Уга, – кажа дзед, калі я наступаю на сваю шапку. – Чатэры з палавінаю. Бо я гляджу, што мы з табою забавіліся... А мне і на вакзал пара.
   Вакзалам дзед называе чыгуначную станцыю, усё мястэчка. Там у яго, як ён казаў, ёсцека кабета. «Вазьму сабе на хутар кабету, і будзе ў цябе, Чэзік, баба».
   Пра гэтую кабету ведаюць усе пастухі, а большыя, што закурваюць з капшука, паддобрыўшыся, пачынаюць распытваць у дзеда:
– А калі ж, дзядзька Іван, жаніцца будзяце?
   Хітрэйшы за ўсіх, жулікаваты, зацягваючыся папяросай і плюшчачы вока, нібы ад дыму, хітра падхвальвае тую кабету.
   – Ладная баба, ніц сабе... Я ж бачыў, як быў у мястэчку. Маладая яшчэ.
   Астатнія аж кусаюць губу, каб не засмяяцца.
   Я ведаю, што ніхто з іх не бачыў тае кабеты, што недзе ў мястэчку ў свінабоя за служанку. Але дзед рады пагаварыць пра яе, і ён гаворыць з пастухамі, як са сталымі:
   – Кажаш, маладая?.. А нашто ж мне стоптаны лапаць... Зубы гострыя, як у зайца. Дужая яшчэ кабета.
   – Зубы то ёсць, – ужо не ўтрываўшы, хітра ўсміхаецца той самы жулікаваты пастух. – Толькі яна можа на ваш хутар ды на грошы гоніцца?
   – I грошай у мяне досіць для абоіх, – кажа дзед, і я дзіўлюся, што ў яго нешта яшчэ ёсць звыш тых двух жалезных злотых, якія ён носіць, завязаўшы ў хустачку.
   – А хіба ж я дурны, каб не распазнаць. Некалі, брат, купляючы карову, за цыцку не чапоў – і так бачыў, колькі малака дае. А каб ужо бабы не распазноў.
   Сватаецца дзед да свінабоевай служанкі даўно: кожнае нядзелі, узяўшы над паху чорны парасон з жоўтаю, загнутаю на канцы ў баранак ручкаю і блішчастым ланцужком, ён ідзе на «вакзал» – у мястэчка, ідзе прыбраны ў чорны, ужо добра падношаны, з дзвюма латкамі на портках ззаду, з закручанымі кляпамі гарнітур, у белую з жаўтаватымі палоскамі рубашку, з касцяным прыстаўным каўнерыкам, які пад худым і нявыбрытым кадыком сцягвае блішчасты ланцужок з перламутравымі гузічкамі, што адліваюць сінім, як ракавіна, калі яе дастанеш з вады. Толькі кепка ў дзеда не па фасону – суконная, злінялая, выцертая да рубцоў, ды яшчэ кругом ззаду з акладкай – зімовая; у мароз гэтую акладку можна адвярнуць, каб было цяплей у карак і вушы.
   Адтуль, з «вакзала», дзед варочаецца пасля полудня. Гаворыць сам з сабою і махае рукой.
   А часам, бывае, я чую яшчэ здалёк, як ён спявае, вядзе, як бабы на хрэсьбінах, адну і тую ж песню:

 

Капоў, капоў крынічаньку –
Вады не дастоў.
Любіў, любіў харошую,
Ды благую ўзёў.


   Суконную кепку і пінжак дзед трымае ў руцэ.
   Ён ідзе, астаўшыся ў камізэльцы. Чаравікі і калошы порткаў аж да калень у яго сівыя ад пылу.
   Дзед падыходзіць бліжай і кліча мяне рукою:
   – Ідзі сюды, Чэзік, ідзі.
   А потым бярэ за каўнер свой пінжак, паднімае вышай, круціць, шукаючы кішэнь, і вымае ружовага «чалавечка».
   – Бяры, не саромейся!
   Я бяру гэты падфарбованы пернік.
   – Во, брат, прывяду я сабе кабету, будзе табе баба. Як ты, брат?..
   За кожным словам дзед гаворыць «брат» і заплюшчвае вочы – гэтак заўсёды, калі вып’е.
   Я маўчу, успомніўшы, што дома бацька смяецца з мацеры, што дзед нешта дурное ўдурбаў сабе ў галаву, што адною нагою стаіць над ямаю, а яшчэ жаніцца збіраецца, што цалюткай радні брыдка перад чужымі людзьмі. Маці злуе тады на бацьку і крычыць, што і сам ён не лепшы за дзеда: «Ён хоць стары, але ўмее і хату зрабіць, і печ складзе, а ты ні да чога не здатны. – Маці пачынае крывіцца, шморгае носам і выціраецца хвартухом. – Во дзерава гніе, каб узяў ды рабіў хату. Няўжо і звекаваць думаеш у гэтай падпаветцы?» – і ў мацеры па сухой шчацэ коціца сляза, пакідаючы мокры шнар.
   Мы жывём у падпаветцы, у якой бацька выразаў невялікае, на чатыры балонкі, акенца, паклаў столь, зрабіў печ, выбіў гліняны ток, – але якая гэта хата, і мы хочам зрабіць, як маці кажа, людскую. У гародчыку ўжо ляжыць, складзена на тоўстыя друкі, каб не гніло ад зямлі, дзерава, пад якое лазяць нясціся нашыя куры. Маці, знайшоўшы дзе які кій, выпорвае, ганяе іх адтуль і, спомніўшы зноў, што не будуецца хата, кляне бацьку.
   – А во, глядзі, брат, што кабета дала, – дзед дастае з кішэні скручаны пасак паперы з выразанымі зубкамі і намалёванымі кветкамі. – Бардзюр, – кажа дзед і раскручвае трохі гэты скрутак, што падобны да шляка з карункамі, які прышываюць кабеты сабе да фартухоў і сподніх спадніц. – На бяры, – дзед зноў скручвае гэта бардзюр. – Мне нашто? Вам у новую хату... Купіце шпалераў і кругом сцяны пад столлю гэты шляк прыбіце.
   Я, здаецца, бачыў у некага такі шляк, толькі ён быў прыбіты не да сцяны, а да бэлек. Гэта ў тых хатах, у каго ёсць дзяўчаты, там яшчэ і над вокнамі вешаюць чырвоную ці зялёную паперу з выразанымі зубкамі і кветачкамі. А мы толькі на свята падтыкаем пад бэлькі сырыя яловыя лапкі ды сыплем каля парога пасечаны аер.
   I я ўжо бачу новую хату з падлогаю, па якой, мусіць, добра хадзіць босым, не то што па нашым току: з яго за ногі бярэцца пясок, а там, дзе стаяць чыгуны, цэбры, дзе разліваецца вада, яшчэ і гразь, слізкая, чорная – уступіш у яе, і гадка.
   У хаце з падлогай хораша, ды калі яшчэ паставіць вазонаў, павесіць на вокны чырвоную паперу, павыразаўшы ў ёй ножніцамі кветачкі і зубкі, ды кругом сцяны пад столлю наклеіць гэты бардзюр...
   – Нясі, нясі дадому, брат, – дзед кладзе на галаву сваю суконную кепку з акладкаю і ідзе дадому, няцвёрда ступаючы трохі падагнутымі ў каленях нагамі. Адышоўшыся, пачынае спяваць:

Капоў, капоў крынічаньку –
Вады не дастоў.

 

   Ён смешны ў гэтай суконнай кепцы з акладкаю, у камізэльцы – чорнай спераду і шэрай, як залатанай вялікім лапікам, на спіне. Ззаду камізэльку сцягвае за два чорныя хвосцікі ржавая, з аблупленаю фарбаю бляшка. Камізэлька сабралася ў фалды, і шырокія ў паясніцы порткі, якія дзед туга падперазаў вузкаю, дзе паабразанаю брытвай, папругай, таксама сабраліся ў фалды.
   Бабы, што варочаюцца з кірмашу, убачыўшы, як дзед пачынае тупаць нагамі, паднімаючы на дарозе пухкі горкі пыл, і трасці белымі локцямі, рагочуць і паказваюць адна адной:
   – Глядзі, глядзі!.. А кажуць, што не да танцу абадранцу.
   Цяпер ратамцы ўжо не ходзяць цераз дзедава поле, ідуць дарогаю: выкапаная ўпоперак сцежкі яма ды яшчэ тычкі з пучкамі саломы, панавязванай на іх, што дзед паставіў у канцы поля, усё ж памаглі.
   Ратамцам цяпер бяда: за дзедаваю хатаю, дзе дарога перасякае клін балотца, заўсёды пасля дажджу стаіць глыбокая, аж па самыя восі лужына. На ёй, як на завоінцы, плаваюць чорненькія казюркі. А калі лужыну разаб’юць калясьмі, перамяшаюць торф з вадою, яна робіцца густая, як жытняя зацірка. У суш гэтая чорная зацірка яшчэ больш гусне і зацягваецца плеўкаю. Плеўка падсыхае, скручваецца, што тонкае сала на гарачай патэльні, і пераціраецца ў прах. У лагчынцы астаецца пухкі, як вальцованая мука, пыл. Покуль зноў не пойдзе дождж і пыл не перамяшаецца ў рэдкую чорную зацірку, яна ліпне да колаў і абвальваецца чорнымі камякамі далёка на дарозе.
   Каб абысці гэтую гразь, ратамскія бабы лезуць пад дрот, якім дзед абгарадзіў свой гарод, і ідуць разораю між высокіх град, дзе ў выціснутых кулаком ямках сядзіць капусная расада, трымаючы на сівавата-зялёных, нібы тлустых, лістах скалкі вады.
   Між трох столак дроту дзед насаджвае лазовых дубцоў – густа, нібы выплятае пляцень. Гэтая лаза нават пачынае прымацца – пускае зялёныя пасынкі.
   Тады ратамскія бабы ходзяць на другі бок лужыны, па дзедавай сенажаці. Хоць якая там у дзеда сенажаць – адно куп’ё, ці, як ён кажа, купешкі. Меншыя купешкі дзед таўчэ, убівае ў грунт трамбоўкаю – таўставатым паленам з драўлянаю ручкаю на канцы. Большыя зразае лапатаю і носіць да лужыны, выкладае тут мяжу – вузкую грэблю, каб было як прайсці ратамскім бабам.
   На сенажаць з кароваю мяне дзед не пускае, і я пасу сваю Чарнавуху, прывязаўшы ёй за рогі вяроўку, на дарозе, усыпанай белымі галоўкамі дзяцеліны. Нізка над дарогаю снуе ластаўка, а потым, затрапятаўшыся над лужынаю, садзіцца каля вады, бярэ ў дзюбу гразі і ляціць на дзедаў хутар – там у гумне, высока пад самаю кладкаю, дзе кроква сыходзіцца з латаю, яна лепіць сваё гняздо. Можна нават пазнаць, колькі яна зрабіла за дзень, бо край гнязда чорны – яшчэ не паспела высахнуць гразь.
   Тут пры дарозе, каля нізкага ялаўцовага куста, дзе расце зялёны мох з малюсенькімі каўпачкамі на карычняватых тычачках, грэюцца яшчарыцы. Яны шыюцца ў куст, недзе ў нору, шапочучы сухою травою, калі падыдзеш блізка.
   Аднаго разу, забыўшыся, што тым, чым біў яшчарыцу, нельга біць карову, бо не будзе даваць малака, я парнуў пужальнам у сухую траву, куды мільгануў шары хвост. Яшчарыца выскачыла на другі бок ялаўцовага куста і вёртка пабегла па сухім сушніку. Дагнаўшы, я зноў тыцнуў у яе пужальнам. Хвост у яшчарыцы адваліўся, варушачыся і выкручваючыся, як жывы, а яна, кароткая, таўставатая, пашылася між купак сушніку аж на дарогу і шмыганула ў аброслую травою каляіну. Я нагнуўся шукаць яшчарыцу і ўбачыў хустачку: у яе было завязана нешта круглае, як жалезныя грошы.
   Падняўшы хустачку, я ўчуў, што ў руцэ нешта важыць, і ўжо з нейкай радасцю, што працінала ўсяго мяне, развязаў яе – у хустачцы ляжалі два жалезныя злоты. На рэшцы стаяла лічба адзін, з другога боку быў арол з каронай на галаве і разяўленай дзюбай, падобны да пеўня, што ўзляцеў на жэрдку і растапырыў крылле, каб заспяваць.
   Я закруціў карове на рогі вяроўку і пабег да дзеда. Ён сядзеў на трамбоўцы, выцягнуўшы адну нагу, – даставаў з кішэні свой капшук.
   – Нашто кінуў карову, вунь зараз у капусту ўваб’ецца, – дзед развязаў капшук і двума большымі пальцамі выцягнуў адтуль паперу.
   – Во, паглядзі, дзед, – я расшчапіў руку, паказваючы на далоні тыя два злоты.
   Дзед выцягнуў шыю, аж схаваўся ў яго зарослы сівою шчацінай кадык.
   – Грошы, – сказаў я, не паверыўшы, што дзед бачыць сам.
   – Го, і проўда ж, – ён узяў адзін злоты з мае далоні. – А дзе ж ты ўзёў?
   – Знайшоў вунь на дарозе... У хустачку ўкручаныя былі... – і мне тут раптоўна ўспомнілася, што ў дзеда гэтаксама былі завязаныя ў хустачку грошы.
   Дзед насупіўся і пачаў абмацваць свае кішэні.
   – Дзед, а гэта не твае? – спытаў я, чуючы, што брыдка, калі не спытаю, і баючыся, што дзед папраўдзе скажа, што гэта яго грошы.
   – Не... Нашто ж мне... Вам будавацца трэба, – дзед выняў з кішэні баначку ад ваксы, у якой быў трут. – Нясі дадому, глядзі толькі не згубі.
   Я, падскокваючы, пабег заварочваць ад капусты карову: яна, усунуўшы між дроту галаву, там, дзе раз’ехаліся лазовыя дубцы, скубла, дастаючы з гарода, траву. Убачыўшы мяне, тыцнулася назад, зачапілася рогам за дрот і закруціла галавою.
   Я падняў драціну, карова задам адышлася ад гарода І, махаючы назад галавою, каб сагнаць са спіны чырвоных ад крыві мух і сівых, з блішчастымі зеленаватымі вачыма слепакоў, завярнула на скрыжаванне. Потым падняла галаву і, трасучы вушамі, прыпусцілася бягом, нібыта дома ў яе асталося цяля. Я не пераймаў – ведаў, што яна бяжыць да радзюжкі з зеллем.
   Вяроўка раскруцілася ў яе на рагах і цягнулася па зямлі, карова наступала на яе і, згінаючы галаву, спатыкалася.
   – Чаго ж так рана? – спытала маці, стоячы каля гумна і трымаючы пад фартухом рукі: яна, мусіць, здалёку яшчэ на дарозе ўбачыла карову і выйшла страчаць мяне. – Ды каб хоць вяроўку закруціў.
   Вяроўка ўлезла карове ў капыт, і яна ішла як стрыножаная.
   – Можа ізноў Лявося паздзекавалася? – спытала, смеючыся, маці.
   Лявося – гэта была перастарэлая дзеўка з нашае вёскі. Яна жыла з хвораю на сухоты сястрою і ўсю мужчынскую работу дома рабіла сама: сама касіла, арала, і гэтак, як мужчына, стоячы на возе і круцячы над галавою лейцамі, падганяла каня, калі ехала на поле, і гэтак хадзіла, як мужчыны, шырока расстаўляючы ногі і размахваючы рукамі.
   Лявосіна поле было тут, у Азярышчы, за дзедавым хутарам.
   Аднаго разу яна, варочаючыся з ворыва, ішла астаўшыся трохі ззаду каня; ён, мусіць, ведаў дарогу ў вёску сам, цягнуў павалены плуг, што пакідаў шырокі след ад сашніка і ручкі.
   – Госці да вас прыехалі, – сказала Лявося, калі я параўняўся з ёю. – Маці наказала, каб і ты дадому гнаў.
   – Якія госці?
   – Вунь з Навасёлак.
   Праўда, да нас з Навасёлак прыходзіла цётка Ядвіся, стрыечная мацерына сястра, прыносячы іншы раз на лякарства бутэльку мёду. Бутэлька потым стаяла ў шкапчыку ў сенях, у ёй сядзеў шыпулёк, яго можна было выцягнуць і аблізаць.
   Я любіў цётку Ядвісю – яна брала мяне на калені, гладзіла па галаве і ўсё гаварыла да мацеры: «О, каб мне бог даў такога хлопчыка». Цётка Ядвіся была замужам за ўдаўцом, яна гадавала чужых дзяцей, сваіх у яе не было.
   – Хто ж там у вас у Навасёлках ёсцяка? – спытала Лявося.
   – Цётка Ядвіся.
   – Во, яна, мусіць, і прыехала, – Лявося шлёгнула пугай па калматым спарышніку, што заглушыў дарогу, і пайшла даганяць каня – ён пераходзіў ужо шашу.
   Я, рады, што не трэба будзе пасвіць карову, пераняў яе і патурыў дадому, неяк і забыўшыся пра тое, што Лявося едзе з ворыва і што яна не бачыла ні мае маці, ні цёткі Ядвісі, што з дому ж іду я.
   Маці спярша сварылася, а потым, заплакаўшы, пайшла да Лявосі ў хату, заплакаў і я, жанучы назад у Азярышча карову. Плакаў ад жалю, што не прыйшла цётка Ядвіся, і ад брыдкасці і крыўды, што з мяне пасмяяліся.
   – Дык чаго ж маўчыш? Можа ізноў паслухаў крывой Лявосі? – пытаецца маці і, падышоўшы да каровы, чухае ёй паміж рог, каб не ўцякала, каб было як дастаць вяроўку, што ўелася ў капыт і не дае ступіць.
   – Во, грошы знайшоў, – расшчэмліваючы кулак, кажу я.
   Маці закручвае вяроўку карове за рогі, лёгка б’е яе па шыі, заварочваючы на падворак, каб пахадзіла каля плота, і, прыжмурыўшы адно вока, глядзіць на мяне:
   – Якія грошы?
   – Жалезныя... Во, два злоты.
   – Ах, ліха, і праўда ж, – твар у маці мяняецца, яснее. Яна бярэ грошы, круціць іх у пальцах, яшчэ ўсё не верачы, што гэта праўдзівыя грошы, а потым пільна цікуе на мяне. – А не ўкраў нідзе?
   – На дарозе знайшоў. Каля дзедавага гарода.
   Дома толькі і гутарка пра гэтыя два злоты.
   – Узаўтра здору куплю, – кажа бацька. У нас няма затаўкі: і зацірка, і булён – усё на малацэ, і нават хлеб мы крышым у малако – робім хармушку. – Памахай молатам аб гэтым малацэ. Яно мне аж смярдзіць.
   Лусту хлеба і бутэльку малака, закаркаваную скручаным з чыстага лапіка заткалам, бацька бярэ з сабою на шашу – там ён б’е каменне: садзіцца каля крушні, што насыпана з краю шашы, кладзе камень на камень – большы падніз, а зверху – меншы і, трымаючы іх, як прыгаршчамі, абкручанымі ў анучы ступамі, б’е молатам.
   Набітае каменне бацька ссыпае ў роўненькую, як падрэзаную, горбу. Потым ужо дарожны майстар будзе браць шуфлем гэтае каменне і засыпаць ямкі на шашы і трамбаваць іх тоўстым паленам, як трамбуе мой дзед балота.
   Назаўтра бацька прыносіць з мястэчка абвіты шпагатам скрутак старога, жоўтага, уляжалага здору.
   Цяпер маці варыць крупнік з гарохам, затоўчаны здорам, здорам падскварвае зацірку, здорам мажа і хлеб, каб аж белыя былі ноздры ў ім, даючы па лусце мне і бацьку.
   – Цяпер я сябе ямчэй чую. Го, што значыць здор. Ды яшчэ стары... Выратаваў ты нас. сынку, – хваліць мяне бацька, збіраючыся на работу. У вялікую кішэнь, што прышыта спадыспаду да шарачковага пінжака, з падкладкаю ад радзюжкі ў чырвоныя клеткі, ён кладзе бутэльку малака і складзеную папалам і памазаную здорам лусту хлеба.
   – Ёсцека на свеце бог – во колькі помачы ад гэтых двух злотаў. А я надоечы прысніла... – і маці пачынае расказваць сон.
   Пра гэтыя два злоты бацька з мацераю гаворыць ледзьве не кожны дзень. I мне тады невядома чаму робіцца брыдка, карціць сказаць, што гэтыя два злоты згубіў, напэўна, дзед, бо ён таксама насіў, завязаўшы ў хустачку, свае грошы; толькі цікава – чаму ён не прызнаўся?
   Ужо бярэцца на восень. I звечара выпадае раса – раніцою яна халодная і пячэцца, як прысак. Да полудня стаіць туман, потым падымаецца жоўтымі хмарамі. Хмары, кажа дзед, ідуць цяпер проці сонца. Ужо і сонца засыпаецца. Ужо не відно ластавак каля дзедавага хутара. Толькі дзе з-пад ног пырхне жаваранак і нізка паляціць над іржышчам, жаласна цвіркаючы. I шпакі плывуць, то расцягваючыся і прападаючы з вачэй, то зноў збіраючыся ў купку, – здаецца, нехта кінуў вялікае кола, як, бывае, кінеш тонкую круглую бляшку, і яна то відаць, калі павернецца плашмя да цябе, то гіне з вачэй, калі павернецца кантам.
   Ужо даўно зжалі жыта, толькі ў дзеда ў канцы поля астаўся недажаты лапік велічынёю на стол, але дзед кажа, што гэта мышам.
   Цяпер я пасу Чарнавуху на дзедавым іржышчы і пускаю нават на балота – там ужо даўно скошана сенажаць. Атавы дзед не гадуе і не ставіць тычак, як ставяць іншыя, прывязаўшы на іх пучок саломы – знак, што пасвіць тут няможна.
   – Пасі скрозь, – вярнуўшыся аднаго разу з мястэчка і падышоўшы да мяне, гаворыць дзед. – Бо ці гэта спажывём, што маем... Вунь, кажуць, немец на паляка пайшоў, вайна пачалася.
   А некаторага дня я ўбачыў, як, не разбіраючы дарогі, наўпрасты па дзедавым полі, па грэчцы, што ў лагчынцы была яшчэ белая, на гладкіх каштановых конях з белымі паскамі на задніх нагах над капытамі ехалі два польскія кавалерысты. Коні былі мокрыя ад поту – цёмна блішчалі іхнія крыжы. Шапкі на ўланах з бляшанымі арламі, з маліновымі аколышамі былі зацягнуты пад барадою папружкамі. Пры боку віселі доўгія шаблі з раменнымі кутасамі на ручках, а за плячыма трасліся кароткія карабіны.
   Кавалерысты, падганяючы шпорамі коней, падскокваючы на сёдлах, праехалі дзедава поле і па балоце, па сівой, што адрасла ужо на атаву, асацэ скіравалі на грэблю. Не паспелі яны мінуць лавы, тую гразь сярод Азярышча, як з-за грудка на дарозе, што вяла ў мястэчка, паказалася чацвёра мужчын. Яны, мусіць, даганялі кавалерыстаў. Засопшыся, трымаючы наперавес вінтоўкі, мужчыны прабеглі міма мяне і пачалі пералазіць цераз загарадзь, каб абысці лужыну.
   Астатні зачапіўся калошаю за дрот, мацюкнуўся і, адчэпліваючы ржавую, з трыма калючкамі шышку, крыкнуў мне:
   – Ты кавалерыстаў не бачыў?
   Да кляпы ў яго была прышпілена чырвоная стужка.
   – Вуньдзека яны, вунь, – паказаў я рукою туды, дзе ў гразі чырванелі нізкія, аж па самы жывот у траве, двое коней.
   Мужчына адчапіў ад портак дрот і, цікуючы туды, пад асаднікаву хату з белым атынкованым шчытом, падняў вінтоўку, прыставіў прыкладам да пляча.
   – Ты што? – азірнуўся высокі, маладжавы, з дробным тварам і доўгаю худою шыяй. – Не рабі панікі... Мы іх жыўцом...
   – Глядзі, каб не ўпусцілі, – гэты астатні, спатыкаючыся на купінах, дагнаў мужчын, і яны ўсе чацвёра, трымаючы наперавес вінтоўкі, пабеглі балотам, абыходзячы самую гразь.
   Мужчыны аддаляліся, мекшалі і, здаецца, ішлі аж па пояс у сівай асацэ – па ёй хадзіў вецер, і яна пералівалася і цямнела, як пераліваецца і цямнее жыта, калі выпусціць сівы, яшчэ з мяккімі асцюкамі колас.
   Мужчыны схаваліся з вачэй, і скора там пачалі страляць – нізка, як пры самай зямлі.
   З хаты выйшаў дзед, пастаяў на падворку, узіраючыся туды, дзе стралялі, і сказаў, што пойдзе ў вёску, паслухае, што робіцца на свеце.
   I скора на балоце паказаліся тыя самыя мужчыны з чырвонымі стужкамі на грудзях. Двое з іх вялі, трымаючы пад пахі, таго, што надоечы зачапіўся калошаю за дрот: твар у яго быў белы і губы зрабіліся ліловыя. Ён пераступаў як не сваімі нагамі. Галава ў яго раптам звісла, шапка ляпнулася на траву падкладкаю ўверх, і ён пачаў аб’язджаць на калені. Двое ўзялі яго за рукі і, паклаўшы іх сабе на шыю, панеслі яго. Пінжак на ім падняўся ўгору, зморшчыўся на спіне ў горб, і на белай рубашцы на баку ў яго я ўбачыў чырвоную, велічынёю з шапку, пляму ад крыві.
   Чацвёрты з іх, што нёс на кожным плячы па дзве вінтоўкі, падняў шапку і падбег да мяне:
   – У вас каня няма? – ён паказаў галавою на дзедаву хату.
   – Не, няма.
   – А можа калёсы ёсць? Бачыш, чалавек памірае... Што рабіць, га? – ён кусаў ніжнюю губу, думаў. – А можа, падбяжыш у вёску, га, можа, скажаш, каб фурманку хто даў... Скажаш, каб мужчыны ішлі сюды. Скажаш, што ў асадніка на хутары палякаў шмат...
   Я заняў карову і пагнаў дадому. Спускаючыся з груда, убачыў, што дарогаю з вёскі бяжыць маці. Я пазнаў яе яшчэ здалёк па выцвілай маліновай хустцы.
   Перад вёскаю, каля першай хаты, стаялі, сабраўшыся, людзі: нехта, мусіць, вярнуўся з мястэчка, і ўсе, павыходзіўшы з дому, распытвалі, што робіцца там.
   Убачыўшы мяне, маці спынілася каля шашы, чакала.
   – А я ўся пералекацела, – загаварыла яна, калі я перагнаў цераз шашу карову. – Як сказалі, што ў Азярышчы страляюць, так у мяне ажні сэрца адарвалася. Ну, крый бог, думаю... – Яна пайшла поруч са мною, мякка ступаючы босымі нагамі па шарым сухім пяску. – А ты вот, бачыш, сам дагадаўся... Помні, сынок, калі дзе блізка страляюць, то ўцякай, каровы не глядзі... Каровы нарат не возьме, абы сам жывы быў.
   – Там нейкага чалавека застрэлілі.
   – Ах, ліха!
   – Уланы, мусіць. Яны ехалі да асадніка, а за імі беглі нейкія людзі з мястэчка з чырвонымі стужкамі на грудзях. Там біліся. Стральба была. I гэтыя людзі вярнуліся назад і вялі пад рукі раненага. Казалі, што памірае ён. Прасілі, каб я наказаў у вёску, што трэба фурманка. I каб мужчыны ішлі туды, казалі.
   – Куды ж ты, сынок, пойдзеш з голымі рукамі? Гэта ж табе не воўк, што настрашыў – і ён уцячэ.
   Мужчыны з хлопцамі пабеглі ў Азярышча, калі мы з мацераю сказалі, што там ранілі чалавека і што туды клічуць на помач. А Лявося скоранька запрагла каня, стала на воз і, круцячы над галавою лейцы, пагнала каня, як гэта робяць мужчыны, калі недзе на балоце ляжыць сухое, як порах, у копах сена, а тут ужо грыміць і з поўдня ўстае, займаючы паўнеба, папяловая хмара, дыхае холадам вецер, гонячы пясок і круцячы ўгары салому – вось-вось пойдзе дождж.
   Казалі, што быў там Лявосін сыновец – стрыечнага брата сын, што сядзеў у польскай турме за палітыку і цяпер вярнуўся дадому. Бегаў туды і мой бацька. Маці ўсё бедавала:
   – Ці раскажаш яму – ён як малы. Падаткне дзе галаву...
   Бацька вярнуўся пад вечар. На грудзях у яго была прышпілена чырвоная стужка. Маці плакала і сварылася.
   – Куды ты сунешся? Яны руж’я пабралі, то начальнікамі будуць – яны граматныя. А ты, цёмны, як біў на шашы каменне, то і біцьмеш.
   – Вот сціхні, – зазлаваў бацька, але адпусціўся і расказаў, што было ў Азярышчы.
   Асаднікаў дом яны абкружылі, але даступіцца блізка не маглі: з гарышча пачалі страляць, там сабраліся паліцыянты з пастарунка і ўланы, што ўцякалі з граніцы. Яны ранілі яшчэ нейкага Новака з мястэчка... Але гэты будзе жыць... А Лявосін сыновец сплыў крывёю, сканаў дарогаю.
   На другі дзень яшчэ раненька, яшчэ толькі ў хаце зашарэўся дзень, маці разбудзіла мяне:
   – Уставай, вунь Саветы прыйшлі.
   Я адкрыў вочы. На дварэ нешта моцна гуло, нібы там ламалася і з грукатам падала ў нейкую прорву зямля. У акне ўсё дрыжала і дзынкала слабка прыбітая цвічкамі шыба.
   Што гэта?
   – Чолгі ідуць. Што там робіцца на шашы, каб ты бачыў!
   Апрануўшыся, я скоранька выбег на двор – з шашы чуваць быў моцны, аж угіналася зямля, перамяшаны з лязгатам, грукат. Выскокваючы з хат і на хаду апранаючыся, цераз чужыя падворкі беглі да шашы людзі. Я кінуўся туды. Там ужо стаяла ледзьве не ўся вёска. Мужчыны махалі шапкамі, а бабы, склаўшы на жываце рукі, моўчкі глядзелі, як ішлі, выставіўшы наперад гарматы, зялёныя, як прыхопленая марозам трава, танкі. На іх сядзелі закурэлыя ад пылу салдаты ў касках з зашпіленымі пад барадою папружкамі. Грукат ад танкаў закладваў вушы.
   Я глядзеў, як клалася, здаецца, аж угінаючыся, пад танкі шаша, глядзеў і не мог разабраць, чаму яны гэтак едуць: гусеніцы ляжаць пад танкам, не круцяцца, а ён ідзе.
   Потым ехаў абоз: вазы з будамі, з нацягнутымі на іх антэнамі; па чацвёра коней цягнулі цяжкія гарматы; ішлі самаходы-грузавікі з байцамі. Упрэжаны конь цягнуў вялікі чорны бак – кухню; ад яе пахла ядою, бярозавымі дрывамі.
   Пасля таго дня я ўжо болей не пасвіў сваю Чарнавуху на дзедавым полі – гнаў у грамаду, на асадніцкае балота.
   Дзверы ў асаднікавай хаце нехта забіў накрыж дзвюма дошкамі – казалі, што асаднік уцёк.
   Большыя пастухі раскалыхалі і вывернулі антэну – тыя два высокія шасты з дротам, на якім блішчаў белы ізалятар.
   Вялікае, на двое дзвярэй, асаднікава гумно было адчынена: мы залазілі на бэлькі і скакалі на складзенае ў торп і не змалочанае яшчэ жыта, набіраючы на адзежу, за каўнер вострых асцюкоў, яны потым казыталіся пад сарочкаю на спіне.
   Каля хлява ляжалі сарваныя з петляў дзверы – ён быў пусты: асаднікаву скаціну камбед параздаваў людзям. Чырвоная сытая карова з вялікімі і вострымі, як вілы, рагамі, што калола ў нашай вёсцы ўсё быдла, прыйшлася майму дзеду.
   Я пасвіў яе разам з Чарнавухаю тут, на асадніцкім балоце. Яна ўцякала дадому, у гэты пусты хлеў з выламанымі дзвярыма – асаднік, пэўна, падкормліваў яе канюшынай, каб падбаўляла малака.
   – Бачыш, ніяк усё не адвыкне ад свайго хлява. Ты пугай ёй пекані, пугай! – крычалі мужчыны, што сабраліся сюды дзяліць асаднікаву зямлю.
   Быў тут і мой бацька – ён насіў збітую з трох тычак мерку. Мужчыны, сышоўшыся ў грамаду, узіраліся ў нейкую паперу, нешта абмаўлялі, і тады мой бацька ішоў цераз папар, перастаўляючы гэтую мерку, як цыркуль, адлічваў метры і спыняўся – да яго з сякерай у руцэ, з белымі калочкамі пад пахай бег мужчына.
   На асадніцкім, здратаваным нашымі каровамі ржышчы стаяла ўжо многа наўбіваных калочкаў.
   Падзяліўшы гэта здратаванае каровамі ржышча і чорны папар, з якога дзе-нідзе выглядваў не прывалены лустамі зямлі лубін, мужчыны выйшлі на грудок, дзе ляжалі шэрыя камяні, пасядзелі на іх і пайшлі, часам прыпыняючыся, чакаючы адзін аднаго; за трудом яшчэ доўга былі відаць іхнія шапкі.
   А мой бацька вярнуўся, клікнуў мяне, каб паказаць, дзе будзе наш гектар.
   – О, зямля тут тлустая, – ён паправіў на галаве, падбіў уверх кепку. – Як пад Любчаю... Радзіць будзе... Што казаць... – і ступіў нагою ў мяккі папар. – Там, на грудку, каля каменя, такая нішчымная, як у нас, пясчуга. – Ён прымружыў вока, цікуючы туды на груд, дзе шарэла каменне і выдавала здалёк, што ляжаць авечкі...
   Пазычыўшы ў вёсцы каня, некаторага дня бацька прыехаў у Азярышча сеяць жыта. Прайшоў раз па завораным лубіне бараною, выпраг з яе каня, павесіўшы яму на галаву торбу з аўсом, і закруціў за драбінку лейцы. А сам завязаў палатняны фартух, насыпаў у яго з мяшка жыта і стаў у канцы загона. Зняўшы шапку, перахрысціўся.
   – Радзі божа! – сказаў ён і, узяўшы з фартуха жменю жыта, шырока ступіў праваю нагою, аднёс руку і з размаху сыпнуў жыта – мільгануўшы, зярняткі дробненька зашапацелі спорным дажджом, заскакалі ў раўках па зямлі, спаласаванай бараною.
   – Ідзі каля мяне, вучыся! – гукнуў бацька, не азіраючыся і ўсё гэтак, пад правую нагу, далёка понізу рассыпаючы жыта.
   Вецер варушыў яго мяккія рэдзенькія валасы. Лоб у бацькі і дзве вострыя залысіны, што глыбока ўядаліся ў валасы, былі белыя – бацька ўсё лета не скідаў з галавы шапку.
   Жыта баранаваў я сам, бацька ішоў з другога боку, нагінаючыся, паднімаў барану, калі набіралася шмат пырніку, зграбаў яго рукамі і нёс на замежак.
   Ужо ў глухую восень, калі камянела зямля, а трава на азярыскім балоце рабілася рудая, трохі нейкая бурачковая (кончыкі пер’я ў яе адсыхалі і чырванелі), я прыганяў сюды на сівую ад марозу рунь сваю карову.
   Запыняць яе не трэба было: сшэрхшы ад холаду, яна хадзіла тут па руні, а я бег у дзедаву хату грэцца.
   – Уга, хто прыйшоў! – дзед уставаў з калодкі – ён шчапаў ад яловага палена лучыну; тры тоўстыя, звязаныя вяровачкаю пукі ўжо ляжалі на падлозе. – Можа, папалуднаваў бы? Нябось, вымерзся? – і даставаў з печы, ставіў на стол забеленую сачыўку. – А я вот захварэў, недамагаю нешта. – Ён браў з паліцы, дзе віселі дзеравяныя счарнелыя лыжкі і вялікі з загнутым чаранком апалонік, бутэльку зеленаватай газы, наліваў у чарку і піў. – Бачыш – вы паліце, а я п’ю. Ого, найпершае лякарства ад горла?
   Але газа дзеду не памагла – якраз перад калядамі ён захварэў на запаленне, і маці, папрасіўшы ў вёсцы фурманку, прывезла яго да нас.
   Паіць і карміць яго карову мы хадзілі ў Азярышча з мацераю – два разы на дзень.
   Зіма ў той год стаяла халодная і злая, як звер. Дзед праляжаў у нашай хаце да самага цяпла. Але вясною, калі сышоў снег і ў лагчынках ад яго асталася толькі сівая, як павуціна, плесня, калі зазелянела дробная, як расіца на завоіне, дзяцеліна і мы пачалі будаваць хату – спярша прывёзшы з поля, адтуль, з асаднікавае зямлі, чатыры камені, дзед ужо прыходзіў з хутара памагаць бацьку: сядзеў на дзеравіне, як на кані, звесіўшы ногі, і востраю, наведзенаю на бруску сякераю падчэсваў яе.
   – А бардзюр ты не згубіў? – пытаўся ён у мяне. – У новую хату якраз спатрэбіцца.
   – Не, не згубіў, ляжыць недзе ў куфры, – сказала за мяне маці. Яна прыходзіла сюды, пад зруб, збіраць у прыпол большыя трэскі.
   Пад самую восень мы перабраліся ў новую хату, а ў падпаветцы, раскідаўшы печ, паставілі карову.
   Новая хата пахла распаранаю глінай, як пахне сухі, гарачы пясок, калі пачынае накрапваць ціхі дождж: у куце, напроці акна, стаяла сырая печ з белымі, як выцвілымі, падсохлымі плямамі каля пячорак. Сыраватая была і ўтрамбаваная на зямлі гліна; на ёй значыліся круглыя ўмяціны ад калодкі.
   Усю зіму і восень макрэлі вокны – на шуфлядзе збіралася вада. Маці клала туды анучу і падстаўляла чыгун – сярод ночы ў яго, сабраўшыся, цурком лілася вада: дзын-дзын-дзын.
   – Нічога, як-небудзь перазімуем, а налета зробім пліту, будзе цяплей, – казаў бацька.
   Але пліту ў новай хаце мы зрабіць не паспелі. Скласці яе падмеўся дзед. Сярод хаты стаяла пазычаная ў Лявосі скрыня – адна, мусіць, на цэлую вёску, і яе бралі ўсе, каму трэба было рабіць печ ці пліту. Дзед лапатаю насіў у хату гліну, што яшчэ з леташняга года ляжала ў нас каля вугла, сыпаў у скрыню і, падліваючы вады, размешваў. Я бегаў у нашую яму, што ўвярнулася на згоне зімы, калі выбіралі картоплі, – аб’ехала збоку цэлая глыба, ледзьве не завярнуўшы бацьку, – па жоўты пясок. Дзед добра размешваў яго з глінаю, завязаўшы хвартух, станавіўся на коленкі, чэрпаў кельмаю рошчыну, выбіраў дзе які каменьчык і ляпаў яе на ток, клаў на сярэдзіну разбітыя, а з краю цалейшыя цэглы, стукаў па іх, раўняючы ручкаю кельмы, – выкладваў спод.
   За першы дзень ён зрабіў печку толькі да люфаў. Назаўтра была нядзеля, і дзед, пэўна, пайшоў у мястэчка да тае самае служанкі, а пасля полудня над нашай вёскай ляцелі самалёты, чужыя, з чорнымі крыжамі, і, спусціўшыся над маяком, што стаяў на тары за вёскаю, глуха стралялі з кулямётаў: бух, бух, бух – нібы сыпаліся ў пустую глыбокую яму з мяшка картоплі. Потым недзе грымела, як грыміць далёкі пярун, калі адыдзецца хмара і аглянецца сонца.
   Прыйшоўшы з мястэчка, дзе ён вартаваў газу, бацька сказаў, што пачалася вайна. А ў нашай вёсцы было ціха. На падворку ціўкалі, збягаючыся да курыцы, жоўтыя нядужыя кураняты, і недзе за вёскаю ў алешніку крычалі рудыя з жоўтымі дзюбамі шпакі, і старыя, чорныя, мусіць, яшчэ насілі ім і кідалі ў разяўлены рот чарвей.
   У панядзелак дзед прыйшоў рабіць пліту. Але маці сказала:
   – Пачакаем, тата, печка нідзе не дзенецца. Вайна... каб дзе што прыпратаць, – і пачала насіць у пустую картапляную яму ўсё са свайго куфра.
   Я ўжо не пагнаў карову на асадніцкае балота – пасвіў каля дзедавай хаты. Цяпер ужо кожны дзень дарогаю з мястэчка ішлі людзі – чужыя, задыханыя, ішлі не разбіраючы дарогі, усё туды, недзе пад Ратамшчыну; ехалі машыны з кабетамі, з дзецьмі – на дарозе ўставаў і цягнуўся на нізкі, яшчэ жаўтлявы ячмень мяккі сухі пыл, ад яго пяршыла ў роце. Пачалі ісці салдаты – спярша грамадкамі, потым па адным, па два – як хто, заходзілі пад дзедаву хату, сядзелі ў цяньку, пераабуваліся, кідаючы старыя анучы, шынялі, і ішлі далей. Аднаго разу тут, каля дзедава гарода, стрэліла маторам і заглухла машына з чатырохствольным, што стаяў у кузаве, кулямётам. Трое байцоў пастаялі каля яе і, павесіўшы на плечы вінтоўкі, пайшлі ў нізкі, жаўтлявы ад маладых і высокіх, як свечкі, вяршкоў хвойнік.
   Пад вечар, калі зрабілася зеленаватым неба, дзе заходзіла сонца, а на поўдні стаў відаць месяц, што браўся на поўню, сюды, на дзедаў хутар, прыйшлі падазроныя людзі. Мы з дзедам убачылі іх яшчэ на балоце, калі яны звярнулі з грэблі. Іх было чацвёра. Недзе з-пад іхніх ног паднялася і закрычала, нізка лётаючы над балотам, кнігаўка. Мы з дзедам стаялі і глядзелі, як праз жоўтую слепату, што заглушыла дзедаву сенажаць, яны ішлі сюды, да нас. Мы спярша думалі, што гэта нашы байцы, – адзетыя яны былі ва ўсё вайсковае і з вінтоўкамі.
   – Мусіць, хочуць вады, – сказаў дзед, азіраючыся на мяне. – Скокні прынясі.
   Па ваду трэба было схадзіць у крыніцу да бочкі, якую дзед укапаў на лагчынцы каля гарода.
   Я пабег у хату і вынес пустое вядро. На падворак прыйшлі ўжо байцы. Я стаяў, чакаючы, што яны будуць гаварыць.
   – Hex бэндзе похвалёны, – зняўшы пілотку, сказаў адзін з іх, высокі, з белаватымі вачыма.
   – Здрастуйце, – сказаў дзед, пільна цікуючы на байцоў. На боты, на галіфэ ў іх наліплі жоўтыя лісткі ад мокрае слепаты.
   На балоце выпала раса, і далёка за грэбляю, каля асаднікавае хаты, вісеў белаваты, як дым ад сырога алешніку, туман.
   – Пан не ве, як пшэйсць до Ліды? – гаварыў усё той, з белаватымі вачыма, астатнія маўчалі. Шыя ў яго была чырвоная, чырвань налівалася і за вушамі.
   – Ліда ў тым боку, – дзед падняў руку з папяросаю і паказаў туды, дзе праз рэдзенькую ў палосы хмару глядзела чырвонае, велічынёю з века ад дзежкі, сонца.
   Я глянуў на яго, і ў вачах асталіся спярша залаціста-зялёныя, а потым сінія і цёмныя кропкі.
   – Спасіба, – сказаў той самы баец з чырванню за вушамі. Астатнія трое маўчалі. Адзін расшпіліў зялёную палатняную сумку і даў мне грудку цукру.
   Яны паправілі, падтрасаючы на плячах, вінтоўкі і памалу пайшлі дарогаю. Каля цёмна-сіняватага, што ўжо выпусціла колас, жыта звярнулі на сцежку.
   – Гэта ж, пэўна, пераадзетыя нямцэ, – папярхнуўся дымам дзед. – Бо чаго ж на ноч гледзячы ідуць пад Ліду? Да сваіх, недзе... – Дзед папляваў на папяросу і атрос яе з пальцаў. – Недзе ўжо блізка хронт, раз яны ходзяць не баючыся. – Ён яшчэ паўзіраўся туды, дзе каля жыта стаялі, апраўляючыся, пераадзетыя немцы, і пайшоў у хату.
   Я адлучыў ад дзедавай сваю карову і пагнаў яе на дарогу. Сонца ўжо закацілася, толькі неба на захадзе асталося ружовае – знак, што заўтра зноў будзе гэтакі сухі і ветраны, як сёння, дзень. Ціш ляжала над светам. I недзе трапятаўся ўгары жаваранак. Адзін на ўсё поле. Пахла зялёным сырым жытам. Вільгатнеў пясок на дарозе. Чмыхала карова. З губы ў яе цягнулася доўгая і тонкая, як павуціна, блішчастая сліна.
   Высока на поўдні паяснеў месяц. Шашою ляскала, траслася фурманка. I недзе страляла і глухла машына. Выгнаўшы на груд, я ўбачыў, як шашою за нашу вёску на ўсход сонца ішлі і ішлі байцы...
   Назаўтра ў полудзень, якраз тады, калі я прыгнаў з поля карову, да нас у хату забег маладжавы цыган. На баку ў яго вісела зялёная картовая сумка, рыхтык такая, якую я знайшоў каля шашы ў канаве, – у ёй быў процівагаз. Цыган расшпіліў картовую сумку і дастаў складзены ў некалькі столак кавалак зялёнага сукна.
   – Можа паесці далі б? – сказаў ён і паклаў на стол кавалак сукна.
   – Нашто ж гэта мне, чалавеча? – беручыся за вілы і адчыняючы ў печы засланку, сказала маці. – Я і так вам крупніку налью. – Яна падважыла і выцягнула на прыпек чыгунок з белаватым накіпам на боку. – Божа, што на свеце робіцца? А мы во толькі хату паставілі. I абжыцца не паспелі;.. Бачыце, і пліту яшчэ не дакончылі.
   Цыган паглядзеў на складзеную вышэй калена пліту, на скрыню з падсохлаю і пабялелаю ў ёй глінаю.
   – Не, вы гэтае сукно забярэце. Цяпер нічога не спажывеш, каб хоць самыя жывы асталіся, – маці наліла і, забяліўшы, паставіла на стол гліняную міску з крупнікам.
   Цыган расшпіліў каўнер у рубашцы і падсунуўся да стала. Маці адкінула абрус, якім накрывала хлеб, і адкроіла вялікую, на ўвесь бохан, лусту.
   – А ці ж далёка той фронт? – спытала яна, сеўшы на заслон і гледзячы, як цыган есць.
   – Ды кажуць, што немец ужо каля Слоніма.
   – А мой во пацягнуўся ў мястэчка. I чаго, каб хто спытаў. Газу там вартуе. Ці, як кажуць цяпер, карасіну. Каму яна трэба цяпер, тая варта?..
   Цыган, маўчучы, высербаў крупнік. Выцер губы, паклаў недаедзены акраец хлеба сабе ў картовую сумку і ўстаў з-за стала.
   – Не, і сукно забярэце. Гэта ж грэх, каб я за міску крупніку ды адрэз сукна брала.
   – Нічога, нічога. Спатрэбіцца калі-небудзь, – цыган абедзвюма рукамі адзеў на галаву шапку і адчыніў дзверы.
   Маці паднялася з заслона, узяла са стала складзены ў некалькі столак кавалак зялёнага, як выцвілага, сукна, разгарнула яго і памацала пальцамі.
   – Так добрае сукно, – сказала і засмяялася давольная.
   Але ў сенях нехта зноў шлупаўся, ніяк не могучы адчыніць клямку, – не ведаў, што спярша трэба стукнуць у дзверы каленам, як раблю я.
   Кінуўшы на куфар адрэз, дзверы памагла адчыніць маці.
   За парогам стаяў той самы маладжавы цыган.
   – Немцы! – сказаў ён як не сваім голасам. Твар у яго быў белы. – Страляюць па вёсцы, – і зноў выскачыў на двор.
   Я кінуўся за ім. Чуваць было, як недзе нізка над вёскаю стракатаў самалёт.
   – Куды ты? – адчыніўшы дзверы, закрычала маці, аж у яе, мусіць, перацяло ў горле. – Вярніся! Куды ты?
   Я ўскочыў назад у хату.
   – Лажыся, – маці схапіла мяне за каўнер, з усяе моцы прыціснула да зямлі, тут жа з прыходу, недалёка ад памялешніка, дзе стаяў вялікі чыгун – ад яго пахла кіслымі памыямі. Тады на коленках папаўзла да ложка, сцягнула, прынясла сюды, у памялешнік, падушку.
   – На, хавай за яе галаву!
   I раптоўна нешта моцна і суха, як пярун у камень, ляснула ў сенях. Грукнулі і расчыніліся, як пры вялікім ветры, дзверы. У коміне задзынкала аб край юшкі, пасыпалася на прыпек раскрышаная цэгла ці сажа. Нада мною загайдалася і заскрыпела прычэпленае на доўгім дроце да бэлькі вядро. За акном віўся жоўты, нібы з нашага коміна, калі палілі сырым ялаўцом, дым. З сяней цягнула смуродам.
   – Сынок, хата гарыць, – маці схапілася з зямлі і зачыніла дзверы.
   У хаце зрабілася сцішна. На страсе, чуваць было, шумела полымя – мякка і густа, як шуміць лес.
   Маці падбегла да акна і доўга адшчапляла і ніяк не магла адшчапіць кручок.
   – Скакай сюды, у гародчык, – маці адшчапіла кручок і папхнула туды, на вуліцу, абедзве палавіны акна.
   Я скокнуў на нізкія і звялыя ад гарачыні памідоры. Ад іх горка пахла, як ад нарэзанага сырога картапляніку. Востра дзынкалі тут, каля сцяны, мухі.
   Самалёта над вёскаю не было чуваць. Толькі над нашаю хатаю шумела, як з вялікага цёнгу, полымя і трашчалі латы, як трашчаць у печы і страляюць на хату сухія яловыя дровы. На чужой страсе, уючыся, поўз цень – гэта, мусіць, ад дыму з нашае хаты. Чуваць было, як нізка зафуркатаў снарад і бухнуў недзе там, за чужою хатаю, – каля плота закудахкалі і, з перапуду падлятаючы, пабеглі ў бэз куры. Стралялі з грудка, з шашы – раз за разам і моцна – недзе з гарматаў.
   – Ах, божачка, чаго ты тут стаіш? – маці кінула праз акно сюды, на звялыя ад гарачыні памідоры, падушку і свой новы, што нядаўна шыла, з плюшавым каўняром сачык. I, зачапіўшыся недзе на акне за кручок спадніцаю, з’ехала з акна ў гародчык сама. – Бяжы ў картапляную яму! – крыкнула яна, паднімаючы падушку і свой новы сачык.
   Я выскачыў за хату. Недзе каля мяне, як нешта злое і вострае – вось-вось уджаліць, – ціўкалі кулі.
   – Хлопчык, лажыся! – пачуў я нечы голас і, азірнуўшыся, убачыў таго самага маладжавага цыгана, што еў у нас крупнік. Ён, прыгнуўшыся, бег да мяне.
   – Лажыся, кажу табе, лажыся! – ён схапіў мяне за руку і моцна, як робяць у жарт рукавіцу, сціснуўшы за костачку, павалок у нашу, што так і асталася незасыпаная, картапляную яму: тут мы капалі пад берагам свежы пясок, калі трэба было пасыпаць у нядзелю хату і надворак.
   У яме пахла нагрэтым пяском, валяліся чорныя асколкі шкла ад разбітых бутэлек, каменне, смецце, якое насыпаў бацька, падграбаючы і метучы падворак. Я вызірнуў з ямы, углядаючыся, дзе маці. Цягнучы за адзін рог падушку, яна бегла ўжо сюды.
   – Ах, божа, гэта ж з хлява каровы не выпусціла, – маці задыхалася і цяжка сапла. – Згарыць карова.
   – Не хадзіце, – сказаў цыган, не паднімаючы голас. Ён ляжаў скурчыўшыся. З берага яму на шапку нацерушыўся пясок.
   – Куды ж я цяперака пайду, – стаўшы на коленкі, маці пачала грабці з-пад сябе пясок.
   – Во лажыся сюды, – і яна накрыла мне галаву падушкаю. Пад ёю не было чуваць, як страляюць.
   Я высунуў галаву. Высока ў неба паднімаўся жоўты напроці сонца дым. У ім мільгала, вілася ўгору і лётала, як чорны які снег, перагарэлая салома. Вецер зносіў яе недзе ўбок. Свет зрабіўся жоўты, як перад зацьменнем.
   I раптам зараўла наша карова – моцна, як раўла яна аднаго разу каля крыжа за вёскаю; там, казалі, яшчэ ў тую вайну з немцамі хавалі бежанцаў, што памерлі ад гішпанкі. I недзе трашчала, пэўна абвальваючыся, хата – угору ляцелі і віліся цэлым снапом іскры.
   Маці паднялася і зірнула з ямы.
   – Ах, божачка, гарыць наш хлеў! – губы ў яе задрыжалі і пачалі крывіцца.
   Цыган маўчаў. Рукі ў яго калаціліся.
   – Ах, божачка, а дзе наш бацька? – маці завяла голасам, але недзе з грудка, з шашы, зноў, бо былі перасталі, пачалі страляць – уразнабой і глуха, мусіць з вінтовак, і яна сціхла, прыгнулася і стала выцірацца рогам хусткі.
   Недалёка ад ямы, чуваць было, загаварылі, а потым нехта заенчыў немым голасам, што па нябожчыку. Але ўжо не стралялі. Цыган выглянуў з ямы і схаваўся зноў. Твар у яго пачаў бялець. Ён сцяўся ўвесь і, скрывіўшы набок галаву, пачаў услухоўвацца: недалёка ад ямы як тупалі нечыя ногі. Я павярнуўся і ўбачыў немца – спярша яго галаву ў зялёнай пілотцы і з круглай кукардаю, потым грудзі – зялёны фрэнч з арлом вышай кішэнькі, потым закасаныя да локцяў белыя, што, пэўна, ніколі не бачылі сонца, рукі. Немец ішоў сюды, да нас, трымаючы перад сабою кароткі чорны аўтамат.
   Цыган заварушыўся. Немец, стоячы з краю ямы, махнуў аўтаматам – даваў знак байцу, што трэба вылазіць. Цыган падняўся, атрасаючы з сябе пясок, азірнуўся на нас і пачаў распяразваць, як нежывымі рукамі, палатняны рэмень. Немец зноў махнуў аўтаматам, і ноздры ў яго раздзьмуліся ад злосці. Цыган вылез з ямы і пайшоў паперадзе немца, трымаючы ў руцэ гэты палатняны рэмень.
   Немец падбег да яго і, схапіўшы за шлейку, сцягнуў цераз галаву ў яго вайсковую сумку, паглядзеў у яе і, пэўна, убачыўшы той самы акраец хлеба, засмяяўся. Потым раскруціў яе за шлейку і шпурнуў ад сябе.
   Мы падняліся з ямы. Нашае хаты ўжо не было: на чорным, што яшчэ курэла асмалкамі, пажарышчы стаяла белая печ з кароткім, па юшку, комінам. На прыпеку, за бокам, астаўся цэлы той самы чыгунок з крупнікам. Быў відаць абгараны і пагібаны жалезны ложак, што бацька купіў з паўгода назад.
   Гэтакія белыя печы стаялі скрозь, з чорных пажарышчаў цягнуўся сіні дым; здаецца, стаяў туман, як стаіць ён у пагодную раніцу – нізкі, рэдзенькі, перамешаны з дымам, што ўецца з комінаў і коціцца па стрэхах.
   Было далёка відаць – не заміналі будынкі, – і рабілася нязвыкла. У нас каля бэзу яшчэ гарэў і абвальваўся плот. На чужым падворку стаяла абгарэлая бярэзіна, толькі на вяршку асталося звялае, паскручванае ў трубку лісце. Нехта стаяў каля свайго пажарышча і разварушваў яго доўгаю палкаю – мусіць, нешта шукаў.
   Збіраліся і выходзілі на вуліцу людзі – ціха, як збіраюцца глядзець нябожчыка. Смярдзела паленым гноем, анучамі, мясам, як прыгарыць яно ў гаршку.
   Там, дзе была наша падпаветка, дзе стаяла Чарнавуха, якую маці з гарачкі забылася выпусціць з хлява, я ўбачыў чорную асмаленую галаву з адным скручаным рогам, з заплюшчанымі вачыма, з высалапленым і сцятым дзяснамі языком. Чарнавуха, відаць, выбіла ў падпаветцы рагамі аконца і высунула на двор галаву. Тады яна і раўла, як гарэла падпаветка. Далей на пажарышчы была толькі вялікая, абсыпаная чорным попелам горба – ляжала каровіна тулава.
   – Божа ж мой, божа, як жа ж будзем жыць? – трымаючы пад пахаю падушку і свой новы, з плюшавым каўнерыкам сачык, маці падышла да закрытае картаплянае ямы, куды надоечы насіла са свайго куфра палатно і адзежу, укленчыла і адкінула з дзіркі ржавую бляху. Зверху на скіданай адзежы я ўбачыў бардзюр.
   – А во, той самы пасак! – крыкнуў я і зарадаваўся бог ведае чаму.
   Маці, нічога не сказаўшы, укінула туды ў яму свой новы каптан, увапхнула падушку і падышла да пажарышча. Стаяла, склаўшы, нібы молячыся, перад грудзьмі рукі, і ў яе крывіліся губы і дрыжала барада.
   Каля бэзу усё яшчэ гарэў і лускаў, як лускае, астываючы, асмалак, наш плот. У апаленых, што зляглі і счарнелі, памідорах стаялі абгарэлыя калочкі, ляжала растопленае шкло і адлівала нейкімі ружавата-зялёнымі палосамі, як адлівае на вадзе, расцякаючыся, мазута.
   – Лявосю, кажуць, застрэліла, – крыкнулі з-за бэзу бабы, бегучы вуліцай.
   – А больш нікога? – спытала маці.
   – А хто ж яго ведае! – не азіраючыся, азваліся бабы і скоранька пайшлі, мільгаючы босымі нагамі.
   – Пойдзем да дзеда, можа і бацька там, – маці павярнулася і пайшла нашым надворкам з чорнымі лапікамі выгаранае сухое травы – там, дзе ўпалі іскры.
   Каля пясчанае дарогі ў раўку за вёскаю ляжаў той самы маладжавы цыган; ляжаў ён у выкачанай крапіве з выскаленымі і сцятымі зубамі. Твар яго скрывіўся і скамянеў ад пакуты. Далёка ад яго валяўся палатняны салдацкі рэмень.
   – Ах, божа, так гэта ж той чалавек! – маці перахрысцілася. – Пытай, за што ж яны яго застрэлілі? Ці чалавек вінаваты?..
   Дарогаю пад нашу вёску адна за адною ехалі нямецкія машыны: зверху на радыятарах трапяталася чырвоная матэрыя з белым кругам і намалёваным у ім чорным нямецкім крыжам. Машыны дыхалі тарам. Яны прайшлі, а над дарогаю стаяў і не разыходзіўся гэты чорны дым, смярдзючы, як агарак кнота ў лямпе.
   Мы падняліся на грудок. Там, дзе стаяла дзедава хата, гумно, курэліся два чорныя пажарышчы: на дарогу, на жоўтае ад слепаты балота поўз і разыходзіўся сіні дым. Выдавала здалёк, што гарыць торф. На балотцы за дарогаю ў капусце было відаць чырвоную дзедаву карову. Пералівалася сінявата-ліловае маладое жыта за балотцам, па ім хадзіў вецер, і яно сівела. Недзе высока ў злінялым небе вісеў невідушчы жаваранак; песня яго была тоненькая – вось-вось парвецца.
   Было ўсё тое самае тут, у Азярышчы: сівая асака за грэбляю на лавах, цёмныя кусты ялаўцу, дзе, пэўна, жаласна ціўкалі, гайдаючыся на маладых жаўтлявых вяршках, шэрыя, з шылаватымі хвастамі янчыкі, стаяла асаднікава хата з белым атынкованым шчытом, смуга засцілала лес, нізкі і цёмны перад грудамі, дзе сыходзілася неба з зямлёю. Быў той самы свет, толькі не было дзедавай хаты.
   – Ах, божа! – маці ўспляснула патрэсканымі чорнымі, што ўжо не адмываліся, рукамі – дзіва, каторы дзень палола грады – і пайшла подбегам.
   – А-я-ёй, а божачка мой! – заенчыла яна, падыходзячы да пажарышча.
   Каля чырвонага пляскатага каменя, што раскалоўся ад агню, ляжала нешта чорнае, абгаранае, рыхтык корч. Я не пазнаў, я дагадаўся, што гэта дзед. Ён ляжаў дагары, скурчыўшы ў каленях чорныя, як асмалкі, ногі. Скурчаныя былі і рукі, на іх яшчэ целяпалася сатлелая, як трут, адзежа. Я не мог глядзець, баяўся, і пайшоў туды, дзе было гумно. На пажырышчы стаяла чорная, з пагібаным і расколатым колам, абгарэлая, ужо без карыта, сячкарня. Трашчалі, астываючы, асмалкі – усё, што асталося ад сцен, лат і крокваў. Нада мною, над пажарышчам шмыгала, цвіркаючы, ластаўка. На прыгуменні сядзеў і, падняўшы галаву, цікаваў на яе Мар’ян.
   – А татачка мой! А што зрабілася, а што ўчынілася, што цябе няма! – маці стаяла каля расколатага каменя, паднімала і, успляснуўшы, апускала рукі.
   Я падбег на балотца і выгнаў з капусты дзедаву карову. Каля таго месца, дзе была ўкапана бочка, з якое дзед браў ваду, чарнела даўжынёю можа на метр і глыбінёю па калена выбітая снарадам яма. Я пастаяў над берагам, баючыся ступіць у яму, і пагнаў з балотца карову: бакі ў яе былі круглыя – карову спушыла ад капусты.
   Маці падышла сюды, выціраючы рукою мокрыя вочы:
   – А дзе ж знайсці саломы, каб скруціць перавясла? Трэба перавязаць жывот карове – гэта ж памагае...
   Маці трохі супакоілася, але потым, калі мы ўжо адагналіся ад дзедавага хутара, зноў з плачам сказала:
   – А бацькі во – німашука...
   Бацька знайшоўся на трэці дзень: нехта наказаў у вёску, што яго бачылі ў мястэчку – там немцы зрабілі з калючага дроту загарад і трымаюць арыштаваных людзей. Мы пачалі збіраць яму падаянку: маці збегала да цёткі Ядвісі і пазычыла бохан хлеба і паўапольца з’ялчалага жоўтага сала.
   А дзеда хавалі назаўтра. Хавалі разам з Лявосяй у адной яме, каля крыжа перад вёскаю: Лявосю ў труне, а дзеда ў вялікай, збітай з негаблёваных дошчак скрыні. Дзеда ў труну не было як пакласці і не было як апрануць – яго накрылі прасцірадлам.
   Да крыжа потым, чуючы нябожчыкаў, збягаліся і раўлі нюхаючы зямлю, усе каровы. Спярша раўла і бегла туды, угнуўшы галаву і круцячы рагамі, адна, а потым за ёй усе. Рабілася вусцішна.
   Можа, праз месяц ці менш дзеда перавезлі на магілкі. А я ўсё доўга чуў віну перад ім за тыя два злоты, усё шкадаваў, што не вярнуў іх дзеду. Мне і па сённяшні дзень здаецца, што гэта былі яго грошы.
   Праз месяцы тры, ужо з Баранавіч, куды перавезлі арыштаваных мужчын, мой бацька ўцёк дадому.
   Хаты ў нас не было доўга, жылі мы ў падсуседзях, але ў мацерынай скрыні, якую бацька збіў заміж куфра, валяўся бардзюр – тая шырокая папяровая стужка ў кветачкі з выразанымі зубкамі.
   Хату мы пабудавалі пасля вайны – тады было не да шпалераў. Так і па сённяшні дзень дома ў нас не прыбіты да сцяны гэты самы бардзюр. I я ўсё забываюся спытаць, ці хавае яго маці ў сваёй скрыні.
   З цягам часу ўсё забываецца, але іншы раз самая нязначная і дробная рэч напомніць чалавеку нейкі далёкі кавалачак жыцця, якое-небудзь здарэнне, як напомніў мне ўсё гэта, што напісана ў апавяданні, абліты ружаватым заплеснелым сокам бярозавы пень.


Крыніца: Адамчык В. Дзікі голуб. Апавяданні. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1972. – 192 с.

Похожие статьи:

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Дзікі голуб

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Пагарэльцы

Вячаслаў АдамчыкВячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго