Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Васіль Хомчанка - Елка з белымі кветкамі

Кнопка отправить на печать

   Ці цвітуць елкі, ды яшчэ белымі кветкамі? Скажаце – не? А я такую елку бачыў у дзяцінстве...
   Было гэта вельмі даўно. Я жыў у маленькім гарадку – іх тады называлі мястэчкамі. Надыходзіў Новы год. Елкі ў нас не прадаваліся, як у вялікіх гарадах. Кожны здабываў сабе яе сам.
   Узяў і я сякеру і падаўся ў лес.
   Выбраў сабе елачку і пачаў разграбаць валёнкамі пад ёю снег. Елачка была прысадзістая, стройная, купчастая. Я прыўзняў угору ніжнія галінкі, замахнуўся сякерай – і ўтрымаўся, не секануў. Мне здалося, што елачка ад страху не то ўсхліпнула, не то рыпнула. Елачка хацела жыць...
   З самых малых год я шкадаваў усё жывое: птушак, звяроў, дрэвы, траву. Ніколі без патрэбы не ламаў голле дрэў, не рваў кветак проста так, як некаторыя: сарве, панюхае і кіне.
   Але гэту елачку хоць шкадаваў, а ўсё ж ссек. Ударыў сякерай па камлі, дрэўца пачало хіліцца, чапляцца лапкамі за сваіх сясцёр-елачак. Яшчэ раз секануў, яна калыхнула вяршынькай, храбуснула валокнамі і замерла на снезе.
   Елачцы абрадаваліся сястра, брацікі. Мы паставілі яе ў крыжавіну, упрыгожылі цацкамі і выразанкамі з каляровых паперак. Прыгожая атрымалася ёлка. Каля яе мы скакалі, спявалі песенькі, вадзілі карагод, гулялі ў Дзеда Мароза і Снягурачку. I я гуляў і быў рады, што выбраў у лесе такую цудоўную елачку.
   Назаўтра, ужо на Новы год, да мяне завітаў мой сябар Славік, які жыў на другім канцы гарадка. Я адразу ж пачаў хваліцца сваёй ёлкай.
   Славік абыякава сказаў:
   – Звычайная ёлка. Дні праз два ты яе выкінеш на сметнік.
   Ён паглядзеў на мяне так, што я зразумеў: Славік зараз паведаміць мне нешта асаблівае.
   I ён сказаў:
   – На нашай вуліцы ёсць навагодняя ёлка... з белымі кветкамі.
   – Ты што, якія на ёлцы кветкі?
   – Такая ёлка ў Івана Сяргеевіча. Хочаш пабачыць яе?
   Іван Сяргеевіч – наш местачковы доктар. У яго надзіва багаты сад з рознымі рэдкімі раслінамі.
   Мы пайшлі да Івана Сяргеевіча. Дарогай да нас далучылася цэлая гурма дзяцей, бо ўжо многія пачулі пра незвычайную ёлку.
   У дом доктара Славік зайшоў спачатку адзін, каб спытаць дазволу прывесці сяброў. Праз некалькі хвілін паклікаў і нас.
   Я пераступіў парог першы і ад здзіўлення застыў на месцы. Каля акна ў кадушцы... цвіла вішня. Уся яна была ў белай квецені, быццам у маі, калі ўсё цвіце. Маленькія свечачкі, якія доктар запаліў на вішні, асвяцілі яе зіхатлівым жоўтым святлом. Мы і пах вішні адчулі – тонкі, ледзь улоўны. «Як малаком аблітыя, стаяць сады вішнёвыя...» – міжволі прыйшло на памяць.
   Усе маўчалі, уражаныя такім дзівам. Так ціха было ў доме, што мы нават чулі патрэскванне свечак.
   – Падабаецца? – спытаў Іван Сяргеевіч. Ён быў вельмі задаволены, што яго навагодняя «ёлка» так нас уразіла. Зняў з вішні цукеркі і пачаставаў нас. А потым павесіў новыя, для іншых дзяцей, якія, вядома ж, прыйдуць таксама падзівіцца на гэтую «ёлку».
   – Як жа яна зацвіла? – спыталі мы. Іван Сяргеевіч спачатку расказаў нам вось што:
   – Калісьці нашы продкі – славяне – вельмі любілі вішні. У іх быў нават бог вішань – Керніс. I было ў іх так заведзена: вішні вырошчвалі ў кадушках, а зімою, пад Новы год, прымушалі іх цвісці. За акном сумёты да стрэх, завіруха гудзе, а на покуці вішня ў квецені, аздобленая стужкамі ды свечкамі. Прыгожа і святочна. I так сустракалі кожны Новы год.
   А потым хтосьці палічыў (нейкі, відаць, гультаяваты чалавек), што вельмі клапатліва – вырошчваць, а потым сустракаць Новы год з такімі вішнямі, і замяніў іх елкай. Пайшоў у лес, ссек, прынёс і паставіў. Проста і лёгка.
   – А як жа вішню прымусіць зацвісці менавіта пад Новы год? – спытаў я.
   – Трэба толькі захацець. Не вельмі ўжо і складана. У мяне да самага снежня вішанька гэта стаяла на холадзе. А потым яе ў пакой перанёс. Да светлага акна паставіў. Паліваў цёплай вадой, падкормліваў. Дрэўца і пайшло ў рост, зацвіло. У наступны Новы год у мяне зацвіце бэз. Прыходзьце паглядзець.
   Вярнуўся я дамоў, зірнуў на сваю ёлку – вельмі шкада мне стала яе. Навошта я загубіў дрэўца? Няхай бы расло ў лесе, калыхала птушак, шапталася з ветрам...
   Праз некалькі дзён елка амаль уся асыпалася, і я выкінуў яе на двор. Там ляжала ўжо шмат такіх елак.
   I вось з таго далёкага часу я не прыношу перад Новым годам елкі ў хату... Праўда, цяпер можна замяніць жывую елку штучнай – капронавай, купіць у магазіне – на ўсё жыццё хопіць. У мяне ж, як калісьці ў Івана Сяргеевіча, на Новы год зацвітае якое-небудзь дрэўца: вішня, чарэшня, бэз, чаромха. Або ўскіпіць ружаватай пенай яблыневая галінка. Прыходзяць да мяне людзі, дзівяцца з незвычайнай «ёлкі».
   Гадоў сорак я сустракаю Новы год з такой ёлкай. Колькі збярог дрэў за гэты час? Цэлы гай!

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!