Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Проза Васіля Зуёнка

   Напрыканцы ХХ стагоддзя Васіль Зуёнак выступіў у якасці пісьменніка-празаіка: у друку пачалі з’яўляцца яго творы з не зусім, аднак, звычайным для прозы жанравым вызначэннем – «элегія». Традыцыйна ў літаратуразнаўстве гэтым тэрмінам называюць лірычныя вершы, у якіх выяўляецца смутак, туга, меланхолія, выкліканыя асабістым няшчасцем ці сацыяльнай неўладкаванасцю. Тым не менш Васіль Зуёнак невыпадкова так назваў сваю прозу, на яго думку, гэта вызначэнне «найбольш поўна ахоплівае створаную аўтарам рэальнасць – ланцужок жыцця чалавечага, дзе пераважае смех праз слёзы, і фінал – шчымліва-сумны (прынамсі, для гэтага, канкрэтнага чалавека), а то і трагічны… элегія жыцця».
   Асабліва моцна трагізм жыцця выяўляецца ў творах, прысвечаных лёсу сучаснага «маленькага» чалавека: «Супоня», «Штаны», «Чаравікі для баўэра», «Электрашокер», «Гіпноз», «На парукі…» Іх дзеянне развіваецца на шырокім «эпічным» фоне: трывожныя сталінскія гады і вайна, гарбачоўская перабудова, водгукі Чарнобыля, сённяшняе жыццё беларускай вёскі з яе п’янствам, экалагічнымі праблемамі, неперспектыўнасцю. Аднак аўтара цікавіць не столькі стан знешняй рэчаіснасці, колькі ўнутраны свет героя. Пісьменнік пранікае ў яго душу і бачыць там разгубленасць, абыякавасць, бязвер’е – менавіта таму яго элегіі трывожныя, тужлівыя, напоўнены болем за чалавека, якога аўтар узводзіць у звышкаштоўнасць. (Дарэчы, ці не ўсе элегіі маюць канкрэтную геаграфічную прывязку да радзімы Васіля Зуёнка – Узбор’я, Веснагоркі, Начы. Узнікае ўражанне, быццам аўтар занатоўвае рэальныя здарэнні, у мастацкай форме пераказвае сапраўдныя гісторыі жыцця сваіх землякоў, стварае свой, узборскі, летапіс.)
   Не паспяшаемся, аднак, сцвярджаць, што да прозы пісьменнік звярнуўся ўжо будучы сталым майстрам. Гэта не зусім так: празаічныя творы былі «абнародаваны» напрыканцы мінулага стагоддзя, пісаць жа іх аўтар пачаў яшчэ ў пяцідзесятыя гады. Для Васіля Зуёнка проза тады была своеасаблівымі ўцёкамі ад нарматыўнасці і апісальнасці, якіх пакуль што не пазбавілася паэзія. «“Практыкавацца ў прозе”, – зазначае пісьменнік, – я пачаў быў даволі-такі даўно – гадоў сорак з гакам таму… А падштурхнулі мяне да гэтага кроку тагачасныя патрабаванні да вершаванай “прадукцыі”: ніяк не мог я патрапіць у тон, якога вымагалі газетныя кансультанты… Ось тады і намерыўся “закапаць свае таленты” і паставіць крыж над магілаю рыфмаў…» Жыццё ўсё расставіла па сваіх месцах: Васіль Зуёнак стаў адным з самых цікавых і яркіх паэтаў нашага часу, але і проза не адпусціла яго.
   Прынамсі, «родам» з пяцідзесятых элегіі «Аднойчы на схіле неба…», «Дзяцей шкада…». Гэтым жа часам датуюцца першыя «подступы» пісьменніка да твора «Паўстанак з літарай “Л”», завершанага ў 1999 годзе. эмацыйную атмасферу элегіі вызначае пачуццё настальгіі па юнацтву. тут, як і ў паэме «Маўчанне травы» і многіх лірычных вершах, адбываецца сумяшчэнне двух часоў, спрацоўвае прынцып двайнога бачання. На пачатку твора дзейнічае лірычны герой, студэнт педагагічнага вучылішча (а гэта сам аўтар у юнацтве): ён «пракручвае» ў памяці ўрок, прысвечаны вывучэнню літары «Л», які прынёс яму радасць і задавальненне, успамінае вучаніцу Лену… І не здагадваецца, што «“замацаваная” літара ўжо займела сваё, асабістае і таемнае, жыццё…» Літара напомніла пра сябе пісьмом, атрыманым студэнтам напрыканцы навучальнага года: «“Мы сумуем па вас…” І подпіс “Лена”…» – шчырым дзіцячым прызнаннем, прыхаваным за выратоўнае «мы». У фінале твора маналог юнака працягвае ўжо сталы чалавек – пісьменнік, усё сказанае раней і ўспрынятае як «цяперашнасць» пераводзіцца ў разрад успамінаў. Праз шмат год, калі аўтар зрэдку праязджае праз знаёмы паўстанак, у яго душы ўваскрашаюцца пачуцці таго дня – два часавыя адрэзкі, дзве часткі твора знітоўваюцца адзіным матывам: пачуццём радасці. Аднак радасць азмрочваецца настальгічным сумам ад разумення таго, што нічога і ніколі не вернецца, не паўторыцца: «Толькі ведаю – пісем адтуль мне ніхто не напіша… Не бывае пісем з юнацтва…» Па ўсім відаць, колішняе імгненне жыцця засталося ў памяці і сагравае душу.
   Вялікую ўвагу пісьменнік надае музыкальнай арганізацыі тэксту, выразнасці рытмічнага малюнка. У прозе Васіль Зуёнак віртуозна абыходзіцца з багатым лірычным інструментарыем, выкарыстоўвае ўласна паэтычныя сродкі – паўторы пэўных спалучэнняў слоў, інверсію, недагаворанасць, – дзякуючы чаму ствараецца ўзрушаная інтанацыя, прачула-пяшчотная лірычная атмасфера.
   Лірычная танальнасць уласціва іншым узорам празаічнага плёну Васіля Зуёнка – эцюдам і эсэ. Многія з іх невялікія па аб’ёму (гэта датычыць у першую чаргу эцюдаў), маюць вольную кампазіцыю, устаноўку на размоўную інтанацыю, падкрэслены суб’ектывізм у думках і ацэнках, іх мова вобразная і афарыстычная, а ўсё гэта з’яўляецца характарыстычнымі рысамі эсэ як жанру. Па форме празаічныя творы Васіля Зуёнка нярэдка нагадваюць асабістыя занатоўкі, запісы «для сябе». Зместавы дыяпазон іх надзвычай шырокі: пейзажныя замалёўкі («На хвалях лясной дарогі…», «Ляцела зярнятка…»), лірыка-філасофскія мініяцюры («На чоўне месяца…», «Далёка – блізка…»), этымолага-лінгвістычныя нататкі («Цівалі», «Прывезенае і згубленае»), развагі над тэкстамі класікаў і сучаснікаў…
   «Малая» проза Васіля Зуёнка мае вельмі трывалы лірычны грунт. Калі, напрыклад, мініяцюры Алеся Разанава носяць пераважна філасофскі характар, творы С. Дубаўца вызначаюцца публіцыстычнай завостранасцю, то Васіль Зуёнак у эсэістыцы ідзе шляхам Янкі Брыля, прызнанага майстра менавіта лірычнай мініяцюры. Брылёўская школа адчувальная ў многіх Зуёнкавых творах. эцюды пісьменніка, як і творы яго старэйшага калегі, – гэта «сонечныя промні», што надаюць звычайным рэчам і з’явам нечаканае асвятленне.
   Прасочваючы тэндэнцыі развіцця «малой» прозы, даследчыца Г. Кісліцына звяртае ўвагу на адну з дамінантных рыс сучаснай эсэістыкі – збліжэнне з крытыкай, літаратуразнаўствам. У дачыненні да мініяцюр Васіля Зуёнка гэтая заўвага надзвычай актуальная. Многія творы з’яўляюцца своеасаблівымі літаратурна-крытычнымі нататкамі, якія ўтрымліваюць каштоўныя ўспаміны пра сустрэчы з пісьменнікамі і вынікам іх працы. Васіль Зуёнак разважае над тэкстамі айчынных і рускіх пісьменнікаў, пранікае ў таямніцы іх творчай лабараторыі, спрачаецца з некаторымі момантамі… Паэтыка лірызму актыўна паўплывала на літаратурна-лінгвістычныя мініяцюры Васіля Зуёнка, мастацкі, «нябесны» погляд у іх спалучаецца з навуковым, «зямным». Заўважаецца іх стылістычная роднасць з эсэістыкай Міхася Стральцова: абодва аўтары выступаюць у першую чаргу як творцы, паэты, а толькі потым – як літаратуразнаўцы і крытыкі. Эсэ і эцюды Васіля Зуёнка самі ўспрымаюцца як Паэзія, сведчаць пра шырокі кругагляд і багаты жыццёвы вопыт пісьменніка, выяўляюць глыбіню яго думкі і літаратурную дасведчанасць, раскрываюць перажыванні мастакоўскай душы.
 


Наталля Заяц

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіТэма гістарычнага мінулага Беларусі ў сучаснай беларускай прозе

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная проза Беларусі