Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Васіль Вітка - Зайчык-вадалаз

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест


   Наш калодзеж пры самай вуліцы. I хоць ён завецца Ціхонаў калодзеж, ваду з яго бяруць усе, хто хоча.
   Вада ў ім заўсёды светлая і чыстая.
   Калодзеж капалі мы — я і мой тата. Але як толькі пачалі, бачым — ідуць і суседзі з рыдлёўкамі.
   — Прыйшлі памагчы табе, Ціхон, — сказалі яны майму тату.
   Тата абрадаваўся, бо гуртам выкапаеш за два-тры дні, а ўдвух мы і за месяц не справіліся б.
   I работа ў нас закіпела. Калі пасля абеду я заглянуў у калодзеж, дык аж спалохаўся. Такая была глыбіня.
   Тата сказаў:
   — Стась, адыдзіся. Лепш збірай вунь каменьчыкі, што мы выкідаем наверх з глінаю.
   Я стаў ля халоднай жоўтай гары і навыбіраў цэлую копку мокрых і гладкіх галышыкаў. А потым перанасіў усе да аднаго ў агародчык і абклаў імі градкі.
   Назаўтра мы спускалі трубы, ставячы іх адну на адну. Калодзеж у нас цэментаваны. Тата сказаў мне:
   — Зірні, Стасік, як далёка вада.
   Я зірнуў і не ўбачыў дна.
   — Як мы яе дастанем, тата? — спытаў я.
   — Яна сама прыйдзе.
   Я крыкнуў у калодзеж:
   — Вада!
   З самага дна адгукнулася:
   — А-а!
   Тады я зусім паціху сказаў:
   — Стась.
   Глыбіня абазвалася:
   — Ась!
   Тую ваду, што насачылася за ноч, мы з татам вычарпалі. Яна была каламутная, з глеем і пяском.
   Гэтак мы выскрабалі дно, пакуль не паказаўся чысты жвір.
   Цяпер наша вада самая смачная. Бывае, і не хочаш, а пачнеш піць — не адарвацца.
   Не дзіва, што ля нашай хаты спыняюцца і падарожныя і праезджыя. Ніхто не абміне калодзежа. Людзі п’юць, выціраюць рукою пот і гавораць:
   — Але ж і вадзічка ў вас!
   У гарачы дзень, ідучы на работу, людзі наліваюць сабе вады ў дубовыя біклажкі, каб было чым прагнаць смагу ў полі. Няма адбою і ад малых. Яны збягаюцца з усяе вуліцы. I мне столькі клопату, пакуль усіх панапойваю.
   — Стасічак, выцягні хаця з паўвядзерца.
   — Стась, прынясі кубачак, — просяць самыя меншыя, што не ўмеюць піць з вядра.
   Я бягу ў хату і выношу вялізную конаўку, якая стаіць у нас у мыцельніку.
   Спярша я ўсіх паіў у ахвоту, а потым сказаў:
   — Не буду.
   — Хіба табе вады шкада?
   — Няўжо ж не.
   Тата пачуў мае словы.
   — А ты ведаеш, чаму наша вада смачная? — спытаўся ён.
   — Чаму, татачка?
   — А таму, што ёй не даюць застойвацца. Чым больш яе п’юць, тым яна смачнейшая. Нікому не шкадуй напіцца,— сказаў тата.— Зняможаны чалавек і той адразу падужэе, як пап’е свежай вады.
   I я нікому не шкадую. Я рад напаіць з нашага калодзежа кожнага. Заходзьце, піце. Калі не можаце з вядра, я вам конаўку вынесу.
   Даставаць ваду ў нас лёгка. Над калодзежам мы паставілі калаўрот. Круці за ручку — ланцуг навіваецца на вал і выцягвае вядро.
   Круціць я магу. Чэрпаць адно не ўмею. I не толькі я. I нашы суседзі часта тапілі вядро. Хіснуць ланцугом, восілка выскачыць з зашчапкі, вядро — боўць! I няма. Тады ідуць да нас.
   — Ціхонка, — просяць майго тату, — памажы дастаць. Мы з татам бяром доўгі прут з кручком на канцы і спускаем яго ў калодзеж. Бывае, доўга папаводзіш, папашнырыш ім, пакуль уловіш. I гэтак часта тапілася наша вядро, пакуль мы не прыкавалі яго да ланцуга. I тады ўжо ўсе чэрпалі смела. Як хочаш боўтай — не адарвецца.
   Але, на маё няшчасце, яно такі адарвалася. I якраз жа ж у мяне.
   Хацеў я маме памагчы: прынесці трохі вады.
   Можа, я лішне боўтаў, а можа, вядро было прыкавана слаба. Але толькі зачэрпаў я, пачаў круціць калаўрот, аж чую — вельмі лёгка ланцуг ідзе. Паглядзеў, а вядра і няма.
   Крыўдна мне зрабілася. Маме не памог, а бяды нарабіў.
   Як жа ж будзе? Без вады ж застанецца ўся наша вуліца.
   Падышлі суседкі, але ніхто нічога не можа зрабіць без майго таты. А ён на цэлы дзень у горад паехаў. Павёз калгасныя памідоры. Ён шафёр.
   Тут якраз вуліцаю ішла наша другая машына. Везла калгасніц на сенакос. Усе ў квяцістых сукенках, у белых хустачках. Вясёлыя. I, вядома ж, прыпыніліся каля нас. Усім жа хочацца папіць і з сабой узяць нашай вады.
   — Стасік! — закрычалі з машыны.— Частуй вадою!
   Я стаяў, унурыўшы галаву, гатовы заплакаць.
   Тут выбегла з хаты мама і спалохалася:
   — Што такое?
   — Вядро ўпусціў.
   — Яно ж прыкаванае было.
   — Адкавалася.
   З кабіны вылез шафёр.
   — Падумаеш, бяда! — засмяяўся ён. — Не гаруй, Стась. Мы яго як бач дастанем.
   Ён узяў прут з кручком на канцы і пачаў вадзіць па дне. Кручок бразгаў па вядры, але ніяк не мог падчапіць за восілку.
   Вадзіў-вадзіў шафёр доўгім прутам і не мог даць рады. Вада ўжо зрабілася цёмнай і каламутнай. I як усе ні прыглядаліся — не маглі ўбачыць дна.
   Стаўшы на дыбачкі, зірнуў у калодзеж і я. I ў тую ж хвіліну ўспомніў, што ёсць у мяне памочнік.
   — Я ведаю, хто паможа дастаць вядро!
   — Хто? — спытаўся шафёр.
   — Зайчык! — сказаў я.
   — Які зайчык? — спытала мама. I ўсе засмяяліся.
   — Штукар ты, брат,с— сказаў шафёр.
   Я кінуўся ў сенцы. Знайшоў у каморцы сваё паліто і доўга абмацваў кішэні. Што такое? Куды ж ён мог прапасці? Нарэшце намацаў-такі, у самым нізе за падкладкаю. Гэта быў асколачак люстэрка. З ім я любіў гуляць, а ў сонечныя дні пускаў зайчыкі. Навядзеш яго, і зайчык куды хочаш праб’ецца.
   Калі я падбег са сваім асколачкам і навёў яго на ваду, усе здзіўлена паглядзелі на мяне. А зірнуўшы ў калодзеж, радасна закрычалі:
   — Глядзіце, глядзіце!
   — Напраўду, дно відаць, — сказала мама.
   — А вунь і вядро ляжыць! — I шафёр, нацэліўшыся, крукам падчапіў яго.
   Мой тата зноў прыкаваў вядро, і цяпер смела чэрпаюць ваду ўсе. Калі ж яно і адарвецца, дык невялікая бяда. У нас ёсць памочнік: зайчык-вадалаз.

1959

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!