Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Васіль Вітка - Дагараюць кастры…

Кнопка отправить на печать

Дагараюць кастры…
I як доўгая дзедава казка,
Абзываецца ноч
Таямнічасцю гукаў і слоў.
Я не сплю.
Дзесьці коні жалезнымі путамі ляскаюць.
Месяц з неба,
Бы спуджаны лебедзь,
Вось нырнуў і пагас
За далёкім заснулым сялом.

Кажуць,
Рана да ўсходу
Выходзіць русалка-дзяўчына
I збірае ў прыпол квець апалую, ліст.
З кашміровай касою,
Залатымі вачыма…
Толькі гэта ўсё ў песні.
Пра дзявочую долю і весну
Мне спявала,
Расказвала маці калісь.

Высь, далёкая высь,
I прасторы, прасторы…
Вечна б так –
Маладосць і жыццё,
Вечна б сэрцам палаць,
Як вясновыя зоры,
Каб ніколі не гас
Запаветны касцёр.

Чарадзейныя мары
Наплываюць,
Мяняюцца.
Вось даносіцца з вёскі
Першы пеўневы ўскрык.
Хутка раніца,
Свежая, золкая раніца.
Туманом малачаевым
Без трывогі адчайнае
Незабыўная, ціхая ноч дагарыць,
Дагараць і кастры.

Затрапеча лістамі асіна
I прачнецца,
I болей ужо не засне.
Ёй адной, толькі ёй
Я даверу ўспаміны,
Сваю першую казку
Аб начлежнай вясне.

1929