Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Вітка - Вавёрчына гора

Казка
Пра Веру-вавёрачку,
Пра яе гора-горачка,
Пра яе маленькіх дочак,
Пра вавёрчын малаточак,
Пра птушынага пасла –
Даўганосага бусла,
Пра жыццё-быццё лясное
І яшчэ пра тое-сёе.


Забалелі ў вавёрачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі.
Плача Вера-вавёрачка:
– Ой, гора маё,
Горачка...

Сабралася ўся вавёрчына радня.
Думаюць, гадаюць усю ноч да дня:
Як тут быць,
Што рабіць?
Прыкладаюць дочкі
Мамачцы прымочкі,
Грэюць унучкі
Бабульцы анучкі.
Яшчэ болей баляць вавёрчыны зубкі –
Не можа крануць арэхавай шкарлупкі.

Вестку паслалі старэйшаму сыну,
Той адразу ўсе справы пакінуў,
І праведаць хворую маці прыехаў,
І прывёз поўны мех ёй арэхаў.
Ён не знаў, што баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць яна імі шкарлупкі.

Госцю маці гаворыць:
– Сыночак,
Ты прывёз бы мне малаточак.
Не трудзіла б я зубкі,
Не верадзіла,
Малатком бы шкарлупкі
Біла.

– Што ж, – кажа сын, –
У маёй старане
Ёсць каваль – лепшы мой друг,
Ён можа скаваць для мяне,
Што я захачу, – нават плуг.

– Мне плуг не патрэбен, сыночак,
Хай зробіць ён мне малаточак.

– Мама, –
Гаворыць ёй сын у адказ, –
Я дам тэлеграму,
Ён зробіць ураз.

Сарваў сынок
Дубовы лісток –
Тэлеграма гатова:
«Я жывы і здаровы.
Толькі баляць у мамачкі зубкі –
Не можа кусаць арэхавай шкарлупкі.
Прашу, дружок,
Зрабі малаток».
 
Сказалі сёстры брату:
– Навошта
Табе самому хадзіць
На пошту?
Мы самі знаем, дзе стары граб.
Даўно мы хацелі
Збегаць на тэле...
Даўно мы хацелі
На тэле-
Граф.

– Ну, што ж, імчыце, –
Сказаў браток, –
Занясіце лісток,
Вазьміце квіток.
– Нясіце, – сказала мама, –
Каб сёння ж
Дайшла тэлеграма,
Няхай сам начальнік на бланку
Паставіць пячатку,
Што гэта «маланка».

Імчацца шустрыя сёстры,
Мільгаюць дрэвы
І вёрсты.
Прымчаліся
Ў самы гушчар.
Што тут такое?
Пажар!

Усё ў агні – і лісцё, і галіны,
Але здагадаліся сёстры,
Што гэта –
Прыбеглі
На самы разгар лета
І палаюць агнём
Не галіны,
А спеюць
Чырвоныя арабіны.

Імчацца далей сёстры няспынна,
Мінаюць гушчар
І пажар арабінны.
І вось перад імі
Новая пацеха:
Дрэва,
А на дрэве – арэхаў, арэхаў!
А спеленеча-ча-ча-чкія,
А жоўценеча-ча-ча-чкія,
А поўненеча-ча-ча-чкія,
А на вяршэча-ча-ча-чку, –
Шкада,
Не ўзялі з сабою
Мяшэчачка.

І тут яны ўспомнілі,
Што баляць у матулі зубкі,
Што не можа яна раскусіць арэхавай
Шкарлупкі.
Хутчэй жа,
Хутчэй,
Хутчэй туды,
Туды,
Дзе растуць
Старыя дубы!

Лістамі сцежку
Сцеле
Граб,
Прыбеглі сёстры
На тэле-
Граф.

Шматпавярховы дом –
Высознае дрэва
З акном-дуплом,
Уваход налева.
Калі ўмееш – чытай сам,
Што напісана пад аконцам:
«Прыём тэлеграм
Да захаду сонца».

Вавёрка ў дупло
Лапкамі: стук-стук,
А ім у адказ:
– Хто тут?
Хто тут?
Не лезьце ў дупло –
Ужо сонца зайшло!

Сталі сёстры прасіць:
– Дзядзюхна начальнік,
Тэлеграму трэ адбіць,
Гэтак мы імчалі,
Гэтак беглі
Праз гушчар,
Праз агонь,
Праз пажар...
Хворая ў нас маці,
Дзядзюхна дзяцел...

Падабрэў начальнік,
Непрыступны маўчальнік,
Акуляры надзеў,
На лісток паглядзеў.
– Добра, – кажа, – пашлю
Заўтра ўранку кавалю.

– Як гэта заўтра ўранку?
Нам загадала мама,
Каб вы паслалі з маланкай
Нашу тэлеграму.
 
– З маланкай? – здзівіўся дзяцел. –
А дзе ж яе ўзяці?
Не працуе бесперастанку
У мяне на пасылках маланка.
Бывае
І яна выхадная.
 
– Хай тады кавалю на дом
Заімчыць тэлеграму гром.
– Гром? – усміхнуўся начальнік. –
Гром?
Ён толькі з работы
І спіць
Непрабудным сном.
 
– Хто ж перадасць тэлеграму,
Хто ж?
– Дождж, – сказаў ім начальнік, –
Дождж!
І застукаў
Начальнік,
Непрыступны
Маўчальнік,
Дзюбаю: тук-тук!
Тоўстаю: ток-ток!
І з лістка
На лісток
Пацёк
Ручаёк...
 
Бягуць вавёркі дадому
І чуюць,
Як іх тэлеграму
Кроплі друкуюць:
«Тук-ток,
Кавалёк,
Прышлі маме
Малаток.
Разбалеліся ў мамачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі».
 
Паплыў паток,
Пагнаў лісток,
Панёс удаль,
Дзе жыве каваль –
Стары воран,
Як вугаль, чоран.
 
Прыйшла тэлеграма якраз у час,
Кавалю не дае спакою заказ.
Сон яго не бярэ,
Яда не лезе:
Як зрабіць малаток –
Няма жалеза.
 
– Знайсці жалеза я бяруся, –
Сказаў кавалю даўганосы бусел.
Ён абуў чырвоныя боты
І палез
У балота.
 
А праз гадзіну ўжо бусел
Вярнуўся:
– Так і так.
Ляжыць у канаве «тыгра» –
Нямецкі танк.
 
Пайшоў каваль
З прыладамі, –
Чоран воран, –
Паставіў кавадла,
Распаліў горан,
Скінуў кажух,
Надзеў хвартух,
Узяў абцугі,
Прайшоў раз-другі.
Жалеза не відаць –
Гара іржы.
– З чаго мне каваць
Малаток –
Скажы?
 
Падумаў бусел:
«Прыйдзецца, мусіць,
Самых дужых звяроў склікаць,
Каб забітага «тыгра»
Па костачках разабраць».
 
Прыйшоў мядзведзь,
Злуецца, равець,
Прыйшоў воўк –
Зубамі шчоўк-шчоўк,
Прыйшоў бабёр –
Хвастом пацёр.
Доўга так раўлі і вылі
І нічога
Не зрабілі.
Беглі ў гэты самы час
Маленькія зайкі,
Узяліся і – ураз
Развінцілі гайкі.
 
Тады гусі і сініцы
Знялі вежу,
Гусеніцы.
Наскублі яны так-сяк
З паганага «тыгра» шэрсці шматок.
Вось табе і хвалёны танк –
Ледзь хапіла вавёрцы
На малаток.
 
Добра сказаць –
Заказ гатовы,
А як паслаць
Яго ў бор сасновы?
 
Другі дзень вавёрка малатка чакае,
Можа, яна, бедная, з голаду канае.
Гэтак моцна баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць арэхавай шкарлупкі.
 
Апусціліся галовы ніц
І ў зайцоў,
І ў сініц.
Сядзяць у скрусе
Бусел
І гусі.
Стаў ад гора
Воран
Яшчэ болей
Чоран.
 
Паўзе крот,
Зямлі повен рот:
– Ду-ду-ду, ду-ду-ду,
Я вашу бяду
Адной лапай
Развяду.
Сталі ўсе яго прасіць:
– Краточак,
Крот,
Браточак
Фядот,
Ты можаш зрабіць
Самалёт?
– Угу.
Я магу.
 
– Нам трэба, браточак,
Паслаць малаточак...
 
– Добра, – кажа ім крот, –
Я зраблю самалёт.
Скідай, каваль,
Свой чорны хвартух,
Прынясі мне
Шырокі лапух,
А вы, зайкі, травы нарвіце,
Вяровачкі звіце,
Малаток
У вузялок
Завяжыце.
 
– А цяпер, –
Кажа крот, –
Я буду галоўны пілот.
Мяне вы прасілі.
Падымай, бусел, крыллі,
Бяры ў дзюбу лапух –
Павязём малаток мы
Удвух:
Верхам сяду ў цябе я на шыі,
Паляцім мы пад хмары густыя,
Будзеш ты
Крыламі махаць,
А я
Буду табой кіраваць.
 
– Дзякуй, – бусел яму ў адказ. –
Гэта раз.
Памагла нам твая галава –
Гэта два.
Ну, а болей не гавары –
Гэта тры.
Памагатых такіх мне
Не трэба.
Калі ж хочаш
Пабачыць ты неба
І зайздросціш адно нам,
Буслам, –
Паспрабуй
Узніміся
Сам!
 
Цвёрдае слова –
Слова буслова.
Ўзяў лапух у дзюбу ён.
Варухнуў крыламі –
І ляціць наш паштальён
Лугамі,
Лясамі.
А куды ён ляціць –
Можа, боты шыць,
Можа, ніткі віць? –
Адкажыце
Самі.
 
Ну, вядома,
Ляціць да вавёркі-галубкі,
Вельмі ж моцна баляць яе зубачкі-зубкі.
Ён нясе ёй вузялок,
Там завязан малаток,
Каб вавёрка зубоў не трудзіла,
Каб арэхі малаточкам біла...
 
У вавёрчынай жа хаце
Поўна шуму, весялосці,
Перадаў ім вестку дзяцел,
Што ляціць сам бусел ў госці.
Вось унучкі
Сталы засцілаюць,
А дачушкі
Пачостку стаўляюць,
Сын
Пясочкам ля самага дома
Высыпае пляцоўку
Аэрадрома,
Каб птушыны пасол мог спусціцца,
Паміж соснаў густых
Прызямліцца.
Гасця сустракаці
Выходзіць маці:
 
– Што на белым свеце чуваці –
На балоце,
На сенажаці?
 
– Ат, якія ў нас навіны, –
Ёй адказвае бусел, –
Вы ж самі ведаць павінны,
Што ўсе мы ў самоце і скрусе.
Як прыйшла тэлеграма,
Што баляць у вас зубкі,
Не спалі мы цэлыя суткі,
Не зналі шчаслівай мінуткі.
Цяпер я спакойны
За ваш раток, –
Вось вам бранябойны
Малаток.
 
– Ай-яй-яй! – дзівяцца сёстры. –
Які ён цяжкі,
Які ён востры...
Мы хацелі другую адбіць
Тэлеграму,
Што даўно не баліць
Раток у мамы...
І няхай будзе сказана толькі між намі –
Лепей грызці арэхі сваімі зубамі.
Мы хацелі,
Мы вельмі хацелі
Зноў збегаць
На тэле...
На тэле...
– Перастаньце! – на дочак
Прытупнула маці. –
Малаточак
Спатрэбіцца ў хаце...
 
Доўга ў іх ішла бяседа-
Гаворка.
Ўсе суседзі
Былі
У вавёркі.
 
Стары дзяцел
З сваім зяцем,
Тры сініцы-сястрыцы,
Цётка Гануля –
Шэрая зязюля,
Пяць зайцоў-малайцоў,
Удод-удавец –
Слаўны на дудзе ігрэц,
Два глухія глухары
Білі ў бубен
Да зары.
 
І я там быў
За тым сталом
І еў і піў
Разам з буслом.
Што там было весялосці
І смеху.
 
Папаелі госці
Грыбоў і арэхаў.
Былі мёд і квас там,
Бульба, селядзец.
Хто праслухаў казку –
Той маладзец.
 
1947

 

Похожие статьи:

Максім ТанкМаксім Танк - Казка пра Музыку

Васіль ВіткаВасіль Вітка - ППШ

ККазка

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казка пра цара зубра

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Казкі і краскі