Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і

   Пра злачынствы сталіншчыны, пра трагедыю нашага народа ў эпоху "карэннага пералому", пра тое, як "крывёю напоўніліся поймы рэк", як бурліла "адчаем слёз людскіх разводдзе", напісана шмат твораў мемуарнай, дакументальнай і мастацкай літаратуры. Тэме калектывізацыі, сталіншчыны, адлюстраванню "праклятага" часу і яго трагічнага ўздзеяння на лёс народа прысвяціў таксама многія свае творы і Васіль Быкаў. Трагічным, знакавым, філасофскім і папера-джальным творам на гэтую тэму з'яўляецца аповесць "Аблава". Пра аблаву на народ, пра яго пакуты ў гулагаўскіх архіпелагах пісалі многія. Васіль Быкаў здолеў дасягнуць максімальнага ўздзеяння на чытача тым, што паказаў аблаву, паляванне сына на роднага бацьку.
   Чытача не могуць не ўразіць старонкі пра пакуты і смерць дачкі Хведара Волечкі, пра яго пакуты і прыніжэнні ў Котласе, страту жонкі, пра "жорсткае і няшчаднае" ў гэтым моры чалавечай азвярэласці.
   Зместам свайго твора пісьменнік пераконвае: чалавек становіцца лютым нелюдзем, калі настае нялюдскі час. "I ў ссылцы ён да волі нагледзеўся на ўсялякія выкруты чалавечых лёсаў, начальніцкую жорсткасць без мэты, ці якая мела адну мэту — здзек". I ўсё ж ні Хведар Роўба, ні чытач не былі падрыхтаваны да таго, што чакала наперадзе...
   Спачуваючы Хведару Роўбе, уражаныя яго пакутніцкім шляхам дадому, мы баяліся сустрэчы яго з тымі, па чыёй "міласці" ён прыняў такія пакуты. Мы баяліся зайздрослівага Мікіты Зыркаша, які не мог стрываць, што больш удачлівы гаспадар купіў малатарню, і таму напісаў данос, нібыта Роўба тую малатарню выкарыстаў дзеля эксплуатацыі сялян. Небяспечнай і трагічнай для Роўбы магла быць сустрэча з "гарластым актывістам" Зміцерам Цыпруковым, які некалі не хацеў аддаць пазычаную ў Хведара трыццатку і з гэтай прычыны прапанаваў раскулачыць менавіта яго. Разнарадкі на высылку трэба было выконваць. Вось і стала гэтая прапанова апошняй кропляй у вырашэнні чалавечага лесу. Нястомны працаўнік, дбайны гаспадар Хведар Роўба вельмі здзіўлены, што на брыгадзірскай пасадзе ў яго Нядолішчы апынуўся гэты самы лайдак Зміцер — "самы няўклюдны гаспадар, у якога не калі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і не хапіла". Ён "за жыццё не навучыўся плясці лапцей (заўжды пляла яму жонка)", але затое "горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш", таму і выбіўся ў начальнікі.
   Праз успаміны Хведара Роўбы пісьменнік паказвае ўсю заганнасць, д'ябальскую і мэту, і сілу той улады, якая мабілізавала і рэалізавала менавіта тых, хто "был ничем", як спявалася ў песні-гімне той улады, хто быў непаважаны, неаўтарытэтны ў народзе "праз гультайства, праз нядбайства" сваё. Настаў зорны час для няўклюдных і не здатных на годнае і самавітае жыццё. А каб панаванне іх было поўнае,пачалі яны з даносаў і выжывання тых, хто ім замінаў.
   Злачынная ўлада і набірала сабе на службу злачынцаў і нелюдзяў.
   Сюжэт і кампазіцыя аповесці падначалены задуме паказаць самае страшнае злачынства сталіншчыны і яго наступствы, уздзеянне на тыя пакаленні, якія будуць жыць пасля.
   Пакутніцкі і доўгі шлях Хведара дадому, у яго Нядолішча, да роднага сына, на якога ўсе надзеі і спадзяванні, гісторыя Роўбавага жыцця завяршаюцца трагедыйным акордам выключнай сілы.
   Аказваецца, тыя выпрабаванні пакутамі ў бесчалавечных абставінах, у якіх "людзі гінулі як мухі ад непасільнай працы, галадухі і сухотаў, якія валілі нават дужых маладых мужчын... найбольш, аднак, ад суму-тугі па родных мясцінах, ад нуды вечнага з імі расстання", -— яшчэ не мяжа. Аблаву на Хведара Роўбу (загоншчыкі — аднавяскоўцы, раённае начальства і актыў, а таксама пагранічнікі) узначальвае яго родны сын Міколка. Ён калісьці не трапіў разам з бацькамі ў высылку, бо служыў у войску. Большы жах уявіць немагчыма.
   Глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека, даследаванне вытокаў і матываў учынкаў — адна з асаблівасцей творчасці Васіля Быкава. "Божа мой, Божа, чаму мне выпала гэткая доля? Чаму я такі бядак?" — нанава перажывае сваю трагедыю Хведар, трапіўшы ў родную вёску, пастаяўшы на зруйнаванай роднай сядзібе . A незадоўга да сваёй гвалтоўнай смерці зноў будзе разважаць: "А можа, гэта яму пакаранне ад Бога?"
   Сапраўды, як жа так здарылася, што некалі жаласлівы сынок, які ў дзяцінстве "дужа шкадаваў маці" і даглядаў "бедалагу курачку" са зламанай нагой, які "надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам", быў схільны і здольны да вучобы, выступае як самы закляты вораг уласнага бацькі?
   Мы звыклыя думаць, што нелюдзямі становяцца абдзеленыя ласкай і любоўю, адрынутыя і нешчаслівыя. У Міколкі зусім іншы лёс.
   Дзяцінства яго нават у той складаны, нялёгкі час дзякуючы менавіта сям'і, бацькам не было "ўкрадзеным" і нешчаслівым.
   Гісторыяй жахлівай здрады Міколкі пісьменнік папярэджвае пра д'ябальскую сілу дыктатуры, сталіншчыны, асабліва небяспечную для маладых. Сістэма знішчала чалавечнае ў чалавеку і правакавала на нялюдскае, а гэта намнога прасцей зрабіць з юнымі душамі, каб перайначыць іх . У школьныя гады Міколка і стаў перайначвацца, бо ўступіў у камсамол і займеў там пасаду сакратара ячэйкі. Ён з захапленнем прыняў "гарластую мітусню" камсамольцаў і хутка вызначыўся сваёй жорсткасцю. Гэта ён дамогся выключэння з камсамола за дробную правінку свайго даўняга сябрука Міхалінінага Шуркі. I здрада сяброўству, калі ёй надавалася палітычная падаплёка, лічылася доблесцю і праслаўлялася ў літаратуры, якая выдавала такую здраду за непахісную прынцыповасць. "Прынцыповы" Міколка змікіціў што да чаго і хутка пайшоў угору, стаў урэшце "вялікім начальнікам у раёне" — "партыйным сакратаром". I начальнікам жорсткім. "Малады, а нібы той цівун!", "Усё мацюгом ды пагрозай, Сібір'ю палохае..." — кажуць пра яго людзі.
   Палохае, бо і сам баіцца, што ў яго ёсць вялікая "пляма" ў біяграфіі — раскулачаны бацька. Афіцыйны тагачасны лозунг "Сын за бацьку не адказвае" быў фарысейскім. Адукаваны і прадбачлівы Роўбаў Міколка гэта добра ведае і таму парывае сувязі з роднымі, а потым і ўвогуле адракаецца ад бацькоў. I адмаўляецца не для прыліку, а ўсур'ёз, каб давесці сваю поўную адданасць новай уладзе. I выступае як самы закляты вораг роднага бацькі. Так пад націскам бесчалавечных абставін рабілі тады многія, каб зберагчы сваё жыццё. Праўда, большасць вымушаны былі рабіць з болем душэўным, фармальна. На гэта спадзяецца і Роўба, шукаючы сыну чалавечае апраўданне: "Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны! Можа, яму загадалі?"
   I ўсё ж пісьменнік настойлівы ў сваім перакананні, што былі той здрадзе не толькі знешнія прычыны. Настойлівы В. Быкаў у тым, што нічога выпадковага не бывае, што і ў сітуацыі, якая мацнейшая за чалавека, у яго ёсць права, якое не дадзена забраць нікому, — застацца чалавекам. Сам Хведар вызначыў прычыну не толькі ўласнай трагедыі, але і ўласнай віны. Яго бацькоўская і чалавечая віна, што быў памяркоўным, талерантным і пасіўным, калі ламалася вера ў душы яго сына, калі "маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты" абразы.
   Абразы, як і спілаваны камсамольцамі крыж на Петраковай Галгофе, — сімвал адрынутай веры. Галоўнае — вынішчыць веру, векавую народную мараль, пераступіць бар'ер, а далей ужо ўсё дазволена, усё магчыма.
   У аповесці з незвычайным трагізмам і мастацкай сілай паказана самае страшнае злачынства сталінізму — знішчэнне векавой народнай маралі. Яго вынікам стаў разрыў самых моцных сувязей паміж людзьмі і пакаленнямі — кроўных, роднасных. Для нас жа аповесць — суровы напамін аб трагічным мінулым народа і адначасова папярэджанне пра тое, наколькі згубная для чалавека страта духоўнага і бездухоўнасць, узведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі.

Похожие статьи:

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Круглянскі мост

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Сотнікаў

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Аблава

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Жураўліны крык