Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы і творчы шлях Барыса Сачанкі

   Барыс Сачанка нарадзіўся 15 траўня 1936 года ў вёсцы Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. У чэрвені 1943 г. ён са сваёй сям’ёй быў дэпартаваны ў Германію, адкуль вярнуўся толькі ў канцы вайны. 3 1958 г. ён ўжо працаваў у рэдакцыі гумарыстычнага часопіса «Вожык». Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага універсітэта ён працуе ў аддзеле прозы часопіса «Полымя» (1960-1976). Наступнае дзесяцігоддзе (1976-1986) Сачанка займае пасаду сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў, а затым загадвае рэдакцыяй перакладной літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў з 1960 г., ён прымаў удзел у рабоце XXXV сесіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, атрымаў шэраг узнагарод і ганаровых знакаў. Барыс Сачанка заўчасна памёр 5 ліпеня 1995 г.
   Першае апавяданне Барыса Сачанкі з’явілася ў 1956 г. у «Маладосці», а праз чатыры гады ён выдаў свой першы зборнік «Дарога ішла праз лес» (1960), за якім паследавалі наступныя празаічныя зборнікі з інтэрвалам прыблізна ў два гады: «Барвы ранняй восені» (1962), «Зямля тваіх продкаў» (1964), «Пакуль не развіднела» (1966), «Апошнія і першыя» (1968), «Дарогі» (1971), «Аксана» (1971), «Памяць» (1973), «Тры аповесці» (1976), «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), «Горкая радасць вяртання» (1987), «Вечны кругазварот» (1989) і «Родны кут» (1989). У дадатак да гэтых зборнікаў апавяданняў і нарысаў Сачанка стварыў трылогію пад назвай «Вялікі Лес» (1980-1984), зрабіў цэлы шэраг перакладаў празаічных і драматычных твораў, напісаў некалькі арыгінальных кароткіх гумарэсак, дзіцячых кніжак, зборнікаў крытычных нарысаў, у тым ліку «Жывое жыццё» (1985), «Сняцца сны аб Беларусі...» (1990) і «Трэцяе вока» (1992).
   Апрача ўсяго вышэй пералічанага, Сачанка прымаў удзел у выданні кніг замежных аўтараў, такіх, як Булгакаў, Салагуб, Пільняк і Набокаў. Вельмі важна для беларускай літаратуры тое, што ён падрыхтаваў і выдаў кнігу вершаў Ларысы Геніюш «Белы сон» (1990) і ў розных сваіх артыкулах адкрываў для чытача забытыя альбо абсалютна невядомыя творы Купалы, Коласа, Ластоўскага, Сваяка, Геніюш, Жылкі, Клішэвіча, Салаўя і інш. Сачанка таксама напісаў сцэнарый да дакументальнага фільма пра Алеся Гаруна.
   Сярод усіх твораў, пералічаных вышэй, для разгляду можна абраць некалькі найбольш тыповых альбо адметных, асабліва ў кантэксце патрыятычнай і ваеннай прозы. Зборнік «Зямля маіх продкаў» пачынаецца нарысам амаль пад такой самай назвай, які апявае сучаснае і мінулае Палесся. Аўтар стварае не толькі вельмі ўзнёслы і прачулы гімн прыгажосці палескай прыроды, але і заклікае памятаць вялікіх людзей мінулага, напрыклад, вядомага прапаведніка і тэолага Кірылу Тураўскага:
   «Падарожны, скінь шапку і нізка пакланіся зямлі, якая ўзгадавала такога сына не толькі дзеля славы свайго горада [...] Па гэтай зямлі ён хадзіў, тут ён думаў, тут складаў свае славутыя пропаведзі, дзякуючы якім яго інакш пры жыцці і не звалі, як «Златоуст, паче всех воссиявший нам на Руси». Тут ён, яшчэ юнаком, пастрыгся ў манахі і так захапіўся аскетычным жыццём, што папрасіў замураваць сябе ў манастырскай вежы і там у адзіноце аддаўся посту і літаратурнай дзейнасці. [...] Гучаць і сёння словы найвялікшага мудраца Палесся [...] Гучаць і будуць гучаць, пакуль жыве Беларусь, пакуль жыве на гэтай зямлі вялікае братэрства славянскіх народаў!».
   У сярэдзіне 60-х Сачанка стварае таксама цэлы шэраг важных твораў пра вайну. Зборнік «Пакуль не развіднела», які можа быць параўнаны з «Вогненным азімутам» Алеся Асіпенкі, расказвае пра беларусаў, якія далучаліся да партызанскага руху не з пачуцця савецкага патрыятызму, а хутчэй кіруемыя інстынктам самазахавання. Фашысцкі тэрор паказаны ў зборніку ва ўсёй сваёй непрыхаванай лютасці, калі ў адказ на забойства каменданта новыя нямецкія ўлады спальваюць беларускія вёскі разам з усімі жыхарамі. Маладую дзяўчыну Юлю пасылаюць у вялікую суседнюю вёску, каб яна папярэдзіла жыхароў пра блізкую небяспеку, што ім пагражае. Па дарозе туды дзяўчына разважае (і гэта займае добрую палову кнігі) не толькі пра фашысцкі тэрор, але таксама і пра ранейшы, звязаны з НКУС, які ўзначальваў у 30-я гг. Яжоў. Аналогія паміж тэрорам Сталіна і Гітлера досыць пераканаўчая. «Апошнія і першыя» – яшчэ адна страшная аповесць, багатая на шматлікія філасофскія разважанні пра мэту жыцця і незагойныя душэўныя раны, нанесеныя вайной. Найбуйнейшы твор Сачанкі, прысвечаны ваенным падзеям, – трылогія «Вялікі Лес» (1980, 1982, 1984), адкуль можна прывесці некалькі прыкладаў для ілюстрацыі ягонага разумення фаталізму, уласціваму простым людзям перад тварам жудасных падзей 1941 г., пра што гаворыць адзін з персанажаў рамана – «аднавокі, худы, бы смерць, лысы Пецька», цыган:
   «– Людзі! – крыкнуў апантана, нібы ў нейкім адчаі, ён. – Страшнае ўсіх нас чакае, таму і маўчаў я, хацеў упэўніцца, ці не памыляюся. Не, не памыляюся. Пасеялі хлеб, а есці яго не ўсе будуць, чорныя груганы наляцяць, і будуць хадзіць па дарогах і без дарог людаеды. Гарэць будуць хаты і гінуць дарослыя і дзеці. Але канец таму, як і ўсяму на свеце, прыйдзе: Груганоў-людаедаў пазбавімся. Набірайцеся ж цярплівасці. Цярплівасці і вытрымкі!..».
   А праз некалькі старонак Мікалай Дарошка, перажыўшы папярэднія трагедыі, разважае напярэдадні вайны:
   «Куля – сляпая, і ў вінаватага, і ў невінаватага цаляе. Дый разбярыся тады, хто вінаваты, хто невінаваты. Сёння здаецца, што праўда на баку етага, а заўтра... Заўтра і сам не ведаеш, дзе праўда, дзе няпраўда. Дый не пытае ніхто ў цябе вельмі волі твае, камандуюць толькі. Рабі, што загадваюць. Не паслухаешся – значыць, вораг. У каго вінтоўка, у таго і сіла, права. I каб хоць можна было ўбаку стаяць, рабіце што хочаце, толькі мяне не чапайце, дайце жыць, як я хачу. Не-е! За чубы схапіліся, і ты хапайся, памагай... I кожны хоча, каб памагаў яму. А ты... Ты не ведаеш, каму памагаць. Дый не хочаш у бойку ўстраваць, табе б пастаяць, паглядзець, як б’юцца, насы адзін аднаму квасяць, юшку пускаюць. О-хо-хо!».
   Героі Сачанкі часта думаюць услых і, як бачна вышэй, такім чынам аўтар стварае карціну настрояў, што панавалі на Беларусі на пачатку вайны. Аднак усё ж можна сцвярджаць, што лепш за ўсё ў Сачанкі атрымліваюцца малыя лірычныя творы. У сваіх аповесцях і апавяданнях пра мірны час аўтар паказвае шырокую тэматычную разнастайнасць, ад складанага любоўнага апавядання «Барвовае рэха» (1965), аднаго з лепшых твораў пісьменніка, які выкрывае розныя бакі калгаснага побыту і паказвае пачуцці галоўных герояў, да аповесці «Соль» (1971), дзе стары чалавек адпраўляецца ў вандроўку, якая аказваецца апошняй, і праязджае праз вёску, дзе ўсяго некалькі хатаў, уладальнікі якіх з’ехалі ў горад у пошуках лепшага жыцця. У творчасці Сачанкі гісторыя адыгрывае вельмі значную ролю (асабліва яе сувязь з сучаснасцю) і з’яўляецца галоўнай тэмай зборніка «Памяць».
   Творчая манера Барыса Сачанкі вельмі выразная, адметная, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы выкарыстанню палескай рэгіянальнай лексікі і фразеалогіі. У сваёй паэтызацыі штодзённых пачуццяў і падзей ён можа быць параўнаны, можа быць, і досыць экстравагантна, з Іванам Буніным. Чэшскі крытык В. Жыдліцкі выказаў слушную думку, калі заўважыў, што Сачанка «гаворыць проста аб простых рэчах». Барыс Сачанка ўяўляе сабой добры прыклад таго пакалення пісьменнікаў, што вырасла пасля вайны, але для каго нядаўнія падзеі жылі ва ўспамінах сведкаў, што дазволіла маладым пісьменнікам зрабіць сапраўдны ўнёсак у раскрыццё тэмы, якая ў Беларусі наўрад ці знікне разам з апошнім непасрэдным сведкам трагедыі. Сачанку можна лічыць адным з буйнейшых пісьменнікаў свайго пакалення, і ягоная ранняя смерць стала ўдарам для ўсяго сучаснага літаратурнага працэсу ў Беларусі.


Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.

Похожие статьи:

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Карчоўнік

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Зерне і млын

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Ля даўняга селішча

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Хлеб

Барыс СачанкаБарыс Сачанка - Сляды