Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Барыс Сачанка - Жаніх і нявеста

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Таццянчынага Паўліка ўкусіла гадзюка. Укусіла знячэўку, калі хлопчык хацеў сарваць спелую гронку парэчак. Скокнуў ён у куст і адразу ж адчуў, як штосьці апякло пятку. Падняў нагу: выгінастая, пабітая на чорныя шашачкі спіна гадзюкі віхлянулася ў траве...
   У бальніцы Паўліку далі аж два ўколы. Маці здалося гэтага мала, і надвячоркам, на захадзе сонца, яна прыцягла яшчэ знахарку. Тая доўга і часта дзьмула на нагу і шэптам усё адсылала хваробу «на дрымучыя лясы, на голыя лозы, на быстрыя воды».
   Але хвароба не паслухалася яе – не захацела нікуды ісці. Ад гэтага нага распухла, зрабілася тоўстая і цяжкая, як бервяно.
   І здарылася ўсё гэта якраз у тыя дні, калі ў лесе на дзялянках паспелі маліны, Хто б раней утрымаў у гэты час непаседу Паўліка дома! Прывяжы – і то ўцячэ. А так сядзіць ён ціха над разгалістай яблыняй у садзе і думае-варожыць: насунецца вось той беласнежны сухмарак на сонца ці праплыве бокам. I такая маркота, такі сум, што хоць плач.
   Яно каб былі кніжкі, дык час, можа б, і не так доўжыўся. Але ж за дні хваробы Паўлік прачытаў усё, нідзе ні староначкі непрачытанай няма.
   Збегаць у бібліятэку ён не можа, а ў маці і без таго работы па самае горла: і свае грады трэба ад травы ратаваць, і ў калгас дзень пры дні хадзіць...
   У садзе – гарачыня, асабліва ў абед. Пахне кропам, гуркамі. Гудуць, як на пасецы, пчолы.
   Час ад часу Паўлік мочыць у місе з сыроваткай рушнічок і прыкладвае да апухлай нагі.
   Дзеля чаго гэта – хлопчык не ведае, але сказала маці, што так трэба, – і ён слухаецца...
   Раптам з вуліцы чуецца голас:
   – Паўлік, Паўлік, дзе ты?
   Хаця ад вуліцы пляцень густа абвіты хмелем і з саду не відаць, хто крычыць, але Паўлік па голасу пазнае: гукае Анютка – дзяўчынка, да якой пасадзіла яго зімою настаўніца, каб ён меней сваволіў.
   У іншы час Паўлік, магчыма, і не адгукнуўся б на гэты голас. Але цяпер, калі ў яго баліць нага, а ніхто з аднакласнікаў яшчэ не прыйшоў праведаць, гэты голас узрадаваў яго.
   – Я тут! – крычыць ён. – У мяне нага баліць, і я не магу адчыніць. Ты давай проста цераз пляцень!
   – Добра, я зараз... – чуецца з вуліцы, і праз якую хвіліну белая ў чырвоныя бубачкі сукенка мільгае ў гародзе. Хаваючы адну руку за спіну, белагаловая дзяўчынка бяжыць па разоры ў сад.
   – Ты чаму ж гэта сёння на луг не пайшла? – пытае Паўлік, як толькі дзяўчынка садзіцца побач.
   – А мы па маліны хадзілі, кажа яна і ўсміхаецца. Густыя, белыя зубы на момант бянтэжаць хлапчука; у яго зубы мяняюцца, таму яны няроўныя і рэдкія. – Бач якія, – і Анюта з-за спіны ставіць перад хворым гранёную шклянку спелых малін.
   Паўлік доўга прыглядаецца да ягад, і яго востранькі, пасыпаны ля кірпатага носа рабаціннем, тварык прыкметна ажывае.
   – Відаць, у Дзедавых выгарах брала, – кажа ён. – Такія толькі там растуць!..
   – Умгу, – прызнаецца Анютка. – Еш, я табе прынесла. Успомніла пра цябе і прынесла. Ты ж такі хворы цяпер, слабенькі, кволенькі...
   – Хворы, нага баліць.
   – I моцна?
   – Не, не вельмі каб, але ж у лес усё роўна няможна ісці, – крывячыся, быццам ад болю, адказвае Паўлік.
   Дзяўчынка змаўкае і ўжо не на хвіліну не зводзіць вачэй з балючай нагі, калашына на якой закасана па калена, а лытка абкладзена мокрым ручніком. Потым кажа:
   – Паўлік, а што, калі ты раптам памрэш?
   – Ну-у, выдумала, – смяецца Паўлік, забыўшыся, што ў яго шчарбаты рот. – Доктар казаў, што праз які тыдзень буду бегаць яшчэ лепей, чым бегаў... Вось толькі вельмі сумна аднаму...
   – I мне сумна, – памаўчаўшы, прызнаецца дзяўчынка. – Як толькі цябе ўкусіла гадзюка, дык мне і сумна стала. I на луг хадзіла, і ў лес, а ўсе роўна сумна. Паўлік, хочаш, я буду толькі з табою таварышкаваць, як ты ачуняеш... Далібог, ні з кім, толькі э табою. Хочаш?..
   Але Паўлік не адказвае. Ён раптам успамінае: з іх кпілі аднакласнікі, калі яго перасадзіла настаўніца да Анюткі. Нават прыпеўку склалі:
 

Жаніх і нявеста
Паелі ўсё цеста.
Жанішок, жанішок
Згубіў шапку й кажушок...


   «А калі даведаюцца, што Анютка прыносіла маліны?..»
   Хлопчык хмурнее і палахліва азіраецца: ці не сочыць за імі хто-небудзь? І кажа:
   – Ага, быццам без цябе ў мяне няма з кім таварышкаваць?.. Быццам без малін я не абыдуся... – і Паўлік адсоўвае ад сябе шклянку з ягадамі.
   – Ну і не еш... – ледзь чутна шэпча Анютка. – Ну і не еш... – паўтарае яна, і вусны яе крывяцца – дзяўчынка вось-вось заплача. Яна ўстае і, не азіраючыся, павольна ідзе па разоры на падворак, а адтуль, гэтак жа павольна, на вуліцу. Вострыя плечкі яе калоцяцца Анютка плача...
   Паўлік застаецца ў садзе зноў адзін. Ён сядзіць, маўклівы і пануры, глядзіць на шклянку малін, і яму неяк не па сабе. З Анюткі ж таксама смяяліся, калі спявалі гэтую крыўдную прыпеўку. А яна, бач, прыйшла. Прыйшла сама, быццам так і трэба. I ён, замест таго, каб забыцца на ўсё, парадавацца, узяў ды так ні за што ні пра што пакрыўдзіў Анютку – лічы, прагнаў...

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!