Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Паэзія Аркадзя Куляшова, яе тэматыка, грамадзянскі пафас, філасофскія і маральна-этычныя праблемы

Кнопка отправить на печать

   Не толькі для Аркадзя Куляшова, але для кожнага творцы "аблог цалінны" — душы людскія, "сэрцы цвёрдыя, быццам з камення". I каб узняць той "аблог цалінны", патрэбна напачатку кожнаму паэту, як даводзіць Аркадзь Куляшоў у вершы "Мая Бесядзь", выкапаць "рэчышча ўласнай ракі". "Рэчышча ўласнай ракі" — самабытнасць таленту кожнага творцы, якога б маштабу і ўзроўню той талент ні быў: Волга магутная ці Кама, ці хаця б Бесядзь, што на радзіме паэта. Тое ж самае, толькі па-свойму сцвярджае і паэт У. Скарынкін: "Сапраўднаму паэту трэба мець уласны курс і вугал свой атакі".
   Паэзія Аркадзя Куляшова годна вытрымлівае выпрабаванні часам. Час засведчыў, што паэт Куляшоў здолеў выкапаць "рэчышча ўласнай ракі", што яго Бесядзь мкне ў акіян сусветнай культуры. У паэта Куляшова — "уласны курс" і свой "вугал атакі".
   Чытаючы адзін з самых першых яго вершаў "Бывай", нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак! Філасофія верша і сродкі яе выяўлення вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларускіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і дабраславёна "светлая самота" нязбытнага кахання, якое хай сабе і не спатоліла сэрца радасцю, але бу дзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. 
Твой светлы вобраз панясу я па жыцці.
На ўсходзе дня майго заранка дагарае,
Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

   Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран "стаю на ростанях былых"), кантрастная метафара ("самотным жаўранкам звініць і плача май"), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкова гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых дастойных чалавека пачуццяў, каб выхоўваць "душою чулых". 
   Асабліва карысны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.
   Аркадзю Куляшову належыць галоўная заслуга ў распрацоўцы такога жанру, як балада. Баладнасць яго творчасці, асабліва перыяду вайны, — адметная ўласцівасць стылю паэта. Менавіта дзякуючы жанравым магчымасцям балады Аркадзь Куляшоў паказаў трагізм вайны і ўславіў гераізм народа, яго бязмежную любоў да Бацькаўшчыны ў самы крытычны для яе момант. У вершах-баладах "Камсамольскі білет", "Балада пра вока", "Балада аб чатырох заложніках" паэт выпрабаваў сваіх герояў выбарам паміж жыццём і смерцю ў імя Радзімы ці, як у "Баладзе аб чатырох заложніках", паміж смерцю, што была б збавеннем ад пакут, і жыццём-пакутай, але дзеля збавення ад няволі і пакут сваёй Айчыны.
   Сёння не сціхаюць спрэчкі і адносна засведчаных паэтам сітуацый (а большасць яго эпічных твораў маюць жыццёвую аснову), і адносна пазіцыі паэта пры адлюстраванні самых крытычных момантаў жыцця. Асабліва гэта датычыцца "Балады аб чатырох заложніках" і верша "Камсамольскі білет".
   Некаторыя сцвярджаюць, што не могуць быць прызнанымі людскімі любыя ўчынкі, матывам якіх з'яўляецца ідэалогія. Калі тая ідэалогія мае назву "любоў да Радзімы і жаданне бачыць яе вольнай", то такая ідэалогія — святая. Яна апета і ўслаўлена, нагадаем, яшчэ сюжэтам Кнігі кніг. Падобная "ідэалогія", што стала матывам учынку Юдзіфі, і ўслаўляецца ў аднайменнай кнізе Бібліі.
   Найбольшай сілы трагізму дасягае паэт у вершы "Над брацкай магілай". Гэта верш-рэквіем, выпісаны ў традыцыі народнага плачу-галашэння па нябожчыку. Эфект галашэння дасягаецца асаблівым рытмам і асанансам — мэтавым выкарыстаннем слоў з вялікай частотнасцю гукаў о,у, а:

Ногі просяцца ўстаць,
яны стомы ў дарозе не чулі,
Ды ўвагналі ў магілу
Іх сілу
Варожыя кулі.

   Гэта — трагедыя, але трагедыя аптымістычная: другая кампазіцыйная частка верша напісана ў форме звароту да Радзімы і адначасова клятвы ёй:

Мы клянёмся варожай крывёй 
Напаіць беларускія рэкі.

   Дасканала распрацаваным жанрам у творчасці Куляшова з'яўляецца паэма. Паэт схільны да эпічнага адлюстравання вызначальных момантаў гісторыі, да выяўлення, як гэта было ў баладзе (а балада, па сутнасці, —гэта паэма ў мініяцюры) моцных выключных асоб у выключных абставінах. Многа напісана ім паэм ("Аманал", "Баранаў Васіль", "Хамуціус" і інш.), але найбольшую славу прынесла яму паэма "Сцяг брыгады" (1942), якую вельмі высока ацаніў сябар і таварыш па пяры А. Твардоўскі.
   Цэнтральнай праблемай паэмы з'яўляецца праблема шчасця. Паэма напісана ў форме вандроўнага дзённіка, які вядзе галоўны герой Алесь Рыбка. Дзякуючы гэтай форме дасягаецца не толькі лірызм, але і панарамнасць, рэалізм у адлюстраванні часу, "калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора".
   Вельмі моцная чалавечая прага жыцця і шчасця. Некаторыя, як Мікіта Ворчык, стомлены жудасцямі вайны, мараць пра шчасце і думаюць,што яно магчыма сярод крыві і слёз. Іншыя, як Лізавета — вясёлая кабета, перакананы, што можна "люба жыць і ў горы", адседзецца, перачакаць навалу: "будуць свяціць нам месяца рожкі — ні вайны, табе, ні бамбёжкі". Хай пакутуюць іншыя! Але за ўсё трэба плаціць. За спакойнае сытае жыццё Мядзведскі плаціць здрадай Радзіме і народу. А за здраду яго напаткала справядлівая расплата. 
   Пісьменніцкая філасофія і ўсведамленне шчасця выяўляюцца праз галоўнага героя:

Не хачу сабе шчасця тады, 
У часы, калі гора
Разлілося слязьмі і крывёй
Скрозь ад мора да мора.

   Нельга быць шчаслівым, калі пакутуе ўвесь народ, калі вакол смерць і жудасць, нагадвае паэт вечную ісціну і закон.
   Твор палоніць гуманізмам, верай у вызваленне Бацькаўшчыны, у будучыню, калі сапраўды можна быць шчаслівым:

Я прайду з табой многа дарог, 
Мой гадзіннік, мой браце!
I я ўбачу часы перамог
На тваім цыферблаце!

   Мастацкая вартасць паэмы ў многім вызначаецца гарманічным спалучэннем рэальнага і ўмоўнага, вечнасцю праблем, узнятых у паэме, дасканалай мастацкай формай іх вырашэння.
   Некаторыя даследчыкі творчасці Куляшова пасляваеннага перыяду адзначаюць яе публіцыстычную накіраванасць як яшчэ адну адметнасць стылю паэта. З гэтым нельга не пагадзіцца. Так, публіцыстычнасць, але якая!
   Пра асаблівасць куляшоўскай публіцыстыкі ў паэзіі хочацца сказаць асацыяцыямі яго ж радкоў. Як "дыван вясны перацвітае ў лета", як "завея лісця у сняжынак пух", так і публіцыстыка Куляшова "перарастае" ў сапраўднаю мастацкасць і дасягае незвычайнай сілы ў выяўленні пачуццяў, думак — філасофіі. Публіцыстычны штамп "абавязаны прапіскай" становіцца ў вершы "Я хаце абавязаны прапіскаю..." сімвалам вечнасці жыцця, абарона якога залежыць ад кожнага з нас.
   Праз лірычнага героя і яго парадаксальныя асацыяцыі па прынцыпе градацыі ("я — матчын спеў, я — матчыны трывогі", "я — матчын гнеў, які ўздымаў на ногі...") паэт сцвярджае, што любоў да сваёй хаты, калыскі, "падвешанай пад столь", — да ўсяго таго, што называецца гняздом, Радзімай, павінна быць дзейснай. Павінна быць у крытычныя для Радзімы моманты "трацілаваю пугай перамогі":

Дыміліся сямі франтоў дарогі 
За мной, як дынамітныя шнуры.

   Асаблівай пафаснасці паэт дасягае ў другой кампазіцыйнай частцы верша:

...Не дазволю я, каб дым і пыл 
Зямлю ператварыў у бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл.

   У паэта ёсць выдатная перыфраза (моўная загадка), што стала крылатай: "На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым". 
   Так вобразна і па-філасофску паэт вызначыў "сёння" як імгненне ў вечнасці. Наша "сёння" — мірнае. I ў тым наша шчасце. Але, як даводзіць паэт у вершы "Сябры, каго вайна скасіла кулямі...", "не ціхне вечны бой". I поле бітвы — сэрца чалавека: бітвы за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. Толькі такі бой — умова вечнасці. "Адзіны серп", які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а "серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!".
   Філасафічнасць, выяўленне філасофскіх думак з дапамогай і публіцыстычных сродкаў таксама, але публіцыстыкі вобразнай, асацыятыўнай — яшчэ адна адметнасць лірыкі Куляшова пасляваеннага перыяду.
   У вершы "Спакойнага шчасця не зычу нікому..." паэт-філосаф выяўляе сваё разуменне шчасця. Безумоўна, не канфлікты, не звадкі і сваркі, не мітусня — ідэал лірычнага героя. Ён адмаўляе не спакой, згоду і мір паміж людзьмі (і сам паэт, і яго лірычны герой за гэта якраз змагаліся і змагаюцца), а заспакоенасць і застой у душы чалавека, якія не дазваляюць яму весці "вечны бой" за светлае ў сабе. 
   Словаспалучэнне "спакойнага шчасця" — эпітэт, вобраз, які заўсёды ўсведамляецца ў пераносным сэнсе. Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае ("не зычу нікому") адмаўленне "спакойнага шчасця" выяўляецца праз асацыяцыі. Ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу. Увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная. I "лес бе з зязюлі" — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў. 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!