Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Андрэй Федарэнка - Чабор

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Пражыўшы трыццаць два гады, я, беларус, вясковы чалавек, не ведаў, як выглядае чабор.
   Што ж, нічога страшнага. Мне нават не сорамна. Напрыклад, вядомы ў XIX стагоддзі крытык і літаратуразнаўца А. Скабічэўскі, паводле яго ж слоў, «ніколі не бачыў, як расце жыта». Вялікі рускі паэт М. Някрасаў называў авадня чмялём (над статкам уецца «шмелей неугомонный рой»). Кандыдат на атрыманне Нобелеўскай прэміі пісьменнік Д. Меражкоўскі блытаў пілу з напільнікам. Яшчэ адзін пісьменнік – савецкі – Ю. Алеша, прызнаваўся: «Я ні разу, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні пазней, у дарослыя гады, – словам, ні разу за ўсё жыццё не чуў спеву салаўя. Для мяне гэта было хлуснёй, умоўнасцю – калі я сам гаварыў пра салаўя ці чытаў у іншых...»
   Відаць, няведанне само па сабе не загана. Загана, гэта калі не ведаеш – і ведаць не хочаш. Саромеешся прызнацца, спытаць у людзей. А хто пытае, той, як вядома, не заблукае.
   Пайшлі неяк з маткаю на соткі збіраць каларадскіх жукоў. Ліпеньскі сонечны дзень, але сонечны толькі з нашага боку, дзе соткі. А з другога, над лесам – хмара, чамусьці не чорная, не свінцова-сіняя, як яны бываюць, а чырвоная. З таго боку штораз грыміць гром.
   I тут на мяжы я ўбачыў сінюю плямку, над якой таўкліся пчолы. Яшчэ не ведаючы, што гэта, спытаў у маці:
   – Чабор?
   – I праўда, чэбрык, – сама здзівілася маці. – Трэба ж, дзе,вырас!
   – Хіба гэта рэдкасць?
   – Рэдкасць, абы-дзе ён расці не будзе.
   Вось і яшчэ адно апраўданне для мяне. Нашае мазырскае нізіннае Палессе чабор, аказваецца, не дужа любіць, расце, як я пазней прачытаў, у сухіх высокіх мясцінах, рэдкіх светлых сасновых барах.
   Прысеўшы, я з цікавасцю пачаў разглядаць, мацаць і нюхаць гэтую несамавітую на выгляд расліну, пра якую напісаны вершы і складзены песні, якая з’яўляецца ледзь не сімвалам Беларусі поруч з васільком і шыпшынаю.
   Чабор падобны на малады верас, з такімі ж сінімі кветкамі, толькі яшчэ драбнейшымі. Верас нават, як мне падалося, пахне мацней, саладчэй. Што ж так прываблівала да гэтага чабору пчол? 1х было мо штук дваццаць на невялічкую плямку. Я нарваў букецік, нюхаў, яшчэ і яшчэ, проста сілком уцягваў у сябе ягоны своеасаблівы водар.
   I тады зразумеў – сапраўды, чаборам трэба надыхацца. Трэба, каб яго было многа, каб паветра настаялася на ім.
   Так пахне воск, калі гарыць свечка. Так пахнуць старыя любімыя рэчы, на якія забыўся, а потым выпадкова натыкаешся на іх у шафе.
   Так пахне штосьці далёкае, дарагое, страчанае калісьці даўно-даўно, але пах гэты дае надзею, што страчана не назусім...
   Пакуль я разглядаў і нюхаў чабор, хмара падабралася бліжэй. Раптам з яе бліснула крывая маланка, затым рэзка і звонка стрэліла громам. Пайшоў «цыганскі» дождж. Бульбоўнік і трава ажылі пад буйнымі кроплямі, нібы хто кідаў гарох з неба: шлоп!-шпок!-шлоп!
   Трэба было вяртацца дамоў.
   Свяціла сонца, вісела над галавою дзівосная чырвоная хмара, сінеў у руцэ букецік чабору, на якім ехала вялікая пухнатая пчала, – не зважаючы ні на дождж, ні на чалавека, як ап’янелая, яна тыркалася і тыркалася ў сінія кветачкі, стараючыся не прапусціць аніводнае.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!