Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

 

 Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Андрэй Федарэнка - Цугцванг

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Грамадзянін следчы!
   На ўчарашнім допыце Вы зачыталі мне новую заяву грамадзяніна Віталя Крывіцкага, які праходзіць па маёй справе як пацярпелы. Такім чынам да абвінавачвання мяне ў "нанясенні лёгкіх цялесных пашкоджанняў" дадаецца яшчэ адно: грамадзянін Крывіцкі абвінавачвае мяне ў "наўмысных дзеяннях", што нібыта прывялі да смерці яго дзядзьку, "пенсіянера Крывіцкага Івана Адамавіча, з мэтай завалодання маёмасцю нябожчыка".
   Вы, грамадзянін следчы, прапанавалі мне яшчэ раз усё падрабязна ўспомніць і запісаць. "Толькі праўду", – сказалі Вы. Нібыта мне застаецца штосьці іншае! Яшчэ Вы сказалі, каб я пастараўся не забыцца нават драбязы, бо на судзе кожнае нязначнае, здавалася б, слова можа быць павернуга як за, так і супраць мяне.
   Грамадзянін следчы!
   Я даўно здагадваўся, што справа не скончыцца адно канстатацыяй факту "нанясення лёгкіх цялесных пашкоджанняў" Крывіцкаму, здагадваўся, што рана ці позна гэтую гісторыю давядзецца адкруціць назад. Таму я быў падрыхтаваны. Але прашу ўлічыць, што пасля ўчарашняй гнюснай заявы Крывіцкага я не магу прыйсці ў сябе, мае паказанні могуць атрымацца задужа шматслоўнымі, я магу заблытацца ў адступленнях і прапусціць штосьці важнае.
   Акрамя таго я ўпэўнены, грамадзянін следчы, – гісторыя падасца Вам неверагоднаю.
   Аднак я буду пераказваць яе як ёсць; ні выдумляць, ні апраўдваць сябе, ні чарніць кагосьці цяпер мне не мае сэнсу.
   Таксама лічу сваім абавязкам паведаміць: у камеры, дзе я нядаўна знаходзіўся і адкуль мяне перавялі ў сувязі з новым абвінавачваннем, пра Вас, грамадзянін следчы, так добра адзываліся, лічылі Вас чалавекам справядлівым. І мне чамусьці здаецца, што Вы мне паверыце.
 

ІІ

   Пачалося ўсё, грамадзянін следчы, з піва і... шахматаў. Аднак па парадку.
   20 верасня 199* года, г. зн. амаль шэсць месяцаў назад, прыкладна каля 16 гадзін я выйшаў з Дома быту, што на Маскоўскай, і на прыступках станцыі метро "Інстытут культуры" выпадкова сустрэў свайго даўняга знаёмага, пазней пацярпелага, Крывіцкага Віталя. (У Доме быту я забіраў адрамантаваны парасон).
   З Крывіцкім мы некалі разам вучыліся ў адной групе ва ўніверсітэце. Ніякага сяброўства паміж намі не было і не магло быць – я заўсёды лічыў, што гэты хлопец крыху недапечаны. З другога курса яго выгналі за поўную непрыгоднасць да вучобы (як ён увогуле патрапіў ва універсітэт і пратрымаўся цэлы год – так і засталося для ўсіх загадкаю). Разоў колькі ён яшчэ заходзіў у інтэрнат, пасля недзе знік і мы не бачыліся гадоў дзесяць. Пра яго я чуў рознае: ці то выгадна ажаніўся з мінчанкаю, ці то з’ехаў у вёску, ці сядзіць у турме, ці то страшэнна разбагацеў і цяпер за мяжою... Усё выглядала праўдападобным і дапасоўвалася такога кручанага чалавека, як Крывіцкі.
   Тады, каля метро, я зусім не пазнаў бы яго, каб ён не абазваўся першы. Я нават забыў, як яго завуць, і спярша, звяртаючыся да яго, знарок няўцямна мямліў штосьці сярэдняе паміж Уладзімірам і Уладзіславам.
   Мы перакінуліся параю звычайных у такіх выпадках слоў што ды як? Крывіцкага, помню, уразіла і чамусьці насмяшыла, калі я не без гонару сказаў, што вось зноў вучуся – на платных курсах па маркетынгу і менеджменту.
   – Лухта! – гучна заявіў Крывіцкі (ён і раней не ўмеў гаварыць спакойна). – Грошы выкінеш – а толку? Вось скажы – што толку? Ведаеш, колькі цяпер такіх "менеджменаў", як ты?
   Я не ведаў. Я бачыў толькі, што гэтыя дзесяць гадоў даволі моцна змянілі майго колішняга аднакурсніка знешне, але ніяк не духоўна. Ён застаўся такім жа пустым, нецікавым гарлапанам, як і быў.
   – Ну, а ты?
   – А што я? – крычаў мне, як глухому, Крывіцкі і шморгаў мяне за рукаво курткі – яшчэ адна яго даўняя невыносная звычка. – Купі-прадай, жыві не хачу! Вольны казак! Пазаўчора з Германіі вярнуўся, хацелі машыну прыгнаць, ды паліцыя тармазнула, ледзь адмазаліся!.. Паліцаі, разумееш? У нас міліцыя, а там – паліцыя. А то ў Бельгіі яшчэ быў выпадах, таксама з паліцыяй звязаны...
   Я яшчэ раз агледзеў яго. Што й казаць – важны еўрапеец: схуднелы няголены твар, выпетраныя вусны, доўгія, да плеч, валасы, паношаная скураная куртка, джынсы, красоўкі – усё паношанае, але, праўда, чыстае.
   Трэба было развітвацца, вядома, і хутчэй уцякаць ад яго. Тым больш мяне яшчэ чакалі сто спраў. Але я чамусьці не развітваўся і не ўцякаў.
   Упэўнены, што кожны, у тым ліку і Вы, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці траплялі ў падобную сітуацыю. Бывае, увесь дзень распісаны проста па хвілінах, усюды рвешся паспець, з тым пабачыцца, таму патэлефанаваць... І раптам сустракаеш якогась няважнага, непатрэбнага табе чалавека, з якога – цвёрда ведаеш – ні цяпер, ні пазней табе не выйдзе аніякае карысці. Але вось жа, як чорт пад руку штурхае, плюеш на ўсе планы і гробіш з ім такія каштоўныя, незваротныя хвіліны, гадзіны, а то і дні.
   Ды і словы яго, прызнаюся шчыра, – "лухта твая вучоба", "што толку?" – звычайныя банальныя словы, якія мог бы сказаць любы з гэтага натоўпу, што віраваў вакол нас, – прыйшліся неяк акурат да часу, запалі ні з таго ні з сяго ў душу... А сапраўды, навошта ўсё?.. Куды я бягу, куды лячу?.. Жыццё кароткае – імгненне, не болей... Мне хутка трыццаць, а што я маю, хоць вечна некуды імчуся? Сям’і няма, кватэры няма, грошы, якія цягну з бацькоў ці падзарабляю абы-дзе, ляцяць направа і налева... Ці акупіцца калі-небудзь усё гэта? Аніякай гарантыі...
   Словам, мною раптам апанавала тая самая славутая "славянская філасофія" – абстрактная, бясплодная, пазбаўленая практыцызму, філасофія, якая еўрапейцу ці якому-небудзь амерыканцу, мабыць, і ў сне не сніцца.
   – Замялі нас, значыць, у Бельгіі, – крычаў Крывіцкі, – пасадзілі, само сабою, у каталажку...
   – Не крычы так, калі ласка.
   – А, прабач! – сумеўся ён. – Слухай, – вінавата паляпаў па кішэнях, – у цябе не знойдзецца пару тысёнцаў на метро?
   "Вось табе і Бельгія, вось табе і Германія, – падумаў, помню, я. – Так і ведаў, што скончыцца ўсё просьбаю на талончык ці жэтон".
   – Я аддам, даю слова! Зматаюся ў Польшчу ці ў Германію, прыганю машыну...
   І вось тут, грамадзянін следчы, я зрабіў яшчэ адну, ці не галоўную, памылку – я пашкадаваў гэтага пустамелю. Я бачыў, што ён рады нашай сустрэчы, рады, што я даю яму ўвагу; я адчуваў, здагадваўся, што ехаць яму ў прынцыпе няма куды, што нідзе яго асабліва не чакаюць.
   – Можа, па піву? – першы прапанаваў я, прыкідваючы, колькі грошай са мною і якую частку з іх можна патраціць.
   Ён толькі моўчкі, як адданы сабака на гаспадара, зірнуў на мяне.
   Мы адышліся да піўнога кіёска, што на рагу Маскоўскай, узялі па куфлі піва, прыселі за незаняты столік.
   – Дык чаму табе смешна, што я вучуся? – усё ж карцела мне даведацца. – Цяпер многія пайшлі перавучвацца.
   Крывіцкі адвёў руку з куфлем і здзьмухнуў на газон густую пену:
   – Век жыві, век вучыся – усё адно дурным памрэш. Так завяшчаў вялікі Ленін, так вучыць камуністычная партыя, – дадаў ён і засмяяўся, запрашаючы смяяцца і мяне, нібы выдаў не чарговую банальшчыну, а расказаў дасціпны анекдот.
   Я спытаў, ці ёсць хоць нейкая доля праўды ў тых чутках, што пра яго хадзілі? У сэнсе турмы, жаніцьбы з мінчанкаю і таму падобнае.
   Крывіцкі яшчэ больш ажывіўся:
   – Чаму чуткі? – і распавёў, як пра нешта зусім будзённае, некалькі эпізодаў сваёй бурнай біяграфіі.
   Так, быў жанаты з мінчанкаю, нават і цяпер, пасля разводу, яшчэ жывуць разам на кватэры ў яе бацькоў; паспытаў і турмы, адсядзеў колькі месяцаў – "па дурасці, за аліменты!"; сапраўды, збіраўся быў назаўсёды з’ехаць у вёску, але замест гэтага падаўся за мяжу – "праз Польшчу ў турнэ па Еўропах, аўтастопам, ды паліцаі каля Страсбурга тармазнулі!.."
   Ён забыўся, што я прасіў гаварыць цішэй, і зноў амаль крычаў і размахваў рукамі. З-за суседніх столікаў на нас азіраліся.
   А я слухаў і не ведаў, верыць яму ці не. Проста не ўкладвалася ў галаве, як чалавек майго веку пасля столькіх прыгодаў умудрыўся так і не набыць сталасці, сур’ёзнасці, урэшце элементарнага розуму...
   Мы паўтарылі "па піву", потым я (не ведаю, чаму) купіў па "сотцы" гарэлкі і адзін на двух "бутэрброд" – лустачку хлеба з іржавымі скурчанымі долькамі селядца зверху. Крывіцкі дастаў з кішэні ножык, разрэзаў "бутэрброд" напал, акуратна выцер лязо сурвэткаю.
   "Вось табе і ўсё турнэ па Еўропах", – ізноў падумаў я, назіраючы за ім. Але падумаў лена, без аніякіх эмоцый.
   Я ўжо змірыўся, што на гэтым не скончыцца, што наперадзе яшчэ цэлы вечар, – адзін з тых "вясёлых", а на самой справе бесталковых, ні на што растрачаных вечароў, згадка пра якія дзён колькі мучыць і не дае спакою, раздражняе, як боль фізічнай траўмы, а потым усё наглуха забываецца, насуха выціраецца з памяці.
   – О, ідэя! – прачытаў мае думкі Крывіцкі. – Даўно я не быў у Адамавіча свайго – пайшлі? Купім пляшку, у Адамавіча можа закусіць знойдзецца...
   Я зразумеў, што да ўсяго Крывіцкі яшчэ проста галодны.
   – Што за Адамавіч? – спытаў я.
   – Як лепш растлумачыць... Ну, Адамавіч, во такі дзед, я вас пазнаёмлю. Комік першай гільдыі!
   – Хто ён табе?
   – Адамавіч? Вось дапусцім, у цябе бацька, так? Брат бацькі твайго бацькі, ці як гэта... Дзед, словам. А можа, дзядзька, не ведаю. Дык пайшлі, тут побач, на Фабрыцыуса!
   Вось так, грамадзянін следчы, дзякуючы чалавеку, якому я пазней нанясу "лёгкія цялесныя пашкоджанні", я патрапіў да чалавека, у смерці якога мяне абвінавачваюць.
 

ІІІ

   У гастраноме на Маскоўскай мы купілі пляшку "Імперыялу" (нуль сем) і дварамі папраставалі на Фабрыцыуса.
   Дарогаю Крывіцкі расказаў, што гэтаму Адамавічу даўно за семдзесят, жыве адзін і нават не быў ніколі жанаты, "што ён зубны стаматолаг" і вельмі багаты.
   – Адамавіч – апошняя мая надзея, – сказаў раптам Крушынскі.
   – У сэнсе?
   – У прамым сэнсе – хата. Мяне цесць даўно б вытурыў, каб не ведаў пра Адамавіча. Вось так і жывём, чакаем, пакуль дуба ўрэжа мой стары, Адамавіч, значыць... – Крывіцкі ўздыхнуў, але адразу ж ізноў развесяліўся: – А камічны дзед, Адамавіч мой! Сам пабачыш!
   – Пачакай, ты ўпэўнены, што ён табе кватэру адпіша?
   – А каму яшчэ? Я самы блізкі яму, Адамавічу... Во сюды! Мы зайшлі ў пад’езд і па шырокай, як ва ўсіх старых "сталінскіх" дамах, аблупленай лесвіцы падняліся на трэці паверх. Крывіцкі націснуў кнопку званка і не адпускаў да таго часу, пакуль не шчоўкнуў замок. Дзверы прачыніліся чуць, на адну шчылінку. Старэчы голас прашамкаў:
   – Хто гэта?
   – Свае!
   – Свае ўсе дома.
   – Адчыняй, Адамавіч! Ты ж бачыш нас! – крычаў Крывіцкі.
   – Што табе трэба?
   – Праведаць прыйшоў!
   – Я здаровы.
   – Адамавіч, харэ ламацца! Адчыняй!
   – Скажы, нашто я табе?
   Так працягвалася даволі доўга. Мне пачало гэта надакучаць. Разоў колькі я парываўся сысці, але Крывіцкі хапаў мяне за куртку, падміргваў, даючы зразумець, што ўсё скончыцца добра. Нарэшце ён выклаў галоўны козыр:
   – Мы не з пустымі рукамі!
   – Так бы адразу і казаў, – і дзверы, як ні дзіўна, расчыніліся.
   Дзядок саступіў, прапускаючы нас. Мы ўвайшлі ў цесную брудную пярэднюю аднапакаёўкі. Пад вешалкаю, на якой віселі злінялы драпавы палітон і балоневы плашч, стаялі валёнкі і гумавыя боты.
   Сам дзядок быў невысокі, худзенькі, у нейкім бабскім кабаце, абвязаны ў паясніцы тоўстай ваўнянай хусткаю, у трыко і ў стаптаных пантофлях на босу ногу – нічога ў яго абліччы не было помнага, нічога выразнага, звычайны стары пень (прашу прабачэння, грамадзянін следчы).
   – Што вы мне прынеслі? – замест прывітання спытаў дзядок, блізарука прыглядаючыся да пляшкі, якую выцягнуў з унутранай кішэні курткі Крывіцкі.
   – "Імперыял".
   – Добра! Не люблю гарэлкі. А закусіць?
   – Дзед, ты многа хочаш, мала палучыш. Куды йсці, на кухню?
   – Ідзі на кухню. Не трэба разувацца! – прыкрыкнуў на мяне, убачыўшы, што я нагнуўся і расшнуроўваю чаравікі.
   Маленькая, стандартная – пяць ці шэсць "квадратаў" – кухня сустрэла нас вострым непрыемным пахам, што йшоў ад нявынесенага вядра са смеццем. Тут панавала такое ж запусценне, такі ж бязлад, як і ў пярэдняй. Брудны лінолеум у сінія і белыя клеткі, у кутку – нізенькі, пузаты, пажаўцелы ад часу халадзільнік, на якім – кіпа газет, такіх жа пажоўклых. У кутку пад батарэяй сушацца на падасланай газеце старыя чаравікі, у кутку каля дзвярэй – стол без абруса, на стале пуста. Сцены з аблупленай фарбаю таксама пустыя, голыя – няма ні звыклых куханных скрынак, ні палічак, адно над ракавінаю прымацавана звычайная танная сушка, у якой сіратліва тырчаць рэбрамі некалькі талерак і місак, а пад ракавінаю – стаіць тое самае вядро, ад якога ідзе непрыемны пах, з верхам поўнае смецця.
   Але самае дзіўнае, што адразу кінулася ў вочы і ўразіла, бо зусім не пасавала да ўсяго гэтага запусцення, нават убоства, – гэта новенькія, пакрытыя бліскучым лакам шахматы. Так, акурат пасярэдзіне кухні стаяла табурэтка, на якой – дошка з расстаўленымі шахматамі.
   – Ну ты ўжо зусім!.. – Крывіцкі паморшчыўся і пацёр нос. – Хоць бы фортку расчыніў, ці што... Цябе ж вытураць адсюль за антысанітарыю.
   Адамавіч асцярожна адставіў табурэтку з шахматамі да батарэі:
   – Чорта з два, – сказаў чамусьці мне, а не Крывіцкаму. – Кватэра прыватызаваная. Мая. Што хачу, тое раблю. Не чапай! – прыкрыкнуў, калі Крывіцкі ўзяўся адчыняць фортку. – Скразняк будзе, а ў мяне спіна баліць, ты ж бачыш – хусткаю абвязаны!
   – Ды я трохі, хоць на шчылінку.
   – Вынесі лепш вядро, калі так табе пахне!
   Крывіцкі зрабіў выгляд, што не чуе; ён неўпрыкмет падміргнуў мне.
   – Спіна, кажаш, баліць? – перапытаў з прытворным жалем. – Дык, можа, скора таго, а, Адамавіч? Можа, хаваць скора давядзецца?
   – Не дачакаешся!
   Адамавіч зазірнуў у халадзільнік, дзверцы якога расчыніліся з іржавым рыпам, дастаў адтуль пустую гранёную шклянку. Хукнуў у яе, выцер усярэдзіне ражком хусткі, паставіў на стол. Уздыхнуў:
   – За закуску выбачайце, госці дарагія. Самі бачыце, як жыву. І ў магазін цяжка выбрацца, ды й купляць няма за што...
   – Ну і жмот! Дай хоць якую цыбуліну з хлебам! Я стаяў каля дзвярэй (табурэтка з шахматамі была адзінай на кухні) і адчуваў тое ж, што, відаць, і любы б чалавек на маім месцы. Куды я патрапіў? Навошта я тут? Нашто патраціў грошы – каля дзесяці даляраў, а яшчэ ж, як кажуць, "не вечар"?..
   Пасля нядоўгага аднеквання і ламаніны Адамавіч, крэкчучы, палез пад стол, пашамацеў у адной з картонных скрыначак, што там стаялі, выцягнуў тры невялікія цыбуліны. Абцерабіў у пальцах шалупінне:
   – Хлеб сам вазьмі, у халадзільніку, – загадаў Крывіцкаму. А мне патлумачыў: – Усё адно туды няма чаго класці, дык я яго і не ўключаю. Чаго дарма электрычнасць пераводзіць? Так і служыць, усё адно як шафа.
   – Вось жмот, – Крывіцкі адчыніў халадзільнік. – Сапраўды, пуста! Хочаш паглядзець? Я адмовіўся. Крывіцкі паклаў побач з цыбулінамі кавалак чарствога батона.
   – Ну ты ўжо зусім здзяцінеў, Адамавіч! Хіба ж так можна? Памрэш – хто цябе хаваць прыйдзе? Я не пайду!
   – Без цябе пахаваюць, не бойся.
   – Можа, сапраўды няма ў чалавека? – умяшаўся, каб не стаяць маўчком, я.
   – У яго ды няма! Такія жмоты ведаеш якія багатыя? Адамавіч, скажы яму, колькі ў цябе грошай!
   – От пустазвон...
   – Ты ж паў-Мінска мог бы скупіць – што, не так? – От шалапут, – ківаў галавою Адамавіч. Крывіцкі наліў яму першаму, і Адамавіч выпіў прагна, нагбом – як сасмяглы чалавек, што дарваўся да шклянкі калодзежнай чыстай вады. Калі я выпіў і пачаў хрумстаць цыбулінай, дзед раптам заўважыў
   – Зуб ніжні трэба лячыць, малады чалавек. Не запускайце. – Як вы ўбачылі? – здзівіўся я, кратаючы языком рэшткі пломбы, якая сапраўды выкрышылася дзён колькі назад. – Ён ды не ўбачыць! Усё жыццё зубы ставіў – адкуль жа і грошы ў яго.
   – Тады б вы сабе паставілі, – сказаў я, убачыўшы, як Адамавіч жуе мякіш. Яўна ў яго ў самога з зубамі было не ўсё ў парадку.
   – Ён ды паставіць. Золата шкада!
   – Пустазвон, – ані не крыўдзіўся дзед.
   Доўга не чакаючы, паўтарылі. Крывіцкі развесяліўся:
   – Ну што, дзед, выпіў? А цяпер – дыскатэка!
   Я падышоў да табурэткі з шахматамі. Адамавіч ні з таго ні з сяго аж затросся.
   – Мо гуляеце? – з надзеяй запытаў ён.
   – Так.. гуляў колісь, – я не стаў хваліцца, вядома, што быў чэмпіёнам раёна сярод школьнікаў.
   – Не сядай з ім, ён памешаны на шахматах!
   І сапраўды, Адамавіч ажывіўся так, што вочы засвяціліся нейкім дзіўным, нават фанатычным бляскам. Раптам кінуўся ў пакой, з’явіўся з двума табурэтамі ў руках:
   – Сядай, – да мяне. – А ты, – Крывіцкаму, тыцкаючы яму штосьці ў руку, – збегай пакуль, купі, ну, сам ведаеш.
   – Даўно б так! – Крывіцкі, задаволены, сышоў.
   Разыгралі: Адамавічу выпалі белыя. Ён доўга нацэльваў старэчыя дрыготкія пальцы, складзеныя ў жменьку, на цэнтральную пешку, затым хуценька адымаў руку, нават хаваў за спіну. Урэшце прасунуў пешку на е4, і пасля майго ходу, ужо не думаючы, другую пешку на f4 – каралеўскі гамбіт, даволі хітры, але састарэлы пачатак... (Калі вы не ведаеце, грамадзянін следчы, каралеўскі гамбіт – гэта каскад прыгожых ахвяраў у белых, трох пешак і каня, каб вызваліць "калідор" па лініі f і пасля ракіроўкі атрымаць моцную атаку; зрэшты, магчыма, гэта не галоўнае ў маіх тлумачэннях.)
   Некалі я і сам любіў карыстацца гэтым пачаткам, але цяпер усё забылася; адразу патрапіў у "пастку", нарабіў памылак – не памог і лішні конь, і лішнія пешкі. Я пачаў задумвацца над хадамі куды даўжэй за Адамавіча, якога спачатку не прыняў усур’ёз як шахматыста.
   Да таго ж Крывіцкі вярнуўся, пачаў шумець, перашкаджаць, падносіў нам "імперыял", тоўкся за маёй спіною і падказваў адно і тое ж:
   – Канём хадзі, канём! – такі ў яго быў жарт. Словам, я прайграў. Здаўся недзе на пятнаццатым ходзе.
   – Тэорыю трэба вучыць, малады чалавек, – Адамавіч, не проста задаволены, а шчаслівы, паціраў сухія рукі.
   – На высадку! – гарлапаніў Крывіцкі. – Зараз вып’ем, тады я сяду!
   Ён закасаў рукаво ў кашулі, напінаў біцэпс і ўсё чапляўся да Адамавіча:
   – Выходзь, стары, на арэну!
   З першага ходу стала ясна, які ён гулец. Як і ва ўсіх недалёкіх, тупаватых людзей мышленне ў яго было, калі можна так сказаць, шашачнае, не здольнае да абстрактнага камбінавання. Стаіць фігура пад боем – значыць, трэба браць.
   – А если он меня прикончит матом, то я его через бедро с захватом, или ход конём по голове! – крычаў ён, хапаў з дошкі каня і жартаўліва замахваўся на дзеда, які, праўда, аніяк на гэта не рэагаваў.
   Крывіцкі прапусціў "дзіцячы" мат у тры хады, мы памяняліся. На гэты раз я добра вымучыў дзеда, тым больш, што Крывіцкаму надакучыла, ён курыў у фортку і не перашкаджаў нам, – і ўсё ж Адамавічу ўдалося-такі правесці ў ферзі адну-адзіную лішнюю пешку.
   Я, грамадзянін следчы, рэдка бачыў у сваім жыцці такіх шчаслівых людзей, як Адамавіч у той вечар, калі двойчы выйграў у мяне. Я ведаў самых розных шахматных "фанатаў", яшчэ ў дзяцінстве любіў па выхадных хадзіць у парк, дзе гулялі ў шахматы на грошы і дзе гэтая бяскрыўдная гульня часам нагадвала "баі без правілаў" – у прамым сэнсе многія партыі заканчваліся фізічнымі бойкамі. Але Адамавіч, чалавек, які, можна сказаць, стаіць адной нагою ў магіле, радаваўся так, нібы выйграў па меншай меры мільён даляраў. Ён прытанцоўваў (я не жартую) на месцы. Ён смяяўся, паціраў рукі і ўсё паўтараў:
   – Тэорыя, малады чалавек, тэорыя!
 

ІV

   Калі мы выйшлі на двор, было зусім цёмна. Крывіцкага развезла – не так, мабыць, ад выпітага, колькі ад свежага восеньскага паветра пасля смуроднай кухні. Да таго ж ён курыў, не перастаючы. Мы прыселі на лавачку каля пад’езда.
   – Чаму ты ўвесь час пра нейкае золата, пра нейкія грошы нёс? – спытаў я.
   – Што значыць "нёс"? – пакрыўджаны маім недаверам, Крывіцкі нават працверазеў. – Паслухай, хлопец, – ты ведаеш, што такое зубны тэхнік? Ды яшчэ прыватны? Ты ведаеш, што такое паставіць зубы без чаргі? Ведаеш, якія колісь грошы за гэта выкладвалі?
   – Ну, здагадваюся.
   – Нават і не здагадваешся! А ці ведаеш ты, колькі золата ідзе на каронку ці на зуб, дапусцім, з залатога персценя? Думаеш, усё да грама? Памыляешся! На кожным зубе, на кожнай каронцы абавязкова штосьці эканоміцца. А ўжо выплавіць гэтыя лішкі ў злітак і дзіця малое зможа.
   А сапраўды, падумаў я. Мне прыгадалася раптам гісторыя, даўным-даўно вычытаная ў нейкай кніжцы. Справа ў тым, што золата вельмі мяккі метал – вага, напрыклад, манеты змяншаецца нават пасля таго, як яе патрымаеш у пальцах. Гэтым і карыстаўся адзін кемлівы банкаўскі служачы. Кожную суботу, калі ў банку пералічвалі залатыя манеты, ён прыносіў з дому новенькі дыванок, якім засцілаў стол, у канцы работы акуратна яго скручваў у трубачку, дома спальваў на спецыяльнай патэльні і кожны раз атрымліваў злітачак чыстага золата.
   – І дзе ён можа хаваць тыя зліткі? – ляпнуў раптам я нечакана для сябе самога.
   Крывіцкі паблажліва засмяяўся:
   – Ты, я гляджу, як той Адамавіч – многа хочаш! Дзе хавае... Спытай што-небудзь лягчэйшае.
   – Ды ці ёсць яны ўвогуле?
   Крывіцкі прамоўчаў, нібы набіваючы сабе цану. Падняўся з лаўкі:
   – Пайшлі памалу, мне дабірацца далёка, у Курасоўшчыну...
   – Я вазьму табе таксоўку, – прапанаваў я, зразумеўшы, да чаго ён хіліць.
   – Праўда? Ты – сапраўдны сябар! А піва яшчэ купіш?
   – Куплю.
   Мы пайшлі да Маскоўскай, Крывіцкі хістаўся, і я вёў яго пад руку.
   Кіёск з разліўным півам быў даўно зачынены. Я купіў бутэлечнага, здаецца, нават імпартовага.
   – Ты ж ведаеш, я сядзеў, – глынуўшы піва, гучна адрыгваючы, расказваў Крывіцкі, – за аліменты. Амаль паўгода. Выйшаў адтуль – ну, думаю, гады, я вам устрою! Пра жонку з цесцем. Жонкі, праўда, дома не аказалася, яе шчасце, а цесця змалаціў на горкі яблык. Адвёў душу. Добра, што ён паддаты быў тады, адразу пабоі не здагадаўся зняць. Але ўсё адно – праз дзень піша на мяне заяву, я, вядома, ні сном ні духам, мала ты дзе, цесць, валэндаешся, ды і паддавала ты добры, можа, упаў дзе-небудзь п’яны і ўсе праблемы... Словам, выкручваюся, як магу. Аднак выклікаюць да следчага, той спачатку для прафілактыкі ўрэзаў па нырках пару разоў... Я адпіраюся. Тады ён моўчкі штосьці піша на аркушыку і падсоўвае мне пад нос. Уверсе стаіць лічба тры, а ўнізе – сума, якую я і ў руках не трымаў! Значыць, выбірай: ці тры гады "страгача", ці "на лапу". Аркушык забраў і пры мне спаліў у попелцы. Паказвае на дзверы – свабодны!
   – Ну і?
   – Ну я ногі ў рукі – і да Адамавіча свайго... Так і так, кажу, ратуй, дзед, другі раз я адтуль жывым не выйду, ведаю гэта. Памажы, адкупі, свая ж кроў, не чужая! Дзед які ні чокнуты, а паверыў, адно сказаў: "Грошай у мяне няма, у далярах вашых я не разбіраюся. (Тады толькі пачыналася гэтая карусель з перабудоваю.) Але ў мяне, кажа, ёсць штосьці лепшае за грошы і за даляры. Схавана яно ў надзейным месцы, мне трэба час, каб дастаць. Паедзеш заўтра на вакзал, у камеры захоўвання знойдзеш такую й такую ячэйку, а вось табе лічбы, якія набярэш, – і з хітрым выглядам піша штосьці на шматку паперы – акурат як той следчы! – і падае мне. – Калі ў цябе, кажа, хапіла розуму за паўгода двойчы дапасці да турмы, дык павінна хапіць і на тое, каб адчыніць дзверцы ячэйкі". Я зірнуў і ледзь не абамлеў. Ды ён проста здзекуецца з мяне!
   – А што там было?
   – Ахінея нейкая, я ж спачатку здалося, старэчы маразм! Я ўжо не помню даслоўна – нешта, "ад майго адымі сваё, дадай палавіну матчынага, падзялі на бацькавае..." А ён радуецца як дзіця: "Цяпер, кажа, я, ведаючы цябе і твой язык, калі што, заўсёды адкручуся!"
   – Ты сур’ёзна?
   – Кажу ж, здзяцінеў чалавек пад старасць, ты ж сам бачыў! А па-другое, падумаўшы, і сапраўды – успомні, як раней строга з золатам было, гэта цяпер поўна скупак, любую рэкламную газету разгарні – паўсюль аб’явы; а тады, напрыклад, тармазнулі б мяне каля камеры, застукалі б з золатам, хто б усур’ёз успрыняў тую запісачку і на Адамавіча падумаў? Дарэчы, і "шыфр" яго аказаўся наіўным, як і сам Адамавіч: трэба было ўзяць гады нараджэння, ад Адамавічавага адняць мой і таму падобнае. Выходзіла акурат чатыры лічбы, а літару я проста падабраў механічна. Адкрыў дзверцы і знайшоў там пакуначак, у якім ляжаў вось такі...
   Крывіцкі правёў пальцам па рыльцы бутэлькі:
   – Вось такі злітак. Я бягом на Батанічную, ад радасці і здуру цыганам амаль за паўцаны аддаў. Але следчаму акурат хапіла, адкупіўся, справу закрылі. Затое Адамавіч, як пачуў, колькі я за яго метал узяў, – мо з паўгода на мяне нават пазіраць не хацеў, такі злы быў. І цяпер я добра ведаю – хоць разапнуся перад ім, хоць на каленях буду поўзаць і ногі цалаваць – не дасць ні капейкі! Крывіцкі ўздыхнуў. – Адна надзея – хату адпіша...
 

V

   Раптам я заўважыў, што акрамя недапітай бутэлькі з півам пры мне больш нічога няма. А парасон дзе? (Памятаеце, грамадзянін следчы, я забіраў парасон з рамонту?) Застаўся ў Адамавіча. Было яшчэ не так і позна, можна было спакойна вярнуцца і забраць. Але я нічога не сказаў Крывіцкаму. Пасадзіў яго ў машыну, напярод расплаціўся з таксісгам, а сам на метро паехаў у сваё Уручча, дзе здымаў пакой.
   Працверазеў і абдумаўся я яшчэ па дарозе. Дурань, каго я слухаю, каму веру! Мне трыццаць гадоў, а я слухаю нейкую ахінею пра нейкія "зліткі золата", "шыфроўкі", "камеры захоўвання"!.. Як не сорамна?!
   Гаспадыня яшчэ не спала, піла гарбату на кухні. Я ціхенька праслізнуў у свой пакой, не стаў ні есці, ні піць. Лёг спаць, а сон не йшоў. Перад вачыма стаялі то шахматныя фігуры, то зубны тэхнік Адамавіч, у якога ў самога кепскія зубы, то пастарэлы твар Крывіцкага, то парасон, які вісіць зараз недзе там, у пярэдняй, на вешалцы...
   Потым я задрамаў, але сярэдначы прачнуўся, бы ад штуршка, ужо зусім цвярозы, і раптам іншыя думкі заснавалі ў галаве. Я зразумеў, што гісторыя гэтая не скора забудзецца, бо наколькі яна здаецца на першы погляд неверагоднаю, настолькі ж яна і заманлівая. Адзінокі, хворы, стары чалавек, які ў любы час можа, як выказаўся Крывіцкі, "дуба ўрэзаць"... Няўжо, калі ў яго сапраўды ёсць багацце, ён не зразумее, што ўсяго ў магілу не забярэш?.. Няўжо ён не разумее, што яго Крывіцкі – не той чалавек, каму можна даверыць нават маленькую суму?..
   Хто з нас, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці не любіў марыць? У кім з нас яшчэ з дзяцінства не жыве вера ў цуд? Выйсці, скажам, на вуліцу і раптам знайсці кашалёк, набіты грашыма... Або цэлы чамадан... А зрэшты, які ў гэтым цуд? Хіба не бывае такога? Вунь сусед нядаўна расказваў: выходзіць ён рана-раненька, гадзін у пяць, на вуліцу – у яго праца такая, што трэба рана выходзіць, – і бачыць на прыпынку, пад ліхтаром, ляжачага чалавека з раскінутымі рукамі, побач – шапка і "дыпламат". І вакол ні душы. "Мне б, дурню цара нябеснага, – расказваў сусед, – схапіць "дыпламат" ды ногі хутчэй адтуль! Але хто мог ведаць, што там?! Ды і боязна. Вярнуўся дамоў, патэлефанаваў у міліцыю, у "хуткую", пакуль выйшаў зноў да прыпынку, яны ўжо там. Мужчына жывы, толькі п’яны і пабіты моцна. Занеслі яго ў "хуткую", а мне міліцыянеры выпісваюць даведку, каб на рабоце апраўдацца, і просяць быць панятым. Залазім у машыну, адчыняюць яны "дыпламат", і ў мяне, – расказвае сусед, – ды, думаю, і ва ўсіх, хто там быў, літаральна сінее ў вачах: "дыпламат" увесь, з верхам набіты пачкамі новенькіх фунтаў стэрлінгаў!"
   Вось вам і "цуд". І праўда, як казаў герой вядомага рамана: раз сярод людзей пакуль яшчэ ходзяць грошы, значыць, павінны быць і асобы, у якіх гэтых грошай вельмі і вельмі многа. І наш Мінск не выключэнне. Паслухаеш, пачытаеш газеты, паглядзіш тэлевізію – усе такія бедныя, такія жабракі, што толькі міласціну прасіць; але ж нехта ўвесь час купляе каштоўныя рэчы, адзенне, дарагія прадукты, ездзіць на красунях-іншамарках, прасаджвае ў казіно па тысячы даляраў за вечар... Я стараўся прагнаць ад сябе гэтыя думкі. Я казаў сабе:
   "Калі такія дзівосы, як знаходка "дыпламата", набітага фунтамі, і здараюцца, дык не з табою!" – а іншы голас нашэптваў мне: "Ды чаму не з табою? Чым ты горшы? Паглядзі, напрыклад, не на Крывіцкага, а на іншых сваіх аднагодкаў: для многіх з’ездзіць, скажам, у Іспанію, Англію, Амерыку – тое ж самае, што для цябе ў вёску да бацькоў. І гэта не здаецца ніякім дзівам! А пачыналі яны, як і ты, на пустым месцы. Цяперашнім часам усё магчыма, любое дзіва можа зрабіцца яваю, трэба толькі моцна хацець яго, ну, і варушыцца як-небудзь..."
   Клянуся, грамадзянін следчы, мне і ў галаву не прыходзіла тады жадаць Адамавічу смерці, – ды і які сэнс у гэтым?! Што можна ўзяць ад мёртвага? Бяруць ад жывых... Проста я фантазіраваў у тую ноч, нявінна, па-дзіцячы фантазіраваў: хай бы і са мною нарэшце здарыўся цуд, і, скажам, падараваў мне той жа Адамавіч кілаграмаў так з пяць сваіх зліткаў – навошта яны яму? А ў мяне – першапачатковы капіталец, кватэру змог бы купіць, адзецца па-людску, дзяўчыну ў дарагі рэстаран звадзіць... Ды, Божа мой, што значыць, калі не трэба лічыць праклятыя рублі, калі ў кішэнях шастае "зеляніна" даляраў, – элементарна адчуваеш сябе Чалавекам!..
   Заняткі ў нас у другую змену; да абеду не было куды сябе дзець, я сабраў канспекты і паехаў у бібліятэку. Але заказаў, сам не ведаю чаму, не падручнікі, а зборнік... "Шахматныя мініяцюры". Гартаў яго, аднаўляючы ў памяці мудрагельствы такой любімай некалі гульні, адразу ўбачыў і зразумеў сваю ўчарашнюю памылку ў "каралеўскім гамбіце"... Але ўвесь час не пакідала адчуванне, што ёсць у мяне наперадзе нешта радаснае, прыемнае, – і ўспаміналася: "Парасон!"
   Гэта можна параўнаць, грамадзянін следчы, з тым, як некалі была ў мяне каханая дзяўчына, прыходзіла да мяне, а потым забывала штосьці – шарф, кнігу, пальчаткі; я ведаў, што гэта знарок, каб прыйсці яшчэ раз, і, ведаючы гэта, на душы рабілася прыемна і радасна...
 

   Без пятнаццаці чатыры я падыходзіў да дома на Фабрыцыуса. Знаёмая лесвіца, учарашнія знаёмыя смуродныя пахі... Я націснуў кнопку званка і падрыхтаваўся да такой жа доўгай "дуэлі" на словах, якую вялі ўчора Адамавіч з Крывіцкім.
   Але дзверы расчыніліся адразу. Адамавіч, у той жа апратцы, што і ўчора, з абвязанай хусткаю паясніцаю, хутка і ахвотна, нібы мы дамаўляліся пра сустрэчу, упусціў мяне:
   – Праходзь.
   Я патаптаўся ў пярэдняй, не ведаючы, што рабіць далей, што казаць. А Адамавіч моўчкі, пільна аглядаў мяне з галавы да ног. Каб не напалохаць яго, я ўсміхнуўся і як мага мякчэйшым голасам нагадаў:
   – Парасон... Я забыў учора парасон.
   – Парасон? Ці яшчэ штосьці?
   – Не, здаецца, усё.
   – А золата? – раптам падміргнуў мне Адамавіч. – Нябось, расказаў учора той пустамеля пра золата, вось ты і прыплёўся!
   – Не разумею...
   – Усё ты разумееш. Расказаў, набрахаў табе, а ты і паверыў. Паверыў жа? А яшчэ дарослы чалавек – як не сорамна? Ён усяму Мінску пра мяне небыліцы бае. Але падумайце сваёй галавою – калі б у мяне было золата, ці грошы, – хіба б я так жыў, як жыву? Я не настолькі яшчэ дурны, каб мне не хацелася пагуляць хоць пры канцы жыцця, – але за што? І рад бы – ды пуста!
   Пуста было і ў мяне на душы. Хоць я і разумеў, што дзед кпіць, пацяшаецца з мяне – хоць бы таму, што навошта ён вось цяпер перада мною апраўдваецца, хто я яму такі? – разам з тым я не мог не прызнаць лагічнасці яго слоў. Усё правільна, ніякага багацця няма, і ён, баючыся мяне, чужога чалавека, тлумачыць мне гэта. А калі нават дапусціць, што ёсць багацце, дык як яго ўзяць? На якіх правах? Забіць зараз дзеда і пачаць абшукваць кватэру?
   Мне сорамна прызнавацца, грамадзянін следчы, але я стаяў перад Адамавічам увесь чырвоны, як шкадлівы вучань перад настаўнікам. Калі здранцвенне прайшло, я зняў з вешалкі свой парасон, заціснуў пад пахаю:
   – Прабачце... Дык я пайду?
   – Пачакай, давай у шахматы, раз прыйшоў Толькі разувацца не трэба, – і патупаў на кухню. – Я спяшаюся... – аднак жа нейкі чорт, што сядзеў усярэязіне, пацягнуў мяне следам. На кухні было чысцей, чым учора, праветрана, вядро з-пад смецця стаяла пустое, адно лінолеум у сіне-белыя клеткі быў такі ж брудны, мо з год нямыты. Я адразу заўважыў, што акрамя табурэта з расстаўленымі шахматамі стаяць яшчэ два – значыь, дзед сапраўды чакаў мяне. Але цяпер гэта не мела ніякага сэнсу. Я быў злы на сябе, злы за свае дурныя дзіцячыя мары, за страчаны дарма час... Адзінае, чым суцяшаўся, – значыць, праз гэта трэба было прайсці, каб супакоіцца і жыць, як і жыў раней.
   – Дзе ты вучышся? – нечакана спытаў Адамавіч, робячы першы ход. – Раскажы трохі пра сябе. Бацькі ёсць?
   Я неахвотна адказаў. Злосць, як ні дзіўна, памагла мне, і я выйграў тры партыі запар, чым давёў Адамавіча ледзь не да шоку.
   – Тэорыя, – мармытаў ён, і калі браўся за фігуру, так сціскаў яе, што пальцы бялелі. – Што значыць тэорыя...
   Потым мне надакучыла, і я даў Адамавічу выйграць тры партыі. Ізноў, як і ўчора, я са здзіўленнем назіраў метамарафозу, што адбывалася з чалавекам, якому даўно ўжо трэба думаць пра той свет. Адамавіча падмянілі. У яго разгарнуліся плечы, у яго памаладзелі, заіскрыліся шчасцем вочы; Вы не паверыце, грамадзянін следчы, ён пачаў нават напяваць казліным голасам модны апошнім часам шлягер!..
   Мне было страшэнна нудна тут. Пасля шостай партыі я падняўся і катэгарычна заявіў
   – Усё, пайду!
   – А можа, яшчэ? – пачаў упрошваць Адамавіч. – На пасашок?
   – Не. Я спяшаюся.
   – Ну, што ж, – ён глыбока ўздыхнуў і пайшоў правесці мяне да дзвярэй.
   Вось тут адбылося наступнае. Зазіраючы мне ў вочы, дзед раптам гулліва ўшчыкнуў мяне за бок і прашаптаў:
   – А ёсць золата! Толькі халеры знойдзеце, хоць усё тут абшукайце. Я не такі дурны, як вам з тым шалапутам здаецца, я ведаю, што вы змовіліся. Вы, цяперашнія, за капейку зарэжаце, а то за золата! – і паківаў мне пальцам.
   – Як вам не сорамна... – я не дагаварыў.
   Хутка сунуўшы ў бакавую кішэню кабата руку, Адамавіч, не зводзячы з мяне вачэй, працягнуў мне на далоні невялікі, памерам з палову запалкавага карабка злітак цёмна-жоўтага металу.
   – І такіх многа! – прашаптаў ён, хаваючы злітак назад, не даўшы мне нават як след разглядзець яго. Я стаў агаломшаны. Вось гэта фокус!
   – Дык будзеш прыходзіць у шахматы гуляць? – Адамавіч хіхікаў і пашчыкваў мяне за бок.
   – Мабыць... буду, – я зглынуў сліну.
 

VІІ

   З таго дня пачаліся мае пакуты, якія можна параўнаць, і то вельмі прыблізна, з нераздзеленым каханнем. Я кахаў і "хацеў" – а мяне не кахалі і "не хацелі", але і не адпускалі ад сябе, падаючы слабую надзею.
   Доўжылася гэта амаль месяц. Кожны вечар я, нібы пад гіпнозам, плёўся да Адамавіча, гадзінамі сядзеў у яго на кухні за шахматамі, робячы выгляд, што абдумваю хады, што радуюся, калі выйграю і засмучаюся, калі атрымліваю мат. Само сабою, выйграваў я рэдка, адну-дзве партыі за вечар – больш было небяспечна, каб не пакрыўдзіць, не спужнуць, не астудзіць капрызлівага дзеда...
   Заняткі я, вядома, запусціў – якія заняткі, калі я магу атрымаць усё адразу, калі ў адзін момант, як у той чарадзейнай казцы, мне ў рукі можа прыплыць тое, дзеля чаго я ў прынцыпе і вучуся, – багацце.
   Я цярпеў, грамадзянін следчы, і чакаў – як хітры вопьггны палюбоўнік церпіць і чакае ўзаемнасці ад халоднай непрыступнай красуні. А гэты момант усё ніяк не наставаў. Кожны вечар, часта запозна, вяртаючыся на метро дамоў, я скрыгітаў зубамі і ледзь не плакаў ад злосці. Я схуднеў, еў мала. Начамі не мог спаць. Але надыходзіла раніца, і вось я ўжо з нецярпеннем чакаю, калі ж вечар? У мяне соладка пачынае трымцець сэрца: "А раптам сёння? Чаму ён усё распьггвае, з якой я сям’і? Чаму так прыглядаецца да мяне, нібы хоча сасватаць мне нявесту? Выпрабоўвае? Несумненна. Гэта Крывіцкі мог не заўважыць такога, але не я. Адамавіч сапраўды сватае мяне, каб ажаніць потым... са сваім багаццем! А пакуль прыглядаецца, што я за жаніх, ці ў добрыя рукі патрапіць яго скарб. А жаніх павінен быць ветлівы, усмешлівы, культурны, чысценькі, абавязковы. Гэта пазней, пасля вяселля, можна ссунуць на бок гальштук, можна будзе дазволіць сабе расслабіцца..."
   Адамавіч між тым выпрабоўваў мяне – хоць і прымітыўна, аднастайна, але нямала нерваў каштавала выконваць ягоныя капрызы. Усе яны зводзіліся да аднаго: праверыць, ці не хачу я яго забіць.
   Напрыклад, седзячы за шахматамі, ён хапаўся раптам за сэрца, пачынаў войкаць, стагнаць:
   – Там... у пакоі... парашок на стале... Ох, хутчэй!.. Я кідаўся ў пакой, дзе пахла нежылым духам, уключаў святло, хутка аббягаў вачыма небагатае ўбранства, стараючыся ўгадаць, дзе можа быць схавана золата. У гэтай старой шафе, на якой зверху пад шклом дзве палічкі з кнігамі? У гэтым стаматалагічным крэсле, што, пакрытае цыратаю, стаіць тут проста сярод пакоя чужароднай няўклюдаю? У ложку, пад ложкам? У падаконніку? У ножцы стала? Знаходзіў парашок, бег на кухню, набіраў вады ў шклянку. Адамавіч пільна сачыў за кожным маім рухам, тады браў парашок, дэманстратыўна высыпаў яго ў вядро з-пад смецця, а ваду выліваў у ракавіну:
   – Адпусціла; сядай гуляць.
   – Які ж вы дзівак, Адамавіч, далібог, – прыязным голасам, мякка дакараў я яго.
   Гэта паўтаралася ў розных варыянтах – напрыклад: "Зрабі мне ўкол, толькі набірай лекі ў шпрыц тут, на кухні!" Я бег у пакой, знаходзіў у аптэчцы аднаразавы шпрыц, лекі, на Адамавічавых вачах набіраў, выціскаў з іголкі струменьчык і толькі падступаўся з уколам, як Адамавіча "адпускала". Усе гэтыя праверкі былі, паўтаруся, аднастайныя, усе мелі на мэце паказаць, што Адамавіч заўсёды напагатове і не такі прасцячок, каб не здагадацца пра нашыя з Крывіцкім планы. (Яму па-ранейшаму здавалася, што ў нас з Крывіцкім змова супраць яго.)
   Праўда, быў выпадак, калі я ледзь не "засыпаўся". У адзін з вечароў мы мірна сядзелі за шахматамі. Раптам Адамавіч, як заўсёды ні з таго ні з сяго, падазрона ў мяне ўставіўся, тады збялеў і пачаў гучна стагнаць. Я памог яму дабрацца да ложка, накрыў коўдраю... І тут цюкнула мне ў галаву: а што, як на гэты раз праўда, і ён не жартуе? Вунь якое дыханне частае, з хрыпамі, уздрыгвае ўвесь – відаць, ад прыступаў болю, твар бела-сіні, нездаровы...
   – Выкліч "хуткую", паміраю!.. – і калі я кінуўся ў пярэднюю, дзе на тумбачцы стаяў тэлефон, пачуў ззаду: – Тэлефон адключылі, не заплаціў у час, бяжы на двор!..
   Я збег уніз. Каля таксафона не было ні душы. І вось тут – каюся, грамадзянін следчы, – на кароценькі міг я ледзь не паддаўся спакусе. Нашто спяшацца?.. Можа, пастаяць, пакурыць, потым сказаць Адамавічу, што чарга была, ледзь выпрасіў пазваніць... А можа, пакуль падымуся, дзед мой (прашу прабачэння) будзе ўжо халодны?.. І тады, калі прыедуць і забяруць яго, можна будзе да самай раніцы застацца ў яго кватэры...
   Але і ў той раз інтуіцыя падказала мне, што трэба іграць ролю сумленна і да канца. Я пазваніў па "нуль-тры", назваў адрас; мне адказалі – "чакайце, выязджаем".
   Калі я, задыханы, уляцеў у кватэру, Адамавіч мой сядзеў на кухні, як ні ў чым не бывала, перад шахматнай дошкаю, і абдумваў чарговы ход.
   – Збегаў? А мяне адпусціла.
   Я знясілена прысеў на табурэтку насупраць.
   – Як вам не сорамна, Адамавіч? Стары чалавек...
   – За што мне сорамна? Што блага зрабілася, а потым прайшло? Дык на тое старасць.
   – Вас жа аштрафаваць могуць за ілжывы выклік, вы хоць прытварыцеся хворым, калі яны прыедуць! Ці мне збегаць, сказаць, каб не ехалі?
   – Ды сядай гуляй, чаго ты носішся? Яшчэ невядома, ці прыедуць.
   – А, дык вы сумняваецеся, ці выклікаў я іх увогуле? Які ж вы, далібог... Няўжо вы ўсур’ёз думаеце, што я... смерці вашай хачу? – з самым нявінным выглядам, надаўшы голасу ноткі лёгкай крыўды, сказаў я.
   – Хто цябе ведае? Не ў шахматы ж ты ходзіш сюды гуляць.
   Я пакрыўджана паціснуў плячыма. Мы пачалі чарговую партыю. "Хуткая" сапраўды так і не прыехала.
   – Памірай пасля гэтага, – паскардзіўся Адамавіч. – Дык ты выклікаў ці не?
   – Клянуся, выклікаў! Але ж і вы таксама, Адамавіч... Вы не крыўдуйце, але вашыя жартачкі вам самому могуць бокам вылезці... А калі, не дай Бог, з вамі сапраўды здарыцца штосьці? Там паглядзяць, скажуць, а, гэта той самы дзед, які столькі разоў нас падманваў!.. І спозняцца...
   – А табе-то што? Ну, спозняцца, памру – ты ж толькі гэтага і чакаеш.
   – Ну, што вы кажаце!.. Якая карысць мне ад вашай смерці?
   – Пакуль аніякай, гэта праўда. А ты хацеў бы карысці? – забіраючы каня, якога я знарок "празяваў", са звыклай гуллівасцю, якая заўсёды з’яўлялася ў яго голасе, калі ён пачынаў гаварыць пра сваё багацце, спытаў Адамавіч. – Вы ж, цяперашнія, з усяго карысці хочаце, нават з чужой смерці... Вось, дапусцім, скажу я табе, дзе ў мяне золата, так? Цяпер ты бегаеш за мною, як за дзеўкаю, у рот глядзіш і кожнае жаданне выконваеш... А як скажу – што будзе? Тады б ты мне такі ўкольчык зрабіў, што мала б не падалося. Хіба б ты бегаў тады, як куля, выклікаць "хуткую"? Ды ты б яшчэ і падушку мне на нос паклаў, ды прыціснуў бы яе так, лёгенька...
   Халадзеючы ад прадчування блізкай удачы, ад таго, што я не памыляюся і Адамавіч нікому іншаму, а толькі мне ў перспектыве збіраецца перадаць багацце, здранцвелымі губамі я пралепятаў:
   – Калі ў вас сапраўды многа золата, чаму б вам... самому не пажыць у радасць?
   – У якую радасць? Падумай галавою, ты ж разумны хлопец: я – хворы, стары, баязлівы, мне ў магазін цяжка выбрацца, вядро цяжка вынесці, а тут – прадаць золата! Дзе, і як, і каму я яго прадам? Панясу ў скупку? Ды мяне высачаць і кокнуць за адзін грам гэтага золата, не тое што за злітак! Папрасіць каго-небудзь? Таго свайго пустазвона я папрасіў ужо адзін раз, паверыў яму – больш не хачу.
   – Мяне папрасіце, – нібы жартам прапанаваў я, а сам сцяўся.
   Адамавіч моўчкі, пільна глядзеў на дошку з фігурамі. Маўчанне доўжылася.
   – Дайце мне! – ужо сур’ёзна, кінуўшы ўсялякую асцярогу, прашаптаў я. – Паверце мне, я малады, я вучуся... Я ж не ваш Крывіцкі, вы ж бачыце, які ён і які я... Вы – такі разумны, назіральны чалавек, у шахматы так здорава гуляеце ў вашых гадах...
   – Ты не Крывіцкі, гэта я ведаю, – перапыніў маю фальшывую, няўмелую ільсцівасць Адамавіч. – Той, хоць і пустазвон, але просты, звычайны, – а ты злы, хітры, учэпісты і ты даб’ешся свайго. Хіба я не бачу, што ты нават хады робіш машынальна, думаючы пра сваё, і ўсё адно ўмудраешся хоць калі-нікалі выйграваць у мяне?
   – Так, я злы і хітры! Але грошы толькі такіх і любяць! Адамавіч, аддайце мне – умаляю паверыць! – ніколі яшчэ я не быў так блізка ад удачы; я гатовы быў укленчыць зараз перад ім...
   Магчыма, у той вечар усё і вырашылася б, і я б цяпер не пісаў Вам гэтую тлумачальную, грамадзянін следчы, каб не... пранізлівы званок у дзверы! Прыехала "хуткая дапамога" – і трох гадзін не прайшло!
   Проста ўз’юшаны, я схапіў з вешалкі куртку і выбег з кватэры. Што я адчуваў? Тое ж самае параўнанне, грамадзянін следчы, аб якім згадваў раней: уявіце, што амаль месяц з дня ў дзень чалавек марнаваў час, нервы, грошы, прыкідваўся, ліслівіў, падлізваўся, урэшце змог "угаварыць" жаданую непрыступную красуню, і вось яна ўжо гатова, яна перад табою ўжо... і раптам банальны, пранізлівы, ненавісны званок у дзверы і ўсё ляціць к д’ябалу!..
 

VІІІ

   Тым не менш, з раніцы наступнага дня я, як штык, стаяў перад дзвярыма знаёмай кватэры і націскаў на кнопку званка. Цярпенне, калі хочаш нечага дабіцца. Не атрымалася адзін раз – пашэнціць у другі...
   Адамавіч, нейкі прыгорблены, пастарэлы і, як мне падалося, спалоханы, быў дома, але збіраўся некуды. На тумбачцы ў пярэдняй, каля тэлефона, я заўважыў слюдзяны мяшэчак, у якім была зубная паста, шчотка, станок для галення і расчоска. Пры мне Адамавіч запіхнуў у другі такі ж мяшэчак свае стаптаныя пантофлі і трыко. Сам ён быў у старэнькіх, але чыстых і адпрасаваных штанах, а абуты ў тыя самыя чаравікі, што сохлі некалі пад батарэяю, калі Крывіцкі ўпершыню мяне сюды прывёў, толькі цяпер яны былі да таго начышчаныя, што смярдзелі ваксаю на ўсю кватэру. – Што здарылася?
   – Прайдзі на кухню, – Адамавіч пратупаў уперадзе, прысеў на табурэтку, трымаючы ў руцэ мяшэчак з пантофлямі і трыко.
   Такім я бачыў яго ўпершыню. Было ў яго твары, абліччы, у гэтых старэнькіх адпрасаваных штанах і наваксаваных чаравіках, у гэтых яго зборах – распіхванні рэчаў па мяшэчках – штосьці трагікамічнае і разам з тым вартае жалю.
   – Чым скончылася ўчора? – спытаў я, маючы на ўвазе прыезд "хуткай".
   – Чым? Абследавалі мяне, а потым накіраванне выпісалі... У Бараўляны, у анкалогію. Я ж не прыдурваўся ўчора.
   Ён гаварыў сур’ёзна, пазіраў на мяне жаласліва, і было відаць, што для яго самога гэта неспадзяванка, ён не чакаў гэтага і не быў падрыхтаваны.
   А я баяўся толькі аднаго – каб не сустрэцца з ім вачыма, бо ў маіх ён прачытаў бы дзікую радасць. Які ж я малайчына, што здагадаўся і прыйшоў раніцаю, і застаў яго пакуль яшчэ жывога і, як кажуць, пры памяці!.. – Як ты думаеш, гэта сур’ёзнае штосьці? – дапытваўся ў мяне, бы ў доктара, Адамавіч. – Я ж вярнуся скора? А? Як ты думаеш?
   Мне здавалася, што калі б я толькі падняў на яго вочы, калі б абнадзеіў хоць адным ласкавым словам, ён кінуўся б да мяне, прыціснуўся б, як неразумнае дзіця да маткі, і плакаў бы ад страху, крыўды, болю, ад адчування немінучай блізкай смерці... Але я нават не зварухнуўся.
   – Вось так яно... – голас у Адамавіча задрыжэў; здавалася, яшчэ крыху – і дзед заплача. Але ён справіўся, больш таго – на міг зрабіўся сабою ранейшым: – І не ўздумай тут шнырыць без мяне па кватэры! – сказаў строга. – Суседзі даўно цябе ведаюць, будуць пільнаваць, – і, панізіўшы голас: – Усё адно нічога не знойдзеш.
   – А... ёсць? – па-дурному, не валодаючы сабой, прамямліў я.
   – Ёсць, ёсць. Ты вось што: запішы свой тэлефон у кніжачку, там, у пярэдняй. Я, калі выйду з бальніцы, пазваню. Тады падумаем.
   Ледзь перастаўляючы ногі, я выйшаў у пярэднюю, машынальна запісаў у зашмальцаваны нататнічак нумар тэлефона гаспадыні, у якой здымаў пакой, – і стаяў.
   – Ну, давай развітвацца, – Адамавіч ізноў зірнуў на мяне жаласліва, нават неяк асуджана – як бык, якога вядуць пад абух. Ён усё яшчэ, відаць, спадзяваўся, што зараз я кінуся яму на шыю і пачну суцяшаць.
   Адвярнуўшыся, я холадна тыркнуў яму руку, і ён схапіў яе ў абедзве свае.
   – Пачакай! – ён знік у пакоі, хутка вярнуўся і працягнуў мне нейкую брашурку. Сарамліва пакашляў: – Гэта табе, на памяць. Зборнік мініяцюраў. Ты добра гуляеш, але ў тэорыі ўсё ж слабаваты, – і, калі я ўзяў брашурку, пахваліўся: – Тут ёсць і мая двуххадоўка. Забаўляўся некалі, яшчэ ў твае гады... Ну, з Богам.
   – Гэта... усё? – наіўна спытаў я.
   – А што табе яшчэ? Кажу ж, выйду з бальніцы – пазваню, – і Адамавіч, злёгку падштурхоўваючы ў спіну, выпусціў мяне на калідор.
   Я не разумеў анічога. З вокладкі брашуркі на мяне насмешліва касілі вялікімі вачыма-маслінамі два шахматныя кані – белы і чырвоны. Я выйшаў на двор.
   Пракляты стары корч!.. Вось гэта фіяска!..
   На міг мне падалося, што ўсё гэта сон, што не было нічога: ні дзеда, ні злітка золата, які я бачыў на ўласныя вочы, ні нашых адкрытых размоваў, нічога... "Калі вярнуся з бальніцы!.. Ды з гэтага аддзялення ў тваіх гадах не вяртаюцца – чаму не сказаў яму гэта?!"
   Мяне ўсяго трэсла. Я пашкадаваў раптам, што не прыдушыў яго ўчора, калі яму зрабілася блага і ён валяўся ў ложку зусім бездапаможны (як бачыце, грамадзянін следчы, я шчыра прызнаюся, хоць мог бы і прамаўчаць аб гэтым!).
   Ужо ў метро я разгарнуў брашурку, знайшоў сярод іншых двуххадовую задачу-мініяцюру Адамавіча: чорны кароль заціснуты белымі фігурамі ў кутку, але калі яму не паставіць у два хады мат – яму не будзе куды хадзіць, і атрымаецца, паводле шахматных правілаў, нічыя – пат. Пешка ў белых знаходзіцца акурат за два хады да апошняй лініі... тут патлумачу крыху, калі Вы не ведаеце, грамадзянін следчы. Справа ў тым, што калі пешка ступіць на апошнюю лінію, яна мае права ператварыцца ў любую фігуру. Вядома, звычайна шахматысты выбіраюць самую моцную – ферзя. У гэтым і быў парадокс мініяцюры Адамавіча: пешка, дасягнуўшы апошняй лініі, ператваралася не ў моцную фігуру, а ў лёгкую – у каня, і чорныя аўтаматычна атрымлівалі мат.
   Вывучыўшы за месяц характар гэтага чалавека, яго дзівацтвы, яго прымітыўна-дзіцячую хітрасць, я, як толькі глянуў на пазіцыю, адразу ўбачыў рашэнне – і ад гэтай лёгкасці разгадкі злосць падступіла да сэрца новым прыступам. Я ледзь не плакаў.
   Мне здавалася, толькі я, і ніхто больш у свеце, заслужваў Адамавічава золата.
 

ІХ

   Прайшло месяцы тры.
   Пакрысе я супакоіўся, увайшоў у сваю каляіну, здагнаў вучобу. Я зрабіўся пануры, маўклівы, нетаварыскі, я не верыў больш у цуды, якія здараюцца толькі з іншымі, а не са мной. Я цвёрда ведаў цяпер, што магу разлічваць толькі на сябе, ведаў, што толькі сціснуўшы зубы, увесьчаснай працаю, упартасцю, напорам і акрамя ўсяго жорсткай эканоміяй я змагу прабіць сабе сцяжыну ў жыцці.
   На першых часах пры адным успаміне пра Адамавіча мяне пачынала трэсці. Што з ім, дзе ён цяпер – мяне не цікавіла абсалютна. Вядома, я ні разу не з’ездзіў у тыя Бараўляны (дактары ці санітаркі могуць пацвердзіць, грамадзянін следчы).
   Я рады быў, што зноў апынуўся ў рэальным свеце, што нарэшце мог нармальна паспаць, паесці; у мяне з’явілася мора вольнага часу, які я мог цяпер цалкам аддаваць вучобе. Не трэба было нікому дагаджаць, ні перад кім ламацца, не трэба было жыць увесь час у гэтым ненармальным чаканні чагосьці.
   Усё было б добра, каб аднойчы ў мяне не забалеў зуб – той самы, у якім даўно выкрышылася пломба і які раіў не запускаць Адамавіч. Ад зуба забалела і пачала пухнуць дзясна Я запісаўся да стаматолага, сядзеў у калідоры і, чакаючы сваёй чаргі, абыякава глядзеў пад ногі, на лінолеум у сіне-белыя клеткі, што так нагадвалі шахматную дошку; у думках я машынальна перастаўляў па гэтых клетках фігуры.
   І раптам мяне нібы працяло токам. Я падскочыў, напалохаўшы людзей, якія сядзелі побач, схапіўся за шчаку і застагнаў, але зусім не ад зубнога болю.
   Перад вачыма ў мяне паўстаў акурат такі ж, у сіне-белыя клеткі, лінолеум на Адамавічавай кухні, потым уміг узгадалася яго прымітыўная двуххадоўка-мініяцюра з шахматнай брашуркі, якую я тады ад злосці разарваў і выкінуў у сметніцу – адразу ж, як выйшаў з метро. Пешка павінна стаць на апошнюю лінію... Лінолеум на кухні – шахматная дошка... Трэба было ўсяго толькі спраектаваць задачку... Божа мой, які ж я ідыёт!
   Цяпер я ў думках нават бачыў тую клетку, на якую становіцца пешка, каб ператварыцца ў каня, – брудная сіняя клетка ў самым кутку пад батарэяю, дзе Адамавіч сушыў свае чаравікі.
   На мяне глядзелі са спагадаю. Хтосьці прапанаваў мне ісці без чаргі, але я замест падзякі толькі вылаяўся і пайшоў, амаль пабег прэч адтуль.
   У метро мне ўвесь час хацелася неяк падагнаць вагон, каб хутчэй ехаў. Ах, ідыёт! Як можна было, ведаючы дурыкі гэтага звіхнутага дзеда, яго характар, ведаючы гісторыю Крывіцкага пра "шыфроўку" кода камеры захоўвання, – як можна было ні аб чым не здагадацца! Божа, каб толькі не позна!.. Каб толькі ўпэўніцца, што кватэра замкнутая, каб толькі пачуць ад суседзяў, што дзед яшчэ жывы і ляжыць у бальніцы! Я накуплю бананаў, мандарынаў, вэнджанай каўбасы і ікры, я зараз жа схаплю таксоўку і паімчуся да яго, я кожны дзень буду матацца ў тыя праклятыя Бараўляны, буду даглядаць яго, хоць "судна" за ім выносіць, калі гэта спатрэбіцца!..
   Я зайшоў у пад’езд, пачаў падымацца па лесвіцы, паціраючы сэрца, каб не калацілася так, – і раптам нос мой злавіў чужыя, незнаёмыя мне тут раней пахі: пахла фарбай, вапнаю, пабелам, свежым тынкам... як і заўсёды падчас кватэрнага рамонту або пры здачы новага дома. Ці то ад гэтых пахаў, якія я ўсё жыццё не мог пераносіць, ці то ад нядобрай падазронасці на душы зрабілася зусім трывожна.
   Дзверы ў Адамавічаву кватэру былі прачыненыя. Пахі ішлі адсюль. Не кранаючы званка, я нагою расчыніў дзверы шырэй і ўварваўся ў пярэднюю.
   Нічога нельга было пазнаць. На падлозе – смецце, друз, кавалкі тынку, абрыўкі старых шпалераў; няма ні знаёмай вешалкі, ні тумбачкі з тэлефонам. Справа на ўвесь прасценак – фоташпалеры з нейкім крымскім ці каўказскім краявідам: горы, мора, белы парус удалечыні, – і на імгненне краявід гэты так жыва нагадаў мне, што я мог бы мець (ці яшчэ магу?!), каб быў крыху разумнейшы...
   Крывіцкі – босы, з анучай у руцэ, у трыко з падкасанай чамусьці толькі адной калашынай, у зробленай з газеты пілотцы на галаве – паказаўся ў дзвярах пакоя:
   – А! – усклікнуў радасна, пераклаў анучу ў другую руку і працягнуў мне для вітання не мокрую далонь, а локаць.
   Грэбліва адступіўшы, нават не кранаючы гэтага локця, я прасіпеў:
   – Дзе... Адамавіч?
   – Дык гэта... – Крывіцкі ўздыхнуў, – ужо месяцы тры як дуба ўрэзаў стары мой, Іван Адамавіч.. А ведаеш, – адразу ж ажывіўся, відаць, карцела пахваліцца радасцю, – дарэмна я наязджаў на яго! Харошы дзед быў – адпісаў-такі кватэру!..
   Не слухаючы, адпіхнуўшы яго з дарогі, я падаўся на кухню.
   – Э-э, куды ты?! Ты ж слядоў наробіш!..
   У кутку пад батарэяю, дзе знаходзілася запаветная сіняя клетка, стаяла і ляжала некалькі папяровых мяхоў, пачатых і нечапаных; столь была пабеленая, сцены – ашкрэбленыя, але мяне цікавіла толькі падлога – лінолеум, а лінолеум быў той самы!
   Ад радасці я засмяяўся і пацёр рукі.
   – Не хадзі! – цягнуў мяне за рукаво Крывіцкі. Я пакорліва вярнуўся следам за ім у пярэднюю. Мне захацелася раптам пацешыцца з гэтага тупога, нездагадлівага цельпука, пахваліць яго, нагаварыць яму розных прыемна-падлізлівых слоў; я быццам зноў перанёсся на колькі месяцаў назад, калі быў яшчэ жывы Адамавіч, пад якога трэба было ўвесь час падладжвацца, каб не насцярожыць, не спужнуць... – Малайчына! – я зазірнуў Крывіцкаму ў вочы і моцна паціснуў яго мокрую далонь. – Так здорава ўсё робіш, скора не пазнаць будзе кватэры! А дзе грошы на рамонт узяў?
   – А, грошы? Бацькі далі, хто ж яшчэ! Дзед, Адамавіч мой, так і не сказаў, дзе золата, не паспеў, мабыць. Мне б, дурню, з’ездзіць да яго, але так і не сабраўся... А ён, дактары расказвалі, мучыўся вельмі, гаварыць не мог, прытомнасць часта губляў...
   Сэрца ў мяне аж захлыналася. Вось яно – шчасце! Я апусціў галаву і прытворна, глыбока-глыбока ўздыхнуў... не, хлушу, грамадзянін следчы. Вядома, і ў мяне ў глыбіні душы варухнулася нешта падобнае на шкадобу. Бедны Адамавіч, так мучыўся... І мяне, чужога, любіў больш за Крывіцкага... Але варухнулася – і прайшло, я не даў гэтай шкадобе разрасціся, адразу прыдушыў яе. Жыццё працягваецца! Жывым, як кажуць, жывое, а мёртвым...
   – Гэта што: пабачыш, калі ўсё гатова будзе! – узбуджана гаварыў Крывіцкі, ураз забыўшы на няшчаснага нябожчыка Адамавіча і пра яго пакуты перад смерцю. – Вядома, не еўрарамонт, але сам бачыш... Вось з кухняю толькі, – ён пачухаў локцем сабе бок. – Хацеў гэты лінолеум свінячы памяняць, паслаць драўляную падлогу – цяпер робяць такія, і даволі танна Ну, патэлефанаваў у нейкую фірму па аб’яве, прыйшлі пазаўчора два, пачалі перасцілаць, потым кінулі ні з таго ні сяго, ледзь пачаўшы. Я прыходжу – ляжаць вось тут, на тумбачцы, усе грошы – аванс, які ім заплаціў. А саміх – ні слыху, ні дыху... Ды што з табою? Чаго ты збялеў?
   Я рвануўся на кухню, падскочыў да мяхоў, нагамі і рукамі параскідваў, паадцягваў іх у бакі, упаў на коленцы. Плінтус пад батарэяй быў сарваны, край лінолеума карабаціўся. Я пацягнуў яго на сябе, ён паддаўся, адлупіўся кавалкам усяго ў які метр квадратны – больш яны і ададраць не паспелі! – і ў пліце перакрыцця адкрылася дзірка-"дупло", акурат як вавёрчынае, – невялікае, правільнай круглай формы. Я ўсунуў туды руку і, усё яшчэ не верачы сабе, абдзіраючы аб шурпаты бетон пазногці і пальцы, пачаў мацаць у пустым тайніку...
   Крывіцкі стаяў у дзвярах і паглядаў на мяне, як на вар’ята.
   Хістаючыся, я падняўся з кален, абцёр аб штаны рукі. Не ведаю, грамадзянін следчы, што кіравала тады мною, чаму я зрабіў тое, што зрабіў... Можа, хоць крыху тлумачэннем паслужыць адна гісторыя (Вы павінны ведаць яе, грамадзянін следчы). Неяк яшчэ ў часы кампаніі супраць п’янства двое мужчын падбеглі да гарэлачнага аддзела, а ён закрыўся ў іх перад носам, і тады адзін, нядоўга думаючы, з усяе сілы засмаліў другому ў вуха. "За што?!" – заенчыў той. – "А што ж рабіць?! Ну вось што рабіць?!" – у роспачы адказаў другі. Гэта, грамадзянін следчы, як мне здаецца, вельмі тонкі, псіхалагічны анекдот, які перадае дзеянні чалавека ў становішчы афекту...
   "Што рабіць?! Ну вось што рабіць?!"
   Я падышоў да Крывіцкага і голасам, якога сам не пазнаў, папрасіў:
   – Стукні мяне, калі ласка. Толькі моцна!
– Ты што? – адхіснуўся ён.
   Вось тады, грамадзянін следчы, я і нанёс Крывіцкаму тыя самыя "лёгкія цялесныя пашкоджанні", што фігуруюць у маёй справе. Я ўдарыў яго ў пераносіцу, а калі ён, ускрыкнуўшы, сагнуўся, я ўзяў яго за валасы і пару разоў ударыў яму каленам у твар. Затым, пераступіўшы праз яго, скурчанага ў дзвяра   х кухні, выйшаў, нават не азірнуўшыся.
   Усё далейшае Вы, грамадзянін следчы, ведаеце. Крывіцкі зняў пабоі і напісаў на мяне перш адну заяву, а потым, калі ўбачыў тайнік, здагадаўся, што золата ляжала ў яго пад носам; тады ад злосці, ад адчаю, што сам не дапетрыў, ён і накатаў на мяне заяву другую – хлуслівую ад першага да апошняга слова.
   На Вашым месцы, грамадзянін следчы, я дапытаў бы самога пацярпелага – няхай успомніць, якіх майстроў ён выклікаў тады (хоць без сумнення, канцоў не знойдзеш, дурных мала)...
   Зыходзячы з усяго вышэйнапісанага, прашу Вас, грамадзянін следчы, у абвінаваўчым заключэнні адзначыць наступнае:
   1) маё чыстасардэчнае прызнанне і раскаянне;
   2) што пабоі, нанесеныя Крывіцкаму, экспертызай прызнаныя "лёгкімі цялеснымі пашкоджаннямі, якія не пагражаюць здароўю пацярпелага";
   3) што я знаходзіўся ў стане афекту;
   і 4) што я і без таго пакараны маральна. Я ніяк не магу звыкціся з тым, што мог бы атрымаць усё, а па ўласнай дурасці застаўся ні з чым. У мяне ўвесь час баліць галава, я не магу есці і спаць. Няўжо ўсё гэта – недастатковая кара?..
   На заканчэнне таксама вельмі прашу Вас, грамадзянін следчы, пахадайнічаць перад пракурорам, каб утрыманне ў КПЗ мне замянілі на "падпіску аб нявыездзе", – да суда, вядома.

*Цугцванг – становішча у шахматнай гульні, пры якім супернік вымушаны рабіць нявыгадны для сябе ход.

1995 г.


Крыніца: Федарэнка Андрэй. Афганская шкатулка: Аповесць, апавяданні. – Мн.: Юнацтва, 2002. – 219 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!