Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Федарэнка - Жаніх па перапісцы

   Маладыя драматургі-авангардысты прадэманстравалі магчымасці ўмоўнай вобразнасці, тэатральнай фантасмагорыі, гратэску ў вырашэнні універсальных псіхалагічных, маральных, філасофскіх праблем. Трэба адзначыць, што магчымасці традыцыяналісцкай, рэалістычнай драмы далёка не вычарпаныя. Іншая рэч, што маладыя літаратары не зусім ахвотна скарыстоўваюць гэтыя магчымасці.
   Найбольш паслядоўным традыцыяналістам выглядае Андрэй Федарэнка. Але і ў яго творах, асабліва ў прозе, прысутнічае момант умоўнасці, фантасмагорыі, гратэскавага згушчэння фарбаў (аповесці "Смута", "Сінія кветкі", апавяданні "Бляха", "Пеля"). Але ў цэлым пісьменнік імкнецца захоўваць крытэрыі праўдападабенства, псіхалагізму, сацыяльнай вастрыні твора. Гэта адчуваецца і ў п'есах Андрэя Федарэнкі "Багаты кватарант", "Жаніх па перапісцы".
   Жанр п'есы "Жаніх па перапісцы" сам аўтар вызначыў як "фарс" - даволі рэдкі ў наш час драматургічны жанр. Аднак у межах гэтага жанру драматург мае мажлівасці рабіць смелыя сюжэтныя дапушчэнні, балансаваць на мяжы неверагоднага, і пры гэтым захоўваць вернасць рэалістычнаму стылю.
   Як і ў празаічных творах, пісьменнік асэнсоўвае сучаснасць. Неўладкаванае жыццё, дыскамфорт "постсавецкага" часу спарадзілі мноства новых, нестандартных сітуацый. Не без супярэчнасцей прыжылася ў грамадстве новая форма стварэння сем'яў - праз шлюбныя абвесткі ў прэсе. Затое праблема адзінокіх жанчын, як існавала, так і працягвае існаваць. Сітуацыю скарыстоўваюць спрытныя махляры, жулікі, накшталт Чалага Уладзіміра Фёдаравіча, які робіць бізнес з шлюбных абвестак, падманваючы адзінокіх жанчын, абіраючы іх да ніткі.
   Чалы падаецца ў фарсе не толькі як вынаходлівы камбінатар, але і як тонкі, цынічны псіхолаг, знаўца жаночай душы. Сваім вопытам ён ахвотна дзеліцца з напарнікам:
   Ч а л ы . ...Пакуль у людзях жыве любоў, шкадаванне -датуль яны і будуць дурныя, і грэх гэтым не пакарыстацца. І заўваж: чым большы вакол бардак, неразбярыха, тым больш ім некага хочацца любіць, шкадаваць, ім трэба ведаць, што жывуць побач слабейшыя, больш няшчасныя, горшыя за іх, ім трэба абавязкова падаваць некаму міласціну...
   Фарс - на тое і фарс, каб у ім была магчымасць самых неверагодных фабульных паваротаў. "Камбінацыя" з чарговай адзінокай паненкай Клавай правалілася, бо ў Клавы знайшоўся заступнік у асобе бацькі, які здолеў памерацца сіламі з "махвіяй". "Шчаслівы" фінал фарса, шлюб Клавы і Чалага падносіцца аўтарам з пэўнай доляй іроніі.
   Патрэбна адзначыць, што пісьменніку аказалася па плячы драматургічнае майстэрства, што рэдка здараецца, калі празаік пачынае працаваць у драматычным жанры. Фарсавая інтрыга "закручваецца" адразу, нязмушана і дынамічна, дзеянне суправаджаецца нечаканымі фабульнымі хадамі, займальнымі эфектамі ў духу "лёгкага" камедыйнага жанру.

Похожие статьи:

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Пеля

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Бляха

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Гісторыя хваробы

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Шчарбаты талер

Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка - Падслуханая казка