Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Андрэй Макаёнак. Пагарэльцы. Аналіз твора

Кнопка отправить на печать

   Камедыя "Пагарэльцы" (першая назва "З кірмашу") лічыцца самай вострай сатырай драматурга на савецкую рэчаіснасць канкрэтнага гістарычнага перыяду. У значнай ступені гратэскавы смех п'есы быў скіраваны супраць атмасферы палітычнага жыцця краіны 1930-1950-х гадоў, што выявілася ў гнеўным асуджэнні не толькі таталітарнага рэжыму, але і антыграмадскай дзейнасці некаторых чыноўнікаў-прыстасаванцаў. Аўтар прадбачыў рэакцыю на твор і паказаў п'есу першай асобе рэспублікі П.М. Машэраву, якому твор спадабаўся, але і ён аказаўся не ўсёмагутным, параіўшы аўтару пачакаць гадкоў 5—6. П'еса ж праляжала ў шуфлядзе ажно 13 гадоў. За гэты час Андрэй Макаёнак шмат чаго змяніў у творы, працуючы над ім больш, чым над іншымі сваімі п'есамі.
   Андрэй Макаёнак адмовіўся ад традыцыйнай сюжэтна-кампазіцыйнай структуры твора. Яна складаецца толькі з пралога і эпілога — дзвюх полюсных частак п'есы. Аўтар паказвае нам спярша пачатак падзей, а пасля — іх заканчэнне. Паміж імі трохі болей за 20 гадоў. Гэта вялікі прамежак часу, але ён дае аўтару звярнуць нашу ўвагу на тое, як пачыналіся трагічныя падзеі і да чаго яны прывялі праз 20 гадоў. Пралог і эпілог у кантэксце аўтарскай задумы трэба разумець не толькі як літаратуразнаўчыя тэрміны, а і як пачатак і фінал чыноўніцкай кар'еры ўхватавых. Такая кампазіцыя твора адпавядае аўтарскай задуме, якой ён дзеліцца з чытачом у рэмарцы перад пралогам. Твор ад гэтага не губляе сваёй цэласнасці, ідэйнай завершанасці.
   Пад ухватаўшчынай трэба разумець прафесійную непрыдатнасць кіруючых асоб і злоўжыванне ў карыслівых мэтах службовымі абавязкамі, шкурніцтва, прыстасавальніцтва, апалітычнасць, цынізм.
   Небяспечнымі наступствамі ўхватаўшчыны аўтар лічыў кар'ерызм, бюракратычнае кручкатворства і бязлітасныя адносіны да чэсных чыноўнікаў, людзей адукаваных, разважлівых.
   Макаёнак хоча на прыкладзе "адной прыватнай трагікамічнай гісторыі" давесці да свядомасці чытача думку, што за ўсё ў жыцці даводзіцца плаціць. Маральны вопыт народа, зафіксаваны ў прыказках "Што пасееш, тое і пажнеш", "Як аукнецца, так і адгукнецца", як мяркуе пісьменнік, варта было б улічваць і чыноўнікам. У першую чаргу гэта тычыцца тых, хто "папіхаў слабога, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці".
   Ухватаўшчына ў творы панесла справядлівае пакаранне. Аўтар прыводзіць свайго персанажа да лагічнага канца — Ухватаў памірае, абураны хамствам, няўдзячнасцю чыноўнікаў, сваіх былых кадраў.
   Землетрасенне ("землятрус") — іншасказальная назва падзей, грамадска-палітычная напружанасць, драматызм часу, якія ўзбурылі ўсё даваеннае жыццё краіны — сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў.
   Пад катаклізмамі і катастрофамі мы пазнаём масавыя рэпрэсіі. З гісторыі таксама вядома, што менавіта на начных пасяджэннях прымаліся самыя жорсткія рашэнні тагачаснай сістэмы і адбываліся арышты бязвінных людзей.
   Значная роля ў драматычных творах для вырашэння аўтарскай ідэі належыць мове персанажаў. Асабліва яскрава выявіў гэты бок таленту А. Макаёнак у п'есе "Пагарэльцы", дзе надзяліў персанажаў камедыі мовай, якая адпавядае іх сацыяльным характарам, узроўню адукацыі. Так, у мове Бусько пераважаюць дыялектныя словы, для яе характэрны імкненне да панібрацтва, фамільярнасці (прывёзшы з вёскі хабар у выглядзе двух кумпякоў, Бусько без усялякіх прадмоў просіць "друга" выцягнуць яго з "балота", падшукаць работу ў кабінеце, "шо б було кому команду даць"). Для мовы ж Сілана, закончанага бюракрата, характэрна кніжнасць, канцылярызм. Сілан сцвярджае, што для яго "слова не мае юрыдычнай сілы, толькі подпіс". Макаёнак па-майстэрску выкарыстоўвае моўную характарыстыку для стварэння сатырычных тыпаў.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!