Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак - Лявоніха на арбіце

   Вядома, Макаёнак-сатырык не быў прынцыповым непрыхільнікам калгаснага ладу або сацыялістычнага гаспадарання. Ён умеў заўважаць заганы там, дзе яны былі, дабіраўся да іх карэнняў з дапамогай сатыры, а сатыра - зброя вострая, з глыбокай ступенню пранікнення ў з'явы. Бывае, што сатырычны твор аказваецца шырэйшым па сваім змесце за намеры яго аўтара. Праблемы, якія Макаёнак-драматург даследаваў у творах на "калгасную" тэму, актуальныя і сёння, калі неабходны канструктыўныя змены ва ўсёй сістэме гаспадарання.
   Ёсць элемент прадбачання і ў адной з самых жыццярадасных п'ес драматурга - "Лявоніха на арбіце". "Радасны твор" - такую характарыстыку даў камедыі крытык Г. Колас. Ён пісаў: "...Лявоніха" - пра радасць. Дзеля радасці! Ад радасці. Прыроду гэтай радасці мы зразумелі, параўнаўшы атмасферу на спектаклі "Выбачайце, калі ласка!", (дзе калгаснікі здымалі старшыню - сапраўднага) і на "Лявонісе" - занатаваную фатографам. Сам селянін стаў іншы. Ён - павесялеў! І драматург у выбары сюжэта арыентаваўся на павесялелага калгасніка. Ён адчуваў, што вадэвільная "лухта" Лявона - Лушкі - Клавы на такім павесялелым гледачы пакоціцца, як зваранае "кока" на святым ігрышчы: чытачу - пацеха! На рыбалку з вудамі! У тонкія пачуцці ўслед за Эмай Бавары! Няхай яна - як ляля, дык і мы ж таксама ўжо - не галавешкі: на арбіце!"
   П'еса з'явілася ў атмасферы грамадскага ўздыму пасля выкрыцця культу асобы. Была прынята Праграма КПСС, у якой абяцалі хуткі і непазбежны камунізм, і быў здзейснены першы палёт чалавека ў космас. У Андрэя Макаёнка былі падставы для напісання "адпаведнай" часу камедыі, у якой віруе пераможны, нібыта бясхмарны смех.
   У п'есе нямала вадэвільных эпізодаў: пошук злодзея, які краў калгаснае сена, з дапамогай забытай ім каля стога дзяружкі; "эмансіпаваная" Лявоніха чытае ўслых рызыкоўную мясціну з Флабэра; спробы суседкі Клавы спакусіць чужога мужа... Лявон аказваецца нібы ў аблозе: "перадавая" жонка рвецца ў дэпутаты, адмаўляецца даглядаць карову, як "перажытак уласніцтва", да таго ж і начальства, калгаснае і раённае, дзяўбе... Ды і аўтар "падстаўляе" свайго героя: паказвае яго за крадзяжом калгаснага сена.
   Здаецца, усе і ўсё супраць "антыгероя", і вось-вось рухне яго "рагаты бастыён" - апошняя перашкода на шляху да камунізму...
   Але і гэты твор атрымаўся з хітрынкай: у ім адчуваецца і аўтарская сімпатыя да абаронцы "рагатага бастыёну", і пэўнае апраўданне яго. У падтэксце твора прыхавана пытанне: "А ці спыталі вы ў таго, каго называеце ўласнікам і "перажыткам", ці так ужо хоча, ці рвецца ён у незнаёмы для яго камунізм?" Выяўляюцца рысы беларуса - "Хомкі нявернага", як казаў Максім Гарэцкі: яму трэба папрыглядацца, што ўяўляе сабой гэта незнаёмае, "з чым яго ядуць".
   У спрэчцы, якую Лявон вядзе з сваімі блізкімі, ён выказваецца пераканаўча:
   Л я в о н. ...(Па-філасофску.) Што такое карова?
   М а к с і м (пасля паўзы). Сенаспажывец.
   Л у ш к а. Ну-у... малако... смятана...
   К л а в а. Масла...
   Л я в о н (з пагардай). Бабскі розум. А вось ён разумее. (Паказаў на старшыню.) Таму і такі прыцэл бярэ... Карова - гэта мая свабода, мая эканамічная незалежнасць. Гэта - мой бастыён, мой дот! Расшыфроўваю: "долговременная оборонительная точка".
   М і х а л. Ад каго ж вы будзеце бараніцца ў сваім рагатым бастыёне?
   Б у й к е в і ч. Хіба не ясна? Ад камунізма.
   Л я в о н. Што вы за людзі? Ну чаго спяшаецеся? Што вы мяне гоніце? Дайце агледзецца! А то што ні дзень, то ўсё разгублена) новае... (з абурэннем) новае... (са злосцю) новае!!! Жыву, як на палубе карабля: то туды гайдане, то сюды. Няўстойліва на нагах стаю. Дайце мне прыспасобіцца.
   Пройдзе не так шмат часу і "кансерватызм" Лявона будзе выглядаць здаровай сялянскай логікай. А публіцыстыка раней за мастацкую літаратуру гаварыць пра страту пачуцця гаспадара, пра ўласніцтва як здаровае пачуццё селяніна, які працуе на сваёй зямлі.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал