Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Андрэй Макаёнак - Зацюканы апостал

Дзеючыя асобы:
Тата.
Мама.
Сын.
Дачка.
Дзед.
Палітычны каментатар.


Месца дзеі — недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага...
Час дзеі — якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у свежай баразне паміж імі.

Дзея першая.
Карціна першая.

    (Сучасная кватэра накормленага чыноўніка... Злева — шырокае акно, таму ў пакоі вельмі светла... Вялікі пакой. Тут усяго багата, як на нашай планеце. Але найбольш уражвае... на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі-рознымі кнігамі. Каля стэлажа лёгкія лёсачкі, якімі часта карыстаецца сын, каб дастаць кніжку з верхняй паліцы... Мама шукае месца новай карціне...)

    Высвятленне адносін паміж Татам і Мамай пачынаецца з карціны і статуэткі, аднак тут жа яно пераключаецца на выхаванне дзяцей.
    Мама. ...Я выхоўваю ў сваіх дзяцей павагу да рэальных рэчаў.
    Тата. Да вадасцёкавай трубы, да тумбы, да тэлеграфнага слупа, каўбасы, ботаў... Яшчэ да чаго?
    Дачка прыбягае з вуліцы і расказвае, што «наш малыш толькі што паскандаліў... расквасіў Мухамеду нос». Тата задаволены, што сын «натоўк морду». Мама збіраецца сына пакараць. Дачка пайшла забраць Малыша з вуліцы.
    Высвятленне адносін працягваецца. Тата «суіснаваць» дзеля дзяцей не згодзен. Мама быццам прымае «разрыў», але папярэджвае, што дзеці застануцца з ёй.
    Прыходзяць Дачка і Сын. «Міжнародная камісія» ў асобе Таты і Мамы разбіраецца — «быў гэта акт агрэсіі ці самаабароны». Тата расцэньвае ўчынак Сына як самаабарону. Мама — па-іншаму, таму абяцае цэлы месяц не выпускаць яго з дома. Сын нагадвае гісторыю грэка Паўзанія, якога за здраду гораду замуравалі ў храме, і першы камень паклала на парог храма яго маці. Пытаецца, ці не хоча Мама паўтарыць подзвіг грачанкі. Тата катэгарычна заяўляе: «Малыш будзе свабодны! Рукі прэч ад Малыша!»
    Паміж бацькамі ўспыхвае спрэчка. Мама заяўляе пра развод, пытаецца ў Дачкі, з кім яна застанецца. Дачка, плачучы, выбірае Маму. Сын у гэты момант бяжыць глядзець час палітычнага каментатара. Пасля настойлівых патрабаванняў Мамы ён заяўляе, што падумае. Потым пытае ў Таты, ці будзе «кампенсацыя за матэрыяльныя страты», за парваную ў бітве з Мухамедам шапку. Тата абяцае і Сын выбірае яго.

Карціна другая.
    Дачка нібыта рыхтуе ўрокі. Замаскіраваўшы ў падручніку люстэрка, яна перад ім вучыцца какетнічаць. З'яўляецца Сын з бярэмам кніг, часопісаў і газет. Ён узбіраецца на лесачкі, праглядвае газеты і часопісы.
    Мама шукае сваю памаду. Дачка дастае яе са свайго партфеля. Мама надзела прыгожую модную занадта кароткую сукенку, настойліва выпраўляе дзяцей на вуліцу. Сын нагадвае пра месячнае пакаранне, якое яшчэ не скончылася, потым заяўляе, што з дзецьмі яму сумна. Улучыўшы момант, Сын хаваецца ў нішу з Будай. Мама, пераканаўшыся, што ў кватэры адна, тэлефануе студэнту, дамаўляецца пра спатканне вечарам. Сын падае з нішы голас, яго зацікавіла, што такое калёквіум, на які яна збіраецца вечарам ісці. Мама амаль што ў шоку. Прыйшоўшы ў сябе, яна хоча пакараць сына. Той прапаноўвае мір на наступных умовах: Мама купляе яму кеды, новы дыпламатычны слоўнік і навушнікі, а ён усё забывае. Мама ідзе «на вольнае паветра» абдумаць «мірныя прапановы».
    Сын разважае над сітуацыяй: «Яна пра мяне хоча ўсё ведаць, а я пра яе ўсё ведаць не магу. Але ж дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў. (З крыўдай.) Ад мяне дык патрабуюць — што б я ні зрабіў, нават калі нашкодзіў — не ўтойваць, прызнавацца. А чаму ж яна? А можа, і яна нашкодзіла?» Успамінае пра палітычнага каментатара.
    Дачка пытаецца, за што ён пакрыўдзіў Маму. Малыш гаворыць, што яна пайшла не пакрыўджаная, а заклапочаная, «бо кеды і навушнікі лёгка знайсці, а дыпламатычны слоўнік пашукаць трэба». Дачка здзіўлена, як яму так лёгка ўдаецца ўсё выпрошваць у бацькоў.
    Сын: «Можна сілай адабраць, а можна і веданнем. Я вырваў «знанием».
    Тата прынёс сыну самалёцік і яшчэ нейкі скрутак. Дачка пакрыўджаная, пра яе, як і заўжды, бацька забыўся.
    Тата прапаноўвае дзецям пайсці на вуліцу. Сын хоча забраць з сабой тэлефон, каб «весці двухбаковыя перагаворы з Мухамедам цераз плот». Бацька ставіць апарат на месца і нецярпліва паглядвае на гадзіннік. Пакуль Тата ў спальні, Малыш хапае сястру за руку і цягне пад стол. Тата тэлефануе мадэмуазель у філіял Арганізацыі Аховы Маралі, дамаўляецца пра сустрэчу сёння і запрашае на імяніны да сябра заўтра. Нечакана заўважае пад сталом Сына.
    Малыш прапануе Тату купіць індульгенцыю. Аднак той расказвае прытчу пра рыцара, які па настойлівай просьбе манаха купіў у яго індульгенцыю аб адпушчэнні грахоў і мінулых, і будучых і тут жа абрабаваў божага служку. Сын прытчу зразумеў, просіць толькі не забывацца на Дачку.
    У размове з сястрой Малыш крыўдуе, што не расце ў яго барада. Тады б ён пачаў перадвыбарную кампанію за пасаду прэзідэнта. Сястра заўважае, што брат надта рвецца да славы. Малыш разгортвае пакунак, які Тата купіў сябру на імяніны. Там — «надзімная гумавая жанчына без ніякай маскіроўкі — галыш». Сын танцуе з лялькай, парадзіруючы твісты, рок-н-ролы.

Дзея другая.
Карціна трэцяя.

    Сын вырашае для сябе пытанне: ці ёсць у яго патрэбныя рысы характару, каб «стаць на чале дзяржавы, стаць правадыром нацыі...» Веды ў яго ёсць, чужога вопыту хопіць. «Сучасны цэзар,— заяўляе Малыш, — павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, нават калі грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор...» Сястра не хоча бачыць такім свайго брата, гаворыць, што ў яго няма патрэбных якасцей.
    Сын збіраецца праверыць гэта на сваіх блізкіх.
    Дачка зайздросціць, што ў Малыша шмат цацак, і ўсё таму, што ён выбраў Тату. Сын тлумачыць, што «паслухмяным заўжды меншы кавалак дастаецца». Вучыць быць больш патрабавальнай.
    Прыходзіць Мама, аддае Сыну кнігу і пакуначак з падарункамі. Дачка патрабавальна выцягвае руку, гаворыць: «Малыш правільна выбраў. Тата яго болей любіць, чым ты мяне... Толькі ты глядзі, мама! Акалі ўсе ўбачаць, што дзеці пайшлі не за табой, а за татам? А?» Мама ў роспачы ідзе на кухню.
    Дачка пачынае шкадаваць, што пакрыўдзіла Маму. Сын задаволены эксперыментам, ён праверыў, як можна выкарыстаць зайздрасць, просіць у сястры прабачэння.
    Прыходзіць Тата, але без падарунка, бо яго «бюджэт проста не вытрымлівае».
    Дачка бяжыць на званок і вяртаецца з тэлеграмай у руках. Тэлеграму (ад Дзеда) Малыш забірае, каб праверыць магчымасць «узаемапаразумення паміж татам і мамай на базе павагі да продкаў». Дачка і Сын прымушаюць Маму і Тату танцаваць, падключаюцца да танца самі. Раптам Малыш кідаецца з дзікім крыкам на сястру. Пачынаецца бойка. Мама і Тата расцягваюць дзяцей. Спрабуюць зразумець, што здарылася. I тут жа ўспыхвае спрэчка паміж дарослымі, якая гатова перарасці ў бойку. Дзеці расцягваюць бацькоў. Сын нагадвае пра тэлеграму.
    Дзядулю сустрэць ужо спазніліся. Сын робіць так, што Мама ідзе гатаваць закуску, а Тата ў" краму за каньяком (грошы пад працэнты яму даў са сваёй капілкі Сын). Маме прыходзіць у галаву думка адправіць дзяцей да бабулі з дзедам на ферму, адправіць надоўга, на год ці два. Дачка і Сын супраць. Сын падстройвае, што Мама кінулася Тату на шыю, калі той вярнуўся з магазіна.
    Незаўважаным уваходзіць Дзед з сумкай і чамаданам. Ён разглядае ўнукавы самалёты, абураецца неразумнай тратай грошай. Сын паведамляе Тату пра намер Мамы адправіць яго з сястрой на ферму. Просіць Маму пагаварыць з Дзедам, каб той дапамог Тату з працай. Мама да просьбы ставіцца непрыязна. Малыш заўважае сабе, што бацькоў раз'яднаў, пасварыў, а цяпер трэба з'яднаць.
    Дзед і ўнук гавораць пра сучасную моладзь, стары называе яе несур'ёзнай, Малыш даказвае, што ёсць і іншая.
    Мама запрашае абедаць. Дзед расказвае, як быў грэкам і «памагаў арабам здабываць свабоду», дапамагаў таксама эфіопам, іспанцам. Малыш пытаецца, колькі ён «на свабодзе і незалежнасці» зарабіў.
    Тэлефонны званок. Малыш падымае трубку, называе свайго суразмоўцу хамам. Потым паведамляе Тату, што званіў яго шэф. Каб выратаваць бацьку ад «рабства», залежнасці ад начальніка, збіраецца пазваніць шэфу шэфа за акіян. Тата забірае тэлефон.
    Дзед гаворыць, што забярэ ўнука на ферму на перавыхаванне. Раззлаваны Малыш «выдае праўду»: што Мама і Тата яго не любяць, нават. ненавідзяць за тое, што ён выпадкова выкрыў іх падман, што дарослыя ніколі не гавораць праўду. «Я — маленькі, і мая хлусня маленькая. А вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная! Для мяне яна аграмадная. Запомніце! Самая вялікая хлусня — гэта хлусня маленькаму чалавеку...»
    Дачка здагадалася, што Малыш распачаў чарговы эксперымент, хоча яго спыніць.
    Тата, выведзены з цярпення, гоніць Сына вон, Дзед расшпільвае папругу. Малыш забіраецца на самы верх лесачак, крычыць, што з'яднаў блізкіх людзей праўдай, нянавісцю да праўды. Ён адштурхоўваецца з лесачкамі ад кніжнай паліцы і вылятае за акно. Мама страціла прытомнасць, у Дзеда падкасіліся ногі, Тата аслупянеў. Дачка выглянула ў акно і кінулася ратаваць брата.
    Убачыўшы з трэцяга паверха, што Малыш цэлы, Тата, Дзед, Мама пачынаюць шукаць вінаватага, ківаць адзін на другога.
    Сястра прыводзіць брата. Малыш ідзе павольна, галава высока ўзнята. Аднак твар яго дзіўны, «не зразумець — ці то ён цяпер святы, ці то ён чокнуты. Вочы пустыя, чужыя, тоўсты язык не змяшчаецца ў роце». На роспыты — ты не разбіўся? табе не баліць нічога? і сіняка няма? і не страшна было? — Сын адказвае вяла і аднатонна. Усе садзяцца за стол, накладваюць Малышу на талерку, ён старанна жуе. Уключаюць палітычнага каментатара — з боку Сына ніякай рэакцыі, выключаюць тэлевізар — тое самае.
    Дачка (раптам адкрыла). Ды ён жа ідыётам стаў! Тата! Мама!
    Тата (адварочваецца). А можа, гэта і лепш?..
    Дзед. Вам?... Вам — лепш.
    Мама. Ды і яму.
    Дачка не згодна, што гэта лепш. («Я на касцёр! На эшафот! На крыж пайду, каб не стаць такой, як ён!»)
    Сын. Ты заўсёды такая. Вы заўсёды такія.
    Ён бярэ тоўстую кнігу і вельмі павольна ўзнімаецца па лесачках на самы верх.

Похожие статьи:

Андрэй МакаёнакКамедыя Андрэя Макаёнка "Выбачайце, калі ласка!". Характарыстыка вобразаў і праблем, узнятых у творы

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Трыбунал

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак - Пагарэльцы. Аналіз твора

БиографииАндрэй Макаёнак

Андрэй МакаёнакАндрэй Макаёнак. Зацюканы апостал. Аналіз твора