Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анатоль Казлоў - Зацвітанне дзівасілу

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Вышчарблены нож у потнай Сяргеевай руцэ паблісквае ў цемрадзі сенцаў. Пры кожным кроку тужліва рыпяць масніцы. Сцішана дрэмле пад пахай чорная курыца. Саладкаваты пах цвілі з клеці казыча нос. Уваччу блытаюцца зялёныя і ружовыя плямы. За глухой сцяной гоцнуў, шаргануўшы ў бульбоўніку, яблык. Ноч. Дзесь на вуліцы, з боку Цёмнага Лесу, самотна завыў сабака. Сяргей праходзіць па сенцах. Бясконца доўгія яны, як ссучаная пяньковая вяроўка на гарышчы гумна. «Толькі б утрымацца на нагах, не зваліцца ніцма. А калі хіснуся і падломяцца калені... Такога не будзе... Вось і клямка». Дзверы расчынены. Поўнач.
   Сяргей на хвіліну прыхіліўся плячом да вушака. «Марына, любая. Я не хацеў, не душыў цябе. Ты ж ведаеш. навошта ўсё? О, дзева Марыя, маці Прачыстая, злітуйся, дай сілы. Пакрый мяне з зямлі да неба. з неба да зямлі сваёй белай святой пакровай...»Ад шапацення Сяргеевых вуснаў страпянулася курыца, сакатнула, дзерануўшы кіпцюрамі світку.
   Ісці і не стаяць! Ісці – час бяжыць. Адчыніць усе дзверы, якія ёсць. У прыбіральні таксама. Вароты на вуліцу – напята. Цяпер абысці тры разы вакол хлеўчукоў і дрывотні, вакол хаты. Даць напіцца курыцы са студні. Абы толькі трымацца на нагах. Трысцен абысці, на шуле паставіць крыж. Тупое лязо... Цяпер прыбіральня. Крапіва замінае, раннем выкасіць.
   «Глядзі, хлопец, – шаптаў Міходзька, тыцкаючы пальцам у напалову поўную пляшку. – Во ён, твой мучыцель. Бачыш камлюкаватую здань? Ён на цябе насланы. Ён тваімі рукамі жонку тваю душыць. Сабе не падуладны ты. Навошта Каську Петракову зняважыў? Не думаў браць – нашто чапаў? Яна твой след занесла да ведзьмака. Я бачу і ведаю, да якога. Кроў, Сяргейка, атручана зеллем. І не кроў у цябе, а шчолак. Пайшлі са мною. Святы лес нам скажа, што рабіць. Спадар дуб раду дасць.
   І ішлі яны сцежкамі, балацявінамі і бальшаком. Начавалі пад гарэшнікам. З кожнага вялікага дрэва Міходзька адразаў галіну. І дзень ішлі, і два. Сяргей жа нёс тое голле. «Лес, толькі лес уратуе. Волат-дуб падкажа збавенне. Чакай, глядзі...» Міходзька з усяе сілы штурхануў Сяргея ў плечы. Хлопец распрастаўся, рассыпаўшы галіны, шчаку ўспарола зламаная папараціна. Кроў пырснула, апякаючы губы. Сяргей хацеў бы ўсхапіцца, ды Міходзька прыціснуў яго сабою. Кранаючы губамі вуха, шыпеў: «Ляжы і слухай зямлю. Палі карэнне крывёю, тады лес братам стане. Не шкадуй крыві, паі зямлю. Чуеш, голас?»
   «А ўчарней жа ты, як учарнела я. Загубіў мяне, атруціў красу. І каму ж цяпер я патрэбная. А ты, татачка, мая мацічка, хто заступіцца за маю красу? Ды ні братачка ні сястрыначка слёз не выцера мне, не ўлагодзіць. Крумкачы адны, верны дружачкі, а жаўты пяскі мне пасцелечка. Толькі ж як накласць на сябе руку? Як сысці з зямлі, не адпомоціўшы? Пайду ў велькі свет я бяду шукаць на тваю душу, цела ядрана. Ой, не бачыць вам шчасця краснага і не цешыцца, як галубчыкам. Панясу твой след я ды ў чорны свет. Каб, дзе ступіш ты. не было вады, а куды зірнеш, каб не бачыў меж. Заступіся ты, сіла згубная...»
   – Слухай, Сяргейка, – шыпеў Міходзька, – то галосіць Каська ў дзень твайго вяселля. Лес адкрывае таямніцу.
   – Дыхаць, мне няма чым дыхаць. Я паміраю, Міходзька, дзядзька, уратуй! – раскінутымі рукамі Сяргей гарнуў пад сябе зямлю, аслізлае лісце, колкую гліцу. Варажбіт усхапіўся, штосілы пацягнуў Сяргея з уляжанага месца, выхапіў з кішэні паўпустую пляшку, булькнуў на далонь вады, пырснуў у хлопцаў твар.
   – Не дурэй, Сяргейка. Трымайся яшчэ крупінку, і мы разаб’ём насланнё. Гэта душыць цябе Ён, але збавенне побач.
   – Лес, родны, нязводны, згарніся сцяной, а сіла няўцямна разбіся пры ёй, – Міходзька паўколцамі разліў ваду з бакоў ля Сяргея.
   – Ці лягчэй табе, хлопча? – прыпаў да Сяргея варажбіт. – Уставай, пайшлі.
   Сяргей ішоў хістаючыся. Міходзька нёс абярэмак галін. Так перайшлі яны ручай, Бярозавую грыву і апынуліся на паляне сярод ельніку. Магутны дуб заспакоена драмаў. Ніводзін ліст не турбаваўся ветрам.
   – Прыйшлі, Сяргейка. – Міходзька кінуў каля дуба абярэмак, зняў з пляча кайстру.
   Шарэла. Неба выплёсквала першыя зоркі. Гняла тужлівая цішыня. Густа пахла верасам і хвояй.
   Міходзька, гойдаючы галавой, як бусел, наблізіўся да дуба. Правёў далонямі па ім і прыпаў шчакою. Губы ягоныя зліліся з сівым імхом.
   – Пазнаў, пазнаў, мой волат, мой брат і бацька. Я тут. Я да цябе з бядой і просьбай. Ці чуеш?
   Дуб зашапацеў лісцём, і некалькі недаспелых жалудоў важкімі кроплямі тукнулі вобзем.
   – Распранайся, – тузануў Міходзька Сяргея за плячо. – Крыху ачомаўся? Во і добра. Кажу, скідай адзежыны.
   Сяргей выпусціў скрозь пальцы буйнога светляка і распрануўся.
   – На, апрані, – Міходзька выцяг з кайстры зрэбную кашулю, – і вунь, з краю, ад алешніку каціся па расе да дуба.
   Сяргей перакочваўся па пажарніку і верасе, купках святаянніку і багуну, абмываўся расою. Вільгаць халадзіла ягонае цела.
   З апалага лісця дуба, з прынесеных галін і моху Міходзька збіраў вогнішча. Падыспад падторкнуў начасаныя з Сяргеевай галавы валасы, заблытаўшы іх у хлебны мякіш.
   – Волат-дуб, карміцель і суддзя, не грэбуй паднясеннем. – Варажбіт паклаў пад дрэва тры маленькія, з прыгаршчу, боханы. – Ачысці кроў сына, згані насланнё. Дай шчасце бачыць, жыць і смяяцца. Нябёсы і зямля маюць яго расою. А ты, бацька наш, здымі закляцце чорнае. Прашу за сына зямлі сваёй, за жняца і касца, за маладую сілу, за прадаўжальніка роду дзяцей тваіх.
   Дуб сцішана слухаў. Міходзька падвёў да дрэва змоклага Сяргея. Вочы ў хлопца запалі, на твары застылі кропліны, чорны пісяг на шчацэ расплыўся.
   Стаў Сяргей да дуба. За спіною ягонай успыхнула бяроста. Агонь кінуўся ў скокі па галінах, зачапіў лісце. Белы дым агарнуў хлопца, накрыў з ног да галавы. Млявасць паланіла. Скалелая цела торгалі, праціналі голкі. І ўчуў Сяргей голас, старэчы і надтрэснуты:
   – Пройдзе тыдніца гэтая і яшчэ адзін дзень. Да нараджэння маладзіка, у ноч зацвітання дзівасілу ты з нажом і чорнаю курыцай стрэнешся з ім. Расчыні ўсе дзверы, усе закуткі, усе зашчэпы. Будынак кожны абыдзеш тры разы, пасля трэцяга – лязом крыж адзначай на ўваходзе. Ён скочыць аднекуль пад ногі. Глядзі, не зваліся, утрымайся на нагах. Калі ж толькі кранешся зямлі рукамі ці ўкленчыш, – значыць, ты слабы на гэтым свеце. І будзе твой век карацейшы за хвост куніцы.
   Дым гусцей і гусцей ахутваў Сяргея. Невядомы голас паланіў:
   – Мне шкада не народжаных Марынай дзяцей. Да прызначанага дня не кладзіся з ёю. Калі ж за сваім норавам пойдзем, дык тая ноч будзе апошняя для Марыны. Насланнё пакуль жыве ў табе. І жонка не ўцячэ ўжо. Твае пальцы сашчэпяцца на ейным горле. Памятай гэта. Тыдніца і адзін дзень. І ноч зацвітання дзівасілу. Чорная курыца, нож, расчыненыя дзверы і вароты. Ён і ты. Усё, ідзі.
   Міходзька сцягнуў з хлопца кашулю, кінуў яе ў вогнішча. Агонь захліпнуўся.
   Дамоў Сяргея варажбіт вёў іншай дарогай: рачною плынню, па ручаях і крыніцах, ірвах, кустах, па малінніку і журавінах.
   І настаў той дзень. Прыйшла тая ноч.
   «Я або ён. Чым болей Сяргей паўтараў гэтыя словы, тым мацнейшая сіла прарастала ў ім. «Вольна жыць і кахаць! Каб Марына не баялася маіх рук. Адчуць смак хлеба і квасу...»
   Сяргей абышоў хляўчук. На прыступцы пакінуў нажом след. Страпянулася курыца. Сяргей пайшоў на трэці круг вакол хаты. Ногі пачыналі дранцвець. Але ішоў, ішоў наперад.
   Усе спяць. Спяць сном праведнікаў. А ён блукае, шукае ачышчэння. Толькі б утрымацца. Чаму ногі не суцэльныя калоды?
   Абыдзена хата. Цяпер паставіць меціну на ўваходзе. Мацней націснуць лязом. Рука дрыжыць. Эх ты! Ці ж гожа так?
   Сяргей не паспеў накрэсліць рыску як зарыпелі адразу ўсе масніцы ў сенцах. Быццам па іх з маху катанулі вялізную бочку. У тое ж імгненне нешта суцэльна кудлатае бухнула Сяргею ў ногі. З такім напорам і моцай, што здалося, ногі рассыпаліся бітым шклом. З-пад пашкаў у Сяргея выпырхнула чорная курыца, з шалёным сакатаннем паляцела пад плот. Дзяцюк схапіўся за вушак. На вуліцы адзін за адным узвылі сабакі. Сяргей нібы прымёрз да ганка.
   – А дзе ж?.. Выстаяў. Я выстаяў! Міходзька, дуб-волат, Марына, людцы! Я выстаяў!
   Сяргей нема крычаў. Унутраны голас раздзіраў грудзі. Глыбокі выдых Хлопец прысеў на парог. Кінуў у цемру нож. Лязо аб нешта цвінькнула. Ні думак, ні слоў.
   Рыпнулі дзверы ў хату. Сяргей прыслухаўся. Няўжо не ўсё?
   – Сяргей, – гукала яго жонка.
   – Хадзі сюды, – супакоена прамовіў Сяргей. – Будзеш жыць, чуеш, Марына? Нічога страшнага. Зараз зацвіце дзівасіл. Пайду глядзець. Дзіўная сіла. Ты бачыла хоць раз тыя кветкі? Два кусты пад Петраковай хатай. Не бойся маіх рук. Усё мінула.
   – Здаецца, адчуваю на горле твае пальцы.
   – То быў не я, павер. Міходзька калі-небудзь табе скажа.
   – Навошта? Я й так ведаю.
   – Мо чула ты і пра Каську?
   – Казалі.
   Сяргей апусціў руку, угнуў голаў.
   – Ідзі, Марына. Я пабуду, адпачну.
   – Дык мо разам?
   – Не, я адзін. Не крыўдуй. Яшчэ не ўсё завершана. Ты ж адчуваеш. Трэба давесці да рысы. Так трэба. Ідзі кладзіся. Гэта мая ноч. Астатнія будуць нашы.
   Бязмежжа і глыбіня ночы.
   І вось хата Каські Петраковай успыхнула свечкай. Палкім слупам пратыкнулася цемрадзь. Усё ажыло, загаманіла, закрычала. Ноч гіне, ноч забітая. У водблісках агню каля хаты Каські курчацца лісты дзівасілу. Чарнее не пабачыўшы сонца, кволая квецень.