Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Анатоль Вярцінскі - Маці пячэ хлеб

З паэмы «Песня пра хлеб»

 
Хіба забудзеш калі гэты момант!..
Ураз заціхае дзіцячы наш гоман.
Стаіць цішыня незвычайная ў хаце.
Збіраемся дружна мы каля маці.
Мы бачым адны толькі матчыны рукі,
адны яе рукі, адны іх рухі.
A маці, з сваёй урачыстай усмешкай,
нізка схіляецца над дзежкай
(над той, на якое сядзела нявестай).
Яна расчыняла хлебнае цеста.
Цеста мясіла яна кулакамі,
сценкі дзяжы абірала рукамі,
вады падлівала, мукі надсыпала...
І нам было клопатаў тут нямала.
Былі мы ў мінуту гэтую рады
выканаць матчыны ўсе загады.
Мы ёй памагалі рукаў закасваць,
муку падсыпаць – па яе заказу,
хусцінку мы ёй папраўлялі ахвотна
ці лоб выціралі матчын потны.
Было ўрачыста і ціха ў хаце –
хлеб з новага жыта ўчыняла маці.
 

* * *

Даўно не было ў нас з табой сустрэч,
старая, добрая руская печ!
А трэба сустрэцца, пакуль не позна.
Здарыцца, ведаеш, можа рознае.
Ходзяць упарта пагалоскі,
што ты устарэла для новай вёскі,
што ты аджыла і формай, і зместам,
што вельмі ўжо многа займаеш месца.
Што скажам на гэта мы, руская печ?
Факты, як кажуць, упартая рэч.
Помніцца, хата была цеснаватай,
бо ты сапраўды займала паўхаты.
Каптур узвышаўся аж пад столлю, 
шчыт занімаў ільвіную долю,
топка твая зіяла тунэлем,
падпечак быў цэлым падзямеллем.
Адным словам, печка, недарэмна
просяць цябе сысці з арэны.
 

* * *

I ўсё-ткі, калі гаварыць па-шчырасці,
я рад, што было мне суджана вырасці
у той жа хаціне,

дзе ты ўладарыла,

дзе спраўна так грэла,

пякла

і скварыла.

Дзякуй за ўсе твае добрыя справы,
за ўсе твае печывы, твае стравы!
Бог з імі, тваімі габарытамі,
толькі ніколі не будуць забытымі
дні, калі ў коміне выў дзіка вецер,
а ты так умела гасцінна прывеціць.
Ты нас акружала цяплом і ласкаю,
ціха расказвала казку за казкаю.
Змаўкала, зноў чулася ветра гудзенне.
На столі хісталіся прыцемкаў цені.
Гасла святло замёрзлых вокан.
Усё перайначвалася навокал –
цені рабіліся парусамі,
героямі казачнымі – мы самі,
і плыў аж за трыдзевяць зямель
дзівосны наш печка-карабель.
 

* * *

I хлеб, які сёння я шчыра слаўлю,
табе, печ, нямала ў заслугу стаўлю.
Была да яго ты прыналежная,
ад печы тут многае залежала,
ад яе духу, ад яе жару,
якія палілі, не знаючы жалю,
не знаючы жалю, ды знаючы меру,–
служыла печ руская праўдай і верай...
Я жыва ўяўляю малюнак гэты.
Хлебніца чынна стаіць ля загнета.
Наведзен парадак належны ў печы.
Тміну – найлепшай з вясковых спецый –
маці ўжо ў цеста замяшала,
спрабуе, солі ў ім ці не мала.
З’яўляецца хлебная лапата,
З ручкаю доўгаю прылада.
I вось рассцілае таропна маці
лісце кляновае на лапаце,
на лісце сонечнае, узорнае
кідае цеста жменяю спорнаю.
Яно нахадзілася уволю,
яно са сваёй змірылася доляй,
і пад рукою умелай пакорна
яно набывае любую форму.
Становіцца цеста боханам круглым,
і матчыны рукі спрытным рухам
садзяць яго на цэглу гарачую,
жадаюць, каб быў ён, першы, удачаю...
Час настае,

і на загнеце

дымяцца боханы –

лепшыя ў свеце...

 
1959

 

Крыніца: Вярцінскі A. Выбранае. – Мн.: Маст. літ., 1973. – 144 с.

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыХлеб для партызанаў

Пераказы, дыктантыВытаптаны хлеб

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Пераказы, дыктантыХлеб

Пераказы, дыктантыХлеб