Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анатоль Вярцінскі - Дзве паралельныя прамыя

Кнопка отправить на печать

За школьнымі вокнамі
                               вецер вые...
Пра дзве паралельныя прамыя
гаворыць настаўнік,
                               ад холаду сіні.
На чорнай дошцы —
дзве белыя лініі,
якія ніколі не перасякаюцца,
якія нідзе не сустракаюцца...
"Няўжо гэта праўда?
                               Чаму — ніколі?" —
думаю я, ідучы са школы.
"Няўжо гэта праўда?
                               Чаму — нідзе?" —
думка з маёй галавы не ідзе...
Даўно адшумелі
                     школьныя ветры,
ды помню чамусьці
                               урок геаметрыі.
Перада мною
                     зноў, як жывыя,—
дзве паралельныя прамыя.
Бачу: ідуць у прасторы лініі,
нічога агульнага паміж імі.
Ідуць i маўчаць яны, нямыя,
дзве паралельныя прамыя.
Ідуць яны побач,
                     ідуць яны поплеч —
адна другую
                     не клічуць на помач.
Нібы пракляцце вісіць над імі,
над паралельнымі прамымі.
Будуць заўсёды яны чужыя,
                     яны — паралельныя прамыя.
Не суджаны ім сустрэчы праменныя,—
яны — прамыя,
                     яны — паралельныя.
Ад крыўды за вас
                     маё сэрца ные,
дзве паралельныя прамыя.

*
Бачу ў мінуту азарэння:
падаюць вашы тры вымярэнні.
Падаюць вашы сцены і столі,
i — адкрываюцца прасторы.
Падаюць брамы вашы і дзверы.
Выходжу прама ў сінія сферы.
Выходжу ў сінія сферы бязмернасці,
вернасці вечнай i бяссмертнасці.
З быту выходжу, як з нябыту,
на сваю новую арбіту.
Тры вымярэнні, мы з вамі — квіты.
Вы — дрэнныя прарокі, эўкліды.
Падаюць крыўды і няпраўды.
Вы — дрэнныя прарокі, плаўты
Пакінем нявер'е і іронію.
Бачу вышэйшую гармонію.
Бачу: сустрэліся, як жывыя,
дзве паралельныя прамыя.
Бачу: заззялі, як праменныя,
тыя прамыя паралельныя...