Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Анатоль Вярцінскі - Аналіз творчасці

Кнопка отправить на печать

   Паэт Анатоль Вярцінскі з тых, хто трывала ўвайшоў у літаратуру досыць позна. Увайшоў, добра павастрыўшы пяро па старонках раённых газет допісамі пра сяўбу, пра касавіцу, пра хлебанарыхтоўкі, пра ўсё, што было і будзе клопатам раённых будняў. І, мабыць, нездарма першая яго кніга называлася "Песня пра хлеб", а ва ўсіх астатніх — ад "Трох цішынь" да "Ветрана" — адчуваецца гранічная публіцыстычная завостранасць, імкненне падумаць над фактам, адгукнуцца на падзею дня. Баявая, штодзённая журналісцкая загартоўка шмат у чым абумовіла актыўнасць творчага і грамадзянскага тэмпераменту паэта. Але, мабыць, у нечым і адтэрмінавала знаёмства шырокага чытача з паэтам Анатолем Вярцінскім.
   Затое, калі такі момант наспеў, мы пазналі паэта цікавага, яркага, актыўнага, мэтанакіраванага ў выяўленні сваіх мастакоўскіх прынцыпаў. Вярцінскі ўпарта выяўляў сваё творчае "я". Таму не выпадковы, мусіць, той юнацкі максімалізм, якога прытрымліваецца дагэтуль паэт. I не выпадковае гэтае, як дэвіз: "Жыць — значыць дзярзаць!" Анатоль Вярцінскі адваяваў у жыцця права быць паэтам.
   І не выпадкова ён дзеліць людзей на герояў і не герояў, на праметэяў і непраметэяў. Дзярзаць! Хіба можна сябе прыкаваць "да скалы ўласнага страху"? Сярэдзіны не бывае, кампрамісы і так званая жыцейская мудрасць: "Хочаш жыць у святле і цяпле — сам здабывай агонь для сябе" — вядуць да змізарнення, знішчэння чалавечай асобы.
   "Жыць — значыць дзярзаць!" Не выпадкова гэтыя словы-праграма з'явіліся менавіта ў вершы, прысвечаным Міхасю Лынькову. Яны гучаць абяцаннем, клятвай. І гэты свой галоўны прынцып жыцця і творчасці Вярцінскі сцвярджае настойліва, з кнігі ў кнігу, даводзячы ўсім і самому сабе, што жыццё як інертнае існаванне — не жыццё, толькі прывід яго.
   Бескампраміснае асуджэнне маральнай уступчывасці, трошкі нават дэкларацыйная грамадзянская актыўнасць, падкрэсленая дыскусійнасць, але разам з тым імкненне ўвесці ў зваротак абагульненыя катэгорыі, якія не так часта "эксплуатуюць" у сваёй творчасці беларускія паэты, напружаная эмацыянальнасць— усё гэта садзейнічала поспеху Анатоля Вярцінскага. Ён востра адчуў рытм часу, змог быць асабліва паслядоўным у яраснай адкрытасці, разлічанай на імгненнае ўспрыняцце — і неяк адразу; пасля зацягнутага старту, з сярэдзіны 60-х гадоў стаў адным з вядомых паэтаў Беларусі.
   Імкнучыся да высокага ідэала, паэт заўсёды адчувае адказнасць за свае ўчынкі, за ўчынкі іншых, за ўсё, што адбываецца ў свеце. А сапраўднасць ідэалаў, сцвярджае ў адным са сваіх вершаў паэт, вывяраецца часам:

... тут — толькі попел,
               там — алмаз,
тут — зерне,
               там — палова,
тут — пустазвонства гучных фраз,
               там — ісціннае слова.
                             ("Навагодні тост")

   Паэт спрабуе галоўныя прынцыпы свайго паэтычнага вопыту — "жыць — значыць дзярзаць" — праецыраваць на агульначалавечы вопыт. Імкнецца пабачыць — як гэтыя прынцыпы выглядаюць у дастасаванні да гістарычнага і літаратурна-міфалагічнага вопыту. Да сусвету і вечнасці. Зыходзячы з таго самага прынцыпу падзялення людзей на герояў і негерояў, на праметэяў і непраметэяў. Ён бярэ непасрэдна сам неўміручы міф аб Праметэі і робіць героя міфа сваім канкрэтным персанажам. I, ствараючы яго, ператварае прагу дзеяння ўвогуле, дзярзання ўвогуле ў канкрэтныя ўчынкі героя ("Варыяцыі на тэму "Гефест — друг Праметэя"). Паэт імкнецца дайсці да перадгісторыі міфа, да той прычыны, што зрабіла Праметэя такім, якім яго ведае чалавецтва: "І ў тым сакрэт маёй метамарфозы, што з нейкае пары я стаў любіць".
   Любоў — як сіла дзейсная і ўсемагутная, усеперамагаючая — зрабіла Праметэя такім. Гэта вельмі важна для Вярцінскага. Тут ён бачыць першавысновы жыцця. Любоў — аснова ўсяго сутнага, усяго існуючага на зямлі. Усвядомленае пачуццё любві для паэта — мера чалавечнасці: "Што значыць сапраўдным другам быць? Любіць", ("Што значыць сапраўдным другам быць?")
   Любоў паэт разумее як аснову грамадзянскай цэласнасці, як неабходную аснову справядлівасці. Любоў для Анатоля Вярцінскага — неад'емная катэгорыя чалавечага існавання: "Што значыць зямное шчасце здабыць? Любіць".
   І як чалавек, грамадзянін, гуманіст ён катэгарычна не ўспрымае ўсё, што супярэчыць гэтым высновам, нармальнай чалавечай існасці. Зразумела, прымаючы пад увагу пэўныя сацыяльныя абставіны, канкрэтную і класавую пазіцыю.
   Вярцінскі ўмее адчуць тую своеасаблівасць, што дае вершу вобразную актыўнасць, замацоўвае эмацыянальнае ўздзеянне. Ёсць такая жудасная статыстычная даведка — у вайну загінуў кожны чацвёрты беларус. І ёсць жартаўлівыя радкі ў народнай песні — "Ой, хацела мяне маці за чацвёртага аддаці". Дык няма гэтага самага чацвёртага, не было за святочным сталом кожнага чацвёртага, адышоў у немату небыцця кожны чацвёрты, не пабачыў неспазнанага блакіту неба — кожны чацвёрты. А жыццё ідзе — і няма ў ім кожнага чацвёртага. Нечага сына, брата, мужа.
   А тое сярэднестатыстычнае "кожны чацвёрты" абарочвалася і страшнай прыватнасцю — у сям'і загінулі ўсе. Засталася адна — маці, жонка. Загінулі ўсе, дзеля каго яна жыла. І вось гэтая жанчына, якая, можа, ніколі не задумвалася над тым, што такое гуманізм, ведае яго сэрцам, душою ("Дынамік"). І ўмее ў болі сваёй вялікай страты жыць для жывых, радавацца іх радасцям. Як і тая цётка з другога. верша Анатоля Вярцінскага, што
...свету ўсяму спагадала, яго раны лячыла аддана.

Які б вылечыў іх урач,
Каб не цётчын спагадлівы плач?
("Цётка плакала па ўсім свеце...")

   Драма адзіноты... Яна страшная ў безвыходнасці сваёй як жудасны вынік вайны. Але яна цяжкая несправядлівасць і калі гэта проста раз'яднанасць чалавечых душ, адчужанасць людская. "Падае за бар'ерам бар'ер — гукавы, светлавы, зямных гравітацый..." Калі ж "дойдзе чарга да бар'ера глухой адчужанасці людской, неразумення і недаверу?" — задае пытанне Вярцінскі ("Бар'еры"), Ён прагне разбурэння гэтых бар'ераў — "вышэйшую гармонію" сучасных чалавечых адносін бачыць у святле самых новых пашыраных уяўленняў. Калі існуе ісціна Лабачэўскага — "сустрэліся... дзве паралельныя прамыя", дык і новую форму чалавечых адносін павінен прапанаваць наш час, і лёсы людскія павінны перасякацца, як тыя паралельныя прамыя ("Дзве паралельныя прамыя"). Павінны запаўняцца прастора адчужанасці і няведання цеплынёй чалавечых адносін, узаемаразуменнем. Раскаванасць чалавечай душы, шчырасць чалавека вітае паэт. Паміж людзьмі кожная сустрэча не можа не быць "узаемапамнажэннем нашых дум і душ".
   Так, узаемасутыкальнасць, любоў для паэта — аснова быцця, неадымная катэгорыя чалавечага існавання, і адно з праяўленняў яе — каханне да жанчыны. Гэтае вечнае жыццёвае ўзаемадачыненне — мужчына — жанчына — успрымаецца паэтам як частка жыццёвага круга:

І я, як звяно, уключаўся ў ланцуг
любові, яе ўсепланетнай сістэмы...
("Гудзела, гуло ў маіх вушах...")

   Каханне, па Вярцінскаму, вечнае і абавязковае звяно ў неперарыўнай сувязі часоў і з'яў. Каханне — святочнае светаўспрыманне, калі звініць шчасцем паветра, калі свет добры і шчыры. Каханне — карагод радасці, у якім кружыцца ўсё, што навокал,— дрэвы, неба, сонца, вясельны тлум прыроды ("Той год незвычайны"), калі "прагнуць душы святла спатканняў і баяцца імглы адзінот..." ("Што казалася, што адбывалася...").
   Жанчына для лірычнага героя паэта — стыхія. Багіня. Як дуд, у адчужэнні ад нудотнай мітусні, прыходзіць да героя адкрыццё: жанчына, якая побач з ім, увасабляе гармонію сонца і мора, вялікае хараство зямнога быцця: "Жанчына і мора? Дзве вольных стыхіі", "Жанчына і сонца! Хіба вас падзеліш?" Па-рыцарску малітоўнае пакланенне чуецца ў словах паэта: "Жанчына і сонца!.. Хай свеціцца дзень ваш!"
   Лірычнага героя "Паэмы мора" вечная стыхія прымушае выявіць для сябе многія ісціны. I убачыць як упершыню прыгажосць жанчыны, 1 адчуць сваю супрыналежнасць да стыхіі мора, да яго вечнай мудрасці. I паспрабаваць спасцігнуць самога Сябе, Жыццё, Час, вечныя і вялікія катэгорыі маралі і чалавечага хараства.
   Хаця настроі гэтыя ў паэме прыходзяць не знянацку. Гэта, мне здаецца, сталая настроенасць Вярцінскага — прыслухацца да высокай цішыні вечнасці, адчуць існаванне часу ў прасторы чалавечых страсцей і думак, спасцігнуць сэнс сапраўднага, аслабаніць сябе ад марнай мітусні, каб

Застацца з той цішынёю,
з ёю, сівою савой,—
стаць сутнасцю сваёю,
стаць самім сабой.
Застацца з ёю — гэта
у той увайсці сезам,
дзе сам-насам з сусветам,
з вечнасцю сам-насам.
("Тры цішыні")

   Але, як ужо згадвалася, Вярцінскі не з тых паэтаў, што лунаюць толькі ў стратасферы духу і думкі. Ён ставіцца з увагай да канкрэтнага дзеяння, учынку, факта. Умее часам за прыватным фактам вылучыць вялікі мастацкі сэнс, за звычайнай падзеяй пабачыць важнасць з'явы. Есць у яго, скажам, "Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня". Канкрэтная відавочнасць факта, парадаксальная супярэчлівасць падзей насычаюць выбуховай экспрэсіяй "Баладу..." Такі неадменны атрыбут вясковага рання — певень, жывы сігнал дня: трэба даіць кароў, паліць печы, ісці ў поле. Адзін певень азавецца, другі, трэці — і пайшоў рабочы перазоў на вёсцы. А тут галосіць певень, а ніхто з ім не перагукваецца, ніхто не ўстае на золку. Спаленая, мёртвая вёска — і жывы певень. Несуадноснасць, несувымернасць.
   Або — ёсць у Анатоля Вярцінскага верш "Статак вяртаецца з поля". Пра звычайную падзею, што кожны дзень улетку адбываецца ў вёсцы. Але так гэта рэчыўна, зрокава адчувальна пададзена, так усім ладам верша сцвярджаецца будзённая важнасць, непарушная трываласць падзеі, што мы адчуваем у будзённым факце з'яву — урачыстую, як меса працы, і простую, як луста хлеба.
   Ён актыўны ў пошуках жанраў. У яго з'явіліся і казкіп'есы. Ён актыўны як крытык — артыкулы, эсэ, дыялогі, інтэрв'ю. Асэнсаваць уласную творчасць і творчасць іншых — бясспрэчнае правіла для Вярцінскага.
   Так і апошняя па часе напісання "Паэма надвор'я" — у фарватэры пастаянных пошукаў паэта. Пра клімат быцця, надвор'е душы, пра надвор'е маральнае — на планеце, у гісторыі, у нейкіх. фрагментах жыцця грамадскага і асабістага. Пра тую запаветную струну ў душы і жыцці кожнага, якая не дае паддацца маральнай спячцы. Паэт, нагадваючы нам пра вернасць сваім ідэалам, як і у "Паэме мора", даслоўна паўтарае:

Яшчэ што ад нас залежыць,
дык гэта — быць сабой,
дык гэта — захоўваць свежасць
надзеі сваёй людской.

   Свежыя ветры эпохі — сёння і тры чвэрці стагоддзя назад — і пра гэта паэма Анатоля Вярцінскага. Прычым асаблівай выразнасці ў гэтай паэме, як і у папярэдніх сваіх творах, Вярцінскі дасягае, калі не баіцца што-небудзь прамінуць у фактах, калі ён адступаецца ў нечым ад сваёй дасведчанасці і дае магчымасць думцы і эмоцыі сплавіцца і выслабаніцца ад путаў шматлікіх дэталей, становіцца раскаваным, смелым, лёгкім. Скажам, у "Эцюдзе сёмым. Тры дні збіраўся дождж..." як быццам і цяжка вызначыць, у чым тут сакрэт, але вызваленая думка, вызваленая рытміка верша перадаюць і вызваленне прыроды, і вызваленасць чалавечага духу, азаніраваны клімат душы. Радок вядзе за сабой, прымушае ўжыцца ў гэтым клімаце — ці хочаш ты акліматызавацца ў ім ці не.
   І ва ўсім — тая ж адкрытая эмацыянальнасць, нават падкрэсленая адкрытасць эмоцый, што і у ранейшага Вярцінскага. Дарэчы, чамусьці існуе даволі ўстойлівае меркаванне, што Вярцінскі — паэт рацыяналістычны.
   Але, мне здаецца, эмоцыя і думка ў яго выступаюць у спалучэнні. У тым і сіла паэта.
   Ён не схільны да пункцірнасці вобраза, аддае перавагу размашыстасці чоткай лініі, шырыні мазка, не вельмі спакушаецца паўтонамі. У сваёй спіралі пошуку ён даражыць рухам верша, каб "тэмпература" яго твораў была адэкватная тэмпературы быцця, тэмпературы актыўнага, дзейснага светаўспрымання.