Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Святочная тэлеграма

Увага! Поўны змест

   Ранкам, калі трохі развіднела Матруна Акуліч, сварлівая, вечна надзьмутая баба, паспешліва зашчапіла хату і пайшла да вясковай паштаркі Алены сварыцца. Было свята.
   Хата паштаркі стаіць наводшыбе ў канцы вёскі, крыху адсунутая ўбок ад астатніх хат пад лес. Выглядае яна ўбога, адзінока. Старая, струхнелая — яе будавала маці Алены адразу пасля вайны — і гэтай сваёй абасобленасцю і шэрай непрыкметнасцю бы нагадвае лёс свае гаспадыні. Алена Сакавец пражыла ў ціхім адзіноцтве і спакоі. Жылі адны з маці, бацька з вайны не прыйшоў. А сваякі ўсе з’ехалі з вёскі даўным-даўно і больш сюды не наведваліся і пісем не пісалі. У галодныя і цяжкія пасляваенныя гады Алена сяк-так скончыла сем класаў, пайшла насіць пошту. Вырасла. Сяброўкі замуж выходзілі, нараджалі дзяцей, сварыліся з мужыкамі, а Алена была адна і адна. Што казаць, непрыгожая ўдалася... Маленькая, нязграбная, касавокая... У маладосці і мянушку дурную насіла — Зайчыха... Хлопцы толькі і смяяліся з яе. Вядома, яны ж чапляюцца да такіх, хто з сябе відная ды ладная... А каму ж яна патрэбна была такая? Так і засталася на ўвесь век у дзеўках. Праўда, набіваўся адзін у прымы, о калі ёй год пад трыццаць было. Шаўцом працаваў. П’янтос быў непамерны гэты Васька Лагун. Заявіўся аднойчы да іх адвячоркам, выхапіў з кішэні пляшку, грымнуў яе на стол і адразу ж — так, маўляў, і так: ідзі за мяне. А ў вачах нахабная ўпэўненасць (адказу не будзе!) і крыўдная, абразлівая спагада: во! Глядзіце, які я добры! Адмовілася Алена. Нават сама не зразумела потым, як гэта выйшла. Не — і ўсё. Васька пайшоў з хаты, весела здзіўлены. А маці сварылася на яе. Усё ж які-нейкі, а мужчына. П’е? Хто ж цяпер з іх не п’е. Можа б, калі жыў на адным месцы, пры гаспадарцы, дык трохі суняўся б. Во якраз тады, пасля гэтага няўдалага Васькавага сватаўства, першы раз і заплакала Алена. Першы, ды не апошні. Пасля ўжо часценька плакала, асабліва калі пахавала старэнькую маці. Думала, ужо не выцерпіць адна тут жыць, з’ехаць хацела куды-небудзь. Але ж куды ад адзіноты свае з’едзеш? I прыцярпелася Аленіна сэрца да той думкі, што жыць ёй давядзецца заўжды адной. I ні разу не наракала яна ні на свой горкі лёс, ні на сваё тужлівае адзіноцтва. Трэба, значыць, так... Так і жыла. Карова, падсвінак, куры, гарод і пошта.
   Алена ў старэнькай матчынай плюшаўцы карміла на двары курэй.
   — Пылі-пылі-пылі... — крышыла і сыпала ля ног размочаны хлеб. Матруну яна не заўважыла, стаяла да яе спіной, але тая не паздароўкалася першая і, чакаючы, стала ля загароды.
   Раскрышыўшы ўвесь хлеб, Алена выцерла рукі аб палу плюшаўкі і хацела ісці ў хату. Матруна кашлянула.
   — Здароўце, цётка,— радасна ўсміхнулася Алена. — Са святам вас!
   — Здароў, здароў, — коратка кіўнула тая галавой і тут жа непрыхільна, са стрыманай зласлівасцю загаварыла: — Баба, што й та ты робіш, скажы?
   — Што? — прыцішана і разгублена спытала Алена.
   Матруна выхапіла запозненую на пяць дзён святочную тэлеграму.
   — Чаго йта ты праз паўмесяца толькі дадумалася пошту мне занесці? Гэта ж ад сына! Я чакаю не дачакаюся, вочы ўсе выплакала ад крыўды, а ты, аказваецца, з сабой яе насіла, Ці ж можна гэтак? Калі лянуешся сама, дык наказала б цераз каго, я б схадзіла...
   — Я не лянуюся, цётачка, — пачала Алена, але Матруна, разышоўшыся, не дала ёй дагаварыць і панесла далей.
   Выліла ўсё нядобрае, што толькі было ў яе душы. Гаварыла запальчыва і злосна — да таго часу, пакуль не адчула сябе зусім лёгка. Алена вінавата і панура слухала ўсё, гледзячы на Матруніны ногі.
   — Ці ведаеш, што ты нарабіла? — крыху памаўчаўшы, зноў успыхнула тая.
   — Што? — спалохана ўзняла Алена галаву.
   — Што, што?.. Я ж думала, што ён там зусім адрокся ад мяне, і са злосці ўчора пісьмо яму нядобрае накатала. Малец жа прачытае і пакрыўдзіцца. Напрасліца!
   — Ой, цётачка, навошта ж вы спяшаліся?
   — Навошта? Ты маці не была і не ведаеш, як крыўдна, калі дзеці на цябе плююць. Усё жыццё ім, усё чыста ім аддаеш, а яны могуць і на хаўтуры да маці не прыехаць... Табе-то што, ты гэтага не ведаеш.
   Сэрца Алены балюча сціснулася. Засвярбелі вочы, яна адвярнулася.
   — Пісьмо ваша заўтра забраць можна будзе. Яно яшчэ ў скрыні, — сказала ледзь чутна Алена і пайшла да дзвярэй сенцаў.
   — Ды ўжо ж забяру, забяру, — услед ёй пагрозліва і хутка гаварыла Матруна. — Заадно і гэтай белавокай вашай мымры, загадчыцы, скажу слова-другое. Работнічкі! Нябось, як мы за голы працадзень у калгасе рабілі, дык так не было...
   Алена зачыніла за сабой дзверы.
   На наступны дзень яна не спяшалася ісці на пошту. Ведала, што туды абавязкова прыляціць Матруна, якраз у той час, калі будзе больш народу, калі прывязуць з горада пошту. Прыляціць і накінецца на загадчыцу Галю, Будзе крычаць і махаць гэтай няўдалай тэлеграмай. I ўсё раскажа. I пра сына, і пра сябе, і яе дрэнным словам пакрые. Ой, каб жа ведала Алена, што так атрымаецца з гэтым... Каб ведала.
   Яна прыйшла па свае газеты і пісьмы крыху пазней, калі разышліся паштары з суседніх вёсак. Увайшла ціха, асцярожна і затоена. Баялася, што Матруна яшчэ тут. Але на пошце была толькі адна Галя. Маладзенькая, стройная дзяўчына. Яна недзе вучылася, і яе прыслалі працаваць сюды, у вёску. Вочы былі прыгожыя ў Галі. Вялікія і поўныя.
   Алена нясмела прывіталася, цішком пачала складаць у сваю пацёртую сумку газеты і пісьмы. Галя сядзела насупленая і незадаволеная.
   — Што ж гэта вы, Дзмітраўна? — нарэшце загаварыла загадчыца. — Прыйшла гэта Акуліч, лаялася, што мы пісьмы і тэлеграмы ў час не дастаўляем ёй. Кажа, ад сына толькі сёння раніцай занеслі. А тэлеграма ж была недзе тыдзень назад, я памятаю. Загубілася яна ў вас, ці што?
   Алена змаўчала б і ёй, як змаўчала ўчора Матруне, калі б Галя не спытала, а толькі пасварылася. А раз спытала, трэба было гаварыць праўду ці хлусіць. Не ўмела яна хлусіць.
   — Не, не згубілася яна.
   — А што ж?
   — Я, Галя... гэта... ты не сварыся... Я ўсе паштоўкі святочныя і тэлеграмы, што прыходзілі, толькі ўчора ранкам разнесла. Калі яшчэ цёмненька было. Усе разнесла. I тыя, што на тыдзень раней прыйшлі.
   — Як, учора? — сумелася Галя. Здзіўлена і шырока раскрыліся яе вялікія вочы.
   — Учора толькі.
   — Чаму? Хварэлі, не маглі раней?
   Алена села на крэсла, пагладзіла рукой свежыя газеты.
   — Не, не хварэла. Газеты я разносіла. Газеты і пісьмы. Паштоўкі толькі хавала ў сумцы. Усе...
   — Навошта?
   Алена не адказала.
   — Навошта? — яшчэ раз спытала Галя. — Навошта гэта вам было? Лаянкі людской хацелі пачуць? Ну дык і пачулі.
   На пошту зайшоў аграномаў сын, купіў канверт і выбег, ляпнуўшы дзвярыма.
   Адвярнуўшыся ад загадчыцы, Алена, ніякавата сагнуўшыся, сядзела за сталом перабірала газеты. Галя чакала.
   — Думалася ж, прыемней будзе людзям акурат у дзень свята атрымаць паштоўкі, а не за тыдзень да яго. За тыдзень і забыцца можна. А з ранку ў свята лепей, радасней. Я раненька і разнесла ўсім. Каб жа знаццё, што так вось будзе...
   Алена змоўкла, пачала без патрэбы корпацца ў сумцы і плячыма адчувала дакорлівы і сярдзіты позірк загадчыцы. Зараз Галя павінна была нечага нагаварыць ёй непрыемнага, як учора Матруна нагаварыла. Пасароміць за такое, скажа, што так рабіць нельга, ці яшчэ што. I раптам:
   — Цётка Алена,— звычайным, толькі вельмі ўжо нязвыклым, ціхім голасам звярнулася Галя да яе.
   — Га? — Алена азірнулася, здзіўлена паднялася з крэсла. Не было ў прыгожых Галіных вачах ні злосці, ні дакору. Спакойныя яны былі і цёплыя.
   — Можа б, вы дзеду Петраку пенсію сёння занеслі? Нешта сам не прыходзіць. Трэці дзень грошы ляжаць.
   — Занясу, занясу... Чаму ж не? — Алена нечаму ўзрадавалася.
   Яна ўзяла ў Галі грошы, пенсійны лісток. Паклала ў сумку. Яшчэ трохі пачакала. Думала, што Галя скажа што-небудзь. Але тая сумнавата схілілася над паперамі і маўчала.
   — Пісьмо ж сваё Матруна ці забрала? — асцярожна запыталася Алена.
   Галя нічога не адказала, толькі кіўнула галавой. Алена выйшла.
   На вуліцы ёй здалося, што ў Галі сёння было нешта незвычайнае і нязвыклае. Гэта было добрым і прыемным для яе, Алены, але што, яна не магла зразумець. Ужо потым, ля першай сваёй хаты, дастаючы газеты, успомніла: Галя назвала яе проста цёткай Аленай... Па-вясковаму, звычайна. Раней клікала Дзмітраўна...

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

БиографииАляксей Дудараў

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа