Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Дудараў - Вечар - ГДЗ

   1. Гэты твор пра жыццё адзінокіх старых у паміраючай вёсцы. Яны забыты ўсімі і нікому не патрэбны. У адных дзеці прапалі без вестак, у другіх зніклі ў віры жыцця і не едуць да бацькоў. Гэта п’еса аб адзіноце, "неперспектыўнасці вёскі" і зямлі, пакінутасці, сэнсе чалавечага жыцця.
   Змест п’есы блізкі да верша Рыгора Барадуліна "Трэба дома бываць часцей" і апавядання Віктара Карамазава "Дзяльба кабанчыка": у ім выкрываюцца філасофскія праблемы існавання чалавека на зямлі, адзінокай старасці, паміранне вёсак, адчужэнне ад іх людзей.

   2. П’еса "Вечар" адрозніваецца ад верша "Трэба дома бываць часцей" і эпічнага апавядання "Дзяльба кабанчыка" па форме і спосабах паказу жыцця. Структура п’есы ўключае ў сябе тэкст дзеючых асоб – дыялогі і маналогі, аўтарскія рэмаркі (заўвагі, якія змяшчаюць абазначэнне месца дзеяння, знешнасці персанажаў, іх манеры паводзінаў і асаблівасці мовы). У пачатку п’есы змешчаны спіс дзеючых асоб з указаннем іх узросту. П’еса мае асобную скончаную сэнсавую частку, якая называецца дзеяннем.

   3. Характарыстыкі галоўных герояў:

Васіль Мульцік.
   Гэта чалавек, які пражыў нялёгкі лес. Ён "тры вайны адпляскаў, шабляй махноўцы секлі, кулакі ў трыццаць другім цвікамі да крыжа прымалацілі, на фінскай ногі адмарозіў, у партызанах немцы расстрэльвалі, потым ваяваў – два разы параніла, тры разы кантузіла. I гэта яшчэ не ўсё! Двух дзетак за вайну пахаваў, і нішчымніца пасляваенная была, і хату пярун паліў, і карова здыхала, і жонка памерла, і сын апошні гадоў пяць пісем не піша". Але гора не зламіла яго наадварот – узмацніла душу Васіля, надзяліла яго, дабрынёй, якая, колькі ні раздавай, не вычэрпваецца, як той калодзеж, што некалі паіў усю вёску. Гэта нястомны працаўнік і пакутнік, жартаўнік і сонцапаклоннік. У яго – паэтычная, тонкая і ўзнёслая душа ў адносінах да зямлі-карміцелькі, і да сонца, якое для яго вышэй і магутней нават за бога, таму што бог карае, а Сонца дае жыццё раслінам, і жывёлам, і чалавеку. Мульцік не моліцца сонцу, ён размаўляе з ім, як з блізкім. За гэтыя яго дзівацтвы яго і празвалі Мульцікам.
   Ён добра ведае, што нарадзіўся на Зямлі, каб сагрэць яе сваёй душой, каб працаваць, хлеб расціць. Для яго шчасце не ў сытасці і не ў бяздзейнасці: "Шчасце з чужых рук заўсёды кіслае... Шчасце самому рабіць трэба". Мульцік ніколі не ішоў насуперак сваім перакананням, пацверджаным жыццём папярэдніх пакаленняў поглядам. I лёгка ў яго на сэрцы нават перад немінучай смерцю. Ён з гумарам ставіцца да ўсяго, нават да сваёй старасці-нямогласці. Яго можна назваць аптымістам па жыцці, ён – чалавек-сонца.

Мікіта Гастрыт.
   Ужо адна мянушка раскрывае нам яго характар – пахмурны, непрыемны, злосны, калючы. Гэта складаны і супярэчлівы чалавек, які жыве не па ўласным сумленні, а па застарэлых, фальшыва-казённых прынцыпах. Недаверлівы, хваравіта зайздрослівы да чужой радасці. У гады калектывізацыі ён "выкарчоўваў" кулакоў, змагаўся з аднаасобнікамі. Мікіта толькі выконваў загады, і тут няма яго вялікай віны. Але Мікіта напісаў данос на Васілёвага брата Андрэя ўжо не па загадзе, а па ўласнай ініцыятыве. I не таму, што бачыў у ім ворага, а таму, што Андрэй збіраўся засылаць сватоў да яго будучай жонкі. Пакаянне Мікіты запозненае, непаслядоўнае. Застарэлыя звычкі мацнейшыя за сумленне.

Ганна.
   У жанчыны таксама было нялёгкае жыццё. У вайну і пад бомбамі ляжала, і ў сваёй хаце гарэла, траіх дзяцей пахавала за адзін месяц. Дзеці памерлі ў партызанах з голаду, старэйшы сын "без весці", муж Піліп вярнуўся з вайны і памёр ад ран праз два месяцы. Апошні сын Віцька сядзіць у турме. Мульцік гаворыць пра яе: "Адна на ўсё жыццё.. Гаротніца…Хоць ты яе ў царкве вешай як пакутніцу святую…"
   Ганна ўвесь час, як і Мульцік, працавала на зямлі. Ні адпачынку, ні радасці не ведала. Але Ганна не азлобілася на жыццё. Яна толькі стомлена думае: "Рабіла, рабіла, рабіла; а на гэтым свеце няма чаго пакінуць... I нашто нарадзілася?" Яна добрая, даверлівая, шчырая, размаўляе з партрэтам мужа-нябожчыка, ніколі не блытае дабро і зло, спачувае і дапамагае людзям, гатовая дараваць крыўду, калі для гэтага ёсць маленькая падстава.

   Як Мульцік характарызуе Гастрыта, які "праводзіў лінію" ў часы калектывізацыі, пісаў даносы, ананімкі на сваіх аднавяскоўцаў? Чаму Мульцік называе Гастрыта "ідэйным прыдуркам"? Адшукайце ў творы гэтыя мясціны і пракаменціруйце іх.

Гастрыт. Я супраць кулакоў...
Мульцік. Колькі іх было на ўсю нашу вёску? Два.
Гастрыт. Брэшаш, болей...
Мульцік. Два. Зяпа і Мішук Цяркоўскі... Ад іх усе Вежкі плакалі... А каго Васіль Барабулінак эксплуаціраваў? У яго ж парабкаў не было, ён са свайго мазаля жыў...
Гастрыт. Ён народную зямлю эксплуаціраваў...
Мульцік. Зямля з радасцю аддае ўсё таму, хто да яе рукі прыкладае... Ты проста не хацеў працаваць, як усе, а хацеў наглядчыкам над людзьмі быць... Лёгка, няпыльна і ў пачоце! Вось і муціў ваду, пускаў усім пыл у вочы... сазнацельным прыкідваўся!
Гастрыт. Я лінію праводзіў...
Мульцік. Толькі крывую і сваю. У Вежках ты моладзь ад зямлі адбіў? Ты... Колькі гадоў сачыў за тым, каб, значыць, ніхто лішнюю бульбіну ці мех зерня ад зямлі не ўзяў... А чаму ж не браць, калі яна дае? Бегаў па гародах, каб хто лішнюю баразну не прагнаў. Хай пустуе, бур’янам зарастае... Не магі!!! З усіх сіл адбіваў ахвоту ў людзей працаваць. Крычаў да хрыпаты, што пазорна мець скаціну ў хляве, хлеба, бульбы шмат збіраць з агарода... Вось калі гол як сакол – значыць, сазнацельны! Калі ў хляве пуста – маладзец! А калі ў цябе каля хаты заместа крапівы жыта калосіцца – буржуй! міраед! кулак! Пуста ў хляве – пуста і ў душы будзе. I хто ты такі быў? Ні начальнік, ні падначальнік, а так... Прышчык "сазнацельны"... Мы б з голаду ўсёй краінай здохлі, каб, не дай бог, сталі ўсе такія "сазнацельныя", як ты... I тое, што мой Грышка, Ганнін Віцёк і твае дзеці па свеце бадзяюцца, шукаюць немаведама чаго – ты вінаваты! Яны ж на зямлі выраслі, яна ж іх маці, яны ж павінны былі заместа нас на яе прыйсці, каб хлебам людзей карміль... Не пайшлі... Таму што ведалі: такія гастрыты, як ты, не дадуць ім ні спакою, ні волі...
Гастрыт (злосна). Такім, як ты, дай волю – даўно б савецкай уладзе жылы перагрызлі...

   Гастрыт усё жыццё лічыў сябе верным служкай савецкай улады, ён – як адлюстраванне ўсіх заганаў таго часу. Не жадаў працаваць, хацеў быць галоўным, кіраваць, лічыў працавітых людзей кулакамі. Але Гастрыт толькі прыкрываецца савецкай уладай і сваёй ідэйнасцю, ён проста лайдак і зайздросны чалавек, які лічыў, што мае права ўмешвацца ў жыццё кожнага.

Мульцік. Змагу я трымаць карову адзін? Назапасіць на зіму сена? Сілы нямашака. Ды і касіць няма дзе. А будзе ў мяне конь, ды я на ім паўсвету за лета аб’ездзіў бы... Там касануў, там... Па ахапцы сена назапасіў бы... I карове і яму. I соткі свае лягчэй зрабіць будзе. I дроў прывезці. Жыць мне з ім лягчэй будзе. Сябе карміць буду, і застанецца яшчэ. А так, год-два, я ж дзяржаве на шыю сяду, як і ты!
Гастрыт. Я не на шыі! Я на пенсіі!!!
Мульцік. А з канём я сам пракармлюся...
Гастрыт. Ты гэтыя твае кулацкія замашкі кінь!
Мульцік. Атамны век канчаецца, яны ўсё кулакоў баяцца!
Гастрыт. Конь – гэта срэдства праізводства!
Мульцік. Дык што?
Гастрыт. А калі табе даць срэдства ў рукі – ого-го! Ты такую багатую гаспадарку на сваіх сотках закруціш – чарцям моташна стане!
Мульцік. I добра!
Гастрыт. I скоцішся!
Мульцік. Куды?
Гастрыт. Да мелкабуржуазнай ідэалогіі...
Мульцік. Якая ідэалогія?! Мне восемдзесят гадоў! Лягчэй мне будзе з канём. Больш бульбы вырашчу, малако будзе, заместа аднаго парсючка – трох трымаць буду. Дык я ж сам не з’ем – я вунь адной бульбінай і шкваркай цэлы дзень жыву – прадам калгасу...
Гастрыт. Ага! I грошы, канечне, у кішэнь?! Багацець пачнеш...
Мульцік. Куды ж я падзенуся з гэтымі грашыма? Яны ж на кніжцы ляжаць будуць: надзёжна, выгадна, удобна! Я ж на гэтыя грошы гвардзію ўзбройваць не буду, каб супраць улады ісці. Я ж не Дзянікін. Я – Мульцік.
Гастрыт. Дай табе каня – Дзянікіным станеш!
Мульцік. Цьфу! Гэта ж трэба такім ідэйным прыдуркам урадзіцца!

   Ідэалогія Гастрыта наскрозь фальшывая, ён не разумее Мульціка, які жадае жыць з сваёй працы, лічачы гэта праявай кулакоўшчыны. Гастрыт атручаны ілжэ-прынцыпамі камунізму, ён быццам увабраў у сабе ўсё тое негатыўнае, несправядлівае, што было падчас савецкіх часоў, і хоць дзеянне адбываецца ўжо ў постсавецкі час, Гастрыт лічыць, што ананімкі ўсё адно можна пісаць, як ён гэта рабіў раней. З аднаго боку Гастрыт уяўляе сабой страшэннае зло, з другога – у значнай ступені з’яўляецца ахвярай жорсткага гістарычнага часу.

   Як Мульцік характарызуе Ганну, яе жыццё, усё, што адбылося з яе мужам, дзецьмі, апошнім сынам?

   Мульцік шкадуе Ганну, ён ведае яе гаротнае жыццё, спачувае ёй, бо яна пахавала траіх дзяцей. Апошні сынок сядзеў у турме, а муж Піліп памёр вельмі рана ад ран пасля Вялікай Айчыннай вайны.

   Яна ж без яе (радасці) ўсё жыццё сваё!!! Трое дзетак у партызанах з голаду памерлі, старэйшы сын "без весці", Піліп вярнуўся кулямі ды асколкамі начынены, два месяцы пажыў... Віцька адзін застаўся, дык і ў яго жыццё наперакасяк пайшло... Адна ўсё жыццё... Гаротніца... Хоць ты яе ў царкве вешай як пакутніцу святую, а ты...

   Навошта Мульцік робіць, здавалася б, зусім непатрэбную работу: выбірае з калодзежа ваду і тут жа вылівае яе?

   Калодзеж у творы выступае сімвалам крыніцы жыцця, ачышчэння:

   Думаеш, глупствам займаюся? Няма каму ваду з калодзежа браць. Раз’ехаліся ўсе... А калодзеж жывы павінен быць... З яго чэрпаць трэба, каб вада ў зямлю не пайшла, каб не застаялася, каб свежай была... Во я і выбіраю яе штодня... За былых сваіх суседзяў, за дзяцей іх і за свайго сына... (Аднёс вядро, выліў.) На тваю хату, Пятрок... Ах, дзеткі, дзеткі...

   Мульцік імкнецца працягнуць жыццё калодзежу, каб ён не зарос, не прапала ў ім вада, ён клапоціцца пра зямлю, вёску, спадзяецца на адраджэнне.

   Як бы вы растлумачылі сцэну з заяўкай на выкананне па радыё песні для Ганны нібыта ад сына, што знаходзіцца невядома дзе? Хто ў сапраўднасці зрабіў гэту заяўку? Дзеля чаго? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

   Ад Мульціка ідзе да людзей цеплыня, спачуванне. Ён бачыць, як чакае Ганна весткі ад свайго няўдалага сына, і піша ад імя Віцька ліст на радыё, каб перадалі для маці яе любімую песню. Мульцік хоча, каб Ганна была шчаслівая, каб на сэрцы яе было радасна, хоць і такім спосабам.

   У другой дзеі п’есы расказваецца, як Мульцік і Ганна жывуць разам. А Гастрыт памірае, раскайваючыся перад тым, каму прынёс нямала гора і пакут, просячы дараваць яму ранейшыя паводзіны. Як бы вы пракаменціравалі гэтыя змены ў лёсе герояў? Ці не маюць яны сімвалічнага сэнсу? Чаму памірае (па волі аўтара) менавіта Гастрыт?

   У Мульціку і Ганне ўвасоблена гармонія жыцця. У іх вобразах раскрываюцца прыродная мудрасць, далікатнасць, чысціня пачуццяў чалавека. Старыя з болем думаюць, што няма каму перадаць мудрасць, жыццёвы вопыт, што выстудзяцца іх хаты і зарасце сцяжынка да іх Вежак, перасохне чысты калодзеж, бо ніхто не будзе браць з яго вады. Яны хвалююцца, што парушацца прыродныя сувязі і асірацее зямля продкаў. I не так адзіноцтва мучыць старых, як тое, што зямля застанецца ў адзіноце.
   Памірае менавіта Гастрыт, бо гэта як пакаранне за тое, што ён прынёс людзям шмат гора, несправядліва абвінавачваў і крыўдзіў, пісаў ананімкі, не пакідаў у спакоі вяскоўцаў, паўсюдна бачыў ворагаў.

   Ці не такі ж сімвалічны сэнс маюць і іншыя моманты твора, пачынаючы з назвы п’есы – "Вечар"? Дзеянне п’есы адбываецца ў розны час сутак: і раніцай, і днём, і ўвечар. Чаму ж аўтар называе п’есу "Вечар"?

   Для герояў п’есы "Вечар" надышоў вечар жыцця, калі можна раздумваць аб пражытым, аб сэнсе чалавечага жыцця ўвогуле. У гэтых роздумах і боль за скалечаны лёс, за стан сучаснай вёскі, і пакаянне.

   Звярніце ўвагу на тое, як у пачатку п’есы апісваецца калодзежны журавель, што начапляна на яго. Падумайце, як гэтыя розныя прадметы характарызуюць ранейшае і сучаснае жыццё вёскі і герояў. Паразважайце на гэту тэму. Успомніце пра тое, што верш Рыгора Барадуліна таксама пачынаецца з вобраза калодзежнага жураўля, "цыбатага асвера". Ці выпадковыя гэтыя супадзенні ў творах на блізкую тэму?

   "Злева, каля плота, стары рыпучы журавель. На адным яго канцы ледзь пагойдваецца абшарпанае драўлянае вядро, на другім – груз. Чаго тут толькі не панавешана! I шчарбатая шасцяронка ад камбайна, і доўгая мядзяная гільза ад снарада, і кавалак гусеніцы ад трактара, і нават іржавая прабітая каска. Калі набіраюць ваду, праз тужлівы рып жураўля чуваць перазвон гэтых жалязяк."

   Гэтыя прадметны здольны распавесці цэлую гісторыю вёскі: праз яе сцежкі прайшла Вялікая Айчынная, аб гэтым сведчаць гільзы ад снарада, каска. Тут працавалі людзі на зямлі, нездарма аўтар узгадвае шасцяронку ад камбайна і кавалак гусеніцы трактара. Раней вёска жыла, гаманіла, працавала, а зараз апусцела, заціхла, тут засталіся толькі тры яе жыхара і рыпучы калодзежны журавель. Гэты вобраз таксама сустракаецца і ў вершы Барадуліна. Гэтыя супадзенні не выпадковы, бо калодзежны журавель – сам калодзеж – сімвал крыніцы жыцця – без вады нельга ўявіць жыццё. Знікне, зарасце калодзеж – знікне і вёска. Нездарма Мульцік так клапоціцца пра гэта. Аўтар падымае праблему адчужанасці маладых пакаленняў ад бацькоў, ад роднай хаты, ад роднай зямлі.

   Чаму менавіта каля калодзежа адбываецца сцэнка-фантазія, калі героям п’есы мроіцца, як збіраюцца разам іх дзеці, радасныя, вясёлыя, "прагна п’юць самую смачную ваду свайго дзяцінства"? Які сэнс мае згаданая сцэна ў адносінах да галоўнай тэмы і ідэі твора?

   Калодзеж – гэта амаль свяшчэннае месца, сімвал жыцця і адраджэння, менавіта таму героям мроіцца тут з’яўленне іх дзяцей. Гэта сцэна мае прамы сэнс з тэмай і ідэяй п’есы – не павінна моладзь забываць вёску, свае карані, не павінны пакідаць сваіх бацькоў у адзіноце. Вёскі не павінны паміраць, яны павіны адраджацца.

Похожие статьи:

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Радавыя

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Парог

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Чорная панна Нясвіжа

Аляксей ДудараўАляксей Дудараў - Князь Вітаўт

БиографииАляксей Дудараў