Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Алеся Салаўя

   Лёс Алеся Салаўя адрозніваецца ад лёсаў іншых паэтаў эміграцыі, бо ягоны шлях з Беларусі ў Нямеччыну працягнуўся, каб знайсці сваю канцовую кропку ў Аўстраліі. Аднак, што тычыцца ўсяго астатняга, Алесь Салавей падзяляў іхнюю адданую любоў да Беларусі, тугу і пакуты, і для яго, гэткім жа чынам, эміграцыя была амаль невыноснай. У перыяд творчага станаўлення, знаходзячыся пад уплывам Максіма Багдановіча, Алесь Салавей ствараў вершы ў класічных формах і выявіў сябе як старанны, уважлівы і часам тэхнічна бліскучы майстар.
   Да таго ж ён быў выключна шчырым, пачуццёвым паэтам: многія з ягоных вершаў – палымяныя і поўныя пакутаў сведчанні пра тое зло, якое яму давялося пабачыць у бурныя гады юнацтва. З 1949 года да самай смерці ён жыў у Мельбурне. Спадзеючыся вярнуцца на Беларусь, ён, тым не менш, лічыў для сябе прарочымі словы з уласнага ранняга верша «Ты» (1937-42):

 

за любоў да Цябе – непакорнаму – крылы, –
за разлуку з Табой – вінавайцу – труна.


   Алесь Салавей (асноўны псеўданім Альфрэда Радзюка, які ў эміграцыі змяніў імя на Альберт Кадняк) нарадзіўся 1 траўня 1922 года ў вёсцы Крысава ў Койданайскім (пазней Дзяржынскім) раёне Менскай вобласці. Яго сям’я не аднойчы мяняла месца жыхарства ў сувязі з тым, што, пакуль А. Салавей быў яшчэ дзіцём, яго бацька шмат разоў уладкоўваўся на розныя сельскагаспадарчыя працы. Скончыўшы ў 1929 годзе пачатковую, а ў 1933 - сярэднюю школу, А. Салавей паступіў у Менскае педагагічнае вучылішча (1937), але быў вымушаны пакінуць навучанне менш чым праз два гады, каб клапаціцца пра сваіх малодшых братоў і сясцёр пасля арышту бацькоў і канфіскацыі ўсёй маёмасці спецслужбамі. Падчас нямецкай акупацыі ён працаваў наборшчыкам у «Менскай (Беларускай) газэце», а затым – служачым у Іллі, мястэчку ў цэнтральнай Беларусі.
   З кастрычніка 1942 года Алесь Салавей працаваў сакратаром часопіса «Новы шлях» у Рызе. Менавіта тут ён выдаў сваю першую кнігу вершаў, хаця ў выходных дадзеных значыцца Менск. Аднак у той час кніга не набыла шмат чытачоў, таму што наступленне Чырвонай Арміі прымусіла паэта шукаць новую працу, і пасля цяжкіх вандровак па Балтыцы (паказальна, што большасць напісаных тут твораў прысвечана тэме смерці) ён апынуўся ў Берліне. Як і іншыя паэты Алесь Салавей не спачуваў нацысцкай ідэалогіі, якая сцвярджала перавагу арыйцаў над іншымі этнасамі, але асабісты досвед сутыкнення з савецкім экстрэмізмам падштурхнуў яго да эміграцыі на Захад. З Берліна А. Салавей пераехаў у Прагу, затым у Вену, пасля, разам з лагерам перамешчаных асобаў – у Зальцбург, дзе працаваў у мясцовым беларускамоўным часопісе «Пагоня», тут жа ён ажаніўся і стварыў сям’ю. Менавіта ў гэты час Алесь Салавей перажыў найбольшы творчы ўздым: скончыў эпічную паэму «Домік у Менску» (1944-1945), напісаў паэмы «Звіняць званы Святой Сафіі» (1946) і «Сын» (1947), выдаў зборнік вершаў «Сіла гневу» (1948), планаваў выдаць наступныя зборнікі. У 1949 годзе А. Салавей здзейсніў сваё апошняе вялікае падарожжа – у Аўстралію, дзе і пражыў астатнія гады, пакуль не памёр у 1978 годзе ад сардэчнага прыступу. Спарадычна ён працягваў пісаць і ў Аўстраліі, але ўвогуле на сваё новае становішча адрэагаваў зусім інакш, чым Міхась Кавыль, які душэўна акрыяў у Амерыцы. Бальшыню сваіх твораў, у тым ліку самыя значныя, Алесь Салавей стварыў у Еўропе. Пры жыцці былі выдадзены тры кнігі паэта. Адна – падчас вайны, дзве – у Аўстрыі і Нямеччыне ў пасляваенны перыяд: «Мае песьні» (1944), паэма «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі» і зборнік «Сіла гневу». Найбольш поўны і найлепш навукова падрыхтаваны збор ягоных твораў «Нятускная краса» (1982) выдадзены пасмяротна.
   Упершыню верш А. Салаўя быў надрукаваны ў правінцыйнай газеце ў 1933 годзе, але хутка яго творы пачалі з’яўляцца ў менскім перыядычным друку. Маючы сваімі тэмамі прыроду і патрыятызм, яны прыцягнулі да сябе ўвагу, і ў выніку ў 1938 годзе А. Салавей быў запрошаны ў сталіцу на канферэнцыю маладых пісьменнікаў. Там, аднак, ён нечакана для сябе сутыкнуўся з суцэльным снабізмам і, як сцвярджае Тамара Градчанка (Вяртання маўклівая споведзь, 1994, с. 259-260), пазней прыдбаў вельмі мала сяброў сярод іншых пісьменнікаў. Тым не менш, малады вясковы паэт сур’ёзна заняўся самаадукацыяй, і калі ён зноў пачаў пісаць вясной 1941 года, ягоныя творы былі вытрыманы ў значна больш ускладненым стылі, чым дагэтуль (пазней Алесь Салавей зусім адмаўляўся ад большасці сваіх ранніх вершаў). Але калі ён даслаў у часопіс тое, што лічыў сваім першым сапраўдным вершам – санет «Гайна» (1941) – яго адмовіліся друкаваць, патлумачыўшы гэта тым, што класічныя формы даўно ўжо кінутыя на звалку гісторыі. Гэта не напалохала Алеся Салаўя, аднак ён больш ніколі не згаджаўся друкаваць свае творы на Беларусі.
   Ён зноўку пачаў пісаць у Зальцбургу, не забыўшы нічога з тых урокаў, якія атрымаў, чытаючы вершы Уладзіміра Дубоўкі, Уладзіміра Жылкі і асабліва – Максіма Багдановіча, якога лічыў увасабленнем класічнай дасканаласці ў беларускай літаратуры. Сваю прыхільнасць да кананічных вершаваных форм Алесь Салавей выказаў наступным чынам: «Клясычныя формы – трыялет, санет, актава – вымагаюць глыбіні думак, лінгвістычнай дысцыпліны і вялізнай культурнасьці. У гэтым утрымліваецца іхняя вечная каштоўнасьць».
   Ён не пакідаў выкарыстоўваць гэтыя формы на працягу ўсяго жыцця, але асаблівую перавагу аддаваў санету і, дарэчы, прызнаны адным з найлепшых майстроў гэтага жанру ва ўсёй беларускай літаратуры. Найвышэйшае ягонае дасягненне – «Вянок санетаў» (1958). Чатыры гады, праведзеныя ў Зальцбургу, былі найбольш плённымі ў жыцці паэта, але варта зазначыць, што зборнік «Сіла гневу», які ён выдаў у 1948 годзе, утрымлівае шмат вершаў, напісаных раней, але па розных прычынах не ўключаных у першы зборнік.
   Самыя раннія вершы А. Салаўя, такія, як «Радзіма» (1938) і любоўны верш «Вуса» (1938), былі апісальнымі і выяўлялі вельмі аптымістычнае стаўленне да жыцця. Добры прыклад знаходзім у першых шасці квяцістых радках верша «Выйдзі, паслухай – гучаць галаслівыя медныя трубы...» (1939).
   Няцяжка ўявіць сабе, якое ўражанне мог зрабіць такі юнацкі запал на менскіх паэтаў, хаця кажуць, што адзін з галоўных савецкіх паэтаў Пятро Глебка (1905-1969) рана прызнаў прыроджаны талент маладога аўтара (Сачанка 1990, с. 49). Ужо згаданы санет «Гайна», тым не менш, дае лепшае ўяўленне пра тое, якім чынам развіваўся талент А. Салаўя. Лірычны герой верша лічыць за лепшае сустрэць сваё 19-годдзе сам-насам з прыродай, у дадзеным выпадку каля рэчкі, чым з сям’ёй ці з таварышамі. Створаны ў гэтым вершы вобраз маладога паэта, які застаўся сам-насам з прыродай, прадвызначае адзін з найбольш важных бакоў пазнейшай творчасці А. Салаўя.
   Калі Беларусь была акупаваная немцамі, паэзія Алеся Салаўя набыла прыкметнае патрыятычнае адценне, і з усім аптымізмам ён пачаў пісаць пра новыя магчымасці для развіцця беларускай культуры ў вершах кшталту «Кінь сваволіць пад вокнамі, вецер...» (1942) і «Радасць жыцця» (1942). А. Салавей быў чалавекам прынцыповым і, як мы ўжо казалі, ніколі не прыймаў нацысцкай ідэалогіі, адзінае выключэнне тут – верш, пра які ён пасля вельмі шкадаваў: панегірык адыёзнаму лідэру Беларускага лялечнага ўрада «Радаславу Астроўскаму» (1944). А. Салавей у пазнейшы час шкадаваў і адмаўляўся і ад сваіх ранніх гумарыстычных вершаў; захаваўся з іх толькі адзін – «Лёс паэта» (1942), разгорнутая сатыра на разнастайныя няшчасці, што чакаюць паэта, пачынаючы ад голаду і заканчваючы рэпрэсіямі і арыштам, калі адзіным выратаваннем робіцца прыстасаванства і прадажнасць. Першая з дваццаці чатырох строф гэтага верша дае ўяўленне пра яго агульны настрой, а таксама дэманструе больш неахайнае стаўленне да асанансных рыфмаў, якое, на думку А. Салаўя, адпавядае прадмету адлюстравання:

 

Эх, ну й жыццё... Ну й мітусня...
А найгорш за ўсё – паэту.
Не будзе ж вершаў ён мяняць
на хлеб, а рыфмаў на катлеты.


   Сярод больш сур’ёзных твораў, прысвечаных тэме паэта і паэзіі, варта ўзгадаць вершы «Паэт» (1944) і «Цэлымі днямі сядзеў і не спаў я цалюткія ночы...» (1944), а таксама верш «Пачні з Гамера ці пачні з Сакрата...» (1946), дзе М. Багдановіч і Янка Купала параўноўваюцца са славутымі паэтамі старажытнасці.
   Творы А. Салаўя, напісаныя ў ваенны час, маюць выразную антысавецкую скіраванасць. Напрыклад, у вершы «Беларусі» ён выражае патрыятычныя пачуцці і адначасова прыгадвае нядаўняе мінулае: «Нам жыццё было цяжкім прыгонам»; у вершы «За славу Радзімы» ён заклікае беларусаў узяць свой лёс ва ўласныя рукі, што яскрава бачна з чатырох першых і двух апошніх радкоў.
   Менш ваяўніча, але не менш палка выказаны патрыятычныя пачуцці у выштукаваным «Трыялеце» (1943).
   Важным складнікам пачуцця патрыятызму быў зварот да нацыянальнай гісторыі, таму мінуўшчына Беларусі прысутнічае ў многіх творах А. Салаўя, асабліва гэта заўважна ў трох санетах, аб’яднаных пад агульнай назвай «Гуманізм» (1943). Ім папярэднічае эпіграф з М. Багдановіча: «Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць». Санеты прысвечаны тром найвыдатнейшым беларусам XVI стагоддзя - Францыску Скарыну, Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму. У іх выказваецца гонар за культурную спадчыну, якую, на думку А. Салаўя, магло б выратаваць вызваленне Беларусі з-пад савецкай улады. Паводле першага з санетаў успамін пра вялікага вучонага часоў Рэнесансу неабходны як штуршок для далейшага культурнага развіцця беларусаў.
   Неабсяжную любоў Алеся Салаўя да сваёй краіны можна параўнаць з падобным пачуццём іншага таленавітага паэта – Ларысы Геніюш, якую ён наведваў у Празе ў 1945 годзе. З’ехаўшы з Беларусі, Алесь Салавей усё часцей скарыстоўвае вобраз паэта-сына, маці якога - пакінутая ім Радзіма. Характэрны прыклад тут – рандо «Сын». А. Салавей бачыў сябе не толькі сынам, але і пасланцам Беларусі, які адначасова ганарыцца і засмучаецца і які павінен перажываць уласны лёс і пакуты сваёй краіны. Найбольш пераканаўчыя сцвярджэнні гэтага можна знайсці ў яго эпічных паэмах – такіх, як «Домік у Менску» і «Звіняць званы Святой Сафіі»; у той жа час вельмі важнай з’яўляецца аўтабіяграфічная паэма «На хуткіх крыллях вольнага Пэгаса», напісаная ў Рызе у 1943 годзе. Яна складаецца з дваццаці чатырох санетаў і простымі словамі распавядае пра цяжкі вопыт, які давялося перажыць паэту ў дзіцячыя і юнацкія гады на агорнутай змрокам Беларусі, заціснутай паміж «маскалямі і ляхамі». Паэт, знаходзячыся ў далёкай Рызе, адчуваў тугу па Радзіме. Аднак пасля доўгага пераліку няшчасцяў у апошняй страфе зноў гучаць аптымістычныя думкі:

I ён, той светлай прышласці усход,
перад вачмі маймі гарыць нязгасна.
Магуты, славы, вольнасці прыход
нязломнай Крыўі – сонечны і ясны.
Яго ў баёх здабудзе мой народ.
Шлях будзе вольны – і на ўзлёце часу
прыймчыцца ён у край без перашкод
на хуткіх крыллях вольнага Пэгаса.
Заўсёды бачыць прышлы дзень найперш
натхнёны музаю юнак-паэта.
Хоць ён юнак, а ў Край, вясной сагрэты,
праносіць веру над усім наўзверш.
I толькі з думкаю і з верай гэтай
я сведама пушчаю ў свет свой верш.


   Паэма «Домік у Менску» з’явілася пад уражаннем ад створанага Масеем Сяднёвым лірычнага верша, які таксама ўвайшоў як шостая частка ў паэму А. Салаўя (усяго ў ёй 15 частак). Але калі лірыка М. Сяднёва звязана са стратай каханай, то твор А. Салаўя мае нашмат шырэйшыя межы: маленькі домік, згаданы ў назве, ператвараецца ў «дом-харом», які сімвалізуе ўсю Беларусь, пакінутую паэтам. Настрой ў паэме змяняецца ад аптымістычнага энтузіязму да амаль поўнага адчаю, выкліканага стратамі і жорсткасцю жыцця ў даваеннай і ваеннай Беларусі. Насуперак гэтаму, у актавах паэмы «Звіняць званы Святой Сафіі» А. Салавей абуджае слаўную беларускую мінуўшчыну, якая, па ягоным меркаванні, павінна была выклікаць у людзей супраціўленне існуючаму прыгнёту. Паэма робіць відавочным няўрымслівае жаданне паэта быць уключаным у сучаснае і будучае жыццё ягонай краіны.
   Пасля прыезду ў Аўстралію А. Салавей склаў два істотныя зборнікі вершаў: «Вянкі» і «Несмяротнасць». Другі з іх падзелены на тры часткі, адпаведна метрычным формам вершаў: санеты, актавы і александрыйскія вершы. Увогуле, напрыканцы 1940-х гадоў паэт амаль дасканала асвоіў класічныя формы і зрабіўся вельмі крытычным у дачыненні да таго, што ён называў «хааснай утомай» модных паэтаў (Вяртання маўклівая споведзь, 1994, с. 274). У «Вянках» А. Салавей у найменшай ступені палітык і ў найбольшай лірык, ён адкрывае разнастайныя бакі асабістага эмацыйнага жыцця, выяўляючы вытанчанасць і майстэрства формы, якіх дагэтуль яшчэ не было ў ягонай паэзіі. «Вянок санетаў», найбольш тыповы для яго жанр, пачынаецца з хваласпеву самому санету:

 

Мае найлепшыя дары – вянкі
Табе, правобраз хараства
адзіны, хвалюеш Ты таемныя глыбіны
душы людзтва, узнёслай у вякі.

Ад лёгкасці натхнёнае рукі
вузорнай казкай сцелюцца тканіны.
Да светаў лёт збуджаюць сакаліны
на залатых палотнах мастакі.

Пад зорамі прарочымі заўсёды
змаўкаюць завірушныя нягоды,
спявае дол у хмелі веснавым.

Не памірае ў велічным тварэнні
крылаты дух пры бліску надзямным.
Як сонца йдзе ў прыцін – знікаюць цені.


   Але пасля заканчэння працы над некалькімі важнымі праектамі паэтычнае натхненне А. Салаўя, напэўна, больш не наведвала. Стварыўшы некалькі вершаў, якія апісвалі падарожжа і першыя ўражанні ад Аўстраліі, ён хутка апынуўся занадта заняты практычнымі справамі. Пра творы 1950-1951 гадоў нічога невядома, каля трыццаці вершаў былі напісаныя ў 1952-м, пасля чаго ягоная вершаваная плынь ператварылася ў танюткі струменчык, прычым сам паэт быў увесь час незадаволены тым, што ён робіць.
   Алесь Салавей быў чалавекам, настрой якога змяняўся раптоўна, асабліва падчас вайны, бессэнсоўнасць і жорсткасць якой уразіла яго вельмі глыбока і знайшла вельмі асабістае адлюстраванне ў ягонай творчасці, – знешнія падзеі тут прысутнічаюць толькі як лёгкі намёк. У сваіх лепшых творах ён выявіўся як паэт, які дасканала валодае формай і здольны з аднолькавай нязмушанасцю выказваць асабістыя пачуцці і палымяны патрыятычны запал, а часам нават сарказм у размеркаваных, упарадкаваных і строга класічных формах. А. Салавей быў адным з найсапраўднейшых вучняў Максіма Багдановіча, хаця ягоная паэтычная кар’ера апынулася параўнальна кароткай. З ранніх дзён баючыся страціць сваю Радзіму, ён у выніку страціў яе разам са сваім паэтычным мінулым.

 

Крыніца: Беларуская літаратура дыяспары: Манаграфія: / Пер. з англ. В. Бурлак, В. Жыбуля / А. Макмілін. – Мн.: УП «Тэхнапрынт», 2004. – 440 с

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля