Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Салавей - Сын

1

Бядой прыгноблены твой стан,
мая пакутная айчына.
Красу растурзвае злачынна
працемрай шчорнены гаман.
Здабыць святло, развеяць зман
ты здому выправіла сына...
Нясцерпны боль, пахілы стан
і слёзы, мора слёз, айчына!
 

2

Яны, закулі што цябе,
шукаюць троп твайго дзіцяці.
Нясплямнасць ганьбяць у пракляцці –
у зацямрушанай кляцьбе.
Ці-ж у няроўнай барацьбе
устоіць сын – спадзея маці?
Ці смерць асочвае цябе
заўчаснай смерцяю дзіцяці?
 

3

А ў сэрцы голас: – “Хай няма
людзей з табой, а толькі горы,
няхай прытулак твой – у горы
без варты змрочная турма, –
цябе не згнібе ціхама
няўхільнасці memento mori.
Мужней, будзь гартным, хай няма
цяпла, а толькі лёд і горы”. –
 

4

I нястрыманы кліч: – Дармо
імгла ўсясвет варуша зманам,
не замаўчаць балючым ранам –
не знеміць іх акоў ярмо!
А гарт – зарання пераймо:
не будзе дом красы забраным!
Нарузе – небыт, і дармо
прытулак твой хмурнее зманам.” –
 

5

I словы ласкі: – “Чую, сын,
на свет ідзе-імкне нашчадак.
Няхай не мірсціцца на спадак
шчарсцвелы грунт чужых краін;
нясі-ж, каб род не йшоў на згін,
у дом, свой дом святло й парадак;
мой сын-дзіцё і бацька-сын *,
на свет ідзе-імкне нашчадак!" –
 

6

На свет насуплівы імкне,
як я, выношваны ў трывозе.
Ды на бязвыйсцевай дарозе
у неспагаднай старане
у вокны радасць не зірне –
нядоля стогне на парозе...
А нястрыманае імкне –
і не закуць яго ў трывозе!
 

7

Ці над зямлёю дождж, ці град,
ці не сціхае навальніца,
ці сонца ўсцешана іскрыцца,
ці тужыць месяц-светласпрат –
на шыр жыцця з нявольных крат
нястомна шлях куе крыніца,
і не саб’е з яго ні град,
ні зімаў лёд, ні навальніца...
 

8

Душы трывожнай неспакой –
уся і ўцеха, і багацце...
Я горка плакаў, як пры ўтраце,
за наш, айчына, хлеб з вадой,
за болесці дачкі тваёй
і за твае – за мукі маці.
Няўжо трывожны неспакой –
адзіны скарб наш і багацце?
 

9

...Ледзь толькі дрэвы за вакном
у маладой лісцве-убранні
спаткалі дзень, а промень ранні
праз шыбы кпіў над вашым сном,
здалося мне, збудзіўся дом:
– “Радзіўся сын!” – і прывітанні...
– “Радзіўся сын!” – і за вакном
цвілі сады ў красе-убранні.
 

10

I я адчуў: шляхі мае
мінулі засцлівую хмару.
А сын пад мужным лётам чару
вырослым поруч паўстае,
рукам спачыну не дае,
перамагаючы прымару,
шляхі ягоныя й мае
выводзяць нас на шыр за хмару.
 

11

А там, дзе быў утульны дом,
і там, дзе скарб спяліла жыта, –
руінаў шчэрбы, і прыбіта
зямля ўраджайная дажджом.
Мой сын з нязгасным светлым днём
кладзе цагліны працавіта –
і вырастае новы дом,
і ў полі скарбы спеле жыта.
 

12

Знікае мор ярэмных мук,
жыццё плыве на хвалях славы.
Будуе моцны мур дзяржавы
цвярозы розум, сіла рук.
А следам змена – дужы ўнук
прастуе ў свет шляхамі явы...
Каб ты не знаў ярэмных мук,
мой род, мацуй здабыткі славы!..
 

13

Прарочу: выпрастаеш стан,
мая цярплівая айчына.
З плячэй тваіх спадзе руіна –
нямы цяжар балючых ран.
Не зломіць бураў акіян
будаўнікоў – і бацьку й сына.
Для іх не сплямлены твой стан
і ты – жыццё для іх, айчына.
 

14

Табе-ж адданага жыцця
не знае хай memento mori.
Ягоны крок – не шуст у зморы,
не траваў шэпт, не шам трысця:
а бацька-сын і сын-дзіця
ідуць здалець злыбед хаморы!
I пад нясхільнясцяй жыцця
схіляецца  memento mori.

1947
 


* Прыгадай словы Уладзіміра Жылкі: «I зблытаў я, мой краю-войча, хто бацька быў, а хто быў сын...» («Тастамент») (Аўт.)

 

Похожие статьи:

Алесь СалавейАлесь Салавей - Лясы. Узгоркі. Паплавы...

Алесь СалавейАлесь Салавей - Пад шэлесты лісця

Алесь СалавейАлесь Салавей - Спі...

Алесь СалавейТам, на пякельным таку, дзе цапамі малоцяць галовы...

БиографииАлесь Салавей