Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Разанаў - Лес

Кнопка отправить на печать

   У лесе ўсё пазрасталася і паспляталася: лісце, галіны, камлі, карэнне, зямныя лёхі,— ледзь закранецца нешта адно, адгукнецца другое.
   Лес пачынаецца адразу за аселіцай, за сялом, за сялібай, і насяляюць яго істоты, якія не ўмеюць жыць у сялібе — мядзведзі, ваўкі, лісы, ласі, лесуны.
   Калісьці ў лесе жылі і людзі, але, палюбіўшы бяспеку болей, чым небяспеку, пляскатае болей, чым звілістае і галінастае, адасобіліся ад яго: між імі і лесам — адлегласць, і гэтая адлегласць не дазваляе, каб лес увайшоў у сялібу; калі ж усё -такі ён уваходзіць альбо ўязджае ў яе на калёсах, дык як паляўнічы здабытак, як балясіны і як бёрны, якія карнаюцца па людской мерцы лёзамі піл і сякераў і з якіх выбудоўваецца яна сама.
   Сяліба — дом: у ёй усё відавочна і ўсё вядома, лес — лёс: у ім усё хістка і пакручаста, і, каб аднойчы сустрэцца з лёсам і даведацца пра саміх сябе нешта такое, што здзівіць і ўразіць іх саміх, людзі блукаюць па сцежках, якія ім сцеле пад ногі лес, і лезуць у глухамань, у сляпыя нетры, бо — на якой бы прыступцы жыццёвае лесвіцы ні давялося стаяць чалавеку — знадворку заўсёды ён гэтакі, як сяліба, а знутры гэтакі, як лес.
   Летапіс і летапісец — лес памятае, што было летась і пазалетась, і безліч гадоў таму назад: якая часіна была ласкавейшая,якая слязлівейшая і якая балеснейшая, ён памятае нават тое, што будзе пасля, бо ад таго, які ён сягоння — знясілены ці ў сіле, у пялёстках ці ў плесені,— залежыць наступнасць.
   Над лесам бліскаюць ясныя бліскавіцы, над лесам ляскаюць бязлітасныя перуны.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!