Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Разанаў - Карані

Кнопка отправить на печать

   Карані пакараныя: гэткая іхняя карма — рыць дол, урывацца ў цемру, быць катаржнікамі.
   Але ніхто ніколі не чуў ад іх ні скаргі, ні наракання — яны крэўныя з самым вышэйшым, з сонечным пачаткам PA, і памятаюць вышэйшую праўду — праўду самаахвярнасці.
   Карані кіруюцца да радовішчаў жыцця — да крыніц і, здабываючы з адмоўнага КА дадатнае PA, a ca сваёй кары — карысць, кормяць ёю дрэва.
   Для іх няма ні свайго ранку, ні свайго вечара: ранак для іх — калі дрэва цвіце, вечар — калі яно акрываецца асенняю скрухай.
   Там, пад зямлёю, у сваёй краіне, яны каралі, яны карануюць дрэва кронай, яны багатыя будучай радасцю, але выцягнутыя на паверхню, ляжаць як пачварныя крывыя сутаргі — курчы.
   Карані лёгка раняцца вонкавай — рассякальнаю — сілай, аднак, перакананыя, як каран, яны не могуць скарыцца са смерцю і нерухомасцю, і нават калі дрэва гіне — з іх, з каранёў, усё роўна ўзыходзяць новыя крэўнічы — парасткі.