Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага

Кнопка отправить на печать

Аблога...
         Крокі...
                Ляск... 
Прыцемненыя сцены,
і дрогкай свечкі бляск,
і на парозе цені.
I месяц паўз акно
слізне, як паражэнец —
на схіл усё адно...
Як зваць вас?
Вітажэнец.
Утойваюць муры,
сцярожкі бор таемны
да іншае пары
імя яго нядрэмна.
Да іншае пары
пакінуты сякеры,
да іншае пары
сышлі касіянеры.
I запазычан край,
і аціхаюць знічы...
Хавай,
хавай,
хавай
сапраўднае аблічча!
О, наступ нематы—
нябога... выраджэнец...
I ужо знікаеш ты...
Няма ўжо...
Вітажэнец...
Ні вучняў, ні сяброў...
Сарвецца шлях памглёны..
Як волю і любоў,
дае нам час
                 імёны. 
Учэпяцца...—
з пятлёй —
не выбіцца...—
                     ажэняць...
Па той бок — што па той?..
Па гэты —
Вітажэнец.
Заўжды — адзін адказ,
утойванне... змяншэнне...
Але прыходзіць час
імя і ўваскрашэння.
Усё ніты у сувой,
у заклік пагалоскі
з'яднаць —
               і стаць сабой!..
Як зваць вас?
Каліноўскі.