Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Звонак - Радзіма

Кнопка отправить на печать

1

У світцы шэрай крочыць Лістапад...
Хоць і даўно ні лісціка на голлі,
А востра пахне яблыкамі сад
I збажыной прытомленае поле.

Зямля мая! Асенні далягляд —
Туманаў пена ў неба у прыполе,
Міраж дарог, задумны шэпт прысад
І жаўталісце бронзавае доле...

Цябе вачыма абягу угрунь,
Суздром здзіўленнем шчасным анямелы:
Дажджы вось толькі глуха прашумелі

I праступіла ізумрудам рунь...
Здаецца, тонкі колер акварэлі
Паклаў мастак на палатняны грунт.

 

2

Якая веліч! Праз імжысты дым
Акрэсліць можа зрок абрысы даляў.
Напружанняў высокіх правады
Гудуць, як басавітыя цымбалы.

А пад скупым праменнем гарады
Высвечваюць высотныя кварталы,
I галасы жыцця на ўсе лады
Гучаць на доўгай і кароткай хвалі.

Я пазнаю, Радзіма, голас твой,
А ў ім высокай ноты урачыстасць,
А ў ім узлёт намераў самых чыстых

У спалучэпні з яснай прастатой!
Высокі подзвіг твой, як сказ вячысты,
Увойдзе ў строй легендаю жывой!

 

3

Суровы век паклаў, хоць не знарок,
Маршчынкі часу на тваім абліччы,
А ўжо расце твой малады народ,
Той, што на подзвіг новы мужных кліча;

Той, што ў нязнаны свет кіруе зрок
Праз частаколы формул таямнічых,
Той, што праклаў у бездань першы крок,
Ступіўшы першым смела ў век касмічны!

Твой дух, Радзіма, ў ім заўжды жыве,
Дух працы, дух стваральнага гарэння,
Што, ідучы праз безліч пакаленняў,

Сам не паддасца старасці павек,
Бо рыцар твой і збраяносец верны
Завецца простым імем Чалавек!

1972