Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Жук - Сонечны снег

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

(Зімовая згадка)

Брату Лёню


   Была пара зіхатлівых сонечных дзён, высокага неба і да слёз іскрыстага снегу ў палях. У такія дні здавалася цёмна ў хаце, калі ўвойдзеш з двара, і хацелася зноў выйсці пад гэтае шчодрае сонца, пяшчотнае неба, якое трывожыць душу кволым прадчуваннем вясны, што так няскора і далёка, бо толькі пачатак лютага, бо яшчэ будзе бясконца гусці густы, ліхі вецер, будзе нізкае каламутнае неба і мяцеліцы, мяцеліцы ў страшным сваёй пустэчаю полі, а там няўтульна і адзінока адчуваеш сябе, і страшна ад магільнай цішыні, якая тоіць у сабе незразумелую глухую трывогу чалавека, калі ён адзінокі, калі зрушылася шчаслівая душэўная раўнавага; і нават як угледзіш такі прыветны і цёплы агеньчык ускрайняй вясковай хаты з абмеценымі снегавым пылам вокнамі і сценамі, усё роўна не заспакоішся, нават у прыветным хатнім цяпле. Усё будзеш як сярод поля, усё не будзе спасу ад трывожных думак...
   Але пакуль што было светла, добра і шчасліва – гэтак, як бывае рэдка, бо колькі б ні прайшло часу, раптам сярод неспакою ўспомніцца гэты момант, і ты здзівішся – ці і праўда было такое свята? I нібы прысядзеш у цёмнай хаце ля адчыненых дзверцаў печкі, ад полымя ў якой хістаюцца на падлозе і сценах чырвоныя водсветы, і не ўтрымаешся, каб не працягнуць насустрач цяплу рукі.
   Пашанцавала і мне на некалькі дзён такога свята чысціні і паўнаты душы.
   I ў адзін з гэтых дзён з вуліцы, парыпваючы сыпкім марозным снегам, – я, здаецца, усёю сваёй істотаю адчуваў, як рыпіць снег, – да акна падышоў мой дзядзька, стукнуў у шыбіну, усміхнуўся чырвоным ад марозу тварам, кіўнуў галавою, і я зразумеў па руху вуснаў:
   – Пойдзеш?
   Ён шчасліва ўсміхнуўся майму адказу і паспешна затупаў па вуліцы, у бітых валёнках, у ватніх штанах і шапцы з хромавым, ужо парэпаным чорным верхам, вушы якой завязаны на патыліцы, з сахаром на плячы.
   I пакуль я апрануўся, дастаў з-за шафы стрэльбу і выбег на двор, ён ужо ішоў па вуліцы, трымаючы на сырамятным павадку вялікага, з чорнаю спіною і паджарымі бакамі ганчака, які нецярпліва павіскваў ад прадчування свежага, такога пахучага і дурманячага звярынага следу.
   – Успеем да вечара падняць што?
   – Павінны. Я аднаго прыгледзеў, з поля сёння зайшоў у хвойнік. Завернем, глянем.
   – А як вы з работы?
   – Накідаў паследнія сані гною. Павезлі хлопцы. Душа мая чуе, што сёння так не будзем!..
   Ужо крыху прахалодней у полі, чым удзень, і ледзь прыкметна гусцее блакіт неба, і не так балюча слепіць вочы снег, але ён яшчэ не такі, як вечарам, калі схаваецца за небакраем напружана-чырвонае сонца і там, дзе яно зайшло, вісіць вузкая марозна-шэрая палоска, а над ёй спачатку чырвань, а потым светлая празрыстасць, якая будзе доўга-доўга, нават пасля таго, як патухнуць вясковыя вокны і высвеціць ваўсю лупаты месяц.
   У лесе гэтак жа ціха, як і ў полі, толькі зрэдку цінькне сініца, і здаецца, чуваць, як з галінак, на якіх скача неспакойная птушка, сыплецца лёгенькі снегавы пыл. Настыла, струнка выцягнуты сосны, нібыта ўслухоўваюцца і ўглядаюцца ў высокае неба, – насцярожаныя нечаканаю сонечнаю ласкаю, баяцца падману; калі падзьме вецер, заківаюць вяршалінамі, зашумяць – ведалі мы такую долю! – і будуць варушыць шырокімі плячыма, абтрасаць ліпкі цяжкі снег, пакуль не знясіляцца, не скорацца прыгнутыя снегам галіны; і будуць нявесела стаяць сосны, засмучаныя і ціхія, і ўжо потым, як прыгрэе сапраўднае веснавое сонца, саслізне па ігліцы снег, паволі выпрастаюцца галіны і будуць слухаць, як цяжка і пыхка падае долу снег – нібы па ўсім лесе пойдуць затоеныя ўздыхі палёгкі.
   Сабака, які адразу ж прапаў у лесе, коратка, як ад удару, віскнуў зусім побач – ці не з-пад самага носа грабянуў снег шырокімі «лапцямі» заяц, ужо даўно насцярожаны? – і пайшоў горача і часта яхкаць, і далёка, з канца ў канец па лесе загуло раскацістае рэха, і па вузенькай сцежцы, пад узгорак, насустрач нам замільгаў цёплы, спуджаны камячок, поўны жыцця, у якім і сонца, і свежы марозны снег, і такія смачныя тонкія дубцы яблынь у вясковых садах, а на аселіцы, на былым калгасным агародзе, у кучках замеценага снегам націння, замёрзлы лісток бурачніку ці нават і забыты людзьмі бурачок! I столькі жадання, сілы, спрыту, каб вырвацца, уцячы ад гэтага злоснага, страшнага голасу і доўга яшчэ шчасліва імчаць пералескам, полем, прысесці, паслухаць, як калоціцца сэрца! Але нешта моцнае, цяжкае ўдарыла насустрач...
   I ўжо нязвыкла лежачы на баку, бачыў ён, як бег да яго чалавек, адчуў, як моцна ўзяўся за пярэднія лапы, яшчэ таргануўся ўсім целам, каб вырвацца, і цяжка павіс уніз доўгімі, нядаўна яшчэ такімі лёгкімі і быстрымі нагамі. Паволі выкаціліся і кругла застылі жоўтыя, як арэхі, вочы... Яму ўжо было ўсё роўна, што чалавек накінуў пятлю на пярэднія лапы, закруціў другую і прыцягнуў іх да шыі, закінуў за плечы паслухмяна мяккае, выцягнутае цела, і па доўгім жалабку вуха выцекла і ярка капнула на снег кропелька крыві.
   – Гатоў! Ты бачыў, які харашун! Ах, Туз, маладзец, Туз!
   Сабака абыякава паглядзеў на гаспадара і спакойна, незадаволена пайшоў уперад, – яму нецікава і непатрэбна было гэта мяккае, падатлівае і мёртвае цела звярка, яму трэба было задыхацца ад лютасці, імчаць па гарачым потным следзе, разблытваць петлі, адшукваць «скідкі», каб гнаць, гнаць, гнаць!..
   – Ну, то мо пройдзем туды, у малады лес? Яшчэ ж да вечара!.. Стой! Бі!
   Цецерукі залопалі крыллем адзін за адным уздоўж квартальнай прасекі – з распушчанымі хвастамі, цяжкія і чорныя, як патэльні. I добра, што ні аднаму з іх не ляжаць на снезе, раскінуўшы чорныя з белымі акенцамі крылы, не глядзець здзіўленымі застылымі вачыма з-пад аксамітна-крывавых серпікаў брывей!

   I зноў гучна азваўся сабака, і дзядзька трушком пабег наперад па прасецы са стрэльбаю напагатове, прытуліўся да сасёнкі і напружана ўглядаўся то ў адзін, то ў другі бок па сцежцы – а раптам выскачыць шарак на шчыльны, утаптаны нагамі снег, каб «скінуцца» за ядлоўцавы куст і заблытаць сляды. О, як ён любіць такія штукі! Адкуль жа ведаць, што гэтыя хады даўно разгаданы!.. I ўсё, такое патаемнае і хітрае, бачыцца, як на далоні, і здаецца смешным і наіўным, усё роўна што дзіцячыя хаткі з пяску, якія змые лёгкая, пакуль што далёкая хваля вялікага і ўпэўненага ў сабе мора.
   Усё бліжэй, бліжэй голас ганчака, зусім побач, нябачны ў ельнічку, праходзіць звярок, а за ім і сабака, і ўжо кружаць далёка, яшчэ больш разагрэтыя і зацятыя, і цяжка разагнуцца – зацяклі ногі, баліць спіна І анямелі, памерзлі рукі.
   Хочацца закурыць.
   Звечарэла. Неба тугое і цёмнае, і на вяршыні маладое елачкі вяліка, зялёна свеціцца ранняя адзінокая зорка; паветра па-веснавому марознае, якое хочацца ўдыхаць на поўныя грудзі: у ім няўлоўны водар і чуць прыадталага ля дрэвавых ствалоў снегу, і хвоі, і бярозавага вецця; самыя вяршыні бяроз яшчэ асветлены сонцам, і белая кара мякка, пяшчотна ружовіцца, а снег, такі бела-калючы ўдзень, адсвечвае тугою, глыбокаю сінечаю неба.
   На вузкай лясной сцежцы цёмна і зацята-глуха, і ад гэтае глухаты неяк не па сабе сярод кашлатых ялін, пад сагнутымі, як аркі, над сцежкаю бярозкамі, за якія чапляюцца ствалы стрэльбы; і недзе ў душы варушыцца патаемнае жаданне вярнуцца назад, на прасеку, ісці шпарка, каб пахрумствала пад нагамі, паціхеньку пасвістваць...
   – Ай-яй-яй! Ту-у-з! Ту-у-з!
   Звонка разнёсся па лесе дзядзькаў голас. Ён стаіць, прыслухоўваецца, аглядаецца на шоргат крокаў.
   – А, гэта ты! Добра, што падышоў: пойдзем напрасткі на Горацкую дарогу. Чорт яго дазавецца! У поле пайшоў – не дажджэшся. От здуравалі, што не выбеглі на другую дарогу! Быў бы заяц наш!
   Дзядзька зноў услухоўваецца ў ледзь чутны адгалосак гону, удыхае на поўныя грудзі. Яму радасна ад марознасці, свежасці, ён усміхаецца і зноў звонка гукае:
   – Ай-яй-яй! – і стаіць, слухае, як звонка і молада блудзіць па лесе яго голас, знімае з пляча стрэльбу і страляе ўгару.
   – Пайшлі. Захоча – дагоніць! Але ж пакуль не здаволіцца – не кіне. Ногі толькі парэжа: на ноч цалік узяўся. Такая зараза!
   Дзядзька ідзе наперадзе, няўклюдна і, здаецца, няспешна.
   Узышоў месяц, і ад маладога, пасаджанага радамі хвойніку на бледным снезе – цёмныя цені.
   На дарозе, па адзін бок якой поле, а з другога лес, ціха і пустэльна, толькі недзе далёка пафырквае конь і парыпваюць гужы, шкляна адсвечваюць слізкія сляды палазоў на дарозе. Ва ўсю свеціць месяц, зоркі яркія і па-веснавому буйныя; поле пад месяцам не такое прасторнае, і, як удзень, ніжэйшым здаецца неба і бліжэйшым небакрай. Снег не слепіць вочы, а свеціцца адзінокімі крупінкамі, у месячным сумным святле ў полі кожны снежны ўзгорачак бачыцца здаля, няўлоўна, мякка адценены...
   У вёсцы цішыня, і толькі ярка і спакойна высвечваюць вокны.
   – Ну, то дабранач, нябожа!
   Дзядзька яшчэ пастаяў, прыслухаўся да ночы, нібы хацеў пачуць аднекуль з-за лесу голас ганчака, потым пайшоў, і было чуваць, як парыпваў далёка на вуліцы снег у яго пад нагамі, потым грукнулі дзверы – і зноў стала ціха.

   ...I калі засыналася, бачылася сонечнае поле, адзінокая ранняя зорка і ружовы водсвет заходзячага сонца на бярозавых ствалах. Апошнім адчуваннем быў глухі шум – па бляшаным даху саслізнуў долу падмёрзлы ноччу снег, што быў па-веснавому крыху растаў за дзень.

1969

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!