Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Жук - На вартавой сцяжыне

Кнопка отправить на печать

Увага!!! Поўны змест

   Радавы Калюгін напачатку нічога не зразумеў, спрасонку не пазнаў нават голасу памочніка начальніка каравула, але каманду пачуў дакладна:
   – Каравул – у ружжо!
   Калюгін падхапіўся і праз некалькі секунд ужо Стаяў з аўтаматам у страі, убачыў, што ў каравульным памяшканні стаіць дзяжурны па часці і глядзіць на гадзіннік.
   Як толькі каравул пастроіўся, дзяжурны па часці даў уводную – нападзенне на каравульнае памяшканне. Калюгін кінуўся да зараней вызначанага яму акна, пры якім была яго пазіцыя...
   Дзяжурны коратка разабраў дзеянні каравула па камандзе «ў ружжо», ацаніў іх на «добра».
   Пасля пад’ёму Калюгін не заснуў. Хутка было заступаць на пост.

   Сяргей Калюгін ведаў, што рана ці позна, а давядзецца трапіць яму на пяты пост, пра які расказвалася ў салдат шмат страшных гісторый: то быццам – адразу пасля вайны – з паста бясследна знікалі вартавыя, то прыходзіла на пост рысь і аднойчы скочыла на вартавога. Таго ўратавала, што карабін з прымкнутым штыком вісеў на плячы, і рысь сама напаролася на штык. А то панадзіўся быў на пост мядзведзь. Ходзіць услед за вартавым па кустах. Вартавы спыніцца – мядзведзь таксама стане. Вартавы далей – і мядзведзь назіркам, бытта абірае, калі зручней кінуцца... Не вытрымае вартавы, стрэліць па ім, а калі прыедуць на пост паднятыя па трывозе каравульныя, няма ні забітага мядзведзя, ні ягоных слядоў...
   Калюгін прыкмеціў, што салдаты другога года службы пасміхваліся з жахлівых расказаў пра пяты пост, і таксама не надта верыў пачутаму. Калюгін разумеў, што салдацкі фальклор, які ёсць у кожным падраздзяленні і які памнажаецца кожным вайсковым наборам, мае мараль на розныя выпадкі ў салдацкім жыцці, пацвярджае, як патрэбны і дысцыпліна, і вытрымка, і пільнасць, і знаходлівасць, і салдацкая вывучка.
   Урэшце, чаго было палохацца Сяргею Калюгіну, дужаму маладому хлопцу, які да войска працаваў у бульбаводчым звяне трактарыстам, гуляў нават у футбольнай зборнай камандзе раёна?
   За год службы Калюгін стаў прызнаным кулямётчыкам, якога камандзіры не раз ставілі ў прыклад іншым. Ды і да заступлення ў каравул Калюгін падрыхтаваўся як мае быць, дасканала вывучыў табель паста, пастрыгся, памыў форму, адпрасаваў яе – хоць на спатканне ідзі.
   Першыя дні, як трапіў у войска, Калюгін, калі меў вольны час, прыходзіў паглядзець і паслухаць развод каравула.
   Каравул на плац выводзіў камандзір падраздзялення, яшчэ раз правяраў гатоўнасць да нясення службы, рабіў інструктаж, пакуль не паказваўся здалёку дзяжурны па часці. Начальнік каравула даваў каманду каравулу, аркестр пачынаў іграць «Сустрэчны марш».
   Дзяжурны правяраў падрыхтоўку каравула, падцягнуты, сабраны, дакладны ў кожным руху, і гэтая ягоная сабранасць перадавалася каравул ьныМ, яны таксама стараліся адказваць коратка, дакладна.
   Пасля праверкі каравула дзяжурны камандаваў аркестру іграць «Збор».
   Нешта суровае, мужнае ёсць у разводзе каравула, у замёрлых салдацкіх постацях. Незвычайнасць і трывожнасць чуваць у пругкай, мускулістай музыцы духавога аркестра, у глухіх ударах барабана, па якім б’е нечакана маладзенькі і стройны выхаванец аркестра. I разам з тым нешта няўмольнае ёсць у барабанных ударах, якія адбіваюць такт страявому кроку, калі адыходзіць і плаца строй каравула, калі сціхае ў вечаровай цішыні трубны голас медзі і чуваць толькі моцны, роўны салдацкі крок.
   Строй каравула спыняецца перад каравульным гарадком. Потым абодва каравулы, стары і новы, строяцца адзін перад адным, абменьваюцца рапартамі начальнікі каравулаў:
   – Таварыш лейтэнант, новы каравул на змену прыбыў. Начальнік каравула лейтэнант Гладышаў.
   – Таварыш лейтэнант, стары каравул да змены гатовы. Начальнік каравула лейтэнант Міцькін.
   Развод і змена каравула, музыка, строгасць і дакладнасць каманд неяк супакойвалі, надавалі ўпэўненасці. З гэтаю ўпэўненасцю ў самім сабе Калюгін правёў дзве гадзіны перад адпачынкам, яшчэ раз схадзіў на каравульны гарадок да макета пятага паста. Нічога незвычайнага на макеце не было: няправільны пяцікутнік з агароджы калючага дроту ў два рады, між якімі пралягаў маршрут патрулявання. Вакол агароджы, усярэдзіне яе, – лес, які на макеце абазначаны сухімі галінкамі і мохам. Невялічкія гурбанкі абазначалі склады.
   Калі надышоў час адпачываць, Калюгін адразу ж заснуў моцным сном...

   Калюгін ляжаў на тапчане ў ціхім і цёплым пакоі для адпачынку, што, як і ўся каравулка, прапах тым асаблівым духам, якім пахнуць усе вайсковыя памяшканні, якія не пустуюць, але і не маюць пастаяннага жыльца. Калюгін уявіў увесь пакой, дзе адпачывала змена каравула, якой заступаць на пасты.
   Ля дзвярэй вешалка: пафарбаваная прыбітая да сцяны дошка, на якой шмат кручкоў, каб хапіла на ўсе кажухі, якія віселі тут зімою, а летам] на брызентавыя плашчы з капюшонамі. Уздоўж сцен, такім чынам, што заставаўся шырокі праход пасярэдзіне, стаяць тапчаны, зробленыя з металічных вугольнікаў і тоўстае фанеры, абцягнутае дэрмацінам, востры пах якога перабіваў трывалы і даўні пах кажухоў, якім назаўсёды прапахла каравулка, які стаяў тут нават і цяпер, калі на вешалцы віселі пабялелыя ад дажджу плашчы.
   Калюгін, мабыць, выспаўся, а таму не засыналася. Пачаў муляць падсумак з магазінамі, які саслізгнуў пад бок і цёпла там прыгрэўся.
   На жорсткім шыракаватым тапчане Калюгін адчуваў сябе вялікім і дужым, як ніхто на свеце, нейкім асаблівым, лепшым за іншых. З адчуваннем упэўненасці ў самім сабе Калюгін і падняўся па камандзе, слухаў, стоячы ў страі, інструктаж заступаючым на пост.
   На ноч аціх вецер, які звечара гнаў па надвячоркавым небе лёгкія, як цені, воблакі, і не было глухое чорнае цемры, як гэта здараецца ў першыя вераснёвыя ночы, калі кончылася і пара зоркападаў, і жнівеньскага цяпла, калі адвячоркамі чужым шэрым колерам глядзіць ужо на зямлю неба, з-за чаго і пачынае здавацца, што неўзабаве пачнецца холад. Холаду яшчэ не было, не было і глухое цемры. Месяцава святло, мабыць, аднекуль звысака клалася на неба, і хоць не было відно самога месяца, але яно не давала запанаваць непрагляднасці над зямлёю.
   Ля асветленага куляўлоўнага шчыта каравульныя, якім ісці на пасты пешшу, пад наглядам начальніка каравула і па камандзе зараджалі зброю, прымыкалі штык-нажы і далучалі магазіны да аўтаматаў.
   Разводнікам чацвёртага і пятага паста быў сяржант Галубок, белавалосы, крыху павольны, маўклівы камандзір другога аддзялення першага ўзвода. Ён прыпыніўся, паглядзеў, як зараджаюць зброю, потым скамандаваў:
   – Шагам марш!
   Ля варот каравульнага гарадка стаяў «газік» з брызентаваю будаю над кузавам.
   – Да машыны! – коратка загадаў Галубок, пачакаў, пакуль Калюгін і каравульны чацвёртага паста, салдат другога года службы Садыкаў, сталі ля задняга борта – На месцы!
   Калюгін і Садыкаў селі пры самай кабіне побач, заціснуўшы аўтаматы між каленяў.
   – На пяты пост? – запытаўся Садыкаў. – Харошы пост. Ні якіх праверак. Харошы.
   Садыкаў яшчэ не разварушыўся пасля сну. Калюгін стрымаўся, не пачаў распытваць пра службу на пятым пасту, хаця цяпер, адзін на адзін, перад самым заступленнем і закарцела распытацца падрабязна. Калюгін толькі ўсміхнуўся сам з сябе і прыадчыніў брызентавае акенца.
   Машына выехала за тэрыторыю часці, імчала па сухой белаватай сыпанцы, скіравала ўлева і неўзабаве выехала да стрэльбішча, дзе над участковымі пунктамі кіравання свяціліся адзінокія ліхтары.
   Машына спынілася, не даехаўшы да першага пункта, грукнулі дзверцы, і сяржант Галубок спакойна скамандаваў:
   – Да машыны!
   Пачакаў, пакуль яны злезуць.
   – Направа! Справа па адным – зараджай!
   Садыкаў ступіў крок наперад, зняў з пляча аўтамат, напачатку прымкнуў штык-нож, далучыў магазін, паставіў аўтамат на засцерагальнік і далажыў:
   – Зброя зараджана і пастаўлена на засцерагальнік.
   Калюгін таксама зарадзіў аўтамат.
   – Налева! За мной – шагам марш!
   Як прайшлі метраў сто, пачуўся вокліч вартавога:
   – Стой! Хто ідзе?
   ...Калі вярнуліся да машыны, разрадзілі зброю ўжо ў кузаве, зменены з паста яфрэйтар Бабкоў, чарнявенькі, шустры механік з трэцяга аддзялення запытаўся:
   – На пяты пост? Даўно пара цябе туды, а то ўсё хваляць – Калюгін ды Калюгін... На пятым пасту і Калюгін першую змену прастаіць з патронам у ствале.
   Бабкову хацелася пагаварыць. Ён намаўчаўся за дзве гадзіны. Калюгіна раззлавала, што Бабкоў нібыта загадзя радуецца таму, што Калюгін спалохаецца і што гэта выкрыюць. Бабкову быццам лягчэй стане ад гэтага.
   – Ты па сабе мераеш? Ты мо і на чацвёртым пасту з патронам у ствале ходзіш? – секануў яму Калюгін.
   Бабкоў як і не пачуў, гаварыў сваё, насмешлівае і здзеклівае.
   – Галінка як шарганецца ці птушка шалпане – аж валасы на галаве заварушацца, здасца, што падкрадаецца нехта да цябе. Рука сама затворную раму назад шмаргане. Пакуль дзве гадзіны праходзіш – усе страхоцці пра пост успомніш, наробішся, як вагон разгрузіш. Толькі пад канец не забудзь патрон са ствала дастаць, а то Галубок такі служака, што не прамоўчыць, дакладзе памначкару.
   Бабкоў і думкі не дапускаў, што на пятым пасту першы раз хоць хто стаіць без патрона ў ствале. Але толькі некаторыя, хто забыўся перад зменаю патрон дастаць, папаліся. Усе роўныя смельчакі.
   – Не, Бабкоў, я не твайго заводу.
   – Заўтра пабачым.
   Бабкоў здзекліва змоўк.
   Калюгін з прыкрасцю падумаў, што нанесла на ягоную галаву перад заступленнем на пост такога чалавека.
   Машына неўзабаве з’ехала на лесавую дарогу, зашоргалі па брызенце галіны. Потым машына спынілася. Гэтак жа спакойна, як на стрэльбішчы, Галубок даў каманду строіцца.
   Машына стаяла на невялікай палянцы, на якой можна было развярнуцца. Адразу ж ахінула здароваю лесавою вільгаццю. У лесе было цямней, цішэй, чым у полі, толькі недзе высока, слаба шумелі верхавіны, як не ад ветру – а дыхалі магутныя дрэвы.   
   Галубок загадаў зарадзіць зброю, павёў змену за сабою. Калюгін азірнуўся на машыну: з-за дрэў толькі слаба свяціліся два маленькія агеньчыкі падфарнікаў.
   Сцяжынка завярнула ўправа. Наперадзе засвятлелася, стала бачна агароджа з калючага дроту. Лес не падступаўся да самае агароджы.
   Як толькі выйшлі на светлае, пачуўся вокліч:
   – Стой! Хто ідзе?
   – Разводнік са зменаю, – адказаў Галубкоў.
   – Разводніку да мяне, астатнія на месцы!
   Галубок пайшоў да вартавога. Вартавы, які быў прытуліўся да слупка агароджы, выйшаў насустрач разводніку.
   Потым па камандзе Галубка і Калюгін рушыў' да паста.
   Вартавы ўзяў аўтамат «на рэмень», калі падышоў да яго Калюгін.
   Галубок скамандаваў:
   – Смірна! – I да Калюгіна: – Радавы Калюгін, на пост – шагам марш!
   Вартавы саступіў са свайго месца крок управа, і Калюгін стаў побач з ім.
   – Вартавы, здаць пост!
   Вартавы, павярнуўшы галаву да Калюгіна, зрабіў славесную здачу паста.
   Калюгін павярнуўся тварам да разводніка:
   – Таварыш сяржант, радавы Сямёнчык пост нумар пяць здаў!
   – Таварыш сяржант, радавы Калюгін пост нумар пяць прыняў!
   – Радавы Сямёнчык, з паста – шагам марш!
   Калюгін пастаяў, паглядзеў услед змене, якая паволі, у калоне па адным пайшла па сцяжынцы і знікла за паваротам.
   Вартавы Калюгін узяў аўтамат напагатоў, падышоў да варотцаў, памацаў, як яны зачынены, і паволі памераў па маршруце, не зважаючы на тое, што нешта здрадліва зашчымела ў грудзях ад таго, што застаўся адзін, агароджаны з двух бакоў калючым дротам, за які нельга выйсці, што б ні здарылася, пакуль не прыедзе змена.
   Удалечыні заціхаў матор машыны.
   Лес быў яловы. Толькі мясцінамі яліны расступаліся, давалі месца асінніку і бярэзніку. Асіннік мякка і лёгка шумеў. Пад восень, як упалі першыя сухія лісцікі, – дрэвы шумяць бесперастанку ўдзень і ўночы, ёсць ці няма ветру. I прашумяць гэтак журботна, пакуль не ападзе долу аплаканая дажджамі, цяжкая іхняя прыгажосць. Тут, ля бярэзніку і асінніку, здавалася не гэтак панура.
   На тэрыторыі, якая была абгароджана дротам, рос малады густы ельнік. За ім не відаць было складоў ахова якіх называлася нават у гэтую мірную ноч суровымі словамі – выкананне баявой задачы. На час варты Калюгін быў асобаю, недатыкальнасць якой ахоўвалася законам. У мірны час ён меў два магазіны з баявымі патронамі.
   Далей сцяжына пайшла ў лагчыну. Стала цямней, здалося, што лес падступіўся бліжэй да агароджы. Гэта табе не макет, дзе лес абазначаны мохам і наўтыканымі сухімі галінкамі. Ды і маршрут здаўся бясконца доўгім. Калюгін прыпыніўся ля варот, праз якія быў уезд на склады, праверыў замок і пломбу, пайшоў шпарчэй.
   Калі вярнуўся да таго месца, дзе заступаў на пост, зірнуў на гадзіннік: ішоў зусім мала часу, але ў плечы аж цёпла стала.
   На другі круг Калюгін пайшоў павальней. Не было ранейшае ўпэўненасці і спакою. Міжволі ён прыглядаўся да лесу і меркаваў, адкуль лягчэй падкрадацца да вартавога. Аказалася, што хоць і выцераблены лес абапал, а мясціны такія былі. Сям-там падняліся на высечцы кусцікі, за якімі | можна было прытаіцца.
   Калюгін нават прыпыніўся і прыгледзеўся да высакаватага крушынавага куста. Таму, што доўга прыглядаўся, здалося, што куст варухнуўся, нават не сам куст, а адна галінка – як хто адхіліў яе рукою і неасцярожна адпусціў.
   Калюгін аж здрыгануўся, што гэтак гучна пстрыкнуў у цішыні засцерагальнік аўтамата, які рука сама сабою перавяла на «агонь». Перавёў дыханне, азірнуўся і стрымаўся, не адвёў затворную раму і не даслаў патрон у ствол. Не здымаючы руку з аўтамата, пайшоў наперад, бліжэй да куста. За кустом нікога не было. З палёгкаю ўздыхнуў і пайшоў далей. Крыху лягчэй і смялей стала, што перамог сябе.
   Пасля трэцяга круга Калюгін адчуў сябе зусім упэўнена. I па баках ён пачаў пазіраць ленавата – не дарэмна верылася, што ён не такі, як астатнія.
   Ля варот Калюгін пастаяў, прыслухаўся. Роўны лесавы пошум цяпер не перашкаджаў слухаць. На шашы, быццам здалёку, з-за свету, шумелі машыны, толькі зрэдку, як перагаворваліся, коратка абзываліся сігналамі. Машынны шум быў нядоўгі, усё роўна, як марская хваля накочвалася I адкочвалася з камяністага берага. Гэтыя жывыя гукі супакойвалі, пачынала думацца пра казарму...
   Калюгін аж сцепануўся ад кароткага блізкага шоргату галін, зноў пстрыкнуў засцерагальнікам, прыпаў на калена за слупком агароджы. Усім целам адчуваў, які тонкі слупок, як нельга схавацца за ім. Вочы тым часам напружана глядзелі ў лес, туды, дзе нехта шаснуў галлём, як гэта бывае, калі чалавек перабягае ад куста да куста. Нічога не відаць было за яловымі шатамі.
   Калюгін староннім вокам адтуль, з цемры, зірнуў на сябе, вялікага, асветленага ліхтаром. Як непатрэбна было гэтае святло! Але асветленая паласа і не давала зараз нікому падкрасціся да дроту. На гэтай паласе вартавому можна каго хочаш спыніць аўтаматным агнём. Аўтамат у руках цяпер здаваўся самаю блізкаю жывою істотаю.
   Калюгін нарэшце заўважыў слабы подсвет у цемры, як бытта нечае вялікае вока глядзела на яго, цікавала за кожным рухам. Мякка, горача апала ў грудзях сэрца. Дакладным рухам Калюгін наставіў аўтамат туды, правёў пальцам па засцерагальніку – ці на аўтаматычны агонь пастаўлены, але затворную раму было страшна адцягнуць, каб загнаць у ствол першы патрон, – здавалася, на ўвесь лес кляцне яна. Хацелася, каб першым варухнуўся той. Прыйшло нейкае паляўнічае супакаенне, якое бывае, калі высачыў звера. У душы нават успыхнула ўрачыстае прадчуванне перамогі.
   Невядома, колькі гэтак праседзеў Калюгін. Здранцвелі рукі, перасохла ў роце. Калюгін апусціў аўтамат, расслабіў рукі. Невядомае вока гэтак жа роўна глядзела на яго з-за куста. Ніякага руху там не прыкмячалася. Калюгін паварушыўся, устаў. Страляць пакуль што не было прычыны, але і стаяць на месцы больш нельга. З жахам Калюгін падумаў, што, пакуль ён сядзеў тут, можна было з другога боку даўно пранікнуць на склады!..
   Калюгін ступіў наперад.
   Пад кустом нешта шорхнула. Мяккі абрыс птушкі слізгануў паўз лес і знік.
   Больш нішто не варушылася ў кустах і ніхто не кідаўся ні на Калюгіна, ні наўцёкі. Цяпер Калюгін ведаў, адкуль быў той шоргат, але ўсё адно не спыняўся, шпарыў па маршруце, спыніўся толькі, як абляцеў наўкруга. Дрыжалі рукі і ногі, нават усё ўсярэдзіне трымцела.
   Калюгін пачаў прыглядацца да таго месца, адкуль на яго глядзела невядомае вока. Ступіў крок наперад, убок, крыху нахіліўся – і пад кустом зноў бліснула, толькі не гэтак грозна і не гэтак таямніча: магчыма, пад кустом адсвечвала ў святле ліхтара парожняя кансервавая бляшанка.
   Цяпер Калюгін пачаў яшчэ ўважлівей прыслухоўвацца да лесу. Апрача ягонага роўнага пошуму, жылі ў начы і карацейшыя гукі. Нешта тоненька піскала, а то незнаёмым голасам і ўскрыквала ў лесе. Нават спаважныя ніжнія яловыя лапы ні з таго ні з сяго раптам пагойдваліся, і Калюгін ведаў, што гэта не звер ці чалавек кратае іх, а нячутны вецер завіхраецца на высечку. Пасля перажытага страху лес здаваўся раднейшым.
   Во было б, каб усчаў страляніну! Калюгіна аж у жар кінула ад думкі, як ён мог «праславіцца». Такое ў салдацкім гурце не забываецца. Ды крыху і прыкра было ад тае свае самаўпэўненасці, ад пераканання, што ён не такі, як усе, лепшы. Цяпер прыйшла другая, сталая мужчынская ўпэўненасць. I нават пра Бабкова, які некалі быў напалохаўся на гэтым пасту і зычыў гэтага Калюгіну, не думалася звысоку. У чымсьці Калюгін разумеў яго і спачуваў хоць і не мог дараваць тое зласлівасці, з якою Бабкоў радаваўся, што і яшчэ нехта спалохаецца.
   Насупраць асінніку Калюгін пастаяў, прыслухаўся: нешта капашылася ў лісці. Калюгін не ўгрываў, падняў камень і запусціў туды. Птушка выхапілася на крыло, паляцела ўздоўж высечкі, шырока раскінуўшы крылле і звесіўшы доўгую г дзюбу. Такіх птушак Калюгін бачыў аднойчы дома, у калгасным садзе восенню.

   Яшчэ здалёку Калюгін зразумеў, што змена чакае яго, зірнуў на гадзіннік – гэтак хутка праляцеў час!
   Роўным і спакойным, нават крыху стомленым голасам ён здаў пост, паволі пайшоў апошнім да машыны. Потым па камандзе Галубка нетаропка разрадзіў зброю – хай ведае развадзячы, што ў ствале няма патрона! Але Галубок, як і звычайна, уважліва праверыў, ці разраджана зброя, даў каманду сядаць у машыну.
   Толькі ў машыне, прытуліўшыся плячыма да борта, Калюгін адчуў, што стаміўся, што, як дадому, хочацца ў каравулку, дзе цёпла і светла, дзе сябры-салдаты і дзе ёсць такія мяккія, абцягнутыя па фанеры новым дэрмацінам тапчаны.


Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!