Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Гарун - Першы снег

Легенда


   ...Адзін раз прыйшлі яны да Прарока і кажуць яму:
   «Вучыцель! Глядзі, ідзе першы снег».
   А ён выйшаў разам з імі з дому свайго і ўбачыў першы, чысты, белы снег, што ў вялікім чысле мяккімі пухавінкамі падаў з неба і засцілаў зямлю. I казаў ім:
   «Глядзіце, вось у мільёнах часцінак спадае ён чысты і белы, без сказы*, як душы дзяўчатак, што з вёсак нашых ідуць у гарады іх; лягусенькі і мяккі, вясёлы, як птушка, у мільёнах часцінак іграе, блішчыць і падае, як тысячы моладзі нашай з мяккай вясёлай душой радасна ўступаюць у жыццё; да нас ляціць ён увесь светлы, без думак, як лепшыя з іх ідуць на ахвяру...
   I вот паглядзіце — ужо ходзяць па ім, ужо топчуць нагамі і з граззю мяшаюць, і з брудам нячыстым...
   Так топчуць яны і душу дзяўчаці і ціснуць у бруд жыццё моладзі нашай; так чэрняць і жыццё і памяць сваіх — справядлівых!..
   I от кажу я вам: колькі разоў я бачыў, як прыходзіць да нас першы снег, столькі разоў вочы мае заліваліся слязамі; і столькі разоў бачыў я, як за першым снегам з ветрам і бурай ішоў другі снег і ўсё нячыстае пакрываў на зямлі; і слёзы радасці цяклі тагды па маім твары.
   Дык ідзіце ўсюды і кажыце ўсім, што па першым снягу будзе другі снег!..»

1912

* Без сказы (польск.) — без заганы, бездакорны.

Похожие статьи:

Юрась СвіркаЮрась Свірка - З першым снегам

Якуб КоласЯкуб Колас - Першы снег

Пераказы, дыктантыПершы снег

Казімір КамейшаКазімір Камейша - Першы снег

Пераказы, дыктантыПершы снег