Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алесь Гарун - Людзям

Кнопка отправить на печать

Люблю і я скляпенне зор,
Люблю зямлі абшар,
I роўны луг, і ўзгібы гор,
I шум лясны, і гвар1.
Люблю жыццё, а ў ім людзей
I кшталты2 іхніх душ,
Люблю вянкі плясці з надзей, —
А не паэт. — Чаму ж?

Часамі праца ўдзень кіпіць, —
Цярплю і я прыгон, —
Аж косць аб косць ў плячу рыпіць...
Пачуеш ў сэрцы звон...
Ухопіш зык, за ім другі,
За тымі больш ідуць,
Зліюцца ў шых3 даўгі-даўгі
I цэлы дзень гудуць.
Загасне дзень, іду дамоў,
Кладуся спаць, — і ў ноч
Цякуць радкі звінючых слоў,
I сон адходзіць проч.
Тагды пішу. Перад вачмі
Нясецца зданняў рой,
I хтось стаіць па-за плячмі,
Здаецца, блізкі, свой.
Абыйме шыю пара рук
I кос дзявочых шоўк,
Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,
А звон ў душы не змоўк...
Зірну: пакой пусты, няма...
А час слізнуў, як вуж.
I за вакном радзее цьма...
А не паэт... — Чаму ж?

Бо мой прыгон глытае час,
Мне воля — рэдкі дар.
Такіх паэтаў шмат у нас,
Дзе сам народ — пясняр.
Сваіх тут жменьку я спісаў
Маркотных песняў-дум;
Маёй душы іх сам спяваў
Па краю родным сум.
Скажу яшчэ, чаго б хацеў:
З дзявочых вуст пачуць
Хаця б адзін мой бедны спеў,
Хаця б калі-нібудзь!


1914

1. Гвар (польск.) — розныя галасы;
2. Кшталты (польск.) — формы;
3. Шых (шык — польск.) — шэраг, парадак, строй.

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!