Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by ці на сайце oz.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алена Васілевіч - Мая гаспадарка

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Раніцай бабуля наліла мне шклянку малака — запіць снеданне — і сказала:
   — Канчай, унучак, есці ды бярэмся за гаспадарку. Твае дзядзька і цётка напрацаваліся ўжо недзе ў полі, пакуль ты спаў.
   — За якую гаспадарку? — не зразумеў я.
   — А я табе раскажу.
   Ну што ж, за гаспадарку дык за гаспадарку. У нас у горадзе ніякай гаспадаркі няма. А калі ў бабулі яна ёсць — буду дапамагаць. Так мне і мама дома сказала: «Глядзі, Вова, дапамагай бабулі. Яна старэнькая».
   Бабуля і кажа:
   — Пайдзі, унучак, зірні, куды гэта падзеліся нашы падушачкі...
   — Добра, бабуля, зараз!
   Я ўсхапіўся з-за стала і хуценька пабег у «новую» хату — так называлі чысты і заўсёды прыбраны пакой, дзе мы з бабуляй спалі. Там усё было ў парадку: ложкі засланы, а падушкі, узбітыя бабулінымі рукамі, узнімаліся ледзь не да столі. Маленькія падушачкі-думкі таксама ляжалі на месцы...
   — Бабуля, яны ляжаць на ложках! — Мне нават дзіўна было з бабулінага загаду: сапраўды, куды ж ім дзецца — гэтым яе падушачкам?
   — А дзіцятка ты маё! — пляснула рукамі бабуля і аж затрэслася ўся ад смеху. — А я думаю, чаго гэта ён у тую хату пабег, а ён падушак глядзець...
   — Ты ж сама загадала мне,— пакрыўдзіўся я, не разумеючы, што магло так рассмяшыць бабулю.
   — Дурненькі, гэта ж я сказала, каб ты пайшоў паглядзеў, дзе пашы гусяняткі ходзяць.
   — Гусяняткі?.. А ты ж сказала: «Ідзі паглядзі падушачкі...»
   — А з чаго ж падушачкі робяць?
   — З чаго? Не з гусянят жа!..
   — Ды пэўна ж — не з гусянят...— зноў засмяялася бабуля.
   I растлумачыла мне, што падушкі робяць з пер’я і пуху, а пух і пер’е расце на гусях. А гусі вырастаюць з гусянят. Вось і выходзіць, што гусяняткі і сапраўды маленькія падушачкі...
   Я ўсё зразумеў і другі раз ужо не ашукаўся б.
   Пад вечар, як спала гарачыня, я ўзяў пужку яе мне звіў з пянькі дзед Васіль — і пагнаў на выган бабуліных свіней: старую Рабую і двух чорных вепручкоў. Стаю сабе ля плота і свішчу пужкай у паветры: ж-жык! ж-жык! Цвіце жоўты, як сонейка, адуванчык — я па ім ж-жык! Паўзе па дарозе чорны бліскучы жук — я і яго ж-жык! Толькі адвярнуўся — аднекуль прыляцеў і кружыцца белы матылёк. Я і на яго замахнуўся — ж-жык! Але матылёк замахаў крыльцамі і паляцеў у жыта.
   А я ўсё ж-жык і ж-жык у паветры!
   Раптам чую, крычыць з поля цераз дарогу бабуліна суседка, цётка Ігналіха, — яна там буракі палола.
   — Вова! Што ты там робіш? Паглядзі, дзе тваё сала ходзіць!
   Глянуў я навокал: ляжыць мая торбачка з хлебам і салам, як і ляжала.
   — Нідзе яно не ходзіць! — крычу ў адказ. — Ляжыць каля мяне.
   — Ляжыць каля цябе?! А ты паглядзі добра, што твае свінні робяць?
   Я азірнуўся яшчэ раз. Сапраўды, свіней не было на выгане. Куды ж яны маглі падзецца? I раптам убачыў іх. Яны рылі лычамі бульбу за плотам. Я кінуўся выганяць свіней, а цётка Ігналіха стаяла са жменяй зелля ў руках і адчытвала мяне:
   — Бач ты яго! Знайшоў сабе занятак з пугай. Глядзеў бы лепей свіней, калі прыгнаў пасвіць.
   — А вы ж казалі — сала... — агрызнуўся я і тут жа здагадаўся: дык сала — гэта ж тыя самыя свінні! Усё роўна як і падушачкі... Усё тут наадварот завецца, усё не так, як у нас дома, у горадзе...
   А то аднойчы мы з дзедам Васілём вазілі ў калгасе снапы. Дзед пасадзіў мяне на воз, сам ідзе збоку, канём кіруе. А насустрач нам старшыня калгаса.
   — Што гэта ты, — кажа, — Вова, на хлебе едзеш?
   А я адказваю:
   — Я не на хлебе, а на снапах...
   Ён засмяяўся і гаворыць дзеду:
   — Вось, адразу відаць, што з горада! Вучы яго, дзед, як хлеб расце, вучы!
   Усё вучы ды вучы — быццам я сам не вучуся і нічога не разумею. Паказала мне бабуля, як прапалоць граду, дзе расла морква, дык я так чыста выпалаў, што ніводнай зялінкі не засталося... I вучыць не трэба было...
   Або скажа мне бабуля: «Ідзі, Вова, стрэнь наша малачко. Яно ўжо недзе за рэчкай — ідзе дадому». Значыць, трэба ўзяць лусту хлеба ці жменю бурачнага лісту і ісці сустракаць нашу карову Белку. Яна так у бабулі прывучана: стрэнь чым-небудзь, а то міне двор і пойдзе па ўсёй вёсцы... Калі ж Белка не прыходзіць дадому, бабуля злуецца і крычыць: «Ото ж удалося малачко!»
   Але мяне ўжо тут не ашукаеш! Малако, значыць, карова! А карова, значыць, малако!
   Я сваю гаспадарку ўжо добра ведаю!

1960

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!