Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Алена Васілевіч - Вернісаж

Кнопка отправить на печать

Увага! Поўны змест

   Цэлы тыдзень мы з сястрой спрачаліся, сварыліся і некалькі разоў нават добра пабіліся. Мы вырашалі, які падарунак лепей зрабіць маме ў дзень Восьмага сакавіка.
    Сястра сказала:
    — Я вышыю маме сурвэтку. Коцік хлебча з талеркі малако.
    Ох! Коцік хлебча малако!.. На сурвэтцы. А потым гэта сурвэтка будзе ляжаць на хлебніцы. I з хлебніцы трэба будзе браць і есці хлеб!.. Большай недарэчнасці нельга было прыдумаць.
    — Ну, ведаеш, я з тваім коцікам есці хлеб з адной хлебніцы не збіраюся! — абурыўся я.
    — А хіба я збіраюся табе яго дарыць? — укалола мяне сястра.
    — Не мне, дык маме. Усё роўна.
    — А вось і не ўсё роўна. Мама любіць усякія мае падарункі. I не твая справа, што захачу, тое і падарую!
    Гэтай упартасці не магла прабіць ужо нават сетка (звычайная капронавая сетка, з якой мы ходзім у магазін). Сеткай гэтай я не раз карыстаўся, калі мама пакідала нас з сястрой удваіх і калі на мяне ўскладваўся абавязак выхоўваць сястру... Сёння займацца выхаваннем у мяне не было часу: да свята заставаўся ўсяго адзін толькі дзень, а мы не падрыхтавалі для мамы яшчэ ніякіх падарункаў.
    I я пайшоў па хітрасць. Я падаў свайму твару выраз глыбокай развагі, нейкі час маўчаў, нібыта заняты сур’ёзным роздумам, а потым так звярнуўся да сястры:
    — Коцік хлебча з талеркі малако, безумоўна, таксама нядрэнна... Але ж у мінулым годзе ты таксама вышывала маме коціка.
    — Не, у мінулым годзе я вышывала зайчыка.
    — Гм... Вось бачыш. А ў дзіцячым садзе таксама быў зайчык?
    — Не, у дзіцячым садзе, калі я была ў старэйшай групе, я вышыла маме вішанькі. А ў малодшай групе я выразала маме прыгожы зялёны кружок. А на яго наклеіла яшчэ маленькія чырвоныя кружочкі... Калі не верыш — магу паказаць. Усе мае падарункі ляжаць у маміным пісьмовым стале. Там усё маё багацце ляжыць, кажа мама.
    Мама кажа, што яна хавае яго і аддасць мне, калі я вырасту вялікая...
    — Перагаварыць або спыніць маю сястру гэтаксама немагчыма, як немагчыма ўгаварыць яе не рабіць тое, што нікому не патрэбна і не цікава.
— Добра, добра,— зрабіў я ўсё-такі спробу спыніць яе.
    Але дзе там! Адзін момант — і сястра разлажыла перада мной папку з яе багаццем, якое захоўвалася ў маміным стале. Падумаеш багацце! Пісьмо маме, калі мама ляжала ў бальніцы. Літары друкаваныя — і ўсе шыварат-навыварат:
    МАМАЧКА Я БЕЗ ЦЯБЕ СУМУЮ
    Незразумела толькі, чаму мама не разарвала гэтыя каракулі і не выкінула іх вон...
    А то яшчэ ў гэтым «багацці» ляжаць сестрыны малюнкі. Ваза, падобная да вядра. I стол, у якога ўсе чатыры ножкі з аднаго боку... Потым сястра пачала выхваляцца пасмачкай валасоў, якую адстрыглі, калі ёй было дзевяць месяцаў. Пачала выхваляцца сваімі зайчыкамі і вішанькамі...
    Я ўвесь гарэў нібы ў агні: і навошта маме спатрэбілася хаваць увесь гэты Натчын хлам? Не хапала яшчэ адной сурвэткі... А маме, безумоўна, няёмка будзе сказаць, што ёй надакучылі гэтыя коцікі і зайчыкі! Бедная мама!
    Я, напрыклад... Я таксама рабіў падарункі маме на святы. Праўда, летась я забыўся пра мамін дзень. А ў дзень мамінага нараджэння атрымаў двойку за паводзіны... Падумаеш, па ўроку батанікі пацягнуў за касу Лорку-зубрылку, а настаўніца ўбачыла... Затое ў гэтым годзе я вырашыў зрабіць маме незвычайны падарунак! Такі падарунак, якога ніхто не зробіць.
    — Ведаеш што,— завязваючы сваё багацце назад у папку, звярнулася да мяне сястра.— Я ўжо не буду вышываць коціка. Я перадумала.
    — А што ж ты будзеш?
    — Я падарую маме малюнак. Прыгожы, прыгожы, як у нашым музеі, дзе карціны.
    — Малюнак?! — я аж падскочыў ад нечаканасці.
    Як гэта я сам не здагадаўся. Мама так любіць, калі мы малюем, або іграем (сястра іграе на скрыпцы, я таксама крыху іграю, але мама кажа, што я лянуюся), або чытаем добрыя кніжкі...
    У мінулую нядзелю мы хадзілі з мамай у музей і бачылі там столькі ўсякіх карцін! Ідучы дадому, мама сказала нам:
    — Бачыце, дзеці, якую мы з вамі сёння радасць атрымалі.
    Дык чаму ж і сапраўды не зрабіць маме гэту радасць. Я ж таксама магу падараваць ёй малюнак. I, напэўна, не горшы за Натчын...
    — Я намалюю маме птушку! — паведаміла сястра з
другога пакоя. Яна ўжо раскладвала на стале паперу і рыхтавала ваду для фарбаў. I рабіла гэта так урачыста, што я не вытрымаў, крыкнуў ёй:
    — Падумаеш, задавака! I аддай, калі ласка, мае фарбы, я таксама буду маляваць.
    — Жадзёба!
    — Кажу табе, аддай!
    — А вось і не аддам!
    Нічога больш не кажучы, я накіраваўся да таго месца, дзе звычайна вісела наша сетка.
    — Усё роўна не аддам! Усё роўна! — захныкала Натка.
    — Плакса-вакса-гуталін, па насу гарачы блін! — падражніў я сястру.
    — А ты... А ты...
    Нарэшце нам надакучыла сварыцца і мы ўзяліся за маляванне. Сястра малявала птушку, а я... Я вырашыў намаляваць карціну зімовага лесу. Такую якраз, як у мастака Шышкіна.
    — Ты хутка ўжо скончыш? — праз кожныя пяць хвілін пыталася ў мяне Натка.
    Праз адчыненыя дзверы я бачыў, як сястра сядзела, высунуўшы кончык языка, старанна сцірала нешта сціркай, потым малявала кістачкай, а потым зноў сцірала і зноў малявала. Яна расчырванелася і аж спацела — так старалася.
    У мяне ж... Я таксама стараўся. Але мой зімовы лес атрымліваўся такім зялёным і стракатым, якім не быў ён і летам. Я ўзяў другі аркуш і замест лесу памаляваў адну ўсяго яліну. Падумаеш... Затое поруч з ялінай я намаляваў прыкіданы снегам пень. Пень мне спадабаўся. Тады я намаляваў яшчэ адзін пень і таксама прыкідаў яго снегам. А поруч з ім яшчэ адзін і яшчэ адзін... Я так захапіўся, што не заўважыў, калі была скончана мая карціна. Праўда, атрымаўся не зімовы, а ссечаны лес...
    Ты ўжо хутка скончыш? — неўзабаве зноў запытала ў мяне сястра, размахваючы сваім малюнкам у паветры. Так яна сушыла яго.
    — Хутка,— няпэўна адказаў я, на самай справе не ведаючы, як мне быць.
    — А ў мяне ногі не атрымліваюцца,— паскардзілася Натка.— Можа, ты мне намалюеш ногі, Вовачка?
    Ага, як намаляваць ёй ногі, дык тады я ўжо Вовачка...
    — Давай сюды,— згадзіўся я.
    I зрабіў гэта знарок: цікава паглядзець, што там у яе атрымалася?
    Натка прынесла свой малюнак.
    — Вось бачыш, усё добра, толькі ногі ў мяне...
    — Ногі ў цябе... А якая гэта птушка?
    — Голуб...
    — Голуб? Які ж гэта голуб! Гэта ж варона!
    — Сам ты варона! — накінулася на мяне Натка, аднак у час зразумела: яшчэ адна абраза, і я адмоўлюся маляваць ногі яе птушцы.
    — I зусім не варона! I зусім голуб, як у нашага дзядзі Колі. Шэранькі...
    — Шэранькі... А дзюба?
    Дзюба ў Натчынага голуба сапраўды была доўгая і панурая.
    — А хвост?
    Хвост таксама быў, як у вароны.
    Эх, мастачка!.. Давай я табе пакажу, як малююць сапраўдныя мастакі! Я узяў у Наткі кістачку.
    Р-раз. Д-два. Р-раз. Д-два... Птушка абаперлася на зграбныя сізыя ножкі, здаецца, вось-вось зробіць некалькі нетаропкіх кароценькіх шажкоў...
    — Ой, які прыгожапькі! Які прыгожанькі! — запляскала ў далоні сястра.
    Яна так захаплялася сваім голубам, што мяне аж злосць разабрала. Намалявала нейкую варону, а форсу колькі! Каб не мае ногі, дык наогул не было б па што глядзець...
    — Падумаеш, задавака!.. «Вароне где-то бог послал кусочек сыру...»
    Я чакаў, што Натка накіннецца на мяне будзе злаваць, плакаць... А яна раптам як засмяецца, як запляскае яшчэ мацней у далоні.
    — Ой, як цудоўна! Ой, як цудоўна! А я не ведала, як назваць свой малюнак!.. Ты мне, Вовачка, толькі дамалюеш яліну (яліны ў цябе вельмі добра атрымліваюцца!)» а сыр — сыр я і сама намалюю!
    I Натка ўзялася за сыр. За мой сыр. Бо гэта ж я ёй падказаў яго.
    А сам я сядзеў над сваім лесам і ўсё падмалёўваў і падмалёўваў прыкіданыя снегам пні...
    Вось табе і зімовы лес. Вось табе і Шышкін... Безумоўна, лепш за ўсё было б узяць новы аркуш і, як кажа наш пастаўнік малявання, памяняць тэму...
    Скончыўшы з сырам, задаволеная сваім малюнкам, сястра звярнула нарэшце ўвагу і на маю работу.
    — Што гэта ў цябе — адны пні? — Вочы ў Наткі шырока расплюшчыліся, губы ад здзіўлення выцягнуліся... I раптам яна як пакоціцца ад смеху на канапу: — Ой, памру! Ой, памру!
    — I нічога смешнага няма,— пакрыўдзіўся я, прыкрываючы свае пянькі чыстым аркушам паперы.— Вельмі ўжо твая варона...
    — Ведаеш... Ведаеш, як трэба назваць тваю карціну? — ледзь прамовіла скрозь смех Натка.
    — Ну, як? — я не чакаў ад яе нічога добрага.
    Натка зноў пакацілася на канапу.
    — Плакала... Плакала Саша... як лес высякалі...
    Дзіўна, але я таксама не пакрыўдзіўся па сястру. Як і яна, я таксама запляскаў у далоні і ў дадатак перакруціўся яшчэ на адной назе.
    — Натка — ты геній!..
    I тут жа зрабіў подпіс пад сваёй карцінай: «Плакала Саша, як лес высякалі...»


* * *

    Назаўтра мы стрэлі сваю маму з работы яшчэ на парозе. Мы тут жа ўзялі ў яе з рук цяжкую сумку. (Мы стрымаліся! Мы не спыталі яе на гэты раз: «А што ты прынесла нам?..») Мы дапамаглі ёй распрануцца і ўрачыста, пад рукі, павялі яе ў пакой: там, на самым відным месцы, віселі нашы малюнкі — Натчын голуб, або  «Вароне дзесьці бог паслаў кавалак сыру», і мой зімовы лес, або «Плакала Саша, як лес высякалі...»
    — Ого! — ад прыемнага здзіўлення мама спынілася за некалькі крокаў ад нашых малюнкаў.— Ого! — паўтарыла яна.— Дык я папала на вернісаж!
    Мы ніколі не чулі гэтага слова: вернісаж. I не ведалі, што яно азначае.
    — Віншую цябе са святам, мамачка,— не вельмі ўпэўнена прамовіла Натка.
    — I я віншую цябе...— гэтак жа няўпэўнена ўслед за сястрой паўтарыў і я.
    — Дзякуй, дзякуй, мае залатыя мастакі! — пацалавала па чарзе Натку і мяне мама.— Ну, і калі ў нас сёння вернісаж!.. Дык на вернісажы звычайна мастакам гавораць прыемныя словы, хваляць іх... Вось і я...
    Мама хуценька адвярнулася да свае цяжкое сумкі, дастала .адтуль дзве каробкі цукерак і дала іх нам — Натцы і мне.
    Вось што, аказваецца, азначала гэта дзіўнае слова — вернісаж.
    Нам з сястрой яно спадабалася.

1961 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!