Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Адам Міцкевіч - Пан Тадэвуш

Кнопка отправить на печать

   У парыжскай эміграцыі Адам Міцкевіч напісаў галоўны твор свайго жыцця – ліра-эпічную паэму "Пан Тадэвуш" (1832-1834). Месца дзеяння паэмы – родныя Міцкевічу наваградскія прасторы, а большасць дзейных асобаў – гэта тыповыя прадстаўнікі мясцовай шляхты, якая, што праўда, у сваёй бальшыні прасякнутая ідэямі польскага, а дакладней сказаць, рэчпаспалітаўскага патрыятызму. Знаходжанне Міцкевіча ў Парыжы, дзе разгортваліся нежартоўныя баталіі паміж прадстаўнікамі розных партый эмігрантаў з былой Рэчы Паспалітай, наклала свой адбітак на змест твора. Менавіта ідэя неабходнасці дасягнення еднасці паміж патрыётамі краю натхніла паэта на стварэнне "Пана Тадэвуша". Разам з тым, калі разглядаць гэты твор з беларускіх пазіцый, аб’ектыўна яго можна лічыць (побач, напрыклад, з "Песняй пра зубра" Міколы Гусоўскага і "Новай зямлёй" Якуба Коласа) часткай нашага нацыянальнага літаратурнага эпасу.
   Сюжэт паэмы ў цэлым можна звесці ў тры галоўныя лініі: спрэчка Суддзі і Графа за замак, гісторыя кахання Тадэвуша і Зосі, падпольная палітычная арганізацыйная дзейнасць ксяндза Робака (Яцака Сапліцы).
   У стылістыцы і спосабе літаратурна-мастацкага выяўлення паэма падтрымлівае гамераўскую традыцыю. Апавядальнік валодае непахісным аўтарытэтам, ужывае мноства ўзвышаных і яскравых моўных фігур, мае схільнасць да дэталёвага апісання з’яў і прадметаў. Разам з тым, у адрозненне ад Гамера, Міцкевіч не пазбягае іроніі й самаіроніі; у дзеяннях герояў "Пана Тадэвуша" няма аніякай фатальнай прадвызначанасці, а пагатоў – выканання боскае волі. Тым не менш, паэма адпавядае патрабаванням эпапеі, бо народ тут паказаны ў пераломны момант – калі адбываецца яго развітанне са старым феадальным светам і далучэнне да свету новага, рэпрэзентаванага маладым пакаленнем, людзьмі кшталту Тадэвуша Сапліцы і Зосі.
   У цэлым, у адпаведнасці з патрабаванням паэтыкі рамантызму, увесь свет паказаны ў паэме прыгажэйшым і цікавейшым за той, што існуе ў рэчаіснасці. Аўтар выкарыстоўвае багаты арсенал жывапісных, музычных і пластычных сродкаў. Беларуская прырода паказаная як жывая асоба:

Дазволь душы маёй, ахопленай адчаем,
Пераляцець туды, дзе поясам блакіту
Над Нёманам лясныя ўзгоркі апавіты,
Дзе прозеленню жыта ў полі серабрыцца
І залаціцца поўным коласам пшаніца,
Дзе ў ярыне свірэпа – россыпам бурштыну,
На ўзмежках дзяцельнік – румянамі дзяўчыны.
А ўпрокідку ў палетках, быццам вартаўнічкі,
Стаяць і ціха шэпчуцца ігрушы-дзічкі.

(Пераклад Язэпа Семяжона)


   Прыгажосць свету, яго казачнасць і паэтычнасць, рамантызм і драматызацыя падзей – усё гэта мае дасканалую паэтычную форму. Менавіта мова паэмы прымушае любіць беларускую прыроду, шанаваць радзіму паэта Рэч Паспалітую.
   Апроч усяго вышэйсказанага, у паэме "Пан Тадэвуш" можна ўгледзець мастацкае асэнсаванне пэўнай цывілізацыйнай змены. Паводле зместу твора грамадская думка яшчэ грунтуецца на аўтарытэце пажылых людзей, таго, што кажуць у касцёле, карчме і ў часе хатніх пасядзелак і гасцяванняў. У той самы час, у Парыжы 1830-х гадоў, дзе Міцкевіч гэтую паэму пісаў, ужо вельмі значную ролю адыгрывала прэса: сам паэт, пачынаючы з 1 красавіка 1833 г., рэдагаваў газету "Пельгжым Польскі" ("Польскі пілігрым"). Таму ідэалізацыю блізкага Міцкевічу свету ягонага дзяцінства наўрад ці варта тлумачыць як імкненне паэта вярнуць гэты свет. Хутчэй, ён прагне знайсці ў нядаўнім мінулым тыя каштоўнасці, якія не павінны быць страчаныя ні пры якіх варунках. Таму ў творы пастаянна гучыць матыў вяртання. Вяртаецца ў дом роднага дзядзькі пасля дзесяці гадоў адсутнасці Тадэвуш; вяртаецца да праблемы сямейнай генеалогіі й пытання прыналежнасці замку Граф; вяртаецца да даўнейшых звычаяў Падкаморы; вяртаецца ў родныя мясціны зусім іншым чалавекам Яцак Сапліца; у заключных кнігах паэмы вяртаюцца разам з польскім легіёнам у Сапліцова амаль што ўсе галоўныя героі папярэдніх кніг. І, урэшце, у "Эпілогу" сам аўтар вяртаецца душою ў час і мясціны свайго маленства… Усё гэта, напэўна, звязана з уяўленнямі шмат каго з тагачасных рамантыкаў пра народ як жывы арганізм, які мае свой тэмперамент, характар і да т. п., якому ўласцівыя здольнасці адраджацца, вяртацца да мінуўшчыны.
   Калі паспрабаваць сцісла ахарактарызаваць герояў паэмы, дык сярод іх можна вылучыць прадстаўнікоў старога і новага спосабу мыслення, лучнасць паміж якімі спрабуе ўсталяваць ксёндз Робак. Можна таксама заўважыць групу персанажаў, да якіх аўтар ставіцца сур’ёзна (Тадэвуш, Суддзя, Падкаморы, Рыкаў), і тых, на якіх ён глядзіць з іроніяй (Тэлімена, Граф, Асэсар, Плут). Ксёндз Робак – чалавек, які прайшоў вялікую жыццёвую школу, перш чым свядома стаў на абарону высокіх патрыятычных і маральных ідэалаў. А што гэта былі за ідэалы, відаць з яго перадсмяротнага прызнання:

Хто знае. Можа, мне грахом і тое стане,
Што я ўзбурыў дачасна шляхту на паўстанне?
Але намер мой: сцяг з Пагоняй у краіне
Хай першым двор Сапліц ва ўсёй Літве падніме
Рукамі ўсёй маёй радні ўрачыста,
Здаецца, быў апраўданы, задумай чысты…

(Пераклад Язэпа Семяжона)

 
   Дваццацігадовы сын Яцака Тадэвуш належыць ужо да новага пакалення змагароў за вызваленне краю. Паводле імя і поглядаў ён выглядае прадаўжальнікам справы Тадэвуша Касцюшкі. Загалоўны герой паэмы Міцкевіча, ідзе ў войска, каб здабываць волю для Бацькаўшчыны са зброяй у руках. Акрамя таго, вызваляючы ад прыгону сялян, малады Тадэвуш сцвярджае, што будучы лад вольнай краіны мае быць іншым, чым у старой Рэчы Паспалітай. Зося паказваецца як ідэальная спадарожніца ў ягоным будучым жыцці ды змаганні. Выразнымі індывідуальнымі рысамі надзеленыя вобразы Суддзі, Графа, Падкаморага, Тэлімены, Ключніка, Мацея Дабжыньскага, расійскага афіцэра Мікіты Рыкава… У паказе асобы апошняга адбіліся ўражанні ад знаёмства самога Міцкевіча з самымі годнымі прадстаўнікамі расійскага афіцэрства дзекабрысцкай эпохі.
   Вялікае значэнне для разумення аўтарскай задумы мае "Эпілог", які быў упершыню апублікаваны толькі пасля смерці аўтара ў 1860 г. Як і ў "Дзядах", мы бачым тут, па сутнасці, прадказанне будучыні. Пасля вялікіх войнаў ды рэвалюцый, падзеі якіх Міцкевіч актыўна асэнсоўваў таксама як публіцыст і выдавец палітычных перыёдыкаў, узнік новы вобраз свету. У гэтым свеце паняволеныя народы, у тым ліку і народы колішняй Рэчы Паспалітай мусілі атрымаць доўгачаканую свабоду:

…Тады з дубовымі вянкамі славы,
пакінуўшы мячы, абсядуць лавы
Героі нашы слухаць спеў цікавы!
Калі зайздросціць будзе свет іх долі,
Час будуць мець пачуць пра дні няволі
Бацькоў сваіх і лёсы іх уцяміць,
І твару іх тады сляза не спляміць.

(Пераклад Пятра Бітэля)

 
   Падзеяй немалога культурнага значэння ў нашай краіне стала пастаноўка сцэнічнай версіі "Пана Тадэвуша", ажыццёўленая рэжысёрам Мікалаем Пінігіным на сцэне Купалаўскага тэатра ў 2014 г.


Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!