Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на karotkizmest.by абавязкова

Набыць беларускія кнігі можна на сайтах prastora.by і knihi.by.

Электронныя версіі беларускіх кніг на сайце kniharnia.by, для дзетак chitaemdetyam.com

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Адам Міцкевіч - Дзяды

Кнопка отправить на печать

   Этапнай у творчасці Адама Міцкевіча стала вялікая драматычна-эпічная паэма "Дзяды", пачатая ў 1820 г. і, па сутнасці, не завершаная паэтам да канца ягонага жыцця. Дзяды – слова беларускае, і служыць яно найменнем старадаўняга абраду памінання памерлых продкаў. З паказу адпаведнага рытуалу і пачынаюцца апублікаваныя паэтам часткі паэмы. Паэт надае абраду Дзядоў маральнае і філасофскае значэнне, як бы задаючы тон усяму твору, які ўвесь прасякнуты матывам веры. Цэнтральнай жа постаццю паэмы выступае вобраз Густава-Конрада. Густаў з’яўляецца ўжо ў пралогу "Здань" і дзейнічае ў Другой і Чацвёртай частках паэмы. Гэта – герой найчасцей маўклівы, заглыблены ў асабістыя праблемы. Густаў супрацьпастаўляе шмат якім заганным бакам "вышэйшага грамадства" здаровую, як ён лічыць, маральнасць простага народа. За ім неадступна крочыць вобраз каханай, і ў апошнім маналогу Чацвёртай часткі Густаў прамаўляе наступныя словы:

Хто цалкам сэрцам і душой ў каханні гінуў,
Заўжды той будзе побач з мілаю дзяўчынай!
Яна ўладарыць думкамі, натхненнем!
Я пасля смерці ўсюды сэрцам з ёю
Быць мушу, і за постаццю мне дарагою
Лячу скароным ценем.
Хто верны быў стваральніку зямному,
Прыняты будзе той на райскае улонне,
А хто з нячыстым жыў – патрапіць у бяздонне,
Там суджана спаліцца ўсяму злому…

(Пераклад Сержа Мінскевіча)

 
   Трэцяя частка "Дзядоў" была напісаная Міцкевічам ужо ў Дрэздэне, пасля паразы паўстання 1830-1831 гг. У гэтай частцы захоўваецца пафас і стыль "віленска-ковенскіх" "Дзядоў", застаецца і галоўны герой – той самы… і ўжо іншы. 1 лістапада 1823 г., на Дзяды, паэт зрабіў надпіс на муры цэлі ў базыльянскіх мурах: "1 лістапада 1823 г. памёр Густаў. 1 лістапада 1823 г. нарадзіўся Конрад". Галоўныя памкненні гэтага героя скіраваныя ўжо не на тое, каб залячыць душэўную рану ад няшчаснага кахання, а на здзяйсненне высокага патрыятычнага ідэалу – вызваленне любай Айчыны. У "Імправізацыі" Конрад выказвае погляды рамантычнага бунтаўніка-індывідуаліста, кідае выклік самому Богу. У сваю чаргу, ксёндз Пётра ў змаганні за свабоду роднага краю чэрпае сілы якраз у шчырым служэнні Богу: у гэтым абодва героі як бы дапаўняюць адзін аднаго. І ўсё-такі сапраўдным узорам адданасці высакароднай справе для Конрада выступаюць мастацкія вобразы сяброў Міцкевіча, філаматаў і філарэтаў. Хтосьці з іх з’яўляецца ў творы пад мянушкамі (Жэгота – Ігнат Дамейка), а нехта (Тамаш Зан, Адам Сузін, Ян Сабалеўскі, Адольф Янушкевіч, Якуб Ягела, Юзаф Кавалеўскі, Фелікс Кулакоўскі, Антоні Фрэенд, Цыпрыян Янчэўскі) – і пад сваімі ўласнымі імёнамі або прозвішчамі. У высокай маральнасці сваіх сяброў аўтар бачыць гарантыю таго, што памагатыя рэжыму рана ці позна пацерпяць паразу…
   Ва Урыўку (альбо: адступленні) Трэцяй часткі паэмы "Дзяды", які фактычна складаецца з некалькіх вершаў, Міцкевіч малюе вобраз бесчалавечнай царскай імперыі:

Шкада цябе, мой браце-славянін!
Народ мой бедны! Звеку ты без долі
І знаеш толькі – гераізм няволі.

(Пераклад Кастуся Цвіркі)

 
   Расійскую тэрыторыю Міцкевіч паказвае ў выглядзе вялікай застылай пусткі, а сталіцу імперыі Пецярбург – як тварэнне злых, сатанінскіх сілаў гісторыі.
   Вельмі цяжка даць дакладнае жанравае вызначэнне паэмы "Дзяды". Як заўважана літаратуразнаўцамі, аўтар выкарыстаў у гэтым творы элементы оперы, містэрыі, народнага фарсу, ствараючы "жанравы сплаў гістарычнай, філасофскай, лірыка-драматычнай паэмы".
   Адметнай з’явай у культурным жыцці Беларусі апошніх гадоў стала сцэнічнае ўвасабленне "Дзядоў", ажыццёўленае мінскім "Тэатрам Ч" пад творчым кіраўніцтвам літоўскага рэжысёра Рамуне Кудзманайце ў 2013 г.

 

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!